Студэнты Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі на занятках у лабараторыі. Так вучыўся і Зыгмунт Свянціцкі.
Студэнты Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі на занятках у лабараторыі. Так вучыўся і Зыгмунт Свянціцкі.

Надворны саветнік Зыгмунд Карлавіч Свянціцкі, 36-гадовы доктар медыцыны, старшы ардынатар Мінскага ваеннага шпіталю, вяртаўся з юбілейнага пасяджэння Таварыства мінскіх урачоў, якое адзначала сваё пяцігоддзе і членам якога ён быў ужо два гады — ад самага пачатку жыцця ў Мінску.

 

Svanticki3За гэты час ён, як сам пра сябе сказаў, трохі звыкся з умовамі      правінцыйнага быту. Можна ўявіць, наколькі гэта было няпроста пасля доўгіх гадоў вучобы і стажыровак у спрэс сталічных інстытуцыях Еўропы: Пецярбург, Берлін, Вена, зноў Пецярбург…

 

У апошнім, тамтэйшай медыка-хірургічнай акадэміі, сваёй alma mater, дзе пасля атрымання замежнага досведу была абаронена праца на ступень доктара медыцыны, ён вельмі спадзяваўся застацца. І ўсё яму там «усміхалася» і «свяціла», і ўжо рукой было падаць да прафесарскай кафедры. Але…

 

Адначасова са спадзяваннем на кафедру незваротна страціў ён і каханне, увасобленае ў маленькай жанчыне, якую чакала вялікая літаратурная слава пад імем Элізы Ажэшкі. А яна ж была не супраць стаць Свянціцкай…

 

Перад малодшаю сталіцай рыпіць старэнькая Масква

 

Ён не браў удзел у падзеях 1863–1864 гадоў: акурат на гэты час прыпадала яго берлінская практыка. Тым не менш… Па-першае, паляк, што само па сабе «неблагонадежно». Па-другое, яшчэ не вядома, дзе б ён быў, калі б не падвярнуўся яму той Берлін. Гэта было зразумела і тым, ад каго залежаў прафесійны лёс таленавітага хірурга: быць ці не быць яму сталічным прафесарам.

 

Прынамсі, прычына, па якой давялося яму некалі, яшчэ васямнаццацігадовым юнаком, памяняць Маскоўскі ўніверсітэт на Пецярбургскую акадэмію, досыць празрыста намякала на схільнасць да згаданай «неблагонадежности»: у 1854-м, правучыўшыся ў Маскве два гады, ён вымушаны быў адтуль з’ехаць па «палітычных» матывах — «заблытаўся ў беспарадках», арганізаваных там польскай моладдзю.

 

Але юнак выдатна вучыўся і да медыцынскай навукі меў вялікія здольнасці, таму і атрымалася ў яго праз пэўны час «узнавіцца». Толькі ўжо ў Пецярбурзе. І гэта быў падарунак лёсу — з ліку тых, якія, бывае, падносяцца ў якасці кампенсацый за несправядлівыя страты. У Маскве, па словах вядомага Боткіна, які вучыўся там трохі раней, рыхтавалі «гатовых урачоў з гатовымі адказамі на кожнае пытанне» — такіх урачоў, чыя будучыня «рызыкавала быць знішчанай», бо веды атрымліваліся імі «ў форме катэхізісных ісцін», без абуджэння «дапытлівасці, якая абумоўлівае далейшае развіццё».

 

Замест катэхізісных ісцін Масквы юны Зыгмунт Свянціцкі атрымлівае атмасферу дапытлівасці на берагах Нявы. Менавіта на час вучобы Свянціцкага прыпадае росквіт Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі — калі яе прэзідэнтам становіцца Пётр Аляксандравіч Дубавіцкі. Найталенавіцейшы хірург, з-за траўмы рукі вымушаны ператварыцца ў арганізатара медыцынскай адукацыі ў паўночнай сталіцы, ён і тут праявіўся найлепшым чынам. Памятаючы, як шмат даў яму вопыт, пераняты ў замежжы, ён арганізуе замежныя практыкі для студэнтаў сваёй установы — лепшых з лепшых. Зыгмунт Свянціцкі завяршае вучобу ў акадэміі з залатым медалём. Адрасы стажыровак прадвызначае бліскучае валоданне нямецкай мовай.Svanticki1

 

І выконвалі яны доўг свой свята

 

Юбілейнае пасяджэнне, на якое было запрошана шмат ганаровых асоб (на якое і без запрашэння мог трапіць любы «аматар асветы», нават і з ліку «дам, якіх цікавіць рух у медыцынскім свеце»), адбылося ў вялікай зале гімназіі на рагу Губернатарскай і Захар’еўскай. Некалі, атрымаўшы першую адукацыю ў Пінскім дваранскім вучылішчы, Зыгмунт прыехаў працягваць яе ў Мінск — і вучыўся тут, вось у гэтай класічнай сямігадовай гімназіі, якая незадоўга да таго займела новы будынак. Выпускаўся з гэтых сцен 15-гадовым выдатнікам — з сярэбраным медалём.

 

А потым старэйшы брат Мечыслаў параіў вывучаць медыцыну. Калі ты амаль ад нараджэння круглы сірата, старэйшы брат для цябе больш, чым маці і бацька разам. Цяпер брат далёка. Доктар медыцыны Мечыслаў Карлавіч Свянціцкі працуе земскім урачом пад Сімбірскам. Акурат сёлета пераведзены туды з-пад Казані, дзе меў пэўныя поспехі ў арганізацыі з’езда земскіх урачоў губерні.

 

Малодшы брат ад старэйшага не адстае. Зыгмунт не проста член Таварыства мінскіх урачоў, прычым адразу ў дзвюх секцыях — хірургіі (з далучэннем афтальмалогіі, дантыстыкі, вушных, сіфілітычных і скурных хвароб) і акушэрства, жаночых і дзіцячых хвароб. Ён ужо больш за год з’яўляецца сакратаром таварыства, членам яго ўпраўлення, а гэта, sit venia verbo, з дазволу сказаць, азначае, што ён асоба правераная і давераная. Калегі неяк амаль адразу прыкмецілі ў навічку тыя якасці, з якімі недалёка і да пасады прэзідэнта таварыства. Ён ім і будзе, і вельмі хутка, бо вышнія сілы не любяць заставацца ў даўгу перад уласнымі хоць і ненаўмыснымі, а ўсё ж ахвярамі, але, як любы чалавек не можа ведаць свой лёс наперад, так і доктар Свянціцкі пра гэта не ведае, а проста крочыць па Губернатарскай вуліцы вераснёвым вечарам 1872 года, пракручваючы ў галаве яркія моманты пасяджэння.

 

Хораша выступіў цяперашні прэзідэнт таварыства доктар Галавачоў. Пачаў вобразна, маляўніча: «Паважны дзядок час, — прамовіў ён, — нягледзячы на пяць соцень тысяч гадоў, налічаныя палеантолагамі і геолагамі для нашай планеты, хутка перабягае свае ўмоўныя межы, непрыкметна пераводзячы стрэлкі на цыферблаце аднаго з паўнаважкіх стагоддзяў, і нагадвае людзям і таварыствам, аб’яднаным у імя агульнай ідэі, што надышла пара трымаць справаздачу».

 

Не толькі гэты ўступ, але ўся прамова была вытрымана ў высокіх нотах, лілася ў залу нібы раманс, хаця мэта была нашмат больш празаічнай: ахарактарызаваць, так бы мовіць, матывы дзейнасці таварыства, паказаць яго стаўленне да мясцовай публікі. І гэта атрымлівалася, нават і праз напышлівасць, абумоўленую ўрачыстасцю пасяджэння. «У хвіліну агульнай бяды пад назвай халера, — працягваў Галавачоў, — хто выступіў супраць яе рычагом, галоўным і дзейсным, хто станавіўся паміж пакутнікамі і смерцю, баронячы першых ад кіпцюроў апошняй?..»

 

Увогуле, таварыства збіралася кожны месяц, пася-джэнні прытрымліваліся аднаго назаўсёды заведзенага парадку: спачатку сакратар чытаў для праверкі пратакол папярэдняга пасяджэння, потым бібліятэкар даваў пералік новай літаратуры, а з ёю і прэпаратаў, і інструментаў, далей сваю справаздачу трымаў касір, пасля чаго прэзідэнт знаёміў прысутных з урадавымі распараджэннямі, датычнымі «медыцынскага  саслоўя», і абвяшчаў далейшы парадак абмеркавання канкрэтных тэм — як будуць ісці адно за адным чытанні артыкулаў, заяў, паведамленняў, дэбаты і дыспуты на закранутыя тэмы, беглы агляд газет з іх чуткамі пра раптоўныя смерці і цудоўныя выратаванні, «пра газетную рэкламу наогул». 

 

Прэзідэнт Галавачоў гаварыў такім высокім штылем, што словы яго гучалі ў вушах Свянціцкага нават тады, калі ён ужо прыйшоў дадому: «І выконвалі яны доўг свой свята, сумленна, таму ў гэтую хвіліну адкрыта глядзяць у вочы Таварыства, не чакаючы ні папроку, ні скаргі, ні ўзнагароды. Ды і якая ўзнагарода вартая таго, каб замяніць сабою ахвярнасць…»

 

Ахвярнасць… Дома доктара чакалі дачушка Лідачка і жонка Марыя. Два тыдні таму Свянціцкія даведаліся, што ў наступным 1873-м у іх зноў народзіцца немаўля. Замест жаданага шлюбу з каханай Элізай, чыя літаратурная зорка ўзыходзіць цяпер даволі імкліва (мяркуючы па той польскай прэсе, якая даходзіць да правінцыйнага Мінска), ён ажаніўся з пляменніцай іншай зоркі літаратуры — самога Адама Міцкевіча. Што адчуваюць у гэтым шлюбе абодва — Марыя і Зыгмунт, — ведаюць толькі яны…

 

Калі б Конан Дойл жыў у Мінску

 

Халера лютавала ў горадзе і на некаторай адлегласці ад яго, як гучала ў пратаколе пад нумарам 10 аднаго з пасяджэнняў бягучага года. Даклад «Пра з’яўленне халеры ў г. Мінску ў 1872 г.» рабіў якраз доктар Свянціцкі, звярнуўшы ўвагу на этыалогію сітуацыі — самастойнае адраджэнне названай хваробы ў вайсковым шпіталі і адначасовае з ім распаўсюджаванне ў горадзе і ваколіцах.

 

Яшчэ ў 1871-м, паведамляючы пра эпідэміялагічныя рухі, ён рабіў выснову, што Мінск можа быць аднесены да ліку «даволі здаровых мясцовасцей». Але тады ж ён прыкмеціў і на пасяджэнні падкрэсліў, што адзёр, успышка якога фіксавалася на мяжы зімы і вясны — у лютым, сакавіку і красавіку 1871 года, — назіраўся пераважна ў навабранцаў мінскіх вайсковых частак, і гэта значыць, што адзёр, як і воспа, прыходзіць з вёсак і «кожны раз дае стымул развіццю дробных эпідэмій у горадзе».

 

Халера гэтым разам прыйшла ў Мінск 30 жніўня. А напярэдадні горад залівалі дажджы... Калі б Артур Конан Дойл жыў у Мінску, правобразам Шэрлака Холмса стаў бы не доктар Джозаф Бэл, галоўны хірург каралеўскай лячэбніцы ў Эдынбургу, а доктар Зыгмунт Свянціцкі, старшы ардынатар ваеннага шпіталю ў Мінску.

 

Зрэшты, і доктар Зыгмунт, як доктар Бэл, не раз трапляў пад пяро прыгожага пісьменства: маленькая жанчына з вялікай літаратурнай будучыняй, выпісваючы ў сваіх раманах урачоў, надзяляла іх асабліва сімпатычнымі рысамі.

 

Доктар Свянціцкі, мінскі медыцынскі Шэрлак Холмс, задаецца пытаннем: ці не звязаныя між сабой гэтыя з’явы — працяглыя ліўні і ўспышка халеры? Яго назіральнасць дазваляе зрабіць дзве высновы — пра існаванне аазісаў супраціўлення хваробе і пра наяўнасць залежнасці ўспышак ад узроўню падземных вод.

 

На працягу года пытанне халеры абмяркоўвалася на кожным пасяджэнні. Таварыства настойвала на поўнай галоснасці гэтай тэмы і ўтварэнні халернай камісіі. Большасць урачоў выказвалася пра кантагіёзнасць хваробы, доктар Свянціцкі прызнаваў яе слабай, напіраў на існаванне ўстойлівасці з аднаго боку і правакатыўнасці з іншага.

 

Прынамсі, парушэнне дыеты амаль заўсёды дае штуршок развіццю хваробы ў таго, хто жыве ў заражанай мясцовасці. Усе прызнаюць скачкападобнасць, «рэльефнасць» халерных праяў. Небяспечнымі абвяшчаюцца сырыя садавіна і гародніна, а таксама начлегі на пашах.

 

У метадах лячэння ніякага адзінства: адны ўхваляюць хлараль, другія давяраюць мускусу, трэція настойваюць на эфектыўнасці aethiops mineralis — чорнай ртуці. А доктар Свянціцкі распрацоўвае схему рацыянальнага лячэння халеры на аснове паразітычнай тэорыі і з прымяненнем усіх найноўшых сродкаў адначасова. Пры гэтым аптэкары адзінагалосна прымаюць рашэнне саступаць палову кошту на лекі для хворых на халеру беднякоў.

 

У Свянціцкага на беднякоў свае планы… 

 

Быць прарокам

 

Там, дзе чвэрць стагоддзя таму гімназіст Свянціцкі штудыраваў карпускулярную тэорыю і дэкламаваў Жукоўскага, у юбілейны вечар 7 верасня 1872 года з вуснаў Свянціцкага-доктара гучала вялікая справаздача пра ўнутраную і знешнюю дзейнасць таварыства за пяць гадоў існавання — пра тое, што першая «выявіла сябе ў цудоўных матывах непарушнай згоды і ўзаемапавагі», а другая пакуль не паспела сябе прадэманстраваць, але нічога ў тым дзіўнага і быць не магло: «Каб стаць цікавымі экспертамі для суграмадзян, трэба ўмацоўваць аўтарытэт — быць прарокам, прызнаным звонку».

 

Трохі больш чым год таму на экстраардынарным пасяджэнні быў выказаны заклік: «Усім удзельнікам Таварыства прыкласці ўзмоцненыя старанні да здабывання спаборнікаў і спаборніц, асабліва з чалавекалюбівай мэтай у самай блізкай будучыні адкрыць пры Таварыстве «Лячэбніцу», гэта значыць, бясплатныя або да крайнасці танныя медыцынскія кансультацыі і дапамогу, паколькі беднасць сярод народанасельніцтва пераважае і няма ў горадзе значных урачэбных цэнтраў».

 

Але да адкрыцця бясплатнай лячэбніцы яшчэ вельмі далёка. Забягаючы значна наперад, трэба сказаць, што яна адкрыецца толькі ў канцы 1879-га. Кіраваць ёю будзе, зразумела, доктар Зыгмунт Свянціцкі, а дапамагаць яму — паўтара дзясяткі ўрачоў, для якіх здароўе людзей важнейшае за ўласны вольны час ды матэрыяльныя выгоды. Далучацца і неабыякавыя аптэкары: па адных бланках будуць выдаваць лякарствы бясплатна, па другіх за палову кошту.

 

Тым не менш, нягледзячы на наяўнасць такіх людзей і іх адданасць прафесіі, першая мінская бясплатная лячэбніца праіснуе толькі два гады. Пасля памяняецца ўлада — і новаму кіраўніцтву горада гэты цалкам дабрачынны праект, які з гарадскога бюджэту, як ні круці, а цягне, ніяк не будзе цікавы.

 

Тое самае — і ў той самы час! — адбудзецца і з праектам маленькай, усё жыццё хворай, але вельмі дзейснай жанчыны, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, у той час ужо досыць вядомай: яе кнігарня ў Вільні адкрыецца ў тым самым 1879-м і таксама праіснуе два гады.

 

P. S. Шляхі Гасподнія

 

Яшчэ адзін падарунак лёсу як кампенсацыя страт: адпяванне і пахаванне доктара Зыгмунта Свянціцкага ў Мінску і пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў Гродне адбудуцца дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну 10 мая 1910 года, хоць памруць яны з розніцай у тры дні. Відаць, былі створаныя адно для аднаго, калі пасля смерці сустрэліся зноў — каб ужо не развітвацца…

 

10 мая прыйдзецца на панядзелак. Працоўны дзень не дазволіць прайсці ад касцёла Дзевы Марыі да Кальварыйскіх могілак кожнаму, хто пажадае. Тым не менш пахавальная працэсія будзе вялікай.

 

Над магілай будуць гучаць шматлікія і прадстаўнічыя прамовы без шаблону і пафасу — і гэта не прамінуць адзначыць газеты. Будуць яны такія ж вобразныя, як гучалі калісьці на пасяджэннях Таварыства мінскіх урачоў.

 

Зрэшты, гаварыць будуць не толькі прадстаўнікі таварыства: доктар Свянціцкі з’яўляўся ганаровым ці дзейным членам ледзь не ўсіх грамадскіх аб’яднанняў у Мінску: ад урачэбнага і сельскагаспадарчага да дзіцячага і яўрэйскага. «Шматлікія важкія справы доктара Свянціцкага не зніклі з закрыццём яго труны», — напісала праз два дні газета «Літоўскі кур’ер».