Фота з архіва сям’і Мохарт.
Фота з архіва сям’і Мохарт.

1972 год, Баку. Першы Усесаюзны з’езд уролагаў, пленарнае пасяджэнне. Шасцёра беларусаў — роўна столькі, колькі дазвалялася дэлегіраваць ад рэспублікі, у тым ліку і Мікалай Саўчанка, член-карэспандэнт Акадэміі навук, міністр аховы здароўя БССР, — сядзяць у вялікай зале і ўважліва слухаюць гарачыя прамовы ўдзельнікаў. Дэлегаты з розных куткоў неабсяжнай краіны гавораць пра тое, якіх небывалых вышынь дасягнула савецкая ўралогія. Той факт, што першы з’езд савецкіх уролагаў праходзіць аж на шостым дзясятку сацыялістычнага будаўніцтва, нікому дзіўным не падаецца.

 

Даведка

 

З 1971 года В. А. Мохарт (1924–2003) загадваў кафедрай уралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў, адначасова працуючы галоўным пазаштатным уролагам Беларусі. Акрамя таго, трыццаць гадоў быў намеснікам старшыні Беларускага таварыства ўролагаў.

 

Аўтар каля 240 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 2 доктарскія і 14 кандыдацкіх дысертацый.

 

У 1982 годзе В. А. Мохарту прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.

 

Бліскучая прамова

 

І тут, падняўшы руку, бярэ слова таварыш Мохарт. Загадчык кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў рашуча падымаецца на трыбуну і пачынае гаварыць пра матэрыяльную базу: маўляў, слабая. Пра тое, чаго бракуе: «Дыягнастычнага абсталявання ў нас не хапае, не кажучы ўжо пра бальнічныя койкі! А рэнтгенаўскую плёнку, падумаць толькі, мы купляем за грошы, якія бюджэт вылучае на лекавыя прэпараты!»

 

Зала, па якой да гэтай пары тут і там прабягалі шэпты, раптоўна сціхае, усталёўваецца мёртвая цішыня. А калі Вячаслаў Мохарт сыходзіць з трыбуны, грымяць апладысменты. 

 

— Мы з ім тады ў гасцініцы жылі ў адным нумары, — успамінае сённяшні прафесар той самай кафедры ўралогіі, вучань Мохарта Аркадзь Грэсь. — Вячаслаў Андрэевіч пытаецца: «Ці добра я выступіў?» Я гавару: «Бліскуча!» Ён: «Бліскуча то бліскуча, але мы з табой, відаць, развітаемся». «А за што мяне выганяць?» — не зразумеў я. «Не цябе выганяць, а мяне», — адказвае ён. Але нічога не адбылося, ніякіх адміністратыўных спагнанняў! Хіба толькі эмацыйная бура пранеслася. І ад каго, як вы думаеце, прагучалі папрокі? Не ад ворагаў, ад сяброў. Астатнія сказалі: «Маладзец!» Вось такі быў наш шэф.

 

Радзіма лечыць

 

— Нарадзіўшыся ў 1924-м, тата рос у складаны час, — гаворыць дачка прафесара Вячаслава Мохарта, аднаго з арганізатараў айчыннай уралогіі, доктара мед. навук, прафесара, Заслужанага дзеяча навукі БССР.

 

Таццяна Вячаславаўна Мохарт, загадчыца кафедры эндакрыналогіі БДМУ, таксама прафесар і доктар мед. навук, аповед пра жыццё свайго бацькі пачынае з гісторыі дзеда, які да рэвалюцыі трохі пажыў у Канадзе.

 

— І як мы потым смяяліся, быў такім Джэкам Васьмёркіным, бо прывёз адтуль ідэі сіласных ям і многага іншага перадавога, пра што тут не чулі. Паехаў, натуральна, каб зарабіць грошай: такі варыянт заробку ў той час практыкаваўся. Але тата пра гэта расказваў мала і сціпла. Напэўна, па той прычыне, што на такія тэмы ўвогуле не прынята было гаварыць.

 

Дзед Андрэй вярнуўся з Канады па празаічнай прычыне: захварэў на невядомую хваробу, і канадскія ўрачы сказалі, што жыць яму засталося паўгода. Паехаў на радзіму паміраць...

 

— Пасля таго, як ён прыехаў сюды, каб памерці, ён тут жаніўся, у яго нарадзілася двое дзяцей і дажыў ён, дачакаўшыся яшчэ ўнукаў, да паважанага ўзросту...

 

Адзінае цэлае

 

Сям’я Мохартаў жыла ў Шуляках, недалёка ад Слуцка, у хаце пад саламянай страхой і з глінянай падлогай, толькі ў адным пакоі падлога была драўляная. Гэты сціплы, а лепш сказаць бедны дом акружаны быў добрым садам, яблыкі з якога Слава Мохарт браў сілкавацца ў школку. Дзесяцігодку ён скончыў у вёсцы Грэск.

 

— А што такое дзесяцігодка ў той час? У некаторыя інстытуты з такой адукацыяй бралі без аніякіх іспытаў, — гаворыць прафесар Грэсь, спрабуючы патлумачыць, як з простых сялянскіх хат выходзяць «у людзі» вялікія таленты. Зрэшты, пытанне пра паходжанне талентаў рытарычнае, адказ на яго — за межамі простага тлумачэння.

 

Пройдуць гады, і Вячаслаў Андрэевіч Мохарт, як бацькі яго і дзяды, таксама пасадзіць сад — вакол свайго дома ў Бараўлянах, і будзе даваць вучням саджанцы, і адзін з гэтых вучняў, Аляксандр Будрэвіч, гледзячы на ўжо дарослыя дрэвы, шмат разоў нагадае сабе і сябрам: «Вось груша майго настаўніка, а вось яго яблыня».

 

Побач, там жа, на сядзібе Будрэвічаў, што за трыццаць кіламетраў ад Мінска, прыгожа разрастуцца чырвоныя пляцістыя ружы, і гаспадыня, Данута Будрэвіч, таксама будзе ўспамінаць добрым словам таго, хто даваў ёй калісьці парасткі.

 

Аркадзь Грэсь і Аляксандр Будрэвіч — самыя першыя клінічныя ардынатары кафедры ўралогіі Мінскага медыцынскага інстытута, якую тады ўзначальваў прафесар Мікалай Саўчанка. Вячаслаў Мохарт ставіўся да іх як да сыноў.

 

— Шалуны — так ён нас называў… Мае шалуны, — успамінае са светлым сумам прафесар Грэсь.

 

— Мохарт быў неверагодны, — расказвае Данута Будрэвіч. —  Калі ён да нечага прыкладаў сваю руку або некаму або нечаму аддаваў сваю ўвагу, то гэта ўжо было назаўсёды. І жонка яго, Надзея Макараўна, была нам як другая мама. Калі ў мяне або ў Нікі здараліся непрыемнасці, мы ехалі да Надзеі Макараўны — падзяліцца, параіцца, пагаварыць.

 

— Удзел сям’і Мохарта ў нашых справах быў шчыры і непасрэдны, — дадае Ніка Грэсь. — А Надзея Макараўна сапраўды як другая мама, толькі так мы яе і ўспрымалі.

 

— І Грэсь, і Будрэвіч вучыліся ў таты яшчэ як студэнты, калі ён вёў курс уралогіі ў Гродзенскім медінстытуце, і потым па яго запрашэнні прыехалі ў Мінск — спачатку вучыцца далей, а пасля — працаваць. І яны працавалі разам усё жыццё, і сем’і нашы ўсё жыццё сябравалі, — тлумачыць Таццяна Мохарт. — Памятаю, як яны прыходзілі да нас, як дзяліліся асабістым. Аднаго разу нехта з яго вучняў прыйшоў і сказаў: «Я жаніўся». Тата: «Як?! Ты ж яшчэ інстытут не скончыў!» А мама абараняла: нічога, маўляў, усё будзе. І бачыце, усё атрымалася: і сем’і, і навуковая дзейнасць. Тата верыў у здольнасці, мама падтрымлівала добрым словам…

 

Тут трэба абавязкова дадаць, што Вячаслаў Андрэевіч Мохарт быў узорным сем’янінам і гэтым прыкладам, будучы ў вучняў навідавоку, таксама не мог на іх не ўплываць.

 

— Едзем мы некуды ў камандзіроўку, на канферэнцыю ці на з’езд, і шэф першай справай, уладкаваўшыся ў гасцініцы, кажа: «Хадзем са мной». Ідзём мы з ім разам у бліжэйшае паштовае аддзяленне, ён тэлефануе Надзеі Макараўне: «Надзюша, усё ў парадку». Так кожны раз, — успамінае прафесар Грэсь. — Ён без Надзеі Макараўны і яна без яго не ўяўляюцца аніяк. Гэта было адзінае цэлае.

 

— Ён усё сваё жыццё вельмі любіў маю маму. І калі ўзнікалі размовы па тое, што недзе ў нейкага абстрактнага Івана Іванавіча завялася іншая жанчына і Іван Іванавіч сыходзіць з сям’і, тата заўсёды раздражняўся ад гэтага не на жарт. Ён абураўся, ён гаварыў: «Як так можна?!» У яго рыса вернасці сядзела ў падкорцы.

 

Надзея Макараўна была гаспадыняй дома. А Вячаслаў Андрэевіч мог у любы момант прыйсці з сябрамі і сказаць: «Накармі нас абедам».

 

— І абед быў заўсёды, хоць мама працавала таксама. Усе пытанні побыту сыходзіліся на маме. Дом трымаўся на ёй. Тата ў сям’і быў ідэолагам — гэта вельмі трапнае слова. Ён заўсёды ведаў, што ў сям’і адбываецца, і ніколі не было ў нас з мамай сакрэцікаў ад яго.

 

Mohart2

З жонкай Надзеяй Макараўнай Кісялёвай.

 

Горад вялікіх пачаткаў

 

У Гродна Мохарты прыехалі ў 1961-м дзякуючы ўвядзенню там у новым медінстытуце дацэнцкага курса ўралогіі. Вячаслаў Андрэевіч незадоўга да гэтага, у 1960-м, абараніў у Мінску кандыдацкую дысертацыю па актынамікозах. Належаць яны да так званых арфанных захворванняў — сустракаюцца рэдка, але праблемы ствараюць вялікія, таму вельмі няпроста было набраць клінічны матэрыял, але тым больш каштоўнай атрымалася праца.

 

— Так я пазнаёміўся з маім дарагім шэфам, — расказвае далей выпускнік Гродзенскага медінстытута Аркадзь Грэсь.

 

Грэсь быў актыўным гурткоўцам. А мара ў яго была стаць хірургам, і таму на апошніх курсах ён займаўся ў гуртку пры кафедры факультэцкай хірургіі. Акурат пры той кафедры, дзе дацэнт Мохарт вёў курс уралогіі. Дысцыпліна гэтая заварожвала многіх студэнтаў, у першую чаргу «інструментальнасцю», але, відаць, не абыходзілася і без асобы выкладчыка. Аркадзь Грэсь бачыў сябе хірургам недзе ў раённай бальніцы, але сустрэў Мохарта — і ўсё памянялася.

 

— Мохарт у Гродне быў зоркай. У поўным сэнсе слова. Колькі ён кансультаваў! Якія толькі пацыенты, з якімі толькі праблемамі да яго не прыходзілі! Ён і ўрачам быў патрэбны. Са сваімі інтэлектам і вопытам ён быў нарасхват. Аўтарытэт — велізарны. І што адметна, на яго лекцыях не бывала праверак. Ці сыходзілі студэнты з лекцый? Канечне, сыходзілі. Але яго лекцыі былі папулярныя. Манера чытання ў яго была простая: ён звяртаўся да аўдыторыі, задаваў ненавязлівыя пытанні кшталту «А як вы думаеце?», хадзіў, жэстыкуліраваў… А лекцый па ўралогіі было толькі чатыры. І ён, каб даць яшчэ больш інфармацыі (хаця яго выкладанне і без таго было досыць насычаным), прыдумаў пятую лекцыю, факультатыўную. Хочаш ідзі, хочаш не ідзі. І што вы думаеце? Поўная аўдыторыя.

 

Аднойчы Вячаслаў Андрэевіч Мохарт падышоў да студэнта Грэся і спытаў: «Сабак любіш?» Грэсь адказаў: «Люблю». «Хочаш са мной працаваць?» — «Канечне!»

 

Так — у аперацыях на сабаках — напрацоўваўся матэрыял для доктарскай дысертацыі Мохарта, прысвечанай праблеме пад назвай «нейрагенны мачавы пузыр».

 

— Увесь эксперымент я яму дапамагаў: рыхтаваў сабак, галіў іх, прыводзіў у аперацыйную. Але самае галоўнае — асісціраваў і так паступова ўсяму навучыўся: і кроў спыняць, і вузлы вязаць… Я яму вельмі ўдзячны.

 

— У Гродне тады ў сувязі з адкрыццём медінстытута сабралася цікавая кампанія маладых дацэнтаў, якія прыехалі з розных месцаў, але мелі прыблізна адзін узрост, — гаворыць Таццяна Мохарт. — І дзеці ў іх былі прыблізна аднаго ўзросту, і кожны выхадны мы ўсе сем’ямі хадзілі ў лясок на ўскраіне Гродна, над Нёманам, бо і кватэры ўсе атрымалі там, на ўскраіне. У гэтым ляску таты і мамы гулялі ў валейбол на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы. Таму і называлася гэта ў нас «хадзіць на пляцоўку». Мы, дзеці, гулялі ў хованкі, дарослыя сядзелі ля вогнішча… Шмат цёплых успамінаў засталося пра тыя гады. Што цікава, я не магу сказаць, што сябрую з усімі, з кім тады на той пляцоўцы гулялі, але мы падтрымліваем стасункі і лёгка адно аднаго пазнаём. У нас адно дзяцінства.

 

Праз пэўны час жыцця ў Гродне ў кватэры Мохартаў з’явіўся тэлефон, і ў выхадныя дні а дзявятай ранкам і ўвечары па тэлефоне дзяжурны ўрач дакладваў пра стан хворых. Дзяўчынцы Тані не проста дазвалялася прымаць такія справаздачы: калі таты з мамай дома не было, гэта стала абавязкам.

 

Званкі з клінікі сталі і мінскай традыцыяй. Яны раздаваліся ў кватэры Мохартаў да апошняга — пакуль кіраўніком кафедры не стаў Аркадзь Грэсь.

 

Ланцужок пераемнасці

 

Вячаславу Мохарту на кафедры ўралогіі інстытута ўдасканальвання ўрачоў папярэднічала Марыя Навумаўна Жукава, ураджэнка Віцебшчыны, якая і медыцынскую адукацыю, і доктарскую ступень атрымала ў Ленінградзе, прайшла вайну, напісала настольную кнігу хірургаў-уролагаў «Хірургічныя пашкоджанні мочапалавых органаў», а ў 1953-м прыехала ў Мінск арганізоўваць уралагічную кафедру.

 

— Мохарт Марыю Навумаўну абагаўляў. З захапленнем расказваў, як яна прывучала ўрачоў прыходзіць на працу рана. Сама яна прыходзіла першай. Прычым пешкі, бо транспарту не было. Часам яе суправаджаў муж, ваенны ў адстаўцы. І вось калі на працу падцягваўся калектыў, яна сустракала кожнага супрацоўніка такой фразай: «А вашаму пацыенту сёння лепш». Уявіце: прафесар дакладае асістэнту або дацэнту стан яго пацыента. І як той павінен сябе адчуваць? Да хворых яна была вельмі ўважлівая, хворых яна любіла. А Мохарт пераняў ад яе ўсё, літаральна.

 

Потым вучні Мохарта пераймалі ад яго ўсё тое, што яго захапляла, што дапамагала яму працаваць: і вопыт, і карысныя звычкі, і паважлівае стаўленне да пацыентаў, і смеласць выказваць, што думае.

 

— Тата быў чалавекам, якому ўсё трэба рабіць па правілах і так, як ён разумее, усё каб па-чэснаму, — успамінае дачка Вячаслава Андрэевіча. — У нас у сям’і ёсць партрэт, напісаны аварэллю, які мастацкія крытыкі ацанілі негатыўна, назваўшы фатаграфічнай копіяй. А тата на ім проста жывы. З вялікай лысінай, з вялікім носам — такую знешнасць нельга назваць прыгожай. Але яго вочы заўсёды свяціліся розумам, думкай, зычлівацю.

 

— Вось што перадае яго сутнасць — гэты партрэт! — гаворыць Аркадзь Грэсь і паказвае на рэпрадукцыю ў сваім кабінеце. — У ім і яго дабрыня, і пагляд, і гэтая яго ўсмешка — лёгкая ўсмешка вачыма і вуснамі! Вельмі мне падабаецца гэты партрэт.

 

У кабінеце самога Мохарта захоўваўся партрэт Марыі Жукавай.

 

— Тата быў вельмі рады, што яго ўнук выбраў онкаўралогію, — гаворыць Таццяна Вячаславаўна.

 

Сын прафесара-ўролага і ўнук прафесара-ўролага Андрэй Мохарт браў на сябе, як яна выказалася, трайную адказасць.

 

— …якая абцяжарвалася яшчэ і тым, што ўсе ўролагі гэта ведалі. Да нашай агульнай радасці ён з гэтай адказнасцю справіўся.

 

Ён быў незвычайны…

 

— Тата, помню, расказваў, як у час вучобы ў інстытуце жыў з аднакурснікамі на кватэры і як яны круціліся, каб пражыць, бо на стыпендыю гэта было немагчыма. Бацькі нічым дапамагчы не маглі. Калі сёння ад Мінска да Слуцка ехаць паўтары гадзіны, то ў той час трэба было ісці пешкі. Нават  бульбы з-пад Слуцка не прынясеш. І яны працавалі, хто дзе, і хто што заробіць — трапляла ў агульную касу. Нехта — на разгрузцы вагонаў, тата, быў час, у ГУМе — націраў па начах паркет. Хадзіў у спецыяльным абутку са шчоткамі і націраў… Вельмі любіў 9 Мая, Дзень Перамогі. Гэта было сапраўднае свята ў нашай сям’і.

 

У вайну юнак Вячаслаў Мохарт працаваў нарыхтоўшчыкам торфу, а потым быў прызваны ў армію. Калі спыталі, хто жадае пайсці ў артылерыю, ён сказаў: «Я». Проста добра ведаў матэматыку і рашыў, што гэта для артылерыі самае тое. 

 

— Ён быў незвычайны чалавек, — гаворыць Данута Будрэвіч. — Ён сачыў за нашымі поспехамі, ён увесь час прысутнічаў у нашым жыцці. Мы ім захапляліся. Першыя гады ў Мінску мы з Сашам жылі ў інтэрнаце, і аднаго разу Мохарты, адпраўляючыся ў адпачынак, далі нам пажыць у сваёй кватэры. Уявіце такі давер! Тады на яго тумбачцы я ўбачыла кнігу пра тое, як трэба паводзіць сябе ў розных месцах і сітуацыях, як правільна гаварыць і так далей. Ён над сабой працаваў, ён сам сябе зрабіў такім, што няма ніводнага чалавека, які мог бы сказаць пра яго нешта кепскае.

 

— Ён быў вельмі… як бы гэта сказаць… Калі ставіў перад сабой мэту, ён абавязкова павінен быў рабіць усё для яе дасягнення — адразу, неадкладна, найхутчэй, — пасля гэтых слоў на засяроджаным твары прафесара Грэся запальваецца ўсмешка. — І добры быў. Вельмі добры. Але і цвёрды. У ім было нешта такое, з-за чаго не так проста было зрушыць яго з меркавання. Калі ён прыйшоў сам да нейкай высновы — ого, не скрануць! Але калі бачыў, што не мае рацыі, ён гэта прызнаваў. Ён прызнаваў уголас правату іншага чалавека. І за аўтарытэт свой у такія хвіліны не перажываў.

 

Фота з архіва сям’і Мохарт.