Прафесар Юдзін
А. Лакціёнаў. «Пасля аперацыі», 1965 год.

Міхаіл Несцераў, які напісаў два партрэты героя гэтых старонак, у 1937-м пажартаваў: шкада, маўляў, што Пушкіна пасля дуэлі не павезлі адразу да Юдзіна. У размове, справакаванай 100-годдзем з дня смерці паэта, мастак па-добраму пакепліваў з прафесарскай рэплікі пра дуэлянта, які, калі б трапіў у рукі сучасных хірургаў, адназначна застаўся б жыць. Прафесар Юдзін адрэагаваў на досціп Несцерава так, як мог адрэагаваць толькі прафесар Юдзін, — зладзіў стыхійную лекцыю пра поспехі і дасягненні ўрачоў інстытута імя Скліфасоўскага, дзе быў галоўным хірургам.

 

Развагі і эцюды

 

— Тут патрэбны спрыт і дакладнасць пальцаў піяніста і скрыпача, пільны зрок паляўнічага, здольнасць адрозніваць колеры і адценні, уласцівая мастакам, пачуццё гармоніі і формы, якім валодаюць лепшыя скульптары, дбайнасць каруначніц і белашвачак, майстэрства кройкі вопытных краўцоў і мадэльных башмачнікаў, а галоўнае — уменне шыць і завязваць вузлы трыма пальцамі ўсляпую ды яшчэ і на глыбіні, праяўляючы якасці прафесійных чараўнікоў і жанглёраў.

 

Прафесара зачапілі — і не спыніць. Гэта з ім часта здараецца: думка трапечацца птушкай, вобразы — яркія, арыгінальныя, трапныя — лёгка вылятаюць з-пад крылаў.

 

— Вельмі многія аперацыі на канечнасцях нагадваюць сталярныя работы, аперацыі на твары, шчоках і павеках падобныя да мастацкіх аплікацый або інкрустацый перламутрам, аперацыі на вачах — наогул ювелірная праца. Што ўжо казаць пра складанасці тапаграфіі і паталогіі брушной поласці. Яна патрабуе не толькі ведаў і кемлівасці інжынера, не толькі смеласці палкаводца і адказнасці дзяржаўнага дзеяча, але і мастацтва разгадвання рэбусаў і кітайскіх галаваломак.

 

Ён гаворыць — і вачэй не адвесці ад вуснаў. А калі б нехта ўказаў на яго красамоўства, ён тымі самымі вуснамі адпрэчыў бы гэты факт. «Нягледзячы на вялікую лекцыйную практыку і выступленні на розных з’ездах ды канферэнцыях, я так у сабе і не выпрацаваў гладкую і літаратурна бездакорную мову», — напіша ён потым у «Развагах пра хірургію». Яшчэ і доказы прывядзе: «Калі мне прысылаюць на праверку стэнаграмы дакладаў і лекцый, каб потым аддаць іх у друк, даводзіцца мне замест унясення паправак сядаць за друкарку і ўвесь тэкст даклада ці лекцыі перапісваць нанова».

 

Ён валодае адчуваннем розніцы паміж словам вусным і тым, якое належыць аддаць паперы. Друку можна даверыць бліскучыя ўдачы, але пры ўмове іх выкладу самымі што ні ёсць сціплымі фарбамі — каб не выклікаць уражанне пахвальбы.

 

А вось вусным аповедам лепей быць драматычнымі. А калі час дазваляе лірычнае адступленне, то добра лішні раз падкупіць зал кароткай, але шчыра-прывабнай спасылкай на нейкую прыкрасць. «Няхай гэта будзе дыягнастычная хіба з прычыны выключнага спалучэння сімптомаў, пры якім адны бясспрэчныя прыкметы рэзка пярэчылі іншым, не менш каштоўным і для дыягностыкі важным», — павучае мэтр.

 

У іншай сваёй рабоце, «Эцюдах страўнікавай хірургіі», ён разбірае ні многа ні мала 17 000 клінічных выпадкаў, кожны з якіх прайшоў праз яго рукі. Праз яго незвычайныя рукі, якія прыцягваюць позіркі не менш за вусны…

 

Партрэты рук

 

Распавядаючы захопленай публіцы то пра партрэт Пірагова «дэрптскага перыяду», які «паўстае ў памяці кожны раз пры пошуку артэрыяльных ствалоў па ходу фасцый», то пра тое, што аўтары любоўных раманаў не-не дый зробяць махляром урача, паставіўшы яго ў становішча смешнае і незайздроснае, — урэшце пра што заўгодна, ён раз-пораз манерна ўскідвае іх — свае надзвычай пластычныя рукі з непрапарцыйна доўгімі пальцамі, пра якія ходзяць легенды: быццам доктар Юдзін можа адначасова трымаць — і выкарыстоўваць па прызначэнні! — скальпель, нажніцы, сціскач і пінцэт.

 

На падставе гэтых легенд КуКрыНіксы малююць шаржы, лёгкім рухам алоўка ператвараючы далоні сусветна вядомага доктара ў падабенства міфічнай гідры, на шчупальцы якой насаджаны размаітыя інструменты. Зрэшты, калі хочаце ўбачыць прафесара Юдзіна, «савецкага Пірагова», не гіпербалізаваным, а самым сапраўдным, у момант яго засяроджанасці на працы, — няма нічога прасцей: зірніце на рэпрадукцыі двух партрэтаў, што выйшлі з-пад пэндзля згаданага Несцерава, — і пераканаецеся ў велічы рэалізму як мастацкага метаду.

 

Абодва партрэты Сяргея Юдзіна ў выкананні Міхаіла Несцерава — і напісаны ў 1933-м, з выявай прафесара ў момант правядзення ім спінна-мазгавой анестэзіі (гэты метад абязбольвання ён тады вельмі актыўна прапагандаваў), і 1935 года, на якім прафесар чытае лекцыю, — названы «партрэтамі рук».

 

М. Несцераў, 1933 год. Юдзін разлічвае месца ўвядзення анестэтыка. Па правую руку стаіць любімая аперацыйная медсястра Марына Голікава.

 

Prafesar Yudzin 4

 

 Другі партрэт Юдзіна работы М. Несцерава. 1935 год.

 

Prafesar Yudzin 5

 

Рукі Юдзіна мелі анатамічныя асаблівасці: мала што далоні вялікія і з доўгімі пальцамі, дык яшчэ і запясці, і суставы пальцаў гнуцца ва ўсе бакі. У гэтым была, як цяпер бы сказалі, канкурэнтная перавага.

 

Рука Юдзіна вачыма КуКрыНіксаў.

Prafesar Yudzin 3

Дыстальныя фалангі пальцаў Сяргея Юдзіна таксама былі незвычайныя — іх параўноўвалі з носам качкі: «Сплюшчаныя, рухавыя, вельмі спрытныя. Імі ён лёгка браў з плоскай паверхні танюткую швейную іголку». І вось яшчэ назіранне: «Пальцы з інструментамі падымаліся і апускаліся, і тканкі пацыента пад імі то хутка разыходзіліся, то лёгка злучаліся — неверагодна!»

 

Загадка гэтых рук будзе раскрыта пазней, але перад тым адбудзецца шмат незвычайнага…

 

Вось успаміны сведкі: «Падчас аперацыі, пры накладванні швоў ён, каб лішні раз не браць нажніцы для адразання ніткі, увесь час трымаў іх на 4-м і 5-м пальцах левай рукі. Я сам «праварукі» хірург і неяк паспрабаваў зрэзаць ніткі нажніцамі, якія трымаў тымі ж пальцамі, толькі ў правай руцэ, — і нічога не атрымалася. Гэта ўдаецца толькі тады, калі нажніцы трымаеш 1-м і 3-м пальцамі, як звычайна».

 

КуКрыНіксы. «Аперацыя». 1942 год. 

 

Prafesar Yudzin 2

Калі КуКрыНіксы і перабольшылі, то няшмат. Юдзін над пацыентам стаіць высачэзны — такім і быў: аперацыйны стол заўсёды быў для яго надта нізкі. І шчупальцы замест пальцаў. І побач на табурэціку — яго нязменная аперацыйная медсястра Марына, яна і была невялічкая. Усе астатнія члены аперацыйнай брыгады таксама спісаны з натуры.

 

 

«Смертию смерть поправ»

 

На невялікае — 62 гады — жыццё выпала яму столькі людзей, падзей, дасягненняў і фактаў, што можна было б іх запраста падзяліць адразу на некалькі жыццяў. Самым істотным фактам яго прафесійнага лёсу стала якраз дзяленне.

 

«Дзяліць смерць на долі! Хіба гэта не цудоўна! Калі нельга выратаваць цэлае, дык захавайма частку! І пры тым не таму, што яна жывая і дзеяздольная, а таму, што з яе дапамогай можна ўпэўнена ратаваць многіх іншых, асуджаных на немінучую смерць. Mors vitae prodest, гэта ўжо не абстрактныя філасофстваванні рымскіх рыторыкаў і не беспадстаўныя мары рэлігійных фанатыкаў, гэта сапраўдныя, рэальныя факты, рэалізаваныя савецкай навукай, якая скінула з сябе ланцугі і вярыгі прымхаў і мярцвячых уплываў традыцый, бо даўно ўжо яны сябе пазжывалі.

 

Цяпер нават смерць можа быць карыснай жыццю!» Сяргей Сяргеевіч, седзячы за друкаркай, набраў гэтыя словы ў адным парыве, які валодаў ім пасля поспеху аперацый пералівання крыві жывому чалавеку ад нежывога і прызнання гэтага поспеху нават «чырвоным дэканам Кентэрберы» — так за падтрымку Савецкага Саюза называлі англійскага рэлігійнага і грамадскага дзеяча Х’юлета Джонсана. Джонсан наведаў «Скліф» і ў кнізе водгукаў напісаў пра тое, якая веліч схавана ў ідэі, што жывая кроў мёртвага чалавека пераліваецца ў жылы чалавека жывога, які без яе быў бы мёртвы. «З тым большым жаданнем хачу і я, каб пасля маёй смерці і мая кроў была выкарыстана з такой мэтай», — дадаў кентэрберыйскі святар.

 

У 1928 годзе Юдзін пачуў даклад пра эксперымент над жывёламі: сабаку, які паміраў ад страты крыві, улілі кроў ужо мёртвага сабакі, — і першы сабака выжыў. Юдзін загарэўся: чаму так нельга з людзьмі? Вывучыў літаратуру па тэме: веданне моў — англійскай, нямецкай, французскай — дазваляла яму чытаць замежную навуковую прэсу, — і нібы чакаў выпадку. Чакайце — і дачакаецеся!

 

У 1930-м да яго ў інстытут трапіў малады чалавек, які вырашыў скончыць жыццё самагубствам і перарэзаў вены. Донарская кроў у клініцы скончылася, пацыент на вачах паміраў, выратаваць яго было нельга. Хіба што… У той самы час у той самы «Скліф» прывезлі мужчыну з траўмай, ад якой ён па дарозе памёр. Група крыві — тая самая. Чаму б не паспрабаваць, калі не губляеш нічога? Хіба што… Нельга пераліваць кроў без праверкі на рэакцыю Васэрмана? Ён гэта ведае. Але хіба ён можа чакаць? Пан ці прапаў. Гэта не рызыка — гэта адчай. І навуковая смеласць. Доктар рызыкнуў, малады чалавек выжыў, а метад пералівання… не трупнай, а фібрыналізаванай крыві выратаваў пасля на франтах Вялікай Айчыннай тысячы чалавек.

 

За адкрыццё гэтага метада ў 1962 годзе Сяргею Юдзіну і Уладзіміру Шамаву (які эксперыментаваў на сабаках) прысудзілі Ленінскую прэмію. Юдзіну — пасмяротна. 

 

Шпіён і давераная асоба

 

«Яго рухі элегантныя і прыгожыя. Назіраць за тым, як ён аперыруе, — сапраўдная мастацкая асалода! Як шкада, што гэты чалавек, надзелены такім дарам, валодае такой процьмаю недахопаў, што мала што застанецца пасля яго смерці. Хто сочыць за яго тэхнікай, будзе ўвесь час захапляцца, а хто яго блізка ведае, будзе называць амаральным. Для прыгожага жэста і яркай высновы ён не спыніцца ні перад якім скажэннем фактаў», — запісаў у дзённіку галоўны хірург Ваенна-марскога флоту СССР Іусцін Джанелідзэ пасля таго, як убачыў, як Юдзін працуе.

 

Ніхто не анёл, нават геній. Юдзін па меры сталення і вопыту памылкі перастаў прызнаваць. «У Юдзіна не можа быць ускладненняў!» — крычаў ён, калі яму дакладалі, што ў пацыентаў праблемы. Любая заўвага яго абурала. Дзіва што! Ганаровы член Амерыканскай асацыяцыі хірургаў, Англійскага каралеўскага каледжа хірургаў, Пражскага і Каталонскага таварыстваў хірургаў, Французскай хірургічнай акадэміі, ганаровы доктар Сарбоны. І гэта без уліку айчынных званняў і ўзнагарод.

 

Вядзе перапіску з Уінстанам Чэрчылем і не толькі. Друкуецца ў замежных выданнях. А для чаго да яго прыязджалі галоўны хірург англійскага каралеўскага флота контр-адмірал Гордан Тэйлар і галоўны хірург ЗША, прафесар Гарварда Эліат Катлер? Ці толькі затым, каб прывезці яму дыпломы Ганаровага члена іх хірургічных асацыяцый? А партыя тым часам не ўхваляе такую жвавасць і з падазрэннем ставіцца да тых, хто глядзіць на захад. Далібог гэтага Юдзіна трэба як след страсянуць.

 

Спачатку яго абвінавачваюць у шпіянажы на карысць англійскай разведкі, потым спрабуюць здабыць у яго кампрамат на Георгія Жукава, з якім ён меў стасункі ў час вайны, а пасля перапісваюць яго ролю — ужо не шпіён, а давераная асоба. Юдзіну даюць доступ да кніг і дазваляюць пісаць. Потым вышлюць пад Навасібірск і прыдумаюць новыя правілы. То яго катуюць, выбіваючы «паказанні», то запрашаюць аперыраваць жонак начальнікаў… Арыштаваны ў 1948-м, ён выйдзе на волю ў 1953-м — састарэлым, хворым — і неўзабаве памрэ.

 

Прыгоды 15-й храмасомы

 

Легенда савецкай хірургіі Сяргей Сяргеевіч Юдзін нарадзіўся ў Маскве ў 1891 годзе ў багатай шматдзетнай сям’і прамыслоўцаў і гандляроў, вучыўся сяк-так (атэстат 3,5) і ніколі не прайшоў бы па конкурсе на медфак, а таму зрабіў «ход канём»: паступіў на фізмат і праз год перавёўся на медыцынскі. Стаць урачом ён рашыў, калі яшчэ быў малы. Упартасць — яго адметная рыса. Разам з павышанай працаздольнасцю (дарма што атэстат 3,5, затое як апантана ён вучыўся пісаць сачыненні, беручы з братам Пецем прыватныя ўрокі ў нейкага Памеранцава, а потым сам у 16 гадоў вучыў французскай мове дзяцей фабрыкантаў, каб зарабіць сабе на мікраскоп)…

 

А яшчэ ён быў вельмі нястрыманы, запальчывы, меў завышаную самаацэнку, валодаў вострым пачуццём гумару і часта бяздумна крытыкаваў. Усё гэта не рысы характару, а сімптомы. У спалучэнні з незвычайна высокім ростам, падоўжанымі канечнасцямі і арахнадактыліяй («павучынымі пальцамі»), гіпермабільнасцю суставаў, гіпаплазіяй сківіц і скул, пляскатай грудной клеткай і парушэннямі зроку (на ўсіх фота і жывапісных партрэтах мы бачым яго ў акулярах), хваробамі сасудаў і сэрца (перанёс два інфаркты, ад трэцяга памёр) гэтыя рысы характару сведчаць пра анамалію, абумоўленую зменамі ў доўгім плячы храмасомы 15, у локусе 15q21.

 

Цяжкая і рэдкая хвароба — сіндром Марфана — кампенсуецца геніяльнасцю. Высокая актыўнасць мыслення, фізічная вытрымка і, як следства, працагалізм забяспечваюцца павышаным узроўнем адрэналіну. Ад сіндрому Марфана пакутавалі і дзякуючы яму дасягнулі вышыняў і сталі вядомымі Ханс Крысціян Андэрсэн, Карней Чукоўскі, Нікола Тэсла, Леў Ландау, Аўраам Лінкальн, Нікола Паганіні, Шарль дэ Голь, Феранц Ліст, Сяргей Рахманінаў…

 

Генетыка сведчыць, што жыццё людзей з сіндромам Марфана карацейшае. Але зірніце на яшчэ адзін партрэт. Палатно Аляксандра Лакціёнава «Пасля аперацыі» лічыцца мемарыяльным — яно напісана ў 1965-м, калі Юдзіна ўжо не было на свеце. І гэта партрэт групавы — вакол Юдзіна, які з запалам распавядае пра пераліванне крыві (трымае у адной руцэ колбу, другой б’е сябе ў грудзі, рот прыадкрыты, твар прасветлены, вочы гараць), — жывыя на час напісання прафесары — Арапаў, Розанаў, Бачароў. Але іх скамянелыя твары нічым не адрозніваюцца ад трох бюстаў, якія мастак «паставіў» за кожным з іх. А за прафесарам Юдзіным — кнігі, жывыя кветкі і партрэт неўміручага Паўлава на сцяне.