Сёлета споўнілася 202 гады з нараджэння Антона Красоўскага — акадэміка, лейб-акушэра, сапраўднага стацкага саветніка, гінеколага, які лічыцца адным з заснавальнікаў акушэрства ў Расійскай імперыі. Акрамя таго, гэта быў ураджэнец Беларусі і выпускнік Слуцкай гімназіі, якая вядзе сваю гісторыю яшчэ ад Януша Радзівіла. Шмат было выбітных выпускнікоў за стагоддзі, а чым вызначыўся Антон Красоўскі?
«…на вечныя часы вызваляю»
Нарадзіўся будучы навуковец 13 сакавіка 1821 года ў сям’і прыгонных Якава (Якуба) Красоўскага і Алены са Смельскіх і быў ахрышчаны ў Грозаўскім касцёле. У чэрвені 1838-га сям’я Красоўскіх атрымала вольную, у якой памешчык Севярын Каменскі адзначаў: «Жадаючы ўзнагародзіць шматгадовыя паслугі сям’і Красоўскіх, якія былі аказаны памерлым бацькам маім, а акрамя таго, паважаючы найвышэйшую волю нябожчыка святой памяці бацькі майго, які яшчэ пры жыцці хацеў іх міласць паноў Красоўскіх вызваліць, і я гэта жаданне з дакладнай карысцю здзяйсняю і іх ласку паноў Якуба, Алену, Антонія і Людвіга сыноў на вечныя часы вызваляю».
Хутчэй за ўсё, сям’я Красоўскіх некалі мела шляхетны статус, але збяднела і трапіла ў залежнасць. Тым больш, што Камінскі звяртаецца да іх «паны». Ды і сумніўна, што звычайныя вызваленыя прыгонныя маглі даць адукацыю ў гімназіі двум сынам. Да таго ж у іх былі далёка не сялянскія сваякі. Напрыклад, А. Г. Корбут, інспектар школы ваенных кантаністаў у Пецярбургу.
Дзяцька адыграў пэўную ролю ў лёсе хлопца. Сам ён меў прагу да дакладных навук. Але па пратэкцыі дзяцькі ў 1843 годзе паступіў у Імператарскую медыка-хірургічную акадэмію (ІМХА) на казённы кошт.
Шляхетны дух і сялянская працавітасць дапамагалі ў няпростай вучобе: Красоўскі старанна займаўся ў акадэміі. Будучага ўрача захаплялі анатомія і хірургія. Ён не з’яўляўся непасрэдным вучнем Пірагова, але фактычна ўся дзейнасць Красоўскага — гэта ўвасабленне ў акушэрстве і гінекалогіі ідэй і прынцыпаў вялікага хірурга і педагога, працяг і развіццё хірургічнай школы Пірагова.
У тыя ж часы ў ІМХА працаваў выбітны акушэр-гінеколаг, «бацька рускай педыятрыі» прафесар Сцяпан Фаміч Хатавіцкі. Аднак Красоўскі, па яго ўласных словах, да вывучэння акушэрства і жаночых хваробаў не праяўляў цікавасці. У рукапісы «Сёе-тое аб акушэрскай кафедры Ваенна-медычнай акадэміі», датаванай 1895 годам, ён узгадвае: «У маю бытнасць студэнтам акушэрства і жаночыя хваробы выкладаў нябожчык праф. Хатавіцкі па літаграфаваных запісках. І хоць існаваў акушэрскі кабінет, праўда, даволі сціплы, але на лекцыях нам нічога не было дэманстравана. Праф. Хатавіцкі да акушэрства і гінекалогіі неяк быў не размешчаны і сам практыкай зусім не займаўся».
Здавалася, нічога не прадвяшчала захаплення акушэрствам, аднак, як гэта часта бывае, усё вырашыў выпадак.
У спецыяльнасць — выпадкова
Тэрмін вучобы ў акадэміі набліжаўся да завяршэння. Апантанага навукай хлопца не цешыла перспектыва быць звычайным лекарам. У сакавіку 1848-га ён падаў прашэнне на атрыманне ступені доктара медыцыны. У ліку іншых паспяховых студэнтаў быў дапушчаны да іспыту, але вытрымалі выпрабаванне толькі трое: Войнаў, Занятоўскі, Галубцоў. Войнаў быў пакінуты ў акадэміі пры анатамічным інстытуце, а Занятоўскі — асістэнтам акушэрскай клінікі.
Наш герой здаў у траўні іспыт на званне лекара і быў прызначаны малодшым ардынатарам Краснасельскага ваеннага шпіталя. Але адразу ж быў накіраваны ў Царскасельскі шпіталь для барацьбы з эпідэміяй халеры.
Успышкі халеры тады ўзнікалі досыць часта. У свеце лютавала пандэмія 1829–1851 гадоў. У сеціве ёсць вялікі спіс вядомых асоб, якія загінулі ад яе. Ад Карла X да Франца Савіча, які быў урачом і загінуў падчас змагання з вірусам у 1845-м. Красоўскаму пашанцавала не захварэць.
Ад халеры памёр Уладзіслаў Занятоўскі. Месца асістэнта стала вакантным. Прафесар Кітар прапанаваў Красоўскаму заняць пасаду. Маючы мінімальнае ўяўленне пра гэтую галіну медыцыны, ён сур’ёзна заняўся акушэрствам і гінекалогіяй, праўда, не пакідаючы хірургіі.
Упершыню ў свеце
Прафесар Кітар годна ацаніў яго «працавітасць, самавітасць і добрасумленнасць». Менавіта дзякуючы гэтым якасцям малады асістэнт не мог сядзець на месцы і прагнуў большых ведаў.
У 1850 годзе ён зноў звярнуўся ў Канферэнцыю ІМХА аб допуску да іспыту на ступень доктара медыцыны. У тэарэтычнай частцы неабходна было паказаць веды па фізіялогіі, тэрапіі ды іншых дысцыплінах. У практычнай — прыгатаваць прэпараты і самае галоўнае — дэманстрацыя аперацыі павароту плоду на ножку з наступным яго выманнем.
Іспыты былі здадзены паспяхова, а праз год — першая навуковая публікацыя ў штотыднёвіку «Сябар здароўя» на тэму «Цяжкія роды ад велізарнага наросту на ягадзіцах немаўляці».
Яшчэ праз год ён абараніў на лацінскай мове дысертацыю «Некаторыя звесткі аб разрывах маткі». Пасля абароны ён працягваў заставацца ардынатарам акушэрскай, жаночай і дзіцячай клінік ІМХА. Новаспечаны доктар не спачываў на лаўрах, а працаваў яшчэ больш інтэнсіўна. Назіраючы за неверагодным імкненнем Красоўскага, Кітар у 1854 годзе звярнуўся з просьбай дапусціць яго да іспыту на ад’ютант-прафесара па кафедры акушэрства, жаночых і дзіцячых хвароб. Гэта нешта накшталт памочніка або намесніка прафесара, які дапамагае яму і замяшчае ў выпадку адсутнасці. Пасля ўвядзення «Агульнага ўніверсітэцкага статута» ў 1863 годзе пасаду скасавалі і з’явіліся «штатныя дацэнты».
У лістападзе-снежні Красоўскі вытрымаў усе іспыты, прачытаў пробную лекцыю, і 15 снежня быў зацверджаны на пасаду ад’ютант-прафесара з пакіданнем на службе пры Другім ваенна-сухапутным шпіталі. Пазней быў малодшым гарадскім акушэрам, што дазволіла набыць яшчэ больш ведаў на практыцы, а таксама прыцягнуць найбольш здольных студэнтаў. І ўсё гэта на 33-м годзе жыцця!
Справы ішлі добра не толькі ў навуцы, але і ў асабістым жыцці. 3 жніўня 1855-га Красоўскі абвянчаўся з Валерыяй Восіпаўнай Адамовіч, дачкой чыноўніка. У іх было 3 сыны і дачка. Цікавы факт, што праўнучка навукоўца Марыя Хільчанка ў 1984 годзе перадала вялікую колькасць асабістых рэчаў свайго прадзеда ў Слуцкі краязнаўчы музей.
У 1856 годзе Красоўскі выправіўся ў камандзіроўку, каб удасканаліць свае веды за мяжой. На працягу года ён наведаў шэраг вядучых еўрапейскіх акушэрскіх клінік, падрабязна цікавіўся пытаннямі арганізацыі клінічнай працы, абследавання цяжарных і гінекалагічных хворых, поглядамі замежных навукоўцаў на актуальныя праблемы медыцыны, метадамі выкладання, асаблівасцямі выканання акушэрскіх аперацый.
2 чэрвеня 1862-га Красоўскі ўпершыню ў акадэміі выканаў аперацыю кесарава сячэння на жывой жанчыне, што лічылася самым смелым хірургічным умяшаннем на той час. А 23 снежня таго ж года Красоўскі ўпершыню ў свеце выканаў паспяховую аварыяэктамію.
Пасля вяртання ён заняў пасаду, якую займаў Кітар. Красоўскі адразу ўзяўся за істотны перагляд вучэбнай праграмы па сваёй дысцыпліне, істотна пашырыў яе.
Красоўскі выдаў падрабязны атлас на рускай і французскай мовах «Пра аварыяэктамію». Ён правёў каля 800 падобных аперацый і ўвесь час удасканальваў методыку.
Апошнія гады
У 1860 годзе ён становіцца членам Пецярбургскага камітэта грамадскага здароўя. Арганізацыя дапамогі ў родах тады знаходзілася ў жахлівым стане. У горадзе працавалі толькі 4 родадапаможныя ўстановы ўсяго на 125 ложкаў. Да 1875-га колькасць такіх прытулкаў вырасла да 11. Пяць з іх утрымліваліся за кошт горада, а астатнія — прыватнымі асобамі.
Акушэрска-гінекалагічная секцыя 1-га з'езда Маскоўска-Пецярбургскага медыцынскага таварыства. Санкт-Пецярбург, 28 снежня 1885 г.
З 1869-га па 1876 год у прытулках было прынята 7 907 родаў. Смерць падчас родаў складала 1,1 %, ад пасляродавых захворванняў — 1,01 %. Так новая сістэма родадапамогі паказвала сваю эфектыўнасць. Што дало падставу для распаўсюду досведу па ўсёй краіне. Новым метадам пачалі навучацца як дзеючыя ўрачы, так і студэнты.
У 1876 годзе Красоўскі пакідае акадэмію і цалкам прысвячае сябе родадапамозе ў «Петербургском родовспомогательном заведении». Апрача таго, ён з’яўляўся членам-карэспандэнтам Парыжскага таварыства хірургаў, Парыжскай медыцынскай акадэміі, членам Берлінскага, Лейпцыгскага, Эдынбургскага і Бостанскага акушэрскіх таварыстваў. У апошнія гады Красоўскі штогод выязджаў на воды за мяжу (у Карлсбад). Як бачым, наш зямляк быў вядомым у міжнародных навуковых колах.
У апошнія гады ў Красоўскага абвастрыліся прыступы пячоначнай колікі і стэнакардыі, дыябет, спазматычны кашаль. У 1897 годзе ён атрымаў бестэрміновы адпачынак і разам з жонкай выправіўся ў Меран (Паўднёвы Ціроль, Італія). Гэта быў адзін з найлепшых курортаў на той час. Адчуўшы палёгку, ён вярнуўся. Але ў студзені 1898 года вымушаны быў прасіць аб адстаўцы. Мікалай ІІ задаволіў прашэнне.
Раптоўна памірае муж дачкі Марыі — барон Мікалай Остэн-Дрызен. Яго пахавалі ў сямейным склепе ў Царскім Сяле 11 красавіка. У той жа дзень у Антона Красоўскага пачаліся прыступы стэнакардыі. Смерць наступіла 13 красавіка 1898 года ў 4 гадзіны 45 хвілін.
Памяць пра выбітнага медыка жыве і на малой радзіме. У новай экспазіцыі Слуцкага краязнаўчага музея ёсць куток, прысвечаны гэтай асобе. І што самае каштоўнае, тут можна пабачыць асабістыя рэчы доктара Красоўскага.
Пытанне
Які беларускі асветнік 16-га стагоддзя ўпершыню звязаў факт зачацця з адсутнасцю рэгулаў у жанчын?
Правільны адказ
Сымон Будны
Пераможца конкурсу
На жаль, правільнага адказу не даслаў ніхто. Наступным разам бліц-конкурс "Машына часу" чакайце ў верасні! Чытайце "Медвеснік" і вандруйце па Беларусі!
Прыз
Падарожжа ў адно з самых рамантычных месцаў Беларусі — каралеўскі горад Гродна.
Партнёр
Палажэнне аб правядзенні конкурсу можна спампаваць тут.