Фото из открытых источников.
Фото из открытых источников.

Толькі самыя апантаныя хірургіяй і абсалютна абыякавыя да ўласных амбіцый асобы маглі пратрымацца ў клінічнай размове з прафесарам Багданоўскім даўжэй, чым гучыць адказ на два пытанні.

Іншым студэнтам 5-га курса Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі і аднаго пытання было дастаткова, каб у выпадку няправільнага адказу, атрымаўшы ад дырэктара шпітальнай хірургічнай клінікі град папрокаў — апошні, маўляў, курс, а ведаў ніякіх не толькі па хірургіі, але і па анатоміі, і па іншых дапаможных навуках, — ухіліцца ад публічнага colloquium’а з гэтым прафесарам, а надалей як мага радзей наведваць яго заняткі.

Што вымушала яго, ад прыроды добрага чалавека, сына сельскага святара, так раздражняцца і ўспыхваць?

 

Удвая доктар Дзяцінства Яўстафія Багданоўскага прайшло ў бацькоўскім доме ў Мсціслаўскім павеце хоць бедна, але шчасліва. Сваім парадкам прабеглі гады вучобы ў духоўнай семінарыі ў Магілёве. Па яе заканчэнні 19-гадовы Яўстафій наважыўся ехаць у Пецярбург, каб стаць казённакоштным студэнтам адной з самых прэстыжных медыцынскіх навучальных устаноў Расійскай імперыі. Вучыўся старанна, заўзята. За поспехі ўзнагароджаны залатым медалём і прэміяй патрыярха пецярбургскіх хірургаў Івана Фёдаравіча Буша.

 

Затым была больш чым бліскучая абарона дысертацыі на тэму рэзекцый лакцявога сучлянення з наступным прысваеннем рэдкай навуковай ступені доктара медыцыны і хірургіі. Для гэтага трэба было дадаткова трымаць іспыты з правядзеннем дзвюх аперацый на трупе і дзвюх клінічных, з прыгатаваннем анатамічнага прэпарата і напісаннем сачынення на хірургічную тэму.

 

Яго прываблівала перасадка касцей, ён правёў мноства эксперыментаў з жывёламі і сфармуляваў галоўныя патрабаванні да аперацый па касцявой пластыцы: трансплантат павінен максімальна адпавядаць памеру і форме таго дэфекта, на месца якога ён прыжыўляецца, а фіксаваць яго належыць вельмі надзейна, з забеспячэннем поўнай нерухомасці. «Ва ўтварэнні новай касцяной субстанцыі нельга прапусціць удзел надкоснай плявы», — заўважаў новаспечаны доктар. «Вялікую ролю ў прыжыўленні адыгрываюць суседнія тканкі — злучальная клятчатка і мускульныя похвы», — даводзіў ён.

 

Пасля стажыровак у Берліне, Парыжы, Лондане і г. д., удасканальвання ведаў у клініках накшталт Шарытэ (адной з самых вядомых у старэнькай Еўропе), пераймання вопыту ў такіх свяцілаў, як Рудольф Людвіг Карл Вірхаў (гістолаг і патолаг ад Бога, бацька клетачнай тэорыі з яе omnis cellula e cellula), Яўстафій Іванавіч вяртаецца ў alma mater выкладаць тэарэтычную і аператыўную хірургію і хірургічную анатомію, а неўзабаве ачольвае самую вялікую акадэмічную клініку, дзе пацыентаў любіць, як родных дзяцей, а на адрас студэнтаў адпускае не толькі незадаволеныя каментарыі адносна іх невуцтва, але часам і нецэнзурныя выразы.

 

І ўсё ж студэнты — тыя, што прагнуць любой цаной набыць прафесійную ўпэўненасць і не носяцца з прышчэмленым самалюбствам як курка з яйкам, — любяць яго больш, чым удзячныя пацыенты, у дачыненні да якіх ён ніколі не дазваляе сабе нічога лішняга, з якімі ён падобны да Скліфасоўскага — ці не адзінага пецярбургскага доктара, які нават жарты з пацыентамі і расказванне ім анекдотаў лічыць злачынствам супраць этыкі ўрача. 

 

Генерал ars chirurgica

 

У 1881 годзе Імператарскую медыка-хірургічную акадэмію пераназвалі: цяпер гэта ваенна-медыцынская акадэмія. Але да прафесара Багданоўскага студэнты па-ранейшаму трапляюць толькі на пятым курсе, ужо без пяці хвілін урачамі, «навучанымі ўсім артыкулам і аснашчанымі ўсімі даспехамі, але яшчэ не гатовымі рушыць у паход дзеючай арміі, бо няма ні паходнай вытрымкі, ні ваеннага спрыту, якія даюцца шляхам практыкаванняў у ваенных шпацырах і манёўрах».

 

fkidyГалоўны фасад Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.

 

Прафесар Багданоўскі з’яўляцца тым генералам, пад камандаваннем якога полк навабранцаў, пераведзеных з факультэцкай «вучэбкі» на самую што ні ёсць перадавую — у аддзяленне 2-га сухапутнага ваеннага шпіталя (гэта і ёсць яго клініка-кафедра), — асвойвае ars chirurgica на сапраўдных салдатах.

 

У факультэцкай клініцы, дзе студэнты толькі ўжываюцца ў ролю ўрачоў, лячэнне «чыста прыпадачнае» — сімптаматычнае, а навучанне даволі размеранае. Пры такім навучанні запраста можна дазволіць сабе прысвяціць 18 клінічных лекцый аднаму толькі тыфу, як робіць Сяргей Пятровіч Боткін.

 

Зусім іначай у клініцы калегі і асабістага ўрача прафесара Боткіна — доктара Багданоўскага. Уся ўвага тут — на індывідуальнасць клінічных выпадкаў, а не на формы хвароб. Шпітальны ўрач у адрозненне ад факультэцкага лечыць Івана, Яна, Іагана, а не сыпны тыф, брушны тыф, зваротны тыф і г. д. І пацыенты тут адпаведныя: усе 125 коек займаюць салдаты і дробнае чынавенства ваеннага ведамства. Для няўпэўненых эскулапавых прапрапраўнукаў гэта тое, што трэба: ні табе парушэнняў рэжыму, ні выказвання незадаволенасці ад болю, выкліканага няўмелай рукой, ні ўхілення ад аператыўнай дапамогі, якую збіраецца аказаць чалавек без дыплома.

 

Багданоўскі ўсіх выратуе — вераць пацыенты. Ён для іх генерал. У асабістым заліку прафесара — лячэнне паэта Някрасава, мастака Верашчагіна, імператара Аляксандра ІІ, спрэчка за лёс пацыента і яго нагі, выйграная ў вялікага Пірагова…

 

dsertrГрупа студэнтаў каля дошкі з распаражэннямі Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.

 

Несправядлівасць жраца

 

— А скажыце, пры якіх умовах вы можаце канстатаваць клінічныя прыкметы, што ўказваюць на наяўнасць у мачавым пузыры каменя, між тым як катэтарам ён не намацваецца?

 

Ідзе экзамен. Прафесар задае пытанне пасля вычарпальнага аповеду студэнта на тэму мочакаменнай хваробы. Бяда ў тым, што каменя ў пацыента студэнт не знайшоў.

 

— Калі мне не вядома, што камень быў выдалены, — сарамліва адказвае заўтрашні выпускнік.

 

— Вы думаеце, што я гуляю з вамі ў хованкі, што я вас падманваю, калі гавару, што ў гэтага хворага камень у мачавым пузыры?

 

Багданоўскі імгненна мяняе рыторыку: ганебна, маўляў, маладым людзям марыць пра званне ўрача, валодаючы самымі прымітыўнымі ведамі! Не ў шпітальнай клініцы студэнт павінен вучыцца асновам хірургічнага майстэрства, а ў анатамічных залах!

 

Памяць студэнта пераносіць таго на 4 гады назад. Змрочнымі пецярбургскімі ранкамі ў цёмную сырую аўдыторыю, якая сваімі драўлянымі лаўкамі, расстаўленымі амфітэатрам, нагадвае цырк, збіраюцца першакурснікі. Запальваюцца газоўкі, асістэнты выносяць з баковак анатамічныя прэпараты, дым ад папярос, які стаяў літаральна каромыслам, патрохі развейваецца, гоман сціхае.

 

«Вы, спадарства, сваім тытунішчам хочаце атруціць мне лёгкія, дык я напушчу на вас холад», — прамаўляе выкладчык і адчыняе шырокія форткі, у якія з набярэжнай Нявы ўлятае мароз. Спадарства мерзне, але абурацца не смее, і толькі калі ўжо нельга трываць, просіць памілаваць і абяцае, што курыць больш ні-ні. 

 

Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія ўзору 1870-х — месца прыцягнення той скіраванай на медыцынскі шлях моладзі, якая шукае не рамяства, а мастацтва. Выкладанне ў яе сценах, месцамі досыць старых, у многім адпавядае найноўшым еўрапейскім ідэям. Але не ва ўсім.

 

Апісальную анатомію чытае прафесар Фёдар Паўлавіч Ландцэрт — анатам-мысліцель, які з самых першых заняткаў прымушае глядзець на тканкі і органы дапытлівымі вачыма ўрача, а не адстароненым позіркам кунстмайстра. Практычнымі заняткамі з абавязковымі 8 экзаменамі на год па асобных частках чалавечага цела кіруе прафесар Венцэль Грубер — прадстаўнік той старой школы, якая патрабуе ад студэнта не мысліць, а ведаць дэталі.

 

Прафесар Грубер гатовы разрэзаць 100 трупаў, каб вылічыць, колькі разоў bursa mucosa размяшчаецца над і колькі разоў пад сухажыллем той або іншай мышцы, і цэлыя месяцы прысвячаць падрабязнасцям анамалій накшталт якой-небудзь костачкі, якая на 100 трупаў сустрэнецца 3 разы.

 

lkjfijgsЗаняткі па хірургіі.

 

Бліскучы лектар Ландцэрт, які да таго ж напісаў на рускай мове падручнік, прадстаўляе ў акадэміі так званую нямецкую партыю. Грубер, мова якога складаецца з набора нямецкіх слоў і лацінскіх тэрмінаў, звязаных рускімі «и», «или», «над», «под», «если» і «для», які пытанні студэнтам ставіць «па-тарабарску», з’яўляецца прадстаўніком рускай партыі. Пра супрацьстаянне гэтых партый студэнты выказваюцца метафарычна: «Несправядлівасці жрацоў храма навукі малююцца ў форме выродлівага наросту на светлым ілбе маладога прыгожага юнака».

 

— Такое можа быць у тых выпадках, калі невялічкі камень залягае ў нішы пад павялічанай прастатай, якая не дае вяршыні зонда крануць іншароднае цела.

 

Нарэшце прафесар чуе правільны адказ. Дваццаць два папярэднікі, якія не здолелі яго даць, атрымліваюць «нездавальняюча».

 

Заслугі Багданоўскага перад уралогіяй неацэнныя: аперацый з нагоды мочакаменнай хваробы ён правёў паўтары сотні, а напісаная ім па выніках манаграфія выклікае цікавасць ў айчынных і замежных калег.

 

jkfidklПалата ў клініцы акадэміі.

 

Хірург-кансерватар

 

З 23 аперацый рэзекцыі верхняй чэлюсці, праведзеных Багданоўскім, толькі адна мела летальны вынік. У клініках калег Більрота і Лангенбека ў Германіі пры амаль такой самай колькасці аперацый памерлі 7 і 8 чалавек адпаведна.

 

Доктар Багданоўскі аперыруе педантычна: у кожным лішнім сячэнні ён бачыць шкоду для пацыента, занадта смелыя рухі скальпелем, каб толькі аблегчыць доступ да органаў, лічыць недапушчальнымі. «Пастаў сябе на месца хворага і тады рашай, што яму як рабіць: рэзаць ці шкадаваць, кансервіраваць ці бравіраваць», — паўтарае ён сваім вучням.

 

Яго разважлівасць і абачлівасць стварылі яму славу «разумна асцярожнага аператара», «хірурга-кансерватара». Але пры такім падыходзе аперацыі ў Багданоўскага цягнуцца доўга, стамляюць і яго, і студэнтаў. Даволі часта выбіты з сіл прафесар, папярэдне насварыўшыся на ардынатараў, стварыўшы вакол сябе атмасферу напружання, на вачах невялічкай групкі студэнтаў (іншыя ўжо не вытрывалі, пайшлі да пірожніка Васіля, у яго пірагі з мясам за тры капейкі, можна браць і ў бестэрміновы крэдыт) перадае нож Пампею Мультаноўскаму, першаму асістэнту, і той аперацыю завяршае адначасова старанна і спрытна.

 

Пампей Якаўлевіч аперыруе хутка і дэманстратыўна — ахвотна тлумачыць ход аперацыі і смялей, чым Багданоўскі, дапускае студэнтаў да аперацыйнага поля. Ён мог быць прафесарам, як Багданоўскі, але так цураецца пяра і паперы, што дысертацыю ніколі не напіша. Пазней яму прысвояць званне доктара медыцыны ex causa honoris.

 

jfkiyАперацыйная.

 

У сурдуце і чорным цыратовым фартуху

 

Прагрэсу хірургічнай навукі прафесар Багданоўскі не давярае. Хто такі Джозэф Лістэр з яго антысептыкай? Па Багданоўскаму, рану трэба прамыць цёплай вадой і старанна ачысціць ад крывяных згусткаў. А зашываць тонкім дроцікам, лепей медным. «Перавага металічных швоў, даказаная на вопыце нашай клінікі, заключаецца ў тым, што яны менш раздражняюць краі раны ў параўнанні з ніткамі і іх можна пакінуць у ране на болей працяглы час», — піша Яўстафій Іванавіч. Замяніць медным дротам шаўковую нітку прапанаваў яшчэ яго настаўнік і папярэднік на пасадзе кіраўніка клінікі прафесар Аляксандр Кітэр. Але поспех метаду ў многім тлумачыўся тым, што дрот папярэдне пракальваўся, ад чаго рабіўся не толькі мяккім, але і стэрыльным.

 

На пытанні асэптыкі ў акадэміі глядзяць па-рознаму — адны безагаворачна вітаюць, іншыя пасміхаюцца: доктар, маўляў, такі мажны, а баіцца мікробаў, такіх маленькіх істот. Што да Яўстафія Багданоўскага, то нават самыя адданыя яго вучні не могуць абысціся без крытыкі.

 

Багданоўскі ўпарта адхрышчваецца ад Лістэра — аперыруе ў сурдуце і чорным цыратовым фартуху, пра карболку нават не згадвае, лігатуры ў яго вісяць на зашчапцы аконнай рамы, і фельчар пры патрэбе бярэ іх адну за адной нямытымі рукамі, можа нават для надзейнасці памусоліць у роце, і падае прафесару: «Извольте, ваше превосходительство!». 

 

Напружаны дзень на сыходзе. Дома, у кватэры на Фурштацкай, 27, Яўстафія Іванавіча зачакаліся жонка і дарослыя дзеці — сын Аляксандр, які нядаўна вярнуўся з Прусіі, дзе вывучаў эканоміку, і дзве дачкі, Вера і Вольга, абедзве выпускніцы Смольнага інстытута. Вера пасля заканчэння Бястужаўскіх курсаў працуе ў хімічнай лабараторыі ў той жа акадэміі, што і бацька.

 

Раней Багданоўскія жылі ў доме нумар 15 у Сапёрным завулку, потым у доме 7 на вуліцы Мохавай. Усё гэта побач, да клінікі праз нядаўна збудаваны Ліцейны мост ісці хвілін пяць. Але доктару нават гэта пакута: доўгія гады ён хварэе на запаленне сценак артэрый, да таго ж у яго парок сэрца і ён часта вымушаны цярпець моцны боль за грудзінай, які можа заспець яго і на экзамене, і падчас аперацыі. Гэта і ёсць прычына нервовых успышак…

 

Пры выкананні абавязкаў настаўніка і ўрача

 

Лекцыі Багданоўскага не вылучаюцца красамоўствам, але слухаць іх і карысна, і цікава. Студэнты за ім запісваюць дакладна. Быццам ведаюць, што такіх лекцый з часам будзе ўсё менш.

 

Багданоўскі ўсё часцей з’яўляецца ў клініцы ў такім кепскім стане, што яму не да лекцый. У рэшце рэшт студэнты збяруць яго лекцыі (налічыўшы 84) і выпусцяць двухтомнікам пад назвай «Запіскі па клінічнай хірургіі». Рэдагаваць іх Багданоўскі не возьмецца.

 

11 кастрычніка 1888 года Яўстафій Іванавіч будзе прысутнічаць на ампутацыі, якую даверана правесці малавопытнаму ўрачу. У нейкі момант рука стажора павядзе нож не так, прафесар кінецца на дапамогу са словамі: «Не сціскайце нож у руцэ, трымайце яго як смычок». Потым сам схіліцца над пацыентам, але раптам ускрыкне і паваліцца на падлогу. Праз некалькі хвілін ён памрэ ў пакоі, які мяжуе з аперацыйнай, на койцы аднаго з тых салдат, для якіх быў як бацька.

 

Студэнты, нягледзячы на ўсе несправядлівасці і папрокі, якія ім даводзілася цярпець, будуць аплакваць прафесара сардэчна і шчыра. «Так памірае сапраўдны воін на полі бітвы», — напіша адзін з іх. «Доктар хірургіі Яўстафій Іванавіч Багданоўскі пакінуў нас пры выкананні сваіх абавязкаў настаўніка і ўрача!» — падхопяць астатнія. Яны ведалі: сэрца, што білася пад сурдутам гэтага чалавека, было вельмі добрым.

 


Недостаточно прав для комментирования

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалызащищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».