Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».
Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».

Уладзіслаў Іванавіч Шылко амаль 45 год працуе хірургам у Лідзе. Далікатны, удумлівы, уважлівы — здаецца, ён народжаны для гэтай прафесіі. Калегам і пацыентам цяжка ўявіць, што такі таленавіты ўрач мог размінуцца з медыцынай і выбраць іншы шлях. Працуючы ў аддзяленні гнойнай хірургіі Лідскай ЦРБ, Уладзіслаў Іванавіч не толькі робіць аперацыі, але і ўмее выказаць спагаду, падтрымаць словам. Эмпатыя, з якой ён ставіцца да кожнага чалавека, і глыбокая дасведчанасць у хірургічнай справе — галоўныя сакрэты яго прафесійнага даўгалецця.

 

Пакручасты шлях  у прафесію

 

Цікава, што медыцыну Уладзіслаў Іванавіч выбраў не адразу. У мястэчку Радунь Воранаўскага раёна, дзе ён вырас, былі запатрабаваныя аграрыі, а таму пасля заканчэння школы хлопец паехаў паступаць… у Гродзенскі сельгасінстытут. На шчасце (праўда, тады гэта ўспрымалася як правал), фізіку здаў на тройку і не прайшоў па конкурсе. Давялося вяртацца дадому.

 

Уладзіслаў Шылко:

 

Да арміі я працаваў і грузчыкам хлебнай машыны, і рахункаводам у калгасе, і нават вадзіцелем грузавіка. А падчас службы (гэта было ў Чэхаславакіі) мне трапілася аб’ява, што ў Гродзенскім медінстытуце адкрываецца падрыхтоўчае аддзяленне. Вырашылі з сябрам, што трэба паспрабаваць, і, дэмабілізаваўшыся, разам паехалі ў Гродна.

 

Дарэчы, тая аб’ява была не адзінай прычынай, чаму Уладзіслаў Шылко нацэліўся ў медінстытут. Перад арміяй ён пазнаёміўся з дзяўчынай, якая была з сям’і ўрачоў. Ён паехаў служыць, а яна — у інстытут, вывучаць медыцыну. Натуральна, быў вялікі стымул апынуцца побач з каханай.

 

Вось такімі вакольнымі сцежкамі вёў Уладзіслава Іванавіча лёс да справы яго жыцця.

 

Пасля падрыхтоўчага аддзялення сябры паспяхова здалі экзамены — і паступілі ў медыцынскі інстытут. Вучыліся многа і добра, бліжэй да выпуску нават атрымлівалі павышаную стыпендыю. Пасля атрымання дыплома сябар паехаў на радзіму, у расійскі Пскоў. А Уладзіслаў Шылко размеркаваўся ў Ліду і ўсё жыццё працуе ва ўстановах аховы здароўя гэтага, ужо роднага для яго, горада.

 

А дзяўчына, якая натхніла нашага героя паступіць у медінстытут, стала ягонай жонкай. Яны ўжо амаль паўстагоддзя разам — і ў жыцці, і ў прафесіі. Вера Ула- дзіміраўна доўгі час была ўчастковым урачом, цяпер працуе на станцыі пералівання крыві Лідскай ЦРБ. Іх дачка атрымала эканамічную адукацыю, а сямейную медыцынскую дынастыю працягвае сын. Ён, як і бацька, урач-хірург.

 

Першыя аперацыі —  у памяці па сёння

 

Уладзіслаў Шылко мае велізарны прафесійны досвед. У Лідзе ён пачынаў працаваць у агульнай хірургіі, быў загадчыкам хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай паліклінікі, а пазней (больш за 25 гадоў) — загадчыкам аддзялення гнойнай хірургіі Лідскай ЦРБ. У 1999 годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

 

— Вядома, што ўрачы гнойнай хірургіі ідуць на пенсію раней за іншых, — працягвае Уладзіслаў Іванавіч. — Я стаў пенсіянерам у 55 гадоў і праз пэўны час вырашыў, што трэба сыходзіць з пасады загадчыка, даваць дарогу маладым. Вось ужо 7 гадоў працую ў сваім жа аддзяленні звычайным хірургам.

 

Доктар успамінае, як зусім маладым прыйшоў у хірургію, як прагна вучыўся ў старэйшых калег. А свае першыя аперацыі ён трымае ў памяці ва ўсіх дробязях.

 

Упершыню я ўзяў у рукі скальпель яшчэ ў інстытуце, калі дацэнт кафедры агульнай хірургіі дазволіў мне самастойна рэалізаваць адзін з этапаў аперацыі па выдаленні грыжы. Гэта было вельмі хвалююча, цяжка нават апісаць тыя эмоцыі. Першыя аперацыі ў Лідскай бальніцы праходзілі спакайней, я праводзіў іх пад наглядам дасведчаных асістэнтаў. Ужо тады хірургія ў Лідзе была на высокім узроўні, аддзяленнем загадваў знакаміты Альфрэд Іванавіч Місевіч, і ў маладога дапытлівага хірурга былі ўсе магчымасці для прафесійнага росту.

 

Інтуіцыя хірурга —  веды і вопыт

 

Сёння Уладзіслаў Іванавіч перадае вопыт новаму пакаленню хірургаў. Яго спакойны голас, вывераныя рухі, упэўненасць надаюць пэўнасці і ім. Малады спецыяліст Ілона Гецэвіч, якая часта асісціруе Уладзіславу Іванавічу на аперацыях, прызналася, што вучыцца ў яго бесперапынна. Шчасце быць побач з вопытным урачом, які мае талент настаўніка.

 

— Можна рабіць аперацыю моўчкі, аддаючы асістэнту кароткія каманды. Але ў мяне ёсць жаданне дзяліцца сваімі ведамі, — гаворыць Уладзіслаў Шылко. — Тлумачу паслядоўнасць аперацыі. Расказваю прафесійныя сакрэты: як лепш зрабіць шво, як узяць у рукі трымальнік ды інш. Напрыклад, рану можна зашываць 5 хвілін, а можна і 15. Проста іголка павінна ўваходзіць у скуру вертыкальна, а некаторыя па нявопытнасці спрабуюць укалоць гарызантальна. Адзін толькі нюанс (паказаць  напрамак руху) — і справа зрушыцца. Або пры абязбольванні хтосьці набярэ навакаіну ў вялікі шпрыц і фарсіруе, рука ж моцная. А трэба рабіць гэта марудна, спачатку тонкай іголкай увесці прэпарат у скуру, зрабіць «лімонную скурку», а потым ужо працягваць больш тоўстай іголкай. І такіх прыкладаў у хірургіі мноства. Здавалася б, дробязі, але яны важныя, найперш для пацыента.

 

Уладзіслаў Іванавіч вучыць маладых быць уважлівымі да любой сітуацыі і заўсёды аналізаваць сваю працу. На яго думку, гэта і дае той самы вопыт, які дазваляе прадбачыць развіццё падзей і прымаць правільныя рашэнні.

 

Зрабілі штосьці сёння, абавязкова пракантрафлюйце гэта заўтра, паглядзіце на сітуацыю ў дынаміцы, — раіць хірург сваім маладым калегам (і яны бачаць, як пільна ён аналізуе стан кожнага свайго пацыента). — Наша прафесія патрабуе вялікай уважлівасці да людзей. Гэтая якасць не ўсім дадзена ад прыроды, але яе трэба выхоўваць у сабе.

 

Уладзіслаў Іванавіч перакананы: каб упэўнена аперыраваць, трэба добра ўяўляць кожны міліметр таго органа, з якім працуеш.

 

Самы чуйны орган хірурга — гэта пальцы. Ты можаш не бачыць, напрыклад, адкуль ідзе кроў, але твае пальцы ўжо на месцы і пераціснулі неабходны сасуд. Гэта магчыма толькі пры ўмове, што хірург добра ведае анатомію чалавека, — тады і з’явіцца тая самая інтуіцыя і імгненная рэакцыя.

 

Аддзяленне гнойнай хірургіі, дзе працуе Уладзіслаў Іванавіч, адно з самых складаных у маральным плане. Тут ляжаць пацыенты са складанымі паталогіямі, з выведзенымі стомамі... Персанал прывык працаваць у такіх умовах, але абыякавых да чужога болю няма.

 

Некаторыя думаюць, што хірургі — счарсцвелыя людзі, глухія да чужога болю, якія дбаюць толькі пра вынік. Магу запэўніць: гэта не так. Вядома, мы не сядзім і не плачам разам з пацыентам, аднак разумеем ягоны боль. Гэты боль іншага парадку, ён не знясільвае сардэчную мышцу ўрача, але вымушае нас рабіць усё, каб пацыенту стала лягчэй.

 

Мой герой прызнаецца, што не адчувае стомленасці ад сваёй працы і ніколі не ішоў у бальніцу без жадання. У маладосці нават адпачынак не дагульваў, спяшаўся ў аперацыйную.

 

Уладзіслаў Шылко: 

 

Любы ўрач атрымлівае задавальненне, калі ўдаецца вылечыць чалавека. Дарэчы, гэта працуе не толькі ў медыцыне. Дапамагаць прыемна заўсёды.