Фота з архіва У. Плюцінскага.

Сельскі доктар… У савецкі час гэта быў герой фільмаў і кніжак, поўных подзвігаў і рамантыкі. А як быць сельскім урачом у рэальным жыцці рэальнаму чалавеку? Не лічаныя гады адпрацаваць па размеркаванні ў вёсцы, а шчыра служыць сваёй справай вясковаму люду на працягу жыцця, спаўна падзяляючы з ім яго побыт і спадзяванні? Ад інстытута да пенсіі і пасля. Чакайце, не ўсміхайцеся іранічнай усмешкаю тыя, хто гэта ведае. Хто можа стаць героем нарыса, той ім раней ці пазней стане. А сёння мой герой — Казіміравіч, сельскі ўрач Уладзімір Плюцінскі з маляўнічых Азёраў на Гродзеншчыне.

 

Пошукі будучыні

 

— Ну што ж, трэба з арміі пачынаць, — гаворыць Уладзімір Казіміравіч, пачуўшы далёкае ад арыгінальнасці пытанне пра тое, як ён вырашыў стаць урачом.

 

Неўзабаве становіцца зразумела: пачынаць трэба нават не з арміі — значна раней.

 

— Вось! Выпускное фота…

 

Разахвочаны ўспамінамі, ён падрабязна распавядае акалічнасці ўзнікнення кожнага здымка, хоць і скардзіцца, што памяць у яго ўжо «не тая», бо налета споўніцца яму 90 гадоў.

 

— Я сам арганізоўваў гэтае фатаграфаванне, — паведамляе пра здымак 1951 года з надпісам «Першы выпуск Покрашаўскай НСШ». — Ездзіў у Слуцк дамаўляцца…

 

Арганізатарскія здольнасці ў яго спадчынныя: бацька быў добрым настаўнікам. Практычнасць і дзелавітасць — ад таго, што рана асірацеў. Ад гэтага ж і глыбіня душы, якая, як вядома, вызначаецца колькасцю перажытага.

 

1941-м бацьку, камсамольца Казіміра Плюцінскага, расстралялі ў Слуцку. Шасцігадовы сын бачыў, як яго валакуць, прывязанага да машыны, і ён, колькі можа, бяжыць. Маці, якая да вайны была проста жонкай і гаспадыняй і не мела ніякай адукацыі акрамя ўмення распісвацца, пасля вайны працавала ў школе тэхнічкай. Адначасова была і конюхам, і ў халодную пару года распальвала кожную раніцу школьную печ. І Валодзя падымаўся яшчэ да світання — каб дапамагчы. Пры гэтым паспяваў досыць добра вучыцца. Ён упарты…

 

— А на гэтым здымку я вучу з сябрам фізіку. Гэта ўжо пасля Рэчыцы, у вячэрняй. Я ж у Рэчыцы быў паступіў у землеўладкавальны тэхнікум, — кажа доктар Плюцінскі пра першую спробу выбраць прафесію. — Але павучыўся там толькі да лістапада, потым як прыехаў дадому, так туды больш не вярнуўся. Запрог каня — і ў Замосце, у цэнтр калгаса падаўся. Пайшоў працаваць падлікоўцам.

 

Другі раз Уладзімір Плюцінскі паступаў ужо ў інстытут, але гэта было пасля арміі, у якой праслужыў тры гады старшым пісарам штаба палка.

 

— Узялі мяне пісарам за прыгожы почырк, — гаворыць ён.

 

Служба праходзіла ў Рызе. Быў яфрэйтарам, дэмабілізаваўся малодшым сяржантам.

 

— Тры разы па 10 дзён давалі мне адпачынак!

 

Апошнюю акалічнасць Казіміравіч паведамляе з вялікім гонарам: не кожнаму ўдавалася атрымаць нават адзін адпачынак за тэрмін службы, а ён атрымаў ажно тры.

 

xzds32z— Вось тут на здымку я стаю на прыступцы вагона: акурат еду з Рыгі ў адпачынак…

 

Дэмабілізаваўшыся, Уладзімір Плюцінскі падаў дакументы на падрыхтоўчае аддзяленне Мічурынскага інстытута плодаагародніцтва. Чаму так? Можна сказаць, за кампанію: туды ж паступаў і калега па службе, які ў Мічурынску жыў.

 

Заманулася Валодзі Плюцінскаму стаць інжынерам-вінаробам. Праўда, крыху пазаймаўшыся на падрыхтоўчым, ён даведаўся, што выпускнікі гэтага інстытута часцей накіроўваюцца старшынямі ў калгасы, чым вінаробамі. Зрэшты, дакументы адтуль ён забраў не па гэтай прычыне.

 

Такі характар

 

«За тры гады службы ў арміі, малады чалавек, хімію вы маглі б вывучыць так, каб адскоквала ад зубоў», — сказала строгая экзаменатарка ў Мічурынскім інстытуце. І пачула ў адказ тое, што ніяк не чакала пачуць.

 

Хлопец не палез у кішэню за словамі, яны самі вырваліся з глыбіні яго шчырага, пакрыўджанага яе бестактоўнасцю сэрца. «Калі ў вас ёсць сын і ён служыў у арміі, спытайце ў яго, чым там займаюцца», — з прыкрасцю выпаліў ён. Выкладчыца абурылася: «Дык вы нахабнік». «Ад нахабніцы чую», — абарваў ён яе па-прасцецку, банальна, без цырымоній.

 

— У мяне такі характар, — тлумачыць ён сёння тую гісторыю.

 

Што было далей?

 

— Я забраў дакументы і паехаў дадому, у сваю вёску Покрашава, у Слуцкі раён. А ў нас на кватэры, калі я вучыўся ў дзясятым класе, жыў Аркадзій Міхайлавіч Шпілер, былы суддзя Савецкага раёна Мінска. У Замосці яго паставілі кіраваць калгасам. Я і пайшоў да яго, каб уладкавацца на працу. А ён мне: «Валодзя, табе трэба вучыцца. Ты ж толькі хімію кепска здаў. Але ж вучыў, рыхтаваўся. У Гродне адкрываецца медінстытут. Едзь туды, падавай дакументы і паступай». Так, 29 жніўня 1958 года я здаў дакументы ў Гродзенскі медінстытут. Паспеў у апошні дзень. Экзамены там прымалі з 15 верасня да 1 кастрычніка. З той групы, з якой я здаваў, паступіў толькі я, хаця атрымаў за чатыры экзамены толькі 12 балаў. Напэўна, мяне залічылі, таму што я быў кандыдатам у члены партыі…

 

«А як вы глядзелі на медыцыну?» і як тады не глядзеў. Адно было ў галаве: як паступіць і вучыцца. Калі здаваў нямецкую, экзаменатар сказаў, што мне можна паставіць пяцёрку за ўпартасць.

 

А я яму: «Стаўце тройку! Мне ўсё трэба чэсна». Такі характар…

 

Не ў алфавітным парадку

 

Сачыненне пісалі ў будынку педінстытута. Хто напісаў кепска, таму паказалі памылкі.

 

xcddx43x— Я тры коскі паставіў не там, дзе трэба, і тры не даставіў. Кажу: «Ну, ведаеце! Гэта ж моцная тройка!» І чую, як нехта гаворыць: «Гэта правільна, стаўце тройку».

 

Спісы тых, хто паступіў, вывесілі не ў алфавітным парадку, а як прыйшлося, але Плюцінскі не праглядаў іх ад самага верху, а глянуў адразу туды, дзе было яго прозвішча. Ён і цяпер, праз 66 гадоў, апісваючы тое імгненне, трыумфальна, з дзіцячай радасцю ўздымае рукі і ледзь стрымліваецца, каб «ура!» не было надта гучным.

 

Характар штурхаў атрымаць ад прыёмнай камісіі паперку-пацвер-джанне, што ён паступіў, але там яму, няўрымсліваму, сказалі, што паперка будзе выслана поштай. Будуць, маўляў, да-друкоўваць, што трэба прывезці з сабой.

 

— Тапачкі, медыцынскі халат… Ну, я і паехаў ні з чым. Цягніком, на трэцяй паліцы, бо білета ў мяне не было. У Мінску знаёмыя з нашай вёскі далі мне грошай, каб даехаць да Покрашава.

 

Паведамленне аб тым, што Плюцінскі Уладзімір Казіміравіч залічаны студэнтам на першы курс Гродзенскага медінстытута, заспела яго ў агародзе: з мамай і братам ён капаў бульбу, калі да плота падышоў паштальён. Успамін пра тое імгненне і сёння адгукаецца радасцю:

 

— От і паступіў! От і доказ! Заняткі з 15 кастрычніка…

 

І пайшоў ён вучыцца.

 

З калатэралі ў цэнтраль

 

У адрозненне ад тых сваіх аднакурснікаў, якія з нагоды леташняга 65-годдзя Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта расказвалі пра выкладчыкаў, побыт і вучобу падрабязна і шмат, Казіміравіч моцна не разганяецца. Вучыў, здаваў. Як усе. «Костачкі-слухалачкі» запамінаць было цяжка, але ж запомніў. Адзін толькі раз не здаў ён экзамен — па марксізму-ленінізму, загадчыку кафедры Падафёдаву.

 

— Сказаў, відаць, неяк не так. Але пасля здаў асістэнту. Быў старастай групы. З чацвёртага курса падпрацоўваў у чыгуначнай бальніцы.

 

Лёс чалавека, відавочна, страхуецца, бо пракладае, калі гаварыць медыцынскай мовай, калатэралі і анастамозы. У чыгуначнай бальніцы працавала медыцынскай сястрой Ганна Маланава, якая прайшла з медсанбатам вайну, стала жонкай палкавога ўрача Маланава і прыехала з ім у Гродна жыць і працаваць.

 

Аннушка, як назвала яе аднасяльчанка Уладзіміра Плюцінскага Галіна Браніславаўна Пацюпа, забрала з сабой са Смаленшчыны аўдавелую маці і малодшую сястру Машу. Не спадзеючыся, што ў іх будуць дзеці, Маланавы ставіліся да Машы як да дачкі. Маша адвучылася ў Гродне на фельчара і працавала ў медінстытуце на каферы біяхіміі лабаранткай. Там з ёй Валодзя Плюцінскі мог сустрэцца яшчэ на сваім другім курсе, калі вывучаў і здаваў біяхімію. Але не сустрэўся. Што ж, лёс недарэмна страхуецца: ён спаткаўся з ёй, калі пачаў працаваць у той самай бальніцы, дзе працавала яе сястра.

 

— Можна сказаць, што тады я і палюбіў медыцыну, — прызнаецца Казіміравіч.

 

Наша неўзабаве таксама стала студэнткай медінстытута, а 2 студзеня ў 1963-м яны ажаніліся. Быў першы працоўны дзень года, ім быў прызначаны час на апоўдзень, але яны прыйшлі ў ЗАГС раней, і пара ва ўзросце, якую павінны былі распісаць перад імі, саступіла ім свой час. Шчаслівыя, яны пабеглі ў бок Старога і Новага замкаў, дзе да Нёмана спускаецца лесвіца кахання…

 

Слабасці моцнай душы

 

Уладзімір пасяліўся ў Маланавых. У лістападзе ў Плюцінскіх нарадзіўся першы з іх трох сыноў, а ў наступным, 1964-м, глава гэтай новай, пакуль што маленькай сям’і атрымаў урачэбны дыплом.

 

— Накіраваць мяне хацелі ў Астравец рэнтгенолагам. Я заўпарціўся: не паеду, бо небяспечна.

 

Даруем яму гэтую слабасць, якая кіруе чалавекам, адказным не за аднаго сябе, і якую нават камісія па размеркаванні ўважыла, адразу ж прапанаваўшы іншае месца — у бальніцы на 25 ложкаў за 15 кіламетраў да Ашмян. А там галоўны ўрач Генадзь Андрэевіч пераарыентаваў маладога доктара на загадванне станцыяй пералівання крыві.

 

Пасяліцца давялося ў паддашку бальніцы, аднаму, без сям’і, якая заставалася ў Гродне: Маша вучылася ў інстытуце, пакідаючы маленькага сына на маці. Для ўсіх яна Андрэеўна, а для зяця Валодзі — «бабушка». Гэтае цёплае ўтульнае «бабушка» на працягу размовы гучала мо нават часцей, чым імя Маша.

 

— Да гэтай пары Казіміравіч вельмі ўдзячны Андрэеўне, — гаворыць Галіна Пацюпа.

 

Загадчык станцыі пералівання крыві — той жа ўрач, таму малады Плюцінскі і на аперацыях асісціруе, і набіраецца вопыту прымаць роды.

 

— І так да новага 1965 года. А потым мяне на пяць месяцаў пасылаюць у Мінск вучыцца на курсах анколагаў. Вяртаюся пасля іх у Ашмяны. Калі надараецца суправаджаць пацыента самалётам у Гродна, галоўны ўрач дазваляе мне не вяртацца ў Ашмяны адразу, а затрымацца з сям’ёй на два дні…

 

На новым месцы

 

Ясная рэч, што пры ўсёй чалавечнасці кіраўніцтва Ашмянскай бальніцы мужу і жонцы Плюцінскім хацелася жыць паўнавартасна, як сапраўднай сям’і. Галоўны ўрач разумеў сітуацыю. Было месца ў Свяцку, да якога ад Гродна так блізка, што можна ездзіць штодзень, і прыязны начальнік дайшоў да намесніка міністра аховы здароўя, каб папрасіць перавесці маладога падначаленага туды.

 

— Перавод быў дазволены, — працягвае аповед Плюцінскі. — З адпаведнай паперкай я прыязджаю ў аблздраў, а мне там гавораць іншае — раяць ехаць галоўным урачом у Азёры.

 

Так, 25 лістапада 1965 года Уладзімір Плюцінскі стаў галоўным урачом бальніцы ў маляўнічых Азёрах. Вёска, якую з-за вялікіх памераў вёскай не хочацца называць, якая ў мінулым была мястэчкам, а цяпер мае статус аграгарадка (і выклікае жаданне назваць яе аднапавярховым горадам, прынамсі, да той пары, пакуль не ўбачыш вышэйшыя шматкватэрнікі), — не магла мець іншую назву, бо раскінулася ва ўсе свае шырокія бакі паміж двума вялізнымі азёрамі — Белым і Рыбніцай. Тут і пасяліўся з сям’ёй Казіміравіч, як аказалася потым, на ўсё жыццё. З жонкай Марыяй у Азёры перасялілася і Андрэеўна, бабушка.

 

cxfddx43Амбулаторыя. Тут Казіміравічз сям'ёй жыў доўгі час.— Дзесяць гадоў мы пражылі ў прыбудоўцы да амбулаторыі. Потым калгас пабудаваў нам фінскі домік, для якога я сам прывозіў з Ваўкавыску будаўнічыя матэрыялы. Ацяпленне было пячное, палілі дровамі, гатавалі на дрывянай пліце…

 

Цяпер у мяне куры і гусі, а больш нічога, некалі ж і свіней трымаў, і кароўку. На бабушцы ўсё было. Хаця кароўку я і сам даіў. Прывёз яе сюды са Случчыны. Мне раілі: вазьмі тут любую кароўку, нашто табе везці здалёк? Слушна, але я адказваў, што не магу, бо там мне цялушачку мама выгадавала. Прывёз яшчэ са Случчыны два арэхі, яны да гэтай пары растуць.

 

Спрэс чорненькая, толькі трошкі белага на галоўцы, кароўка доктара Плюцінскага мела характар: калі гаспадар па нейкай прычыне не сустракаў яе, яна на ўвесь голас рыкала. Як толькі чула яго «ну чаго ты?» — ішла самастойна ў дворык праз сад.

 

cxdee4x3З каханай Машай.Жонкі Казіміравіча, Марыі Мітрафанаўны, няма з ім ужо два гады.

 

— Кавід. У чацвер завёз у бальніцу, а ў суботу яна памерла. Такія справы…

 

Жыццё чалавека

 

— Тут былі аддзяленні тэрапеўтычнае, радзільнае, дзіцячае, хірургічнае. У 1995-м, калі мне споўнілася 60, ад пасады галоўнага ўрача мяне вызвалілі, але працаваць я працягваў да пачатку 2000-х.

 

— Выходзіць, што ўсе, хто жыве ў Азёрах, вашы пацыенты.

 

— Я і роды першы раз самастойна прыняў тут, — пацвярджае Казіміравіч.

 

На пытанне, ці жыве ў Азёрах гэты першы прыняты ім нованароджаны чалавек, Казіміравіч дае сумны адказ: васямнаццацігадовым юнаком памёр ад цяжкай хваробы, выратаваць было немагчыма. Але жывуць у Азёрах тыя, каго ён прыняў дзяўчынкамі-немаўляткамі з улонняў маці і якія потым самі, як некалі іх маці, нараджалі ў яго.

 

Дарма што галоўны ўрач — яго выклікалі да хворых і за дзясяткі кіламетраў, і позна ўвечары, і да світання, і ў сярэдзіне ночы.

 

— Звычайна працоўны дзень пачынаўся а дзявятай, але ўсё залежала не ад часу. А калі прыехалі па цябе а сёмай або а шостай? Усяк было. Маладосць была… Апошняя наша вёска Сухары далёка ў лесе, але я туды, калі што, па званку: машыну хоп — і паехаў. Сам за рулём. І шафёр быў, але ж усё роўна мне ехаць.

 

Вадзіцельскія правы Казіміравіч атрымаў яшчэ студэнтам: пры інстытуце існаваў гурток па ваджэнні, і такі дзейсны студэнт не мог у ім не займацца. Спачатку ў распараджэнні бальніцы была грузавая машына, потым «уазік», пазней — «санітарны» легкавічок. Раённы хірург раіў Плюцінскаму дом будаваць «на Камчатцы», падалей ад бальніцы, але ж Казіміравіч кажа, быццам адказвае не так мне, як яму, праз гады:

 

— О не! Тут бліжэй! Адсюль мяне можна, калі раптам што, хутка выклікаць, дзяжуру я ці не дзяжуру…

 

Маючы падрыхтоўку ўрача-анколага, ён мог перайсці працаваць у райцэнтр. У 1970–1972 гадах адвучыўся ў ардынатуры па скурных і венерычных хваробах і мог кіраваць скурвендыспансерам. Ды яму гэта і прадказваў тамтэйшы галоўны ўрач: ён, маўляў, пойдзе на пенсію, а Плюцінскі — на яго месца. Але не збылося.

 

Аднойчы фельчар ФАПа з Новай Руды, за 15 кіламетраў ад Азёраў, прывёз жанчыну з сутаргамі. Тады доктар Плюцінскі на практыцы ўбачыў слупняк, які ў інстытуце выкладаўся тэарэтычна.

 

— Жанчына кідала віламі навоз і ўкалолася. Сімптомы праявіліся на другі дзень, фельчар прымчаў яе да мяне. Я адсюль павёз у абласную. Жонка Маша тады яшчэ студэнткай была, і так супала, што ёй на занятках паказалі гэтую пацыентку. Пытаюцца ў студэнтаў дыягназ. А Маша мая і кажа, што гэтую хворую муж яе, доктар з Азёраў, прывёз, і дыягназ ім быў пастаўлены правільна.

 

Жанчыну выратавалі. Выпадкаў слупняку больш не здаралася…

 

Марыя Мітрафанаўна Плюцінская працавала тут, у Азёрах. Спачатку акушэрам-гінеколагам, пасля педыятрам, у апошнія гады тэрапеўтам. Нібы ахоплівала працоўным шляхам жыццё чалавека.

 

— Мы сюды прыехалі ў 1970 годзе, — распавядае Галіна Пацюпа. — Як толькі першы раз захварэлі, то адразу пазнаёміліся з Плюцінскім. Мой муж Віктар Фёдаравіч пасябраваў з ім, бо абодва былі паляўнічыя. А я з Мітрафанаўнай зблізілася, пасябравала. Казіміравіча да гэтай пары ўсе ў Азёрах любяць і радуюцца, калі яго сустракаюць.

 

А што да фільмаў і кніжак пра сельскіх урачоў, дык аднойчы і Казіміравіч у здымках удзельнічаў. Але хто здымаў — кінастудыя ці тэлебачанне, — і што наздымалі, і дзе паказалі — па сёння не ведае…