Газета медицинский вестник


Фота Віталя Гіля, «МВ»

— Урач кабінета функцыянальнай дыягностыкі нашай паліклінікі Ілля Грыцук — узор адданасці любімай справе, — гаворыць пра доктара галоўны ўрач Ваўкавыскай ЦРБ Алена Грыцкевіч. — Высакакласны спецыяліст, нераўнадушны да праблем пацыентаў, інтэлігентны, шчыры. Нядаўна адзначыў 80-годдзе. У прафесіі больш як паўвека. У яго ёсць чаму павучыцца маладым калегам.

 

«Захаваю ў сэрцы маладосць»

 

…Ён не збіраўся стаць доктарам. Нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і ў Ляхавіцкім раёне.

 

— Бацька хацеў, каб я быў святаром, а маці — доктарам, — прыгадвае Ілля Нікадзімавіч. — Аднойчы я выпадкова падслухаў, як яны абмяркоўвалі маю будучую прафесію.

 

Ілля Нікадзімавіч часта выказвае паэтычнымі радкамі свае жыццёвыя ўражанні, адчуванне свету. Ёсць, прыкладам, такія: «Няхай маршчынкі будуць. Захаваю ў сэрцы маладосць…»

 

— У школе вельмі любіў паэзію Якуба Коласа, Янкі Купалы, прозу Івана Шамякіна… Скончыў у Даматканавічах суседняга Клецкага раёна беларускамоўную школу і вырашыў паступаць у другі Ленінградскі медыцынскі інстытут. У нас быў хлапец, які некалі служыў у горадзе на Няве. Ён расказваў шмат цікавага пра гэты горад, а мы зачаравана слухалі яго аповеды пра славуты Эрмітаж, Ісакіеўскі сабор і Неўскі праспект… Дужа хацелася і мне там пабываць, а заадно паспрабаваць паступіць у медыцынскую ВНУ.

 

Бацькі, якія прыехалі разам з абітурыентамі, нерваваліся, дзяўчаткі плакалі, а ў мяне на душы быў дзіўны супакой. Здаў паспяхова ўсе экзамены: у школе былі ў асноўным чацвёркі, толькі беларуская мова і літаратура на выдатна. Мусіць таму, што яе выкладала мая любімая настаўніца Ганна Паўлаўна Варамецкая, і я дужа ўпадабаў гэтыя прадметы.

 

У інстытут тады паступалі з розных рэспублік Савецкага Саюза. І выкладчыкам, і студэнтам на першых курсах было няпроста. Толькі недзе пасля трэцяга курса пачалася адаптацыя. Кафедры былі на базе розных аддзяленняў гарадскіх бальніц, куды студэнты часта хадзілі на практыку.

 

— Мне вельмі падабалася тэрапія, я марыў быць сямейным доктарам. Тэрапію ў нас чытаў прафесар Цэзар Генрыхавіч Масевіч. Ён вельмі любіў сваю справу, слухаць яго было адно задавальненне. Дэталёва і дакладна апісваў нам шумы ў сэрцы і лёгкіх. Прафесар вёў кансультацыйныя прыёмы і часта браў нас з сабой. Гэта былі шэдэўральныя майстар-класы! Прафесар не толькі вучыў нас тэрапіі, але і этыцы паводзін з пацыентам. Заўсёды падкрэсліваў, што трэба быць заўжды ўважлівым і паважлівым, нават тады, калі гэта зусім асацыяльная асоба, бо бывае, што слова лечыць лепей за таблетку. Ён любіў паўтараць: «Дарагі калега, калі пасля таго, як вы пагаварылі з пацыентам, яму не стала лягчэй, варта задумацца, ці правільна вы выбралі прафесію».

 

Калі я вучыўся, не было ні інтэрнатуры, ні дыягнастычнага абсталявання — нас вучылі карпатліва збіраць анамнез, весці гутарку з пацыентам, выслухоўваць яго дыханне, пульс і г. д. І ніколі не забывацца пра клінічнае мысленне.

 

Пасля інстытута Ілля Нікадзімавіч па размеркаванні трапляе ў раённую бальніцу Ільінска-Хаванска Іванаўскай вобласці, дзе некалі слынны кампазітар Мадэст Мусаргскі напісаў знакамітую оперу «Хаваншчына». Штат быў невялікі, дактароў не хапала, таму спасцігаў практычную навуку самастойна. Нават у самых складаных абставінах, калі даводзілася накіроўваць пацыента на кансультацыю, імкнуўся абавязкова паставіць уласны дыягназ. Калі ён не супадаў, абавязкова аналізаваў сітуацыю, каб разабрацца, дзе памылка.

 

Калі пацыенты даведваліся, што «доктар з Ленінграда», градус даверу павышаўся. Аднойчы да яго на прыём прывезлі ўсхваляваную маму і падлетка. Ей сказалі, што ў хлопчыка парок сэрца. Хлопец устрывожаны, мама ў слязах. Малады доктар доўга яго слухаў і прыйшоў да высновы, што дыягназ памылковы. Сказаў ім пра гэта, яны ўзрадаваліся, але вырашылі пераправерыць. Неўзабаве дыягназ маладога спецыяліста пацвердзілі і калегі. Кожны раз, сустракаючыся з маладым доктарам, гэтыя людзі яму ўдзячна ўсміхаліся…

 

Адпрацаваў тры гады, потым яшчэ пятнаццаць у горадзе Воласава Ленінградскай вобласці. Быў урачом-тэрапеўтам, потым — галоўным урачом участковай бальніцы, разлічанай на 50 коек, намеснікам галоўнага ўрача мясцовай бальнiцы. У 1986 годзе разам з жонкай, якая родам з Ваўкавыска, пастанавілі вярнуцца ў Беларусь. Спачатку працаваў у ваенным шпіталі ўрачом-тэрапеўтам, а калі ўстанова закрылася, акрамя тэрапеўтычнай справы пачаў займацца яшчэ і функцыянальнай дыягностыкай. Пэўны час рабіў у Ваўкавыскай ЦРБ УГД брушной поласці.

 

Клiнiчнае мысленне і падрабязны анамнез

 

Урачом функцыянальнай дыягностыкі Ілля Нікадзімавіч працуе з 1997 года. Дыягнастуе сардэчную недастатковасць, назірае, як разам з фізічнай нагрузкай змяняецца работа сэрца, артэрыяльны ціск крыві, робіць сутачнае манітарыраванне артэрыяльнага ціску, назірае за станам сасудаў верхніх і ніжніх канечнасцей… Вопыт урача-тэрапеўта дапамагае ў дыягностыцы.

 

— Трэба добра ведаць клініку памежных захворванняў — дыягназ электракардыялагічны абавязкова звязваць з клінічным. Усё ў тандэме. Бессэнсоўна выдзяляць функцыі нейкага аднаго органа. Важна мець на руках дакладны і падрабязны анамнез. Раней, калі не было дыягнастычнай апаратуры, ён быў ключавым у вызначэнні паталогіі разам з перкусіяй, пальпацыяй, аўскультацыяй. А калі б, напрыклад, перастала працаваць дыягнастычная апаратура, наўрад ці многія сёння здолелі б хутка паставіць дакладны дыягназ. Клінічнае мысленне, на жаль, прытупляецца…

 

Аднойчы да мяне гадоў васемнаццаць таму на прыём у кабінет УГД прыйшоў малады яшчэ чалавек. Вельмі засмучаны. Яму паставілі дыягназ: злаякасная пухліна печані. Я вельмі ўважліва аглядзеў яго і не пагадзіўся. Выставіў свой дыягназ: тлушчавая ачаговая інфільтрацыя печані. У вобласці пацвердзіўся менавіта мой дыягназ. Чалавек і па сёння радуецца жыццю.

 

Былі і іншыя выпадкі. Аднойчы Ілля Нікадзімавіч выявіў ў маладого чалавека злаякасную пухліну ныркі. Адправілі ў сталічную клініку. Там дыягназ пацвердзілі, прааперыравалі: ракавая пухліна, на шчасце, яшчэ не паспела даць метастазы, але пацыент, сустрэўшыся з доктарам, папракнуў: навошта, маўляў, мяне адправілі ў Мінск? Каб нырку аднялі? У мяне ж нічога не балела. Крыўдна было слухаць такое, але доктар парадаваўся за мужчыну: той жыў далей, няхай нават і не ўсведамляючы, што яму пагражала.

 

— Каб быць харошым доктарам, трэба любіць людзей. Усіх: здаровых і хворых, бедных і багатых, «левых» і «правых»… А каб самому быць здаровым, трэба шмат рухацца.

 

Ён з задавальненнем дабіраецца да работы на веласіпедзе альбо пешшу — не менш як пяць кіламетраў за дзень!

 

— А яшчэ люблю завітаць у госці да цешчы Веры Андронікаўны, — прызнаецца Ілля Грыцук. — У яе свая хата, агарод і невялікі сад. 92 гады, а яна добра пачуваецца, працуе па гаспадарцы і грады садзіць сама. У яе можна і папрацаваць, і смачна пад’есці. Дзякуй жонцы ды цешчы за сямейнае цяпло, якое яны мне дораць.

 

Калі надараецца вольная хвілінка, Iлля Нiкадзiмавiч з асалодай бярэ ў рукі томік паэзіі Максіма Багдановіча, перачытвае Уільяма Шэкспіра і Гётэ, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча — наталяе душу творчасцю...

 


Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалы защищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».