19 верасня 1924 года на пасаду народнага камісара аховы здароўя БССР прызначаецца Міхаіл Барсукоў. Той самы, які ў кастрычніку 1917-га ў Петраградзе кіраваў медыка-санітарным аддзелам рэўваенкама і рваўся ў што б ні стала стварыць наркамздраў.
З Далёкага Усходу, дзе «закладаў асновы курортнага будаўніцтва», ён трапляе ў Мінск — горад, які, нягледзячы на сталічны статус, яшчэ не пазбавіўся нядаўняй сваёй правінцыйнасці. Маленькія домікі, драўляныя тратуары, уздоўж якіх цягнуцца за сумнавокімі коньмі вагоны «чырвонай конкі». Таварышу Барсукову давядзецца тут жыць пяць гадоў і пяць месяцаў. Конку, праўда, за гэты час ліквідуюць, і перад самым яго ад’ездам пойдуць па Мінску вясёлыя трамваі.
Ад размаху да дэталізацыі
Ніколі раней і ніколі пазней нішто Барсукова з Беларуссю не лучыць, але пакуль ён тут, ён гаворыць і піша «ў нас у БССР», «у нас у Беларусі», прычым піша па-беларуску. Атрымліваецца дзіўнавата, але хто дазволіць сабе папраўляць народнага камісара, які да таго ж галоўны рэдактар выдання? «Усякі мэханізм павінен працаваць чотка», «доктар не павінен праўрашчаць акушорку ў заўхоза», «менш увлячэнняў лікам, большае ўстрамленне на якасць», «тут, кстаці, патрэбна сказаць некалькі слоў аб аптэцы»…
Яго беларуская мова па меры ўчытвання ў тыя артыкулы, якія ён у нас напісаў і апублікаваў у кіруемай ім «Беларускай мэдычнай думцы», выклікае сімпатыю. Нават нягледзячы на відавочнейшую абсурднасць некаторых яго высноў. Або нават дзякуючы гэтай абсурднасці: за свой час у Мінску Барсукоў зрабіў шмат добрага, мо таму яго «неправідловасці» замілоўваюць і кранаюць?
«Цяпер настаў такі час, калі з вялікіх размахаў, неаб’ятных планаў неабходна перайсці да падробнай дэталізацыі і дабіцца поўнага зліквідавання ўсяго таго, што можа мяшаць працы», — так падступаецца Міхаіл Барсукоў да выкладу «некаторых заўваг аб працы мэдыцынскага вучастку ў вёсцы». Участак бачыцца яму як спалучэнне бальніцы, амбулаторыі і акушэрска-фельчарскага пункта. Нельга сялян пасылаць у горад ні па хірургічную, ні па акушэрска-гінекалагічнаую дапамогу, ні для лячэння хваробаў вачэй, ні для змагання з сухотамі. Асабліва патрэбныя ўчасткі ў пасёлках, дзе канцэнтруюцца кірмашы і ўтвараюцца скопішчы сацыяльных хваробаў. На ўчастковага доктара, акрамя агульна-лекава-прафілактычных задач, ускладаюцца і абавязкі саннагляду.
Не могуць без участковага доктара абысціся і фізічнае выхаванне сялянскай моладзі, і школа, і ахова мацярынства, і мысліць ён павінен навукова, бо «навука жыве не толькі ў універсітэцкіх габінэтах і інстытутах, але і ў вясковых умовах, калі доктару, напрыклад, не прыйдзецца ў гліняных гаршкох перагартоўваць свае інструмэнты, а будзе дана магчымасць мець прымітыўны стэрылізатар. Або калі санітарны аналіз не прыдзецца рабіць толькі носам, але калі доктару будзе дадзен самы просты набор хіміка-аналітычных сродкаў і, наканец, калі доктару дадуць магчымасць атрымліваць кнігі, ездзіць у навуковыя камандыроўкі». Усё гэта магчыма, калі «не фармальна, але ўдумчыва падысці да выкарыстання таго, што мы зараз маем», і «праца доктара павінна быць урэгуліравана, уложана ў цесныя рамкі».
«Погляд, што доктар павінен працаваць 24 гадзіны ў суткі, павінен быць выжыт назаўсёды»
Пры гэтым «усё будзе круціцца на халастым хаду, калі доктар не выкарыстае савецкай грамадскасці». На гэтым кані — усё павінна быць замешана на «класавых памкненнях» — наркамздраў Барсукоў праскакаў праз усе дасягненні.
Калі каштоўнасць каналізацыі сыходзіць на нуль
«Што ўяўляў сабой урач на працягу доўгіх стагоддзяў чалавечай культуры?» — пытаецца ён у чытача «Белмэддумкі», «ацэньваючы мінулае з марксісцкага гледжання». І адказвае: «У старадаўнім антычным грамадстве ён быў рабом, а пазней стаў чыноўнікам на службе ў таго класа, які ўзначальвае дзяржаўную ўладу».
«На ўрача глядзелі як на рамесніка», а «сацыялістычная рэвалюцыя паставіла яго на ганаровае месца». Медыцына да рэвалюцыі «стаяла ў хвасце народнага жыцця», «урачы мелі антыграмадскі характар», «паміж урачом і народам ляжала незапаўняльная бездань», «веды ўрача былі не толькі маладаступныя для народа, але і наогул сумнеўныя»… Гэта ўсё была «гнілая спадчына аптэкарскага прыказа», і «большага прыніжэння нельга сабе ўявіць»… І вось «упершыню ў гісторыі чалавецтва рабочы клас супольна з бяднейшым сялянствам, узяўшы ў 1917-м уладу ў свае рукі, здолеў зрабіць медыцыну блізкай і зразумелай усім працоўным».
Трэба тут разумець, што сістэма каардынат Барсукова, які нарадзіўся ў Маскве і да юначых гадоў пражываў у Пецярбургу, аб’ектыўна адрознівалася ад нашай, дзе медыцына ўсё ж мела больш прагрэсіўны ўплыў, нягледзячы на знаходжанне ў складзе імперыі. Тут не было той «самаізаляцыі ўрача ад знешняга асяроддзя», пра якую згадвае Барсукоў, не было «бясконцай плеяды ўрачоў старога парадку», урач на нашай зямлі ніколі не асацыіраваўся, як у Барсукова, «з паняццем найгоршага чыноўніка царскага рэжыму».
А вось так ён разважае пра гігіену: «Без сувязі з эканомікай гігіена — пустая абстракцыя».
Ніякая каналізацыя, ніякая вадаправодная сетка нічога, маўляў, не вартыя, калі не змяніць умовы, у якіх пражывае рабочы клас. «Якімі б добрымі ні былі ўсе гэтыя санітарна-тэхнічныя ўдасканальванні, але пры спалучэнні з капіталістычнай эксплуатацыяй яны не даюць ніякага аздараўленчага эфекту, уся каштоўнасць каналізацыі сыходзіць на нуль», — піша ён. Таму што каналізацыя «была самамэтай, але не сродкам». Таму што «камунальнае добраўпаракаванне разглядалася як аснова, якая дае магчымасць перамагчы захворванні і смяротнасць, але гэтыя мерапрыемствы ніяк не звязваліся з паляпшэннем эканамічнага і палітычнага стану рабочага класа».
Такія вось «ацэнкі мінулага з марксісцкага гледжання».
Некалькі слоў пра аптэку
Яшчэ самы першы наш наркамздраў, Іларыён Пузыроў, ў сакавіку 1919-га дакладаў пра «нацыяналізацыю і цэнтралізацыю аптэчнай справы»: гаварыў, што нацыяналізацыя (запраектаваная, як ён абачліва, на ўсялякі выпадак падкрэсліў, яшчэ пры царскім урадзе) дыктуецца неабходнасцю, каб пры нарастанні эпідэміі сыпнога тыфу ды іншай навалы снабжэнне лячэбных устаноў медыкаментамі не перарвалася, каб закупы лекавых сродкаў адбываліся не прыватнікамі, не «кантрабандным шляхам за дэмаркацыйнай лініяй», бо аптэка не можа быць «прыватнай лавачкай з самай бессаромнай спекуляцыяй», бо ў Савецкай Беларусі нельга дапусціць таго, што адбылося з аптэкамі ў Савецкай Расіі, дзе «цяганіна з нацыяналізацыяй прывяла да пустых паліц з парожнім посудам».
Пры ўсім знешнім пафасе галоўная думка Пузырова ўтрымлівалася ў яго словах пра тое, што прыватнікі пры пастаўцы медыкаментаў у аптэкі «маюць не менш як 50–75 працэнтаў прыбытку». Ужо праз некалькі знешне стройных, але дзіўных у сваёй логіцы сказаў выплыла з-пад іх сутнасць таго, што на самой справе трэба было зрабіць:
«Зараз жа спешным парадкам арганізаваць закупачны апарат з вопытнай агентурай для набыцця тавараў за дэмаркацыйнай лініяй»
Выходзіла, што замест прыватных фірм, чые дзеянні лічыліся кантрабанднымі, цяпер тое самае будзе рабіць наркамздраў, і для паспяховасці гэтай справы тэрмінова нацыяналізуюцца ўсе аптовыя склады, з аптэк канфіскоўваецца ўвесь тавар, забараняецца яго вываз за межы рэспублікі, усталёўваецца жорсткі кантроль за расходам лекавых сродкаў, аптэкарскія крамы пераназываюцца ў гаспадарчыя, парфумерныя і касметычныя, і арганізуецца («наколькі гэта магчыма ў мясцовых умовах») хіміка-фармацэўтычная прамысловасць.
Вынік усяго гэтага яскрава ілюструецца лістом «з месца» ў Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі. Пішацца ў ім, што «мясцовая савецкая аптэка на працягу двух месяцаў не папаўнялася медыкаментамі, недахоп якіх з кожным днём павялічваецца». Ліст «распісвае» сакратар ЦК Кнорын: «В советское отделение Запфронта. Препровождается для исполнения».
Мінае час, і вось Барсукоў, якога ад Пузырова аддзяляе восем наркамздраваў за шэсць гадоў, выступаючы на тэму аптэк, прапануе глядзець на іх «як на ўстанову медыцынскага характару, якая імкнецца забяспечыць насельніцтва лекамі і гігіенічнымі сродкамі, а не толькі ізвлякаючую прыбыткі». Аптэкі ўяўляюцца яму культурным санітарна-асветніцкім асяроддзем, дзе можна «вучыцца гігіене дабрабыту». Праз аптэкі ў побыт насельніцтва павінны трапляць танныя мыла і зубная шчотка, у аптэках абавязкова павінны арганізоўвацца «санасветныя куткі, дзе ў даступнай лёгкай форме патрэбна высвятляць усе санітарныя недахопы данага пасёлку».
І слаба адукаваны Пузыроў, і выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта Барсукоў не выказваюць ніякага асабістага меркавання: гэта ўсё «лінія партыі». Недахоп лекавых сродкаў вядзе да таго, што насельніцтва «павінна адмовіцца» ад уяўлення пра іх «як пра нешта чарадзейнае, што папярэдзіць і знішчыць дарэшты любую хваробу». Такое ўяўленне называецца адсталым.
«Наша савецкая медыцына, народжаная парывам кастрычніцкай рэвалюцыі, сведчыць, што ратунак не ў медыкаментах», — сцвярджае Барсукоў. А ў чым? «Толькі ў аздараўленні побыту»
Ніякіх хваробаў, як ён гаворыць, не будзе, калі пабудуюцца добрыя дамы і лазні, а насельніцтва прывучыць сябе мыць рукі. Канечне, ён сам сябе папраўляе: гэта, маўляў, не значыць, быццам не патрэбны запасы «ходкіх медыкаментаў». Але акурат з гэтым у нацыяналізаваных і пралетарызаваных аптэках праблемы: то тут, то там чутны скаргі, што няма хініну супраць балотнай ліхаманкі, няма сальварсану для ўпырскванняў супраць сіфілісу, няма ёду, няма касторкі, няма, няма, няма… А чаму? Барсукоў адказ ведае: таму што «на тыя 5–6 капеек, якія атрымлівае на рэцэпт па бюджэту раённая бальніца, урач не можа набыць дастатковай колькасці медыкаментаў для медыцынскага ўчастка».
Новая медыцына
Ёсць меркаванне, што менавіта Міхаіл Барсукоў быў тым ананімным аўтарам, які ў 1918-м у самы першы нумар самага першага савецкага выдання для медыкаў — «Известия советской медицины» — пісаў пра факт нараджэння гэтай самай медыцыны — савецкай. «Пірагоўцы» на яе конт пакеплівалі: што значыць «савецкая»? Свет такой медыцыны не ведае. Як саветы рабочых і сялян могуць лячыць людзей? Але саветы не разгубіліся: савецкая значыць «пралетарызаваная». І няхай «пірагоўцы» сыплюць «голыя лозунгі», а партыя бальшавікоў тым часам «дала ўсёй справе аховы здароўя лозунг рэвалюцыйнай барацьбы». Ён не толькі мераецца з «пірагоўцамі» лозунгамі, у савецкім Мінску ён рашае яшчэ і пытанні «рацыяналізацыі адміністрацыйнага апарату».
«Прэдсказацелі пужалі тым, што дзяржаву можа заесці шматлікавая стая чыноўнікаў, якія накінуцца на казённы савецкі хлеб, — згадваў Барсукоў прадказанні ворагаў рэвалюцыі. — Але ўсе гэтыя разгаворчыкі не ўлічвалі толькі аднаго — што ўлада пераходзіць да рабочай клясы, гэта значыць, да тэй клясы, каторая не радзі чыноўнікаў і не дзеля іх задавальнення зрабіла пабеданосную рэвалюцыю».
Тут жа ён гаворыць пра тое, як «ва ўсёй БССР разгарнулася шырокім фронтам барацьба з бюракратызмам і па паляпшэнні якасці працы савецкіх устаноў». А ў іншым месцы падкрэслівае, што «ў нас у БССР у адміністратыўным апараце аховы здароўя не было паталагічнага разбухання штатаў». І заяўляе, што агульная колькасць наркамздрава паменшана — да 20 чалавек.
Сонца аховы здароўя, якое ўзыходзіць над пралетарскай краінай, мае промні бясплатнасці, прафілактыкі, кваліфікаванасці, санітарнай асветы…
Кропкі над і
Перыяд яго дзейнасці ў Мінску спалучыцца з адкрыццём ключавых навукова-даследчых медыцынскіх устаноў, арганізацыяй кафедр і рознымі іншымі істотнымі пераўтварэннямі, і гэта дазволіць потым пісаць пра яго як пра чалавека, які «стаяў ля вытокаў савецкай дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя беларускага народа». Але дзеля справядлівасці варта ведаць: не ўсё, што адбывалася ў беларускай медыцыне тады, калі ёй кіраваў Барсукоў, належала яго ініцыятыве. Часткова гэта было выкананнем распараджэнняў «цэнтра», часткова — пажынаннем пладоў пасеянага раней.
Мікрабіялагічны інстытут, які ўрачыста адкрывалі ў лістападзе 1924-га, а значыць, ужо пры Барсукове, афіцыйна вядзе гісторыю яшчэ з лютага таго ж года: загад быў падпісаны за шэсць з паловай месяцаў да прыезду Барсукова ў Мінск. Ідэю стварэння ўстановы абмяркоўвалі і раней: легенда мікрабіялогіі Самуіл Гельберг пісаў ва ўспамінах, што прапанову «пераехаць у Мінск, дзе чакае вялікая цікавая работа ў новым інстытуце», ён атрымаў ад іншай легенды, Барыса Эльберта, летам 1923-га.
Тое самае з адкрытым пры Барсукове інстытутам фізіятэрапіі: адкрыццё яго адбылося і праўда ў 1924-м, але яшчэ пры папярэдніку Барсукова — у жніўні. Барсукову ж прыпісваецца і ідэя арганізацыі пры медфаку БДУ курсаў павышэння кваліфікацыі для ўчастковых і зубных урачоў, фельчараў і фармацэўтаў — нібыта гэта было нешта новае, чаго не існавала раней. Але, да прыкладу, у Віцебскім медыцынскім тэхнікуме яшчэ ў сакавіку 1924-га пачалі павышаць кваліфікацыю асобаў з медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй.
Самая важная рыса
Пазнейшы відны арганізатар аховы здароўя Беларусі, гісторык медыцыны Рыгор Кручок самай важнай рысай Барсукова назваў смеласць у прыняцці рашэнняў адносна моладзі: Міхаіл Іванавіч неяк лёгка, адразу і без агаворак ёй давяраў. Узначальваючы, паміма Наркамздрава, рэдакцыі часопіса і даследчага інстытута, кафедру сацыяльнай гігіены ў БДУ, ён яшчэ і лекцыі студэнтам чытаў і таму ведаў моладзь даволі добра.
Напярэдадні маштабных пераўтварэнняў, якія будуць праведзены згодна з рашэннямі партыйных пленумаў 1928-га і 1929-га, — у прыватнасці, у сістэме медыцынскай адукацыі, дзе Барсукоў прыкладаў ці не самыя энергічныя намаганні, — ён у 1930-м паедзе ў Маскву, родны горад, каб узначальваць у Дзяржплане СССР секцыю аховы здароўя.
А гэта быў год карэнных змен у падрыхтоўцы кадраў аховы здароўя: медыцынскія навучальныя ўстановы перасталі належаць Наркамасветы і перайшлі пад «дах» Наркамздрава, медыцынскі факультэт БДУ ператварыўся ў асобны інстытут, пераглядаліся лічбы набору, тэрміны навучання, зместы вучэбных праграм — адукацыя ўрачоў набліжалася да практычнай дзейнасці, і гэта само сабой значыла, што пачынаў даваць плён праект Барсукова аб студэнцкай практыцы «як арганічнай частцы вучэбнага працэса», задуманы ім тут, на нашай зямлі, а таксама ідэя ўвядзення так званага шостага года, на працягу якога выпускнікі, ужо дыпламаваныя ўрачы, удасканальваліся ў буйных клініках пад кіраўніцтвам старэйшых ды вопытных і толькі потым выпраўляліся ў самастойны шлях.
Ці шкада яму было пакідаць наш Мінск і сваіх студэнтаў? Цалкам верагодна, што так…