Rue Podgornaja, месца пражывання заможных і паспяховых, на сувенірнай паштоўцы.
Rue Podgornaja, месца пражывання заможных і паспяховых, на сувенірнай паштоўцы.

1902 год. Доктар Ян Якуб Офенберг складае спіс заможнай інтэлігенцыі, гатовай ахвяраваць сродкі, каб годна адзначыць юбілей адной досыць папулярнай паэткі. Другім па ліку ён пазначае старэйшага калегу — доктара Зыгмунта Карлавіча Свянціцкага. Запісвае адрас: вуліца Падгорная ў Мінску, уласны дом.

 

Доктар Ян Якуб Офенберг не ведае, што яго адрасатка ў Гродне, якая выступае мадэратаркай гэтай краудфандынгавай пляцоўкі, напіша неадкладна да кожнага, хто будзе пазначаны ў спісе, акрамя аднаго — таго самага Свянціцкага з Падгорнай.

 

Сто і болей гадоў таму да юбілеяў вядомых асоб інтэлігентная публіка рыхтавалася талакой: стваралі адмысловы камітэт, размяркоўвалі абавязкі, прадумвалі ўрачыстасці да самых дробных дэталяў, а грошы збіралі, рассылаючы лісты, куды толькі можна. Доктар Офенберг складаў спіс адрасатаў, стараючыся дагадзіць знакамітай пісьменніцы Элізе Ажэшцы, якая юбілярцы (была гэта пісьменніца Марыя Канапніцкая) даводзілася аднакласніцай і сяброўкай. Доктар Офенберг проста не ведаў, што Свянціцкаму яго адрасатка таксама некім даводзіцца. Што яны са Свянціцкім адно аднаму — няспраўджаныя каханні.

 

Але пакінем меладраматычны настрой. Гэтай гісторыі адназначна пасуе быць дэтэктывам. Мінскі Шэрлак Холмс ад медыцыны Зыгмунт Свянціцкі (метадам дэдукцыі ён валодаў не горш), у жыцці якога, калі б іншы лёс, пісьменніца з Гродна магла б іграць ролю доктара Ватсана (а яна мела вельмі сур’ёзны намер атрымаць медыцынскую адукацыю), не мог і падумаць, што яго дом, не самы адметны з дамоў на Падгорнай, стане раптам загадкай…

 

98oivd0yoiht9

 

У рэшце рэшт, хочацца ведаць, дзе жыў чалавек, які ў Мінску 19-га стагоддзя кінуў выклік падступнай халеры і выкрыў яе хаўруснікаў — Свіслач, грунтовыя воды і дождж, які быў упэўнены, што не толькі знешнія фактары ўплываюць на верагоднасць узнікнення інфекцыйнай хваробы, але і ўнутраныя — тое, што сёння завецца імунітэтам. I які, віртуозна валодаючы самымі што ні ёсць сучаснымі хірургічнымі метадамі (нездарма яго назавуць адным з заснавальнікаў айчыннай унутрыполасцевай хірургіі), рэўнасна цікавіўся вынаходкамі, пачынаючы ад аспіратара Дзьёлафуа, распрацоўкі прафесара кафедры паталогіі ўнутраных органаў медыцынскага факультэта Сарбоны (удасканаліўшы прыстасаванне, доктар Свянціцкі выкарыстаў яго, калі пасля аперацыі на кішэчніку ў пацыента здарыўся «нарыў печані»), і завяршаючы апаратам для мясцовай анестэзіі — інавацыяй англічаніна Рычардсана (якую Свянціцкі паспяхова прымяняў бясконцую колькасць разоў).

 

У нашы дні домам Свянціцкага называецца дом пад нумарам 30 на вуліцы Карла Маркса (у час, калі яна была Падгорнай, ён меў нумар 34) — шэры, стыльны, з ляпнымі гірляндамі, з рознастатуснымі балконамі, Г-падобны ў плане трох- і чатырохпавярховік, які сваім левым (на тры паверхі) крылом пазірае на вуліцу Леніна. Той самы, у якім размяшчалася некалі праектная майстэрня «Гай, Свянціцкі і Ко», а потым крама Чырвонага Крыжа. Той, у якім у 1920-м спыняўся Фелікс Дзяржынскі. Той, які ў 1930-я быў названы Другім Домам Саветаў. У якім пражывалі Чарвякоў, Галадзед, Цішка Гартны, Панамарэнка. У якім цяпер музей Петруся Броўкі. Такі легендарны дом. Самым яскравым і безапеляцыйным (у сэнсе — красамоўна-жалезабетонным) сведчаннем яго прыналежнасці Зыгмунту Свянціцкаму з’яўляецца манаграма з перакрыжаваных літар Z і S на каванай рашотцы дзвярэй. Але ці ведаеце вы першае правіла дэтэктыва? Адказ не павінен быць навідавоку.

 

Як гаварыў Эйнштэйн, важней уяўляць, чым ведаць.

 

Doctor SventickiУявіць, што стагоддзе таму ў гэтым доме на першым паверсе, акурат у левым яго крыле, размяшчаўся офіс праектнай майстэрні «Гай, Свянціцкі і Ко», гледзячы на прэтэнцыёзны фасад, безумоўна, магчыма. Але ўявіць, што жыў тут старэнькі сівы доктар і што меў ён у гэтых сценах свой кабінет, у якім штодзённа з 10-й да 12-й гадзіны прыватным парадкам лячыў «наружные и женские болезни», а вечарамі пісаў, макаючы пяро ў чарніла, зацемкі на самыя розныя тэмы — то пра штучны кумыс і спосабы яго атрымання, то пра саліцылавы натр і яго прымяненне пры тыфе, то пра эфекты акупрэсуры, то пра «herba laborandi і іншыя сродкі», то пра шкодніцтва фельчарызму, які «падтрымліваецца галоўным чынам беднай і неадукаванай масай народанасельніцтва і будзе лютаваць да той пары, пакуль маса сама, шляхам адукацыі, не апынецца прасякнутай усведамленнем той шкоды, якую ёй нясе фельчарызм, а для гэтага спатрэбіцца даволі шмат часу»...

 

Уявіць, што ў вольныя ад працы хвіліны ён віртуозна іграў тут на піяніна і спяваў які-небудзь новы раманс («Гэты мой знаёмы горача любіць музыку, сам спявае прыгожа, мае чароўны тэнар, чым нагадвае мне Філеборна», — паведамляла калісьці пісьменніца з Гродна сяброўцы)…

 

Уявіць, як чытаў ён тут Дзікенса і Заля, Льва Талстога і Фёдара Дастаеўскага, Генрыка Сенкевіча і — ну канечне ж — Элізу Ажэшку… Конан Дойла, у рэшце рэшт…

 

Уявіць, як, пакрыўшы белую галаву высокім чорным цыліндрам, нацягнуўшы на моцныя далоні хірурга скураныя пальчаткі, ён адчыняў цяжкія дзверы гэтага дома і выпраўляўся — ці то ў вайсковы шпіталь, ці то ў клініку, ці то на пасяджэнне сельскагаспадарчага таварыства (бо і там у ім мелі патрэбу) або яўрэйскай камісіі (у якой быў прадстаўніком мясцовага насельніцтва толькі з тае прычыны, што «добра ведаў усе справы і праблемы яўрэяў») — ніяк немагчыма.

 

Таму што не можа ўрач быць адначасова ўладальнікам праектнай майстэрні. Таму што лячыць людзей і будаваць дамы для здачы кватэр у наём — заняткі несумяшчальныя. А гэты дом, пабудаваны як шматкватэрнік, быў самым прэстыжным даходным домам у Мінску. Як ні старайся, а пасяліць у адным з яго раскошных апартаментаў старэнькага сціплага доктара ніякае ўяўленне, якім бы смелым яно ні было, не дазваляе.

 

Прымірыць такія непрымірымыя факты некаторыя спрабавалі тым, што прыпісвалі Зыгмунту Свянціцкаму сына-цёзку і давалі апошняму адпаведны занятак — грамадскага інжынера або архітэктара. Нібыта сын доктара, нібыта таксама Зыгмунт узяў і пабудаваў гэты дом і адкрыў у ім з партнёрам Генрыхам Гаем архітэктурна-праектную майстэрню. Але…

 

Сын у доктара Свянціцкага быў. Праўда, звалі яго Вітольдам. І жыў ён ад Мінска далекавата. Ажаніўшыся ў самым пачатку 20-га стагоддзя, Вітольд Браніслаў Свянціцкі атрымаў у валоданне жончыну сядзібу Кабакі пад Бярозай. Асновай яго жыцця была сельская гаспадарка. Між іншым не без удзелу бацькі і не без яго станоўчага прыкладу тое адбылося: доктар Зыгмунт Свянціцкі яшчэ ў 1878-м, калі сыну было толькі пяць гадоў, стаў адным з першых па-сапраўднаму дзейсных членаў Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, у рабоце якога браў такі чынны ўдзел, што ўспаміналі яго самымі добрымі словамі. «Калі выступаў доктар Зыгмунт Свянціцкі, усе ўжо ведалі, што ў яго ўсё раскладзена па палічках, дасканала вывучана, даследавана, і ў разліках ён ніколі не робіць памылак», — пісаў у мемуарах Эдвард Вайніловіч, вядомы ўсім найперш фактам ініцыявання пабудовы Чырвонага касцёла. 

 

798tg7l87

 Як завяшчаў Шэрлак Холмс, адкіньце ўсё, чаго быць не можа, — і застанецеся сам-насам з адзіным фактам, які і ёсць ісціна.

 

Калі гаспадар даходнага дома і праектнай майстэрні не мог быць доктарам, значыць доктару гэты дом не належаў. Але калі доктар жыў на Падгорнай, на што ўказвалі ўсе крыніцы, гэта можа азначаць толькі тое, што быў на гэтай вуліцы яшчэ адзін дом Свянціцкага. А калі быў яшчэ адзін дом, значыць быў яшчэ адзін Свянціцкі. Яшчэ адзін Зыгмунт, але не сын? А чаму б і не? Часам лагічнае выглядае як неверагоднае, але лагічным ад гэтага быць не перастае.

 

Свянціцкіх у Мінску стогадовай даўнасці пражывала нямала. «Гарадавым Пазняком затрыманы на гарышчы дома Свянціцкага па Паліцэйскай вуліцы шляхціц А. Д. Радкевіч з выкрадзенай бялізнай», — пісаў у 1908 годзе «Мінскі кур’ер». Паліцэйская і Падгорная злучаліся, як сённяшнія Карла Маркса і Янкі Купалы. Чаму б доктару не жыць на рагу Падгорнай і Паліцэйскай? Другое правіла дэтэктыва не дазваляе: выпадковасці не бяруцца ў разлік.

 

А ісціна недзе побач, і часам бліжэй, чым здаецца. І гэта няважна, што шлях да яе апынаецца кружным.

 

У адзін з дзён другой паловы жніўня 1910 года ў дом пад нумарам 36 па вуліцы Падгорнай наведаўся службовец Мінскай гарадской грамадскай управы. Быў гэта перапісчык, які на тыя дні меў задачу здзейсніць інвентарызацыю нерухомасці ў 39-м квартале, абмежаваным вуліцамі Падгорная, Губернатарская, Магазінная і Петрапаўлаўская. Пералічыўшы прозвішчы гаспадароў згодна з нумарацыяй іх сядзібаў — «Свентицкий, Свентицкий, Юхнович, Ванькович, Вихеркевич, Ванькович Л., Динор Д. Г., Моенке Ю.», — ён пакінуў пад гэтым паважным спісам сваё сціплае «Составил Мечислав Понихвицкий».

 

Першая памылка была зроблена, як ні дзіўна, не ў нашы дні. І нават не пры Саветах, вядомых сваёй пагардаю да «гаспод», а значна раней. Яна была дапушчана ў выданні «Весь Минск» за 1911 год. Гэта там чорным па шэраму надрукавана, што два дамы на вуліцы Падгорнай — 34 і 36 — належаць Свянціцкаму Зыгмунту Карлавічу. І гэта нават не адна памылка, а дзве адразу. Першая датычыцца валодання 34-м домам, другая — самога ўладальніка: у 1911-м Свянціцкага Зыгмунта Карлавіча ўжо не было ў жывых.

 

У доме пад нумарам 36, якім яшчэ вясной валодаў доктар медыцыны, правадзейны стацкі саветнік Зыгмунт Карлавіч Свянціцкі, цяпер пражывае, як запісаў Паніхвіцкі, «одна душа» — старэнькая мілавідная сівагаловая доктарава ўдава Свянціцкая Марыя Аляксандраўна. «Владеет четыре месяца, документы не готовы», — занатаваў перапісчык.

 

Уладанні Марыі Аляксадраўны — «деревянный дом, флигель и сарай на собственной земле мерою 908 кв. с.».

 

Квадратны сажань раўняецца чатыром з паловай квадратным метрам, і значыць, уласнай зямлі ў самым што ні ёсць рэспектабельным цэнтры губернскага Мінска доктар Свянціцкі меў, па-нашаму кажучы, сорак адну з нечым сотку. Стаялі на гэтай зямлі аднапавярховыя дом і флігель плошчамі адпаведна 384 і 200 квадратных метраў.

 

«Гэта Падгорная, дзетка», — сказаў бы які-небудзь сённяшні фацэт, калі б яго нейкім чынам занесла ў той час. Бо на Падгорнай жылі не бедныя і не абы хто. Узяць хаця б гэты 39-ы квартал. Адзін сусед Марыі Аляксандраўны, гаспадар дома 34, цёзка па імені і прозвішчы яе памерлага мужа (таксама Зыгмунт Свянціцкі, але маладзейшы болей чым удвая), дыпламаваны інжынер, саўладальнік архітэктурнага праектнага бюро «Гай, Свянціцкі і Ко», штодзённа выкотвае з гаража свой самаходны экіпаж маркі Minerva — шыкоўны аўтамабіль бельгійскай вытворчасці.

 

Другі сусед з таго ж боку, Юліус Аўгуставіч Моенке, — купец другой гільдыі, але яго каменны асабнячок відавочна прэтэндуе на першую. Адзін з суседзяў Ваньковічаў, Леў Львовіч, — надворны саветнік, мецэнат, член Мінскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, валодае яшчэ і маёнткамі ў Волме і Смілавічах, а жанаты на графіні Стэфаніі Плятэр… І Марыя Аляксандраўна, застаўшыся ў доме на дзевяць пакояў адна-адзінюткая (калі не лічыць упраўляючага і двух чалавек прыслугі), мае які-ніякі прыбытак: флігель яна здае нейкаму інжынеру Анціпаву. Даволі прасторны, на сем пакояў, ён можа забяспечыць камфортнае пражыванне ўсёй яго сям’і з дзевяці чалавек. І Марыі Алясандраўне весялей.

 

Сад, агарод, палісаднік… Склеп, дрывотня, дзве лядоўні, падвал… Вадаправод, ванны пакой, ватэрклазет… Мечыслаў Паніхвіцкі запісвае ўсё да дробязей. Колькі ў доме ўваходаў — чатыры, колькі комінаў — таксама чатыры, колькі печак — адна ў кухні і сем у пакоях, колькі пакояў з паркетам — ніводнага, колькі кранаў з вадою — два, які тратуар — дашчаты і плітны, ці залівае пляц, калі здараецца дождж, — не залівае. Гэта таму, што «место высокое, наклонное»… А вось на пытанне «Колькі гадоў пабудовам?» Марыя Аляксандраўна адказ даць не можа. Таму што не ведае. Зыгмунту Карлавічу, памерламу мужу, яны дасталіся ад папярэдняга ўладальніка. Мечыслаў Паніхвіцкі толькі і мае для запісу, што «все деревянное, прочное».

 

Кожнаму часу свой адрас. Падгорная, Губернатарская, Магазінная і Петрапаўлаўская — сённяшнія вуліцы Маркса, Энгельса, Кірава і Леніна адпаведна. Дом грамадскага інжынера Свянціцкага Зыгмунта Збігневіча, будынак пад нумарам 34, стаў цяпер нумарам 30. А вось дом, які стаіць на месцы знішчаных амаль адразу пасля рэвалюцыі жылых пабудоў доктара Свянціцкага Зыгмунта Карлавіча, па іроніі свавольніка-лёсу займеў… ранейшы нумар таго самага дома, з якім яго так няўдала асацыююць: 34-ы.

 

Увайшоўшы ў яго арку, ступіўшы нагамі на тыя 908 квадратных сажняў з думкай, што яны павінны памятаць крокі ўсіх, можна, сфакусіраваўшы ўяўленне (гэта Марк Твен сцвярджаў, што нельга давяраць сваім вачам, калі ўяўленне не ў фокусе), убачыць, як, пакрыўшы галаву высокім цыліндрам, нацягнуўшы пальчаткі, выходзіць на ганак драўлянага аднапавярховіка старэнькі доктар…

 

P.S. Марыя Аляксандраўна памерла ў 1913-м. Уладанні Cвянціцкіх атрымала ў спадчыну іх дачка Лідзія Таньская. А потым была рэвалюцыя…

 

За падказкі і парады аўтар выказвае падзякі даследчыкам Захару Шыбеку, Уладзіміру Дзянісаву і Змітру Юркевічу.