Студэнтка трэцяга курса БДМУ Паліна Корнева паспявае не толькі добра вучыцца і быць у ліку актывістаў. Нягледзячы на малады ўзрост, яркую таленавітую дзяўчыну прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адметна і тое, што ў творчай скарбонцы маладой аўтаркі — і проза, і паэзія. Паліна з тых асоб, якія сваім жыццём даюць прыклад іншым развівацца, рабіць больш і лепш, рухацца толькі наперад і не быць абыякавымі.
Ніколі не спыняцца
Паліна, цікава, чаму вы, маючы літаратурныя здольнасці, абралі для сябе медыцынскі ўніверсітэт?
Я «хварэю на медыцыну» з ранняга дзяцінства. Памятаю: прасіла ў бацькоў, каб набылі мне пазнавальную энцыклапедыю абавязкова з медыцынскім раздзелам. Мне падарылі тоўстую кнігу «Хачу ўсё ведаць». Я зачытвалася ёй, асабліва цікава было разабрацца ў тым, што звязана з арганізмам чалавека: чаму мы чхаем, кашляем… А пазней з’явілася мэта — паступіць у медыцынскі ўніверсітэт. У іншай прафесіі я сябе не бачыла.
Для мяне медыцына — гэта ў першую чаргу пра творчасць, пра рэалізацыю сябе як самавітай асобы, пра максімальную адказнасць.
Лічу, што ў гэтай сферы не могуць працаваць людзі, якія не схільныя браць на сябе багата абавязкаў. А я заўжды была вельмі руплівая, імкнулася больш паспець, у мяне павышаная цікавасць да ўсяго. Дагэтуль не магу сказаць, што дакладна вызначылася са спецыялізацыяй, таму што мне падабаюцца ўсе прадметы. Асаблівае стаўленне да хірургічных спецыяльнасцей, у прыватнасці нейрахірургіі.
А як вы пачалі пісаць, у чым вытокі вашай творчасці?
У трэцім класе я ўжо рабіла невялікія замалёвачкі, а яшчэ па-свойму, з уласнымі героямі, перапісвала любімыя творы. Зразумела, гэта не мела мастацкай вартасці. Але тым не менш з цягам часу я выпрацавала сваю аўтарскую мову. А потым у мяне пачалі нараджацца арыгінальныя ідэі.
Спачатку была мара напісаць фэнтэзі, стварыць непаўторны цікавы свет. Але потым я зразумела: найцікавейшы свет — вакол мяне, і не трэба нічога новага выдумляць, не трэба бегчы ад рэальнасці. Неабходна заўважаць добрае, падкрэсліваць прыгожае і змагацца з кепскім. Мяркую, гэта і ёсць роля аўтара-рэаліста ў нашым свеце.
Калі медыцына — гэта мастацтва і справа майго жыцця, я пра гэта распавядаю. І калі я бачу навокал несправядлівасць, я таксама пра гэта напішу (хоць часам і са змененымі акалічнасцямі ды героямі).
Адна з тэм, што мяне турбуюць найперш, — чалавечыя адносіны. У мяне ёсць апавяданне пра прыбіральшчыка «Ластаўчыны гнёзды». Я апісала свет вачыма старога чалавека, былога настаўніка гісторыі. Яго жонка памерла. Сын паехаў за мяжу. Герою давялося стаць прыбіральшчыкам, каб не сядзець аднаму ў хаце. Гэта самая звычайная сітуацыя. Колькі ў нас адзінокіх людзей. Але мала хто хоча зірнуць на свет іх вачыма. Большасць імкнецца апынуцца ў сусвеце маляўнічай гульні. Я лічу, што трэба заставацца тут і быць рэалістамі. Наша грамадства зараз і так перажывае пэўныя метамарфозы. Нешта змяняецца пад уплывам сучасных тэхналогій, інтэрнэту. Людзі становяцца больш жорсткімі, засяроджанымі на сабе. Часта няма жывога дыялогу паміж хлопцам і дзяўчынай, у сям’і, сярод калег.
Каб праблемы не назапашваліся, варта хутчэй павярнуцца тварам адно да аднаго, жыць тут і зараз.
Ісці сваім шляхам і не губляць карані
Можна сказаць, што ў гэтым сэнс вашай творчасці?
Безумоўна. А яшчэ я пішу проста таму, што хачу выказаць свае эмоцыі. Напрыклад, мае вершы, у адрозненне ад прозы, не маюць асаблівай сэнсавай нагрузкі, бо я не імкнуся ўкласці ў іх сюжэт. Мне важна пакінуць у іх часцінку маёй душы, маіх пачуццяў у пэўны момант. Нядаўна я сустрэла жанчыну, якая сказала: «Мне здаецца, вы пішаце пра тое, што перажывае кожны чалавек». Але пра ўсе можна напісаць па-рознаму, і можна не проста сказаць «я кахаю», а распавесці пра тое, што ты адчуваеш у пэўны момант, і тады людзі пацягнуцца да тваёй творчасці.
Мне ўсе ж бліжэй проза, бо яе фармат шырэйшы. Верш мусіць мець пэўныя рыфму і форму. А проза дае неабходную мне прастору для творчасці.
А чаму сталі пісаць менавіта на беларускай мове?
Я скончыла беларускамоўную гімназію № 2 горада Барысава Мінскай вобласці. Родную мову для мяне адкрыла мая настаўніца Жанна Паўлаўна Падколзіна. Яна натхніла ўласным прыкладам: сама заўсёды размаўляла па-беларуску, і я пачала. Настаўніца сказала мне важныя словы: «Пішы, Паліна, ты можаш». Зараз я нават не разумею, як пісаць творы на рускай мове, у мяне не атрымліваецца, гэта не мой шлях. Я лічу, што наша мова адлюстроўвае характар беларусаў. У ёй есць адмысловыя словы, якія належаць толькі нам. І гэтае адчуванне, што ў нас ёсць каштоўны скарб, прымушае мяне адчуваць гонар за тое, што я беларуска, што ў мяне ёсць наша гісторыя, нашы нацыянальныя каштоўнасці. Хачу помніць, што ад сахі і ад зямлі былі мае прабабулі і прадзядулі. І яны былі разумнейшыя за мяне, бо ўмелі назіраць за прыродай. На жаль, сучасны чалавек развучыўся назіраць, нават думаць адвыкае, таму што адказ практычна на любое пытанне можна знайсці ў інтэрнэце.
Уступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі — гэта важная падзея, асабліва ў такім маладым узросце...
Усё пачалося з таго, што маю творчасць заўважыла Мінскае абласное аддзяленне СПБ. Для мяне гэта было натхняльнае знаёмства. Мне сказалі, каб я працягвала пісаць, таму што мае творы падабаюцца, маюць мастацкую вартасць. Мяне падтрымлівалі. А праз некаторы час прыйшла нечаканая навіна: прапанавалі прынесці дакументы, каб мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Звычайна прымаюць аўтараў, у якіх ужо выйшлі кнігі. Для мяне ж зрабілі выключэнне, паколькі публікацый ужо было шмат і іх высока ацанілі.
Для мяне гэта было на грані фантастыкі. Я проста не магла паверыць. Некалі ў школе мяне ўразіў стэнд са знакамітымі выпускнікамі. Там месціўся партрэт паэтэсы, фотаздымкі яе зборнікаў. Я глядзела і думала: «Бывае ж такое».
Я ніколі не думала, што пайду па гэтым шляху. Дагэтуль, калі мяне прадстаўляюць як пісьменніцу, паэтэсу, у мяне дрыжыкі бягуць па скуры.
Я адчуваю сябе звычайным чалавекам, які заўважае дэталі ў нашай рэчаіснасці, занатоўвае іх і хоча, каб людзі прачыталі, далі зваротную сувязь. Увогуле пісьменнік — гэта ж не прафесія, а стан душы і думак. Нельга навучыцца пісаць і нельга кінуць пісаць, калі ты сапраўды пісьменнік. Гэта проста тое, у чым ты існуеш і што не можаш у сабе змяніць.
Мама з татам, канечне, ганарацца тым, што мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Дарэчы, яны маюць прамое дачыненне да маёй творчасці, бо абмяркоўвалі кожны мой твор, падтрымлівалі мяне на ўсіх этапах стварэння новага тэксту. Я ніколі не адчувала сябе адзінокай і незразуметай, бо заўсёды побач была мая сям’я.
Адчуваецца, што ў вас у сям’і высокі ўзровень даверу і падтрымкі. У чым сакрэт такіх стасункаў?
Гэта заслуга маіх бацькоў, што мне і маёй малодшай сястры не страшна падысці з любым пытаннем да мамы ці таты. Таму што мы ведаем: нас заўсёды выслухаюць і падтрымаюць. І не проста скажуць:
«Давай наперад, у цябе ўсё атрымаецца». Не, гэта будзе дэталёвы разбор праблемы, часта мы разам шукаем агульнае рашэнне або выйсце са складанай сітуацыі.
Крытычна ставіцца да таго, што спажываеш
А якія вашы любімыя аўтары? Каго параіце абавязкова прачытаць?
Мой любімы аўтар і настаўнік у творчасці — Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі. Я прачытала ўсе яго творы. Яны пра пераасэнсаванне чалавечага жыцця і ролі асобы ў гэтым свеце.
Я не ведаю, як творчасць Дастаеўскага можа не падабацца. Адна мая знаёмая сказала, што ніколі не зразумее раман «Злачынства і пакаранне», бо ён пра забойства, а забойцу нельга апраўдаць. Так казаць можа толькі непадрыхтаваны чытач. А калі некаторыя кажуць: «Нічога там асаблівага, ну, старую забіў», я ўвогуле не магу рэагаваць спакойна. Калі ўзяць савецкае выданне, апісанне забойства складае ўсяго 50 старонак, а астатнія 310 — пра пакаранне чалавекам самога сябе. Гэта глыбокая псіхалогія, крызіс і аднаўленне чалавека. Так распавесці пра гэта можа толькі сапраўдны геній. Я вучылася ў Дастаеўскага: пісаць трэба так, каб чалавек адчуў сябе ў абставінах, у якіх знаходзіцца герой, адчуў той псіхалагічны прэсінг, які яго мучыць, каб ён сам усё гэта перажыў...
Я вельмі ўдзячная, што ў перыяд майго сталення побач былі людзі, якія цікавіліся, што я чытаю і слухаю. У трынаццацігадовым узросце я не вельмі любіла класічную літаратуру. Аднойчы мне сказалі, калі пабачылі, што я чытаю нейкі любоўны раманчык: «Ты што, не разумеш, што зараз прывучаеш свой мозг да прымітыўнай працы і потым не прывучышся да сапраўднай літаратуры?» Я тады вельмі ўзлавалася, але гэта стала штуршком да перамен. Неўзабаве я пайшла ў бібліятэку і пачала браць кнігі ў алфавітным парадку. Так паступова я прачытала ўсю класіку нашай барысаўскай гарадской бібліятэкі. І потым я зразумела каштоўнасць якаснай літаратуры, адчула, што адрознівае графаманаў ад сапраўдных аўтараў. Я не асуджаю людзей, якія чытаюць бульварныя раманы для разгрузкі мазгоў. Але, калі падумаць, дзе тады мазгі напружваюцца?
Пераканана: чалавек павінен вельмі крытычна ставіцца да таго, што ён спажывае, і не толькі ў сэнсе ежы, але найперш таго, што ўплывае на яго душу: літаратура, музыка, атачэнне.
Наколькі гэта складана — быць сучасным пісьменнікам, пісаць творы ў той час, калі многія хіба што паспяваюць праглядаць Інстаграм?
Няпроста, бо, калі чалавек піша, ён хоча быць пачутым. І я вельмі хачу гэтага.
Зараз тэмп жыцця вельмі хуткі, і многа ўвагі забіраюць сацсеткі. Я таксама завяла свае акаунты ў Інстаграме @_belaretskaya і ЦікТоку @belaretskaya. Такім чынам я паставіла сабе за мэту сказаць: «Сучасныя беларускія аўтары ёсць. Мы існуем, мы пішам. Я адна з іх».
Расскажыце, калі ласка, пра праект «Літаратурныя вечары», які вы ладзіце ва ўніверсітэце?
Гэта мой аўтарскі праект, які я запусціла на першым курсе. Былі сумненні: усе арганізуюць гурткі, звязаныя з медыцынай, а я — літаратурны. Але вырашыла паспрабаваць. У студэнтаў розных курсаў і спецыяльнасцей з’явілася цікавасць. На першы вечар сабралася чалавек адзінаццаць. Парадавала, што яны сталі пастаяннымі ўдзельнікамі і да іх паступова далучаюцца яшчэ людзі. Зараз мне прыемна чуць, што «Літаратурныя вечары» — адзін з самых паспяховых і папулярных праектаў.
Думаю перавесці яго на новы ўзровень, каб студэнты іншых універсітэтаў таксама маглі наведваць нашыя сустрэчы. Гэта важна: такое аб’яднанне можа прыцягнуць шмат таленавітых асоб, якія цікавяцца і літаратурай, і роднай мовай. Важна, і каб тыя, у каго не дужа цікава выкладалі літаратуру ў школе, нарэшце адкрылі для сябе яе глыбіню і хараство.
Адказна ствараць сваю рэчаіснасць
Вы паспяваеце яшчэ і навуковыя работы рыхтаваць, а таксама спрабаваць сябе ў ролі выкладчыка!
Гэта тое, без чаго я таксама не ўяўляю свайго жыцця. Апошняя навуковая работа была пра марфалагічныя і марфаметрычныя асаблівасці пазваночных і ўнутранных сонных артэрый ў кантэксце нейрахірургічнай практыкі. Летась на студэнцкай канферэнцыі яна заняла другое месца. Наогул, я маю намер займацца не толькі практычнай медыцынай, але і навукай. Мне хочацца існаваць у пастаянным пошуку.
На другім курсе я стала кансультантам студэнцкага навуковага гуртка па нармальнай анатоміі. Рыхтавалася ўсё лета, каб здаць паспяхова экзамен. Першакурснікам я старалася даць такую інфармацыю, на якую яны самі натрапілі б няхутка, расказаць, як больш эфектыўна запамінаць. Імкнулася стаць для іх тым чалавекам, які пакажа, што гэта ўсе хоць і складана, але ў першую чаргу вельмі цікава. Я заўсёды прагнула чытаць не толькі тое, што прапануецца па праграме, але і падручнікі для практыкуючых урачоў.
Такое ўражанне, што ў вашых сутках больш за 24 гадзіны.
Паспяваць шмат — рэальна. Для мяне гэта найперш пра пытанне да самой сябе: «Чаго я хачу ад гэтага жыцця?» Мне важна рабіць сваё жыццё поўным, яркім. А гэта магчыма толькі, калі я сама для сябе вырашу, што хачу бегаць раніцай, каб быць энергічнай, хачу больш чытаць, каб больш ведаць… Гэта пра адказнасць за сваё жыццё, пра мэты, якія стаяць перад табой.
Вельмі сумна, калі чалавек хоча нешта зрабіць і не робіць, таму што яму страшна ці здаецца, што не хопіць часу. Лепш ноч не паспаць, але ў выніку зрабіць тое, ад чаго ў цябе вочы гараць.
Я імкнуся, каб усе мае мары ператвараліся ў мэты. Мару пра ўласны зборнік і ўжо ведаю, як ён будзе называцца. Хачу, каб ілюстрацыі да яго зрабіла мая сястра Любоў...