Фота з архіва Т. Шымановіч.
Фота з архіва Т. Шымановіч.

Тамара Шымановіч 34 гады ў прафесіі. З адзіным запісам у працоўнай кніжцы.

 

— Калі пачалася пандэмія, працавалі ў чырвонай зоне, займаліся транспарціроўкай цяжкіх пацыентаў, — расказвае Тамара Уладзіміраўна. — У першыя ж дні пандэміі сама падхапіла каронавірусную інфекцыю. Два тыдні лячылася ў бальніцы… Другая хваля апынулася больш цяжкай. Шэсць аперацыйных давялося перапрафіліраваць у палаты інтэнсіўнай тэрапіі.

 

Раней працоўныя абавязкі Тамары Шымановіч былі класічнымі: выконваць распараджэнні доктара, рыхтаваць пацыента да анестэзіі, рабіць ін’екцыі, сачыць за артэрыяльным ціскам, пульсам, сатурацыяй… Калі ж з’явіліся кавідныя хворыя, працаваць стала цяжэй. Вышыўка апынулася сапраўднай псіхалагічнай рэабілітацыяй.Картина Шиманович 3

 

Тамара Шымановіч:

Упершыню пачала сур’езна займацца гэтай справай гадоў дваццаць таму. Памятаю, я тады атрымала права вадзіць аўтамабіль і, сеўшы за руль аўто, адчула, што сядзенне занадта нізкае. Таму купіла сабе падушачку і вырашыла, што трэба яе аздобіць вышыўкай. Зрабіла… Спадабалася і захапіла.

У сям’і Тамары Уладзіміраўны вялікай майстрыхай была баба Ніна, якая цудоўна вышывала, вязала на спіцах і кручком, гатавала і нават складала вершы. Маці таксама вышывала ручнікі, абрусы… Да гэтага часу Тамара Уладзіміраўна захавала маміны работы: букеты, сюжэтныя карціны… Засталася і яе карціна «Дзяўчына з яблыкам».

 

Тамара Шымановіч:

Я вышываю па канве і па тканіне. Сюжэты бяру з інтэрнэта альбо з кніг. У мяне ёсць паплечніцы — жанчыны ад 25 да 80, якія таксама займаюцца мастацкай вышыўкай.


З’яўляюся членам народнага аматарскага аб’яднання «Гарадзенскі каларыт». У мяне больш як сто работ. Адна з апошніх — «Белыя касачы» — дэманстравалася на чацвёртай рэспубліканскай усебеларускай выставе «Я Моне, Я Шишкин, Я Малевич» у Мінску. Блізкім вышываю ў падарунак абразы. Часцей за ўсё «Спас нерукатворны».

Кватэру Тамары Шымановіч упрыгожваюць яе любімыя карціны «Белыя касачы», «Мона Ліза», «Мадона ў крэсле», «Італьянскі поўдзень» і «Вершніца».Картина Шиманович 2

Тамара Шымановіч:

Звычайна я вышываю некалькі карцін адначасова, каб не стамляцца ад аднолькавых сюжэтаў і колеру нітак.Часта робім сумесны адшыў з маімі напарніцамі. Працуе кожная самастойна, а потым паказваем свае работы, дзелімся ўражаннямі…


Зараз, напрыклад, раскрываем тэму восені. Гэты занятак супакойвае. Вышываю кожны дзень. Раней, бывала, захаплялася так, што і паўночы было мала… Цяпер раблю гэта больш абачліва, бо праца ў чырвонай зоне патрабуе фізічнай і псіхалагічнай моцы. Мяне вельмі падтрымлівае муж Анатоль Іванавіч. З яго лёгкай рукі я пачала браць удзел у выставах. Гэта ён аднойчы паказаў мае работы, і мяне пачалі запрашаць…

У Тамары Уладзіміраўны дзве ўнучкі. Васьмігадовая Ліза і пяцігадовая Насця з захапленнем назіраюць, як спрытна ходзіць іголка ў пальцах бабулі. Малыя просяць хутчэй навучыць іх гэтаму мастацтву. Бабуля ўсміхаецца і хітра прыжмурвае вочы. Маўляў, будзеце стараннымі — абавязкова навучыцеся…

 

На Новы год яна шые ім торбачкі для падарункаў у выглядзе чароўных чаравічкаў. Вядома ж вышытых яе спрытнымі рукамі. А потым робіць малым навагоднія цацкі.

 

Тамара Шымановіч:

Гэта ўжо іншая тэхніка. Пенапластавыя шары абцягваем рознакаляровай тканінай і ўпрыгожваем. Зробленае ўласнаруч заўсёды грэе душу.

Картина Шиманович 1

Фота з архіва Т. Шымановіч.