Расліны ці кнігі? Калі б такое пытанне задалі Станіславу Баніфацыю Юндзілу, ён не здолеў бы адказаць.
Кнігі і расліны пауплывалі на яго лёс аднолькава моцна: адны забралі зрок, другія прынеслі славу. Апошняя, праўда, пакрысе затуманілася — часам, падзеямі, новымі прозвішчамі… Але калі ў сучаснага эрудыта спытаць пра аўтара першых на Беларусі падручнікаў па батаніцы і заалогіі для школьнікаў і будучых дактароў, або папрасіць назваць імя чалавека, які падхапіў справу доктара Жылібера, калі адкрытая ім Гродзенская медыцынская школа ўлілася ў Віленскі ўніверсітэт, — не будзе варыянтаў акрамя гэтага гучнага прозвішча — Юндзіл.
Яно для мяне крыху медыцынскае: не магу перастаць дзяліць яго на склады і чытаць апошні як пачатак слова «дзілатацыя». А паколькі слова азначае не што іншае, як «расшырэнне», герой гэтага артыкула бачыцца мне, прынамсі, не плоска. Не энцыклапедычна, як гарантуе адлегласць у два стагоддзі, а быццам у той неспазнанай рэальнасці, якая любыя адлегласці ігнаруе. Прасцей кажучы, я нібыта бяру ў яго інтэрв’ю... Праз стагоддзі!
Ксёндз-чараўнік
Ксёндз Станіслаў Баніфацый Юндзіл, прафесар натуральнай гісторыі, доктар тэалогіі і філасофіі, член шматлікіх навуковых таварыстваў, уключаючы фармацэўтычнае Пецярбургскае, сельскагаспадарчае Варшаўскае, прыродазнаўчае Маскоўскае і тое батанічнае, што ў графа Аляксея Разумоўскага ў Горанках пад Масквой, дарма што ў яго эпоху да інтэрв’ю ніхто не дадумваўся, пакорліва ўсаджваецца насупраць мяне — высокі, худы і прамы, як яго вера: ордэн манахаў-піяраў, якому ён з юных гадоў належыць, закліканы служыць аднаму — сеяць веды ў маладыя галовы і сэрцы. Такія ж прамыя ў яго валасы, што з-пад чорнай шапачкі доўгімі белымі ільсністымі пасмамі спадаюць на вострыя плечы, пакрытыя чорнай сутанай.
Ён нечым нагадвае чараўніка. І ў пэўным сэнсе ім і з’яўляецца. Хто як не чараўнік здольны скласці падручнік для школьнікаў так, каб тыя і ў часе вучобы чыталі яго з ахвотай, і на вакацыі з сабой забіралі дадому, у бацькоўскія хаты, бо цікавейшай кніжкі на лета не знойдуць, а тут яшчэ і мамка з таткам, і старэйшыя сёстры панадзяцца прачытаць...
Магія напісаных Станіславам Баніфацыем Юндзілам радкоў пра жукоў, павукоў, рыб і птахаў хаваецца ў тым, што ўсё пра іх зразумела ад першага да апошняга слова, і кожны сказ лёгка знаходзіць водгук, таму што паведамляе пра родную, мясцовую фауну, і калі да чытання гэтай чароўнай кнігі бацькі шкаляроў не ведалі назвы многіх істот, з якімі ім даводзіцца мець справу штодзённа — бачыць у полі, вылоўліваць з рэчкі ці назіраць у небе над лугам, — дык пасля яе прачытання могуць яны ганарыцца ўжо нават тым, што ведаюць, якім чынам рыбы адпачываюць і як слімакам удаецца бачыць і чуць.
Старэйшых сясцёр моцна ўражвае тое, што прыгожыя матылькі выходзяць з брыдкіх вусеняў, а малодшыя брацікі вельмі жвава засвойваюць азбуку — бо хочуць хутчэй пазнаёміцца з кнігай, што так захапляе дарослых.
«Жывёлы, названыя амфібіямі, адрозніваюцца ад птаства і млекакормячых халоднай чырвонай крывёй, ад рыб — лёгкімі, якімі яны і дыхаюць», — чытае цікаўнае хлапчанё.
«Наяўнасць лёгкіх дае амфібіям здольнасць падаваць голас, і гэта яшчэ адно адрозненне іх ад рыб», — паўтарае стомлены працай бацька.
«Увогуле, сярод іх, насуперак забабонам, агідзе і страху, ёсць шмат істот і прыгожых, і цалкам нявінных або, прынамсі, не надта шкадлівых», — чытаюць абодва ўголас спецыяльна для маці. Танны кошт кнігі дазваляе ёй трапіць у кожную хату, а паважнае стаўленне да яе (ксёндз напісаў!) дыктуе ганаровае месца побач з календаром, лемантаром і святым пісаннем.
«Зразумеласць і чысціня мовы — першы абавязак кожнага, хто бярэцца нешта пісаць», — павучае прафесар.
Стыль без сэнсу, хай сабе і ўпрыгожаны моўнымі перлінамі, ён называе надзьмутымі кавальскімі мяхамі. І нават інструкцыю па барацьбе з саранчой, замоўленую тайным саветнікам Фрызелем, грамадзянскім губернатарам Літоўскай губерніі, піша так, што яе можна чытаць быццам прыгодніцкі раман.
Пачаткі & «Пачаткі»
Ён нарадзіўся ў майскі дзень 1761 года ў Ясеніцах — сціплым маёнтку пад Лідай. Маці ў бацькі была другой жонкай. Нарадзіўшы двух сыноў, папоўніла сям’ю, дзе раслі ўжо два хлопчыкі і дзяўчынка, і памерла, калі Станіславу Баніфацыю не было і пяці гадоў. Трэцяй бацькавай жонкай стала жанчына, якая сваіх дзяцей не мела, але дзецям мужа істотна дапамагла сваім добрым пасагам. У першую чаргу з адукацыяй, бо да сямі гадоў Станіслаў Баніфацый навук не ведаў. А пасля яму адкрыўся іншы свет. Да батанікі яго прывяла ўпадабаная ім лацінская мова. Манахам ён стаў ад вялікай любові да бацькі: Бенедыкт Юндзіл настройваў сына з малых гадоў шукаць свой лёс у духоўным свеце.
Станіслаў Баніфацый пачаў выкладаць у Шчучынскай школе, у якую быў ператвораны калегіум піяраў, калі выйшаў (у 1785 годзе) элементарны падручнік батанікі для народных школ за аўтарствам Кшыштафа Клюка. Гэты падручнік утрымліваў толькі сухую тэрміналогію, а яна ў галовы, як вядома, не лезе. Такі стан рэчаў апынуўся для Юндзіла пабуджальным.
«У такіх акалічнасцях адважыўся я ўвесці ў курс Шчучынскай школы батаніку, пазбаўленую сухасці апісанняў, для чаго заклаў у Шчучыне батанічны сад, каб ён служыў спасціжэнню расліннай будовы і сістэматыкі. Гэта было маім першым і пакуль яшчэ слабым крокам, але…»
Але ўжо ў 1791 годзе на змену сухому «Клюку» выходзіць выданне, якое апісвае мясцовыя расліны паводле прызнанай у прагрэсіўным свеце сістэмы Лінея, — праца наколькі сур’ёзная, настолькі ж і яркая. Ксёндз-навуковец выдае кнігу, якая апісвае віды мясцовай флоры згодна з прынцыпамі сістэматыкі раслін, прапанаванымі вялікім навукоўцам. І хоць кніга не была пазбаўлена многіх памылак і недахопаў, яна каштоўная іншым — тым, што пераконвала ў вялікай разнастайнасці айчыннай флоры і паказвала сувязь іншых навук з батанікай, залежнасць іх ад яе.
Пазней ім былі выпушчаны яшчэ і «Пачаткі батанікі». Ніколі да таго часу нашы падручнікі не ствараліся з такім падыходам, і бадай ніколі яны не пісаліся тымі, хто належаў да зорак еўрапейскай навукі. Юндзіл быў такой зоркай. Не прэтэндуючы на славу мэтра з Упсалы, наш прафесар з-пад Ліды зрабіў для ўкаранення яго ідэй значна больш, чым многія з тых, чые прозвішчы і сягоння шырока вядомыя.
Дзякуючы Юндзілу прыжывалася на ўскрайку Расійскай імперыі новая батанічая тэрміналогія, узбагачаўся слоўнік і стваралася навуковая школа натуралістаў, з якой выходзілі і батанікі, і заолагі, і фармацэўты, і ўрачы, і геолагі, і публіцысты — папулярызатары прыродазнаўства. Галоўная ж заслуга Юндзіла перад батанікай была ў тым, што ён стаў яе заступнікам перад медыцынай.
Так, была такая патрэба. Нельга было ўзняць батаніку на належную вышыню — на ўзровень самастойнай навукі — і развіваць яе як такую да той пары, пакуль трактавалася яна як другасная, пакуль падпарадкоўвалася лекарскай справе. Прыналежнасць батанікі да медыцыны прагрэсіўныя розумы называлі галоўным няшчасцем. «Не раслін шукалі ў раслінах, — бедаваў Жан-Жак Русо, — а здольнасці лекаваць чалавечыя немачы». Пры ўсёй карысці батанікі для здароўя чалавека сама батаніка была чалавекам занядбаная. Ксёндз Станіслаў Баніфацый выправіў такую сітуацыю, прынамсі, на тым кавалку сушы, дзе ад яго гэта залежала. Трэба яшчэ тут дадаць, што многія свае кнігі ён друкаваў на ўласныя сродкі.
Мараліст і наватар
Паміж густымі выпуклымі бровамі залеглі маршчынкі — быццам думкі, якім няма ў галаве спакою, туды-сюды сноўдалі і праклалі аднакалейку. Запалая пераносіца пераходзіць у доўгі нос, які камарынай тонкасцю выдае кансерватара-мараліста. Вусны таксама тонкія, верхняй амаль не відаць (прыкмета ўмення разбірацца ў людзях і ўсё трымаць пад кантролем), а ніжняя выступае наперад (сведчанне энергіі і рашучасці).
Уяўляю, як ён 16-гадовым хлопцам выпраўляецца ў шлях працягласцю восем дзясяткаў міль з васьмю злотымі ў кішэні. Пара сялянскіх коней, запрэжаных у палескі воз, — яго транспарт, падлетак-кіроўца, малодшы за яго, — адзіны суразмоўца на ўсім шляху з Ліды ў Вільню. Далей, да месца прызначэння, дзе юны манах «ледзь ухапіўшы пачаткі навукі, ужо іншых вучыць абавязаны», — пешкі і ў адзіноце. І не смеючы жабраваць, бо ордэн піяраў, якому гэты юнак даверыў душу і цела, жабрацтва не ўхваляе. Падэшвы кепскага абутку топчуць дзірвановы дыван, парасонамі раскідваюцца над галавой кроны дрэваў, і толькі зорнае жнівеньскае неба агортвае коўдраю па начах.
...Ксёндз Юндзіл працягвае распавядаць пра сябе. Голас у яго глухі і крышку з адценнем незадаволенасці, як часта бывае ў старых людзей, што мелі на жыццё трохі іншыя планы, чым тое, што ў выніку атрымалася.
«У самым росквіце маладосці, не развіўшыся яшчэ цалкам фізічна, не ведаючы свету, не маючы досведу… Тады я не разумеў, якую ахвяру здзяйсняю, не адчуваў ні памеру, ні цяжару абавязкаў, якія на сябе ўскладаю. Не валодаў нічым і не меў ніякай магчымасці ацаніць хаця б кошт маёнтка, а пры гэтым яднаўся з убоствам. Выхаваны пад наглядам бацькоўскай суровасці, пад грозным настаўніцкім скіпетрам і ўплывам старых прадпісанняў, я не ведаў, што гэта значыць — быць гаспадаром сваёй волі, — а ўжо даваў зарок паслушэнства».
Ці надта раннія і даволі цяжкія выпрабаванні, абрынутыя на дзіцячыя плечы, ці строгасць выхавання з суровасцю патрабаванняў, ці папросту такі характар ад нараджэння, або ўсё гэта разам ператварыла ў занудлівага мараліста чалавека тонкай душэўнай арганізацыі, адчувальнага да любых праяў як знешняга, так і ўнутранага хараства ўсяго навакольнага — ад раслін і мурашак да чалавека. У выніку літаральна ўсё, што хоць нейкім чынам не ўпісваецца ў яго маральныя прынцыпы, натыкаецца на яго суровае асуджэнне і засланяе сабой перад ім любыя навуковыя дасягненні.
Парадокс, але студэнцкі фальклор яго прыдзірлівасць не ўвекавечыў: у песеньках-катрынках, якія сачыняліся дасціпнай моладдзю на розных прафесараў Віленскага ўніверсітэта, яму прысвечаны зусім не крыўдныя радкі. Нават наадварот.
Вось гэта ксёндз-прафесар Юндзіл, Які сваіх вучняў ніколі не нудзіў, Ён кветкі сцеражэ як цмок раўніва І чуе, як расце-квітнее ніва.
Апошні радок мог скласціся так наўмысна: ксёндз-прафесар сапраўды хутчэй чуў, чым бачыў свае расліны. Яшчэ падлеткам з-за доўгага сядзення над кнігамі, складанымі для спасціжэння, але прыцягальнымі, ён схапіў нервовую ліхаманку, якая абярнулася для яго амаўрозам — імклівай незваротнай стратай зроку.
Правым вокам ён перастаў бачыць адразу і назаўсёды. Левае, якое заставалася не толькі для працягу напружанага чытання вялікай колькасці кніг, але і для будучай арганізацыі вучэбных працэсаў у калегіумах і ўніверсітэце, загадвання кафедрай, закладкі і гадавання батанічных садоў у Вільні і Шчучыне, напісання падручнікаў і навуковых трактатаў (адзін з іх, пра саляныя крыніцы, заслужыў ад караля Станіслава Аўгуста залаты медаль, другі, згаданыя вышэй «Пачаткі батанікі», — брыльянтавы пярсцёнак ад імператара Аляксандра), давядзення да ладу занядбанага папярэднікамі кабінета натуральнай гісторыі (ксёндз Юндзіл не толькі захаваў мінералы і ракавіны, калекцыі экзатычных насякомых і рыб, якія засталіся ад Жылібера і Форстэра, але і памножыў іх на прыродныя цуды — каштоўныя мінералы, вулканічны прадукт Везу- вія, зубы маманта, метэарыты, — падораныя не абы якімі людзьмі: гетманам Агінскім, канцлерам Храптовічам, генералам Хадкевічам), — гэтае вока бачыла вельмі слаба з-за перанесенай воспы.
Можна тут закруціць філасофскую думку пра ўнутраны зрок, які дазваляе бачыць і больш, і лепш, чым фізічныя вочы, бо Юндзіла гэты зрок сапраўды вылучаў, іначай, прынамсі, не мог бы ён так безапеляцыйна судзіць людзей з іх учынкамі — быццам працінаючы позіркам іх наскрозь.
«Публічны прафесар павінен быць не толькі вучоным, але і шляхетным», — гаворыць ксёндз.
Калегам па ўніверсітэце ён ні за што не прабачыць нават самую малую правіну накшталт «качкаватага» голасу — і ўявіце сабе, мае рацыю. Скажам, прафесар Лангмаер, у каго такі голас, не прытрымліваецца ў сваіх лекцыях ні логікі, ні паслядоўнасці і таму тэрапію выкладае наперабой з паталогіяй. Такая манера выкладання ніяк не можа зрабіць са студэнтаў лекараў, лічыць Юндзіла.
Поза вечнага крытыка і мараліста магла б сысці для манаха за норму, калі б не некаторыя яўныя супярэчнасці. Да прыкладу, майстэрства акушэрства, якое правінцыйнай шляхтай (асяроддзем свецкім) лічыцца непрыстойным, цнатлівы сварлівы манах (і доктар тэалогіі, а не медыцыны!) бароніць як перамогу святла над цемрай:
«Прыклады выратавання ў самых цяжкіх выпадках далі магчымасць пераканацца ў несумненнай перавазе ведаў над застарэлай звычкай. Пасля некалькіх гадоў агіды і недаверу, якія здаваліся непераадольнымі, паслугі акушэраў і акушэрак шляхам звычайнага пераймання ператварыліся ў моду. Гэта было пачаткам вялікай удачы…»
Нельга тут не дадаць, што Юндзіл не з’яўляецца прыхільнікам студэнцкіх суполак кштату філаматаў і філарэтаў, і тлумачыцца гэта да нечаканага проста:
«Не ў летуценніках мае патрэбу айчына, а ў старанных працаўніках на карысць асветы, якая ёсць галоўным інструментам адраджэння роднага краю», — гаворыць ён.
Тры Юндзілы ў адным пасляслоўі
Калі б можна было патрапіць у 1849 год і апынуцца марозным вечарам 20 студзеня ў сядзібе Юндзілаў у Івацэвічах, убачылі б мы праз шчыліну ў дзвярах кабінета схіленага над сталом Яна Юндзіла, які акурат дапісвае прадмову да кнігі з мудрагелістай для нашага часу назвай (ёсць у ёй і месца дзеяння ці, як сёння б сказалі, лакацыя, і дзеючая асоба, яна ж аўтар, і яе непасрэдная бліскуча выкананая роля). Атрымліваецца напоўнена і прыгожа: «Кабінет прыродазнаўства і батанічны сад Віленскага ўніверсітэта, апісаныя ксяндзом Станіславам Юндзілам, іх стваральнікам і кіраўніком».
Яна Юндзіла, цёзку па прозвішчы, Станіслаў Баніфацый забраў калісьці з бацькоўскага дому толькі на гэтай падставе, як рабіў і з іншымі Юндзіламі, з мэтай даць ім адукацыю і выхаванне. Ян Юндзіл дарос да прафесара і замяніў свайго апекуна ў некалькіх яго справах, у тым ліку ў батанічным садзе. У красавіку 1847 года ксёндз-прафесар памёр, пра што Яну Юндзілу напісаў Юзаф Юндзіл, пляменнік нашага героя і таксама прафесар, толькі не батанікі, а медыцыны.
Ліст пра апошнія дні жыцця ксяндза Юндзіла ўражвае фактамі яго нястомнасці і ўпартасці. Звычка ўвесь час працаваць не давала яму спакою і ў старасці, і перад самай смерцю: гэты батанік, дарма што не меў ужо зроку, працягваў у сваім 86-гадовым узросце наведваць сад і знаёміцца з новай навуковай літаратурай. Ён працягваў хадзіць у касцёл і дэкламаваць па памяці любімыя вершы.
«Вясна мая і лета як птах праз акно адляцелі», — прамовіў ён у свой перадапошні дзень…