Алена Тараткевіч з дзяцінства марыла быць урачом, але ў інстытут не паступіла, а пайшла ў медвучылішча і скончыла яго з чырвоным дыпломам. Першае месца працы — РНПЦ «Кардыялогія» (тагачасны Інстытут кардыялогіі), дзе была анестэзісткай у кардыяхірургічнай рэанімацыі. Далей прафесійны шлях прывёў у «Аэрафлот», дзе Алена была медсястрой шырокага профілю, але пра мару сваю не забывалася. І ў 1992 годзе скончыла БДУ па спецыяльнасці «Біялогія», а пасля БелМАПА стала ўрачом лабараторнай дыягностыкі. Ужо 30 гадоў Алена Тараткевіч працуе ўрачом-лабарантам, а з 2016 года яшчэ і загадчыцай клініка-дыягнастычнай лабараторыі 38-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска.
З эмацыйна складанай прафесіі пачалі свой шлях. Каб быць анестэзісткай, трэба мець моцны характар…
Закаліўся і характар, і нервы. Пасля медвучылішча пайсці працаваць у такое аддзяленне, канечне, складана, не кожны здолее… Я пратрымалася 5 гадоў. Напэўна, мне так наканавана лёсам: бачыць і смерць, і гора, і боль. Праца ў медсанчастцы Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі часам была яшчэ больш няпростая: прыйсці да людзей у дом і агучыць пра смерць роднага чалавека, бо, здаралася, гінулі экіпаж, камандзір, сцюардэсы… У мяне, медсястры з чамаданчыкам экстранай дапамогі, была такая місія. Адбывалася гэта нячаста, але ўсё ж такі…
А што вам падабалася, калі працавалі ў медсанчастцы?
Больш за ўсё падабаліся штогадовыя вучэнні, калі выязджалі на лётнае поле, дзе нас вучылі аказваць першую медыцынскую дапамогу, эвакуіраваць пасажыраў пры авіякатастрофе. Навучылася накладваць швы і гіпс, рабіць складаныя перавязкі…
Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу ў 38-й ГКП.
Мой працоўны шлях у гэтай паліклініцы пачаўся ў 1994 годзе, тады тут было медаб’яднанне «Дарожная бальніца на станцыі Мінск». Пачынала з дзіцячага палiклінічнага аддзялення, якое суседнічала з дарослым, а пасля перайшла ў стацыянар на вуліцу Каржанеўскага. З 1998 года ўзначальваю пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Мой абавязак як кіраўніка прафкама — рабіць дабро людзям. Што робім? Аздараўліваем нашых супрацоўнікаў, арганізоўваем вольны час, ладзім экскурсіі, клапоцімся пра юрыдычную падтрымку, дбаем аб прадастаўленні жытла ў інтэрнаце маладым спецыялістам.
У лістападзе ваша паліклініка адсвяткавала 100-годдзе. Ці адчуваеце веліч даты?
Дата вялікая, вартая, мы ганарымся нашай установай. У 1990-я гады наша ўстанова была найлепшай у рэспубліцы, самай перадавой, абсталяванай, а нашу лабараторыю называлі лабараторыяй дваццаць першага стагоддзя. Тады загадчыкам лабараторыі быў Аляксандр Валадзько, які цікавіўся навукай і тэхналогіямі. Я лічу яго сваім настаўнікам і вельмі ўдзячная за веды, якія ён перадаў мне.
Раскажыце, калі ласка, пра цяперашнюю лабараторыю.
У нас ўся праца аўтаматызаваная. На кожным працоўным месцы камп’ютар, дадзеныя захоўваюцца ў электронным выглядзе. Займаемся агульнаклінічнымі даследаваннямі, гематалагічнымі, каагулагічнымі і біяхімічнымі. У штаце дзесяць чалавек, калектыў з шасці лабарантаў, двух урачоў і дзвюх санітарак.
У лабараторыі супрацоўнікі выкарыстоўваюць праграмны прадукт MapSoft. Пасля таго, як мы выканалі даследаванне і ўнеслі яго вынік у сістэму, урач бачыць гэта на сваім працоўным камп’ютары.
Які ваш працоўны дзень?
Ён пачынаецца а 8-й раніцы, на працу прыходжу ў 7:30 ці нават яшчэ раней, рыхтую апараты да даследаванняў. Выконваю біяхімічны аналіз крыві, гематалагічныя і агульнаклінічныя даследаванні. Як загадчыца лабараторыі, арганізоўваю працоўны працэс.
І гэтак кожны дзень пяць разоў на тыдзень? І вам не надакучвае?
Працы сапраўды шмат, а яшчэ ж і грамадскія справы. Але я вельмі люблю сваю працу. Не кожны можа быть урачом лабараторнай дыягностыкі, тут трэба мець фатаграфічную памяць, калі яе няма, то, лічы, не твая прафесія. Адзін раз пабачыў клетку крыві, і ты ўжо не пераблытаеш яе — у прафесіянала такі падыход.
Праца з мікраскопам цікавая?
Свет, які бачыш у мікраскоп, дужа цікавы, чалавечы арганізм непрадказальны. Інфармацыя, атрыманая пры інтэрпрэтацыі аналізу крыві, вельмі важная для ўрача. Асноўная задача клінічнай лабараторнай дыягностыкі — дапамагчы ўрачу паставіць правільны дыягназ. З узростам змяняюцца паказчыкі біялагічнай пабудовы клетак. Склад і колькасць клетак дзяцей істотна адрозніваюцца ад клетак дарослых. Пры паталагічных аналізах здаровыя клеткі, дарэчы, марфалагічна вельмі прыгожыя. У маёй прафесіі шмат недаследаванага…
Што б вы змянілі ў сваім прафесійным жыцці, калі б атрымалі магчымасць пачаць усё спачатку?
Калі б можна было пражыць жыццё нанова, я хацела б стаць урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Але, на жаль, лёс склаўся іначай. А можа быць, і не на жаль. Я ніколі не думала, што так палюблю даследчую працу.
А пайсці ў навуку не планавалі?
Дыпломную працу ва ўніверсітэце «Стан сардэчна-сасу-дзістай сістэмы ва ўмовах высотнай гіпаксіі» пісала на базе экспертна-лётнай камісіі, у якой працавала. Старшыня экзаменацыйнай камісіі, загадчык кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл Валерый Гурын прапанаваў мне і далей працягнуць вывучаць тэму, бо яна гучала ў рэспубліцы ўпершыню. Гэта была практычна падрыхтаваная кандыдацкая. Але ў мяне быў маленькі дзіцёнак, і, параіўшыся з роднымі, я вырашыла не ісці ў навуку. Муж тады сказаў: «Нам не патрэбна вучоная дама, нам патрэбна дома мама». Зараз крышачку шкадую пра свой выбар. Магчыма, я была б больш карысная людзям.
Але ж вы і так суперменеджар!
Па гараскопу я Казярог, а ў Казярогаў на ўсё хапае сіл і цярпення. А калі сур’ёзна, мая маці ўсё жыццё працавала ў кадрах, была камсамолкай і актывісткай, старастай курса. Таму многае ў мяне ад мамы. Займацца грамадскай дзейнасцю — гэта маё. Дарэчы, я яшчэ і старшыня камісіі па санаторна-курортным лячэнні нашай установы. Галоўнае — любоў да людзей. Да мяне прыхозяць медсёстры і дактары з сямейнымі пытаннямі, даю ім парады як маці, як бабуля. Здараецца, даводзіцца трошачкі пабыць і псіхолагам. Самае галоўнае — выслухаць і зразумець чалавека.
Ці ёсць у вас захапленні па-за працай?
Я маю музычную адукацыю, іграю на піяніна, вельмі люблю вязаць і маляваць. У дзяцінстве была маленькай фігурысткай. Тата, кадравы афіцэр ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, вучыўся ў Ленінградзе, у Мажайскай акадэміі касманаўтыкі, і штогод прывозіў мне новыя канькі… Цяпер, праўда, на захапленні застаецца мала часу. Вось пайду на пенсію, тады многае ўзгадаю. А пакуль пасля працы — грамадскія абавязкі!
Вы шмат дбаеце пра людзей, чаму так?
Не магу гэта патлумачыць. Проста я люблю людзей, люблю дзяцей. Унутранае пакліканне, напэўна: хочацца ўсім дапамагчы, падтрымаць, усіх абняць… Мае дзверы адчыненыя для кожнага!