Кацярына Рыгораўна Вішнякова — ветэран Аршанскай сістэмы аховы здароўя, адзначыла 100-гадовы юбілей. У медыцыну прыйшла выпадкова і засталася там на 52 гады. З іх 34 працавала медсястрой аддзялення функцыянальнай дыягностыкі ў медсанчастцы ільнокамбіната.
Яе жыццёвы і прафесійны шлях быў няпросты. Нарадзілася ў сям’і рабочых у вёсцы Вяжкі Дубровенскага раёна. Была старэйшай сярод пяці дзяцей. Паступіла ў педінстытут імя Горкага. і толькі скончыла першы курс, як пачалася вайна... Кацярына Рыгораўна вярнулася да маці, дапамагаць ёй выжываць і расціць малодшых сясцёр і брата. Чакалі бацьку, але з фронту ён не вярнуўся.
Пасля вайны Кацярына Вішнякова працавала на заводзе ў Пінску, а пасля курсаў машыністак — у аддзеле кадраў кіравання МУС. Працу сумяшчала з вечаровай вучобай у школе медсясцёр Чырвонага Крыжа. Пасля пераезду да стрыечнай сястры ў Томск пайшла працаваць туды ж, дзе і сястра: у факультэтскую тэрапеўтычную клініку медінстытута. Два гады вучылася кардыяграфіі ў вопытных дактароў. Спачатку працавала медсястрой у палатах, пасля — у кабінеце кардыяграфіі.
Вярнулася на радзіму ў 1970-х гадах у толькі адчыненую медсанчастку ільнокамбіната. І зноўку пачынала медсястрой, а звыклай справай занялася толькі пасля адкрыцця электракардыяграфічнага кабінета. З цягам часу плёначны кардыёграф замяніў шасціканальны. Кацярына Рыгораўна асвоіла і яго, навучыўшы дыягнастычным методыкам электракардыяграфіі не адно пакаленне медработнікаў. Наказ маладым быў просты: «Знайдзіце сябе ў прафесіі, іначай не зможаце дапамагаць людзям». Напэўна, дзякуючы гэтаму правілу яна сама надоўга затрымалася ў медыцыне і дажыла да стагоддзя.
Свята Кацярына Рыгораўна сустрэла ў вялікай кампаніі. Сярод гасцей былі галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Сяргей Карака і медсястра Ларыса Шынкевіч, калега, з якой працавалі разам больш за 25 гадоў. Завіталі з віншавальнымі словамі і намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі, ідэалагічнай рабоце Алена Букштын, старшыня Аршанскай раённай арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Зінаіда Хайчанка ды іншыя асобы.