Васіль Пілюк і яго дачка Наталля. Фото з сямейнага архіва В. Пілюка.
Васіль Пілюк і яго дачка Наталля. Фото з сямейнага архіва В. Пілюка.

У Ваўкавыску добра ведаюць дактароў з дынастыі Пілюк. Галава сям'і Васіль Фёдаравіч — урач-эксперт, рэабілітолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яго жонка Валянціна Уладзіміраўна — урач агульнай практыкі. У ЦРБ працуе намеснікам галоўнага ўрача іх малодшая дачка Наталля. У Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы медрэабілітацыі — старэйшая Вольга. Сын Наталлі Максім сёлета паступіў у Гродзенскі медуніверсітэт, дзе вучыліся яго дзядуля і бабуля, маці і бацька, цётка ды стрыечныя сёстры. Карэспандэнт «МВ» сустрэлася з Васілём Пілюком, які распавёў шмат цікавага пра сябе, сям’ю і медыцыну.

 

Алена Грыцкевіч, галоўны ўрач Ваўкавыскай ЦРБ:

 

Васіль Фёдаравіч — цудоўны чалавек, сумленны і душэўны. Для мяне ён заўсёды быў узорам стаўлення да пацыентаў і калег. Цяпер я працую разам з яго дачкой Наталляй Васільеўнай. Камфортна быць у камандзе з такімі людзьмі.

 

Васіль Фёдаравіч, мусіць, сам лёс так вырашыў, што вы трапілі на медыцынскую сцяжыну, дзе наканавана было спаткаць зямлячку, таксама медыка, пабрацца шлюбам, вярнуцца на радзіму, нарадзіць дзяцей, якія таксама пойдуць вашым шляхам…

 

Мы з Валянцінай вельмі падобныя. Нарадзіліся ў адной мясцовасці, у Свіслацкім раёне ў сялянскіх сем’ях. Нашы бацькі — дзеці вайны, якія зведалі пасляваенную нішчымніцу, а таму ім вельмі хацелася, каб жыццё дзяцей было лепшым, каб набылі паважаную прафесію. У нашай вёсцы з вялікай пашанай ставіліся да мясцовага фельчара Расціслава Іванавіча Паследа. Ён прыехаў да нас з жонкай, акушэркай, якую мы, дзеці, звалі цёцяй Лідай. Памятаю, як я пасля купання ў рэчцы застудзіў вуха. Боль быў невыносны, але фельчар мяне вылячыў. І для мяне гэта было незразумела і чароўна…

 

У Валі лячыў людзей дзед, які працаваў лесніком. Зёлкамі, карэньчыкамі. Пры пераломах рабіў функцыянальную лангетку з дошчачак замест гіпсавай павязкі, і чалавек хутка папраўляўся.

 

Пасля школы я паспрабаваў паступіць у Гродзенскі медінстытут, але не атрымалася, і пайшоў працаваць у калгас рахункаводам, налічваў грошы будучай цешчы (смяецца)…

 

Служыў у Літве, у ракетным войску. Падчас службы разам з сябрам спрабавалі паступіць у Ваенна-медыцынскую акадэмію імя Кірава ў Ленінградзе. Вучыліся на падрыхтоўчым аддзяленні, але атрымалі не вельмі добрыя адзнакі за сачыненні і вярнуліся назад. Гэты вопыт, мусіць, таксама ў нечым дапамог. Пасля ваеннай службы, у вайсковай форме, я зноў завітаў у Гродзенскі медінстытут, і фартуна на гэты раз мне ўсміхнулася. Паступіў на лячэбны факультэт.

 

Большасць нашых настаўнікаў — франтавыя ўрачы, якія прайшлі вайну. З розных куткоў Савецкага Саюза. Вопытныя і вельмі чалавечныя. Да гэтага часу ўспамінаю добрым словам пакойнага ўролага Нічыпарэнку, прафесара Івана Мірончыка, які выкладаў у нас тэрапію. Нашы таленавітыя настаўнікі вучылі нас паважаць пацыента…

 

З будучай жонкай у медінстытуце пазнаёміліся?

 

У аўтобусе, калі ехалі да бацькоў на канікулы. мы і раней ведалі адзін аднаго: жылі ў суседніх вёсках. У студэнцкія гады і пабраліся шлюбам. Стараліся добра вучыцца, каб атрымліваць стыпендыю. Пасля трэцяга курса я пайшоў на падпрацоўку ў гастраэнтэралагічнае аддзяленне 2-й гарбальніцы Гродна медбратам. Калі прыязджалі летам да бацькоў на канікулы, дапамагалі ім палоць лён, буракі…На вёсцы ўсе былі працавітыя. Мае дзяды будавалі дамы. Бацька займаўся кравецкай справай. Мама нам перашывала адзенне: у сям’і было чацвёра дзяцей, і ўсім хацелася абновак…

 

пилюк с женой

 

Прыгадваеце штось з першых гадоў працы?

 

Шмат чаго… Памятаю, як я прыехаў пасля інстытута праходзіць інтэрнатуру ў Ваўкавыск. У нас тады актыўна працавалі студэнцкія будаўнічыя атрады. Я быў доктарам у абласным штабе. Трэба было зрабіць справаздачу для абкама камсамола, і я затрымаўся… ажно на дзесяць дзён. Зайшоў у прыёмную галоўнага ўрача, а там сакратарка сурова паглядзела на мяне: чаму, маўляў, вы, будучы, доктар, такі недысцыплінаваны? Пытаюся, дзе галоўны ўрач, а тая строга мне адказвае: «Пайшоў на тэрыторыю з дубінкай»...  Мне ажно млосна стала. Няўжо, думаю, мяне дубасіць будзе? І кожнаму, хто ў яе запытае пра галоўнага ўрача, яна гэтак адказвае. Нарэшце галоўны ўрач з’явіўся на парозе. Поруч з ім весела ўсміхаўся яго намеснік па сельскай медыцыне Мікалай Іванавіч Дубінка…

 

Дарэчы, Мікалай Іванавіч быў цудоўным прафесіяналам, дэрматавенеролагам. Таксама былы франтавік. Да гэтага часу добрым словам успамінаю і тагачаснага галоўнага ўрача Мечыслава Адольфавіча Харэвіча.

 

А пасля інтэрнатуры я трапіў па размеркаванні на працу ў Волпаўскую ўчастковую амбулаторыю. Жонка мая скончыла інстытут на тры гады раней і ўжо працавала на сваёй радзіме, у Ханявічах, урачом амбулаторыі. Там, у Ханявічах, нарадзілася наша першая дачушка Волечка. Потым у Волпе нам далі пакойчык у інтэрнаце. Я тады быў урачом-тэрапеўтам у стацыянары, а Валя ў Волпаўскай амбулаторыі займалася педыятрыяй.

 

Памятаю, аднойчы зімовай ноччу выклікаюць нас у бальніцу. Там маладая акушэрка, якая працавала ў абласным радзільным доме, прыехала з Гродна ў госці да мамы. І неспадзявана пачаліся роды. Такога вопыту яшчэ ў мяне не было, і я вельмі хваляваўся. Але вопытныя медсёстры, якія працавалі ў Волпаўскай бальніцы, мне дапамагалі. Усё атрымалася. Нарадзілася здаровая дзяўчынка…

 

Да гэтага часу ўспамінаю волпаўскіх калег з вялікай удзячнасцю. Калі цяпер кажуць, што медыцынскі калектыў працуе адной камандай, то я б сказаў, што мы тады працавалі адной сям’ёй.

 

Васіль Фёдаравіч, што ж такое здарылася, што да вас, 27-гадовага маладога доктара, персанальна прыехаў тагачасны міністр Мікалай Саўчанка, а ваша вясковая бальніца стала лепшай у Беларусі?

 

Калі была аб’яўлена ўсеагульная дыспансерызацыя, трэба было зрабіць агляд кожнага пацыента. На нашай падведамаснай тэрыторыі было 19 вёсак, тры ФАПы. Трэба было вырашыць праблему — знайсці рабочае месца пры аглядзе пацыентаў. І я пачаў шукаць выйсце. Дапамагла народная кемлівасць.

 

На тэрыторыі нашай бальніцы былі тры калгасы, адзін саўгас, дзве арганізацыі — «Сельгастэхніка» і «Сельгасхімія». Усе жылі вельмі дружна. Дактароў паважалі. І я вырашыў папрасіць у кіраўніцтва «Сельгастэхнікі» будаўнічы вагончык. Перад гэтым наведаўся ў воінскую часць і паглядзеў, якім чынам працуюць там перасоўныя амбулаторыі. Пераабсталяваў гэты вагончык. Паставілі туды акушэрскае крэсла, зрабілі перагародкі, палічкі для рэактываў, памясцiлi кардыёграф… Мы ездзілі па 19 вёсках і ў кожнай знаходзілі трансфарматар, далучалі провад да медыцынскага вагончыка, і ў нашай перасоўнай амбулаторыі было светла і цёпла, бо рабілі такія дыспансерныя агляды глыбокай восенню і зімой, калі палявыя работы заканчваліся. З намі былі акушэрка, аптэкарка.

 

На той час у Слоніме праходзіў рэспубліканскі сход, на якім прысутнічаў тагачасны міністр аховы здароўя Мікалай Яўсеевіч Саўчанка. Той даведаўся пра мой самаробны медыцынскі вагончык і замест абеда вырашыў завітаць да нас у Волпу. Агледзеў вагончык. Пахваліў за кемлівасць.

 

Праз месяц нашаму ўчастку быў выдзелены сапраўдны медыцынскі аўтамабіль, а наша бальніца прызнана лепшай у рэспубліцы. Мясцовае начальства дало распараджэнне пабудаваць нам дом. Да гэтага часу мы жылі ў 150-гадовым старым будынку, дзе была некалі царская школа.

 

Цікава, як успрынялі вяскоўцы вашу перасоўную амбулаторыю…

 

Спачатку насцярожана. Асабліва неахвотна ішлі на гінекалагічнае крэсла жанчыны. Але наша акушэрка Ірына Уладзіміраўна Масальская ўмела пераконваць.

 

Аднаго разу да нас прыйшла жанчына, якая не паддавалася на ўгаворы, бо, па яе словах, яна была ў гінеколага тады, калі нарадзіўся яе сыночак Ванечка. А Ванечку было ўжо 23 гады… Калі ўсё ж акушэрка змагла яе ўгаварыць і ўзяла мазок, то праз пару дзён высветлілася, што ў жанчыны рак шыйкі маткі. Далі накіраванне ў Гродна. Там прааперыравалі, і жанчына жыве да гэтага часу. Яна стала нашым лепшым памочнікам, пераконваючы жанчын у неабходнасці дыспансерызацыі.

 

Вашы арганізатарскія здольнасці, напэўна, не засталіся незаўважанымі?

 

Так. Неўзабаве нас перавялі ў Ваўкавыск. Там я быў прызначаны намеснікам галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе і загадчыкам раённай паліклінікі, потым намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі…

 

Ужо пяць гадоў як я на пенсіі, але працую ўрачом-экспертам-рэабілітолагам. Перадаю вопыт малодшым калегам.

 

Сямейную медыцынскую справу працягваюць дочкі Вольга і Наталля, а таксама пляменіцы, якія працуюць у Гродна, Таццяна (урач-кардыёлаг) і Ганна (урач-неўролаг).

 

Пилюк дочь

 

Сёлета нас парадаваў і ўнук Максім, які стаў студэнтам ужо роднага Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта…

 

внук пилюк