Стоматология в Минске
Фото из открытых источников.

Вечарам 30 студзеня 1967 года выкладчыца мінскага інстытута замежных моў Наташа з бацькамі і маладым чалавекам, які ёй вельмі падабаўся, пайшлі ў філармонію на «вечар псіхалагічных вопытаў» Вольфа Месінга. Білеты яны атрымалі ад яго напярэдадні.

 

Некалі жонка Месінга Аіда Рапапорт вучылася з Наташынай мамай, і таму ніякі візіт у Мінск у 1950-х, калі Наташа была яшчэ школьніцай, ды і ў 1960-х, калі Аіда Міхайлаўна ўжо не жыла, а Наташа стала студэнткай і потым выкладчыцай, не абыходзіўся без гасцявання Месінга ў кватэры яе прыёмных бацькоў (родныя загінулі ў вайну). Яны жылі на другім паверсе дома № 19 на праспекце Незалежнасці, акурат над цэнтральнай кнігарняй, а Вольф Рыгоравіч кожны раз пасяляўся ў гасцініцы «Мінск», адкуль яму было блізка і да гэтага дома, і да месцаў яго выступленняў: клуба імя Дзяржынскага, галоўнага корпуса БДУ, Дома афіцэраў, Купалаўскага тэатра і трохі аддаленай філармоніі.

 

Лёс ёсць лёс

 

Два білеты на яго выступленне ў той дзень у філармоніі атрымалі бацькі Наташы і два яна сама — для сябе і свайго прыяцеля. Але калі яна зайшла з ім у памяшканне, дзе Месінг рыхтаваўся да выступлення, то пачула ад Вольфа Рыгоравіча пытанне, якое здалося дзіўным. «Ён спытаў у майго спадарожніка, ці ёсць у яго білет, — расказвала мне Наталля Ільюшына ў 2010 годзе. — Я пасля зразумела чаму: дастаткова было Месінгу патрымаць нейкую рэч, як ён даведваўся пра яе ўладальніка ўсё, што яму было трэба. Вольф Рыгоравіч узяў з рук майго спадарожніка нашы білеты, пакруціў іх у руках і вярнуў. А потым адвёў мяне ўбок і сказаў, каб назаўтра я прыйшла да яго ў гасцініцу».

 

Калі ў наступны дзень, 31 студзеня, Наташа толькі падышла да нумара Месінга, дзверы перад ёй тут жа адчыніліся: Вольф Рыгоравіч стаяў на парозе. Узяў яе за руку, правёў у пакой, паса-дзіў на канапу. Усё гэта моўчкі, нават не паздароўкаўся. Яна нешта хацела ў яго спытаць — і зразумела, што ён ужо ёй адказвае. Моўчкі. «Я тады ўбачыла асобныя эпізоды сваёй будучыні і людзей, з якімі мне давядзецца сустрэцца, — расказвала Наталля Іванаўна. — Калі Вольфа Рыгоравіча ўжо не было ў жывых, я часта пазнавала тых людзей. Толькі знаёмілася з чалавекам — а ўжо ведала, ці добры ён, ці трэба трымацца ад яго падалей. А пра маладога чалавека, з якім я прыйшла на яго выступленне, ён мне сказаў, што было б цудоўна, калі б я пайшла за яго замуж, бо гэты хлопец харошы і кахае мяне па-сапраўднаму, але…

 

«Не пройдзе і месяца, — сказаў Месінг, — як ты пазнаёмішся са сваім лёсам». І праўда, пары дзён да месяца не хапіла — я сустрэла таго, з кім пайшла па жыцці. Лёс ёсць лёс…»

 

У канцы той «размовы» Месінг «папрасіў» Наташу дастаць з сумачкі праграмку, выпушчаную да яго гастроляў. Яна дастала, і ён напісаў прама на сваім фотаздымку: «Наташенка я с тобой». Распісаўся, паставіў дату: 31.01.1967. «Наташенка», без мяккага знака, па той прычыне, што ён кепска ведаў рускую мову. «Калматы коршун, крыклівы, экспрэсіўны, і мова ў яго такая, што з-за моцнага акцэнта немагчыма зразумець, што гаворыць», — сказаў пра яго ўрач Аляксандр Лунгін, сын Таццяны Лунгіной, фотажурналісткі, якая доўгія гады была неафіцыйным сакратаром Месінга, а ў 1970-х, калі праблемы са здароўем не дазволілі ёй працаваць, вярнулася, як яна піша, да сваёй першай прафесіі, урачэбнай, і займала хоць і адміністратыўную пасаду, але ў той самай бальніцы — Інстытуце сардэчна-сасудзістай хірургіі імя Бакулева, — дзе Месінг у 1974 годзе памёр.

 

«Калі табе будзе цяжка, — сказаў Месінг Наташы ў тую сваю апошнюю сустрэчу з ёю ў 1967 годзе ў Мінску, — паглядзі на мой фотаздымак і помні, што я з табой». Так яна і рабіла не раз у сваім жыцці. Але ён прадказаў і тое, што ў самы адказны момант, калі ёй спатрэбіцца дапамога, яна не зможа да яго звярнуцца. «І гэта збылося! Я на некалькі месяцаў згубіла яго фотаздымак, тую праграмку, — засунула ў адну з кніг у нашай вялізнай біблітэцы. І патэлефанаваць яму не магла: ён быў на гастролях», — сказала Наталля Ільюшына.

 

Той фотаздымак Наталля Іванаўна пазней уставіла ў рамку, і калі я была ў яе, прапанавала зняць са сцяны, каб уважліва разгле-дзець і сказаць, каляровы ён ці чорна-белы. Яна яго заўсёды ўспрымала як каляровы. Але аднойчы, глянуўшы на яго, пабачыла, што ён чорна-белы. Ёй тады стала страшна. Яна і адчула: Месінга больш няма…

 

«Я Месінг, я ведаю»

 

«Ён жа быў страшэнны курэц, — успамінае той самы Аляксандр Лунгін. — Папіросы адну ад адной прыкурваў. Гэта, уласна, і прывяло да закупоркі сасудаў, пад канец жыцця ён ужо ледзь хадзіў і таму пагадзіўся на аперацыю, якая, дарэчы, была праведзена бліскуча».

 

Месінгу ўяўлялася, што аперацыю яму павінен рабіць знакаміты Майкл Дэбейкі, амерыканскі кардыя-хірург, якога савецкі ўрад павінен быў, на яго меркаванне, з гэтай мэтай запрасіць спецыяльна, як быў ён запрошаны ў 1972 годзе рабіць такую самую аперацыю акадэміку Мсціславу Келдышу. Але савецкі ўрад пра гэта не рупіўся. Зрэшты, у бакулеўскім інстытуце аддзяленнем хірургіі магістральных сасудаў на той час ужо дзесяць гадоў загадваў 44-гадовы прафесар Анатоль Пакроўскі. Ён і зрабіў Вольфу Месінгу аперацыю, якую Аляксандр Лунгін ацаніў як бліскучую. Ён меў магчымасць у гэтым пераканацца, бо ўдзельнічаў у працэдуры анатаміравання цела Месінга.

 

«Але галоўная бяда савецкай медыцыны — пасляаперацыйны перыяд, — канстатуе Аляксандр Лунгін. — У Месінга пачалася пнеўманія, якая яго і згубіла. Сумна, таму што ён мог спакойна пражыць яшчэ пяць або дзесяць гадоў».

 

Пражыў 75. Прафесар Пакроўскі расказваў, што Месінг не проста пагадзіўся на аперацыю, а «рашуча сябе на яе настроіў, нічым не паказваў сваё хваляванне і быў пацыентам сабраным». Таццяна Лунгіна са сваёй адлегласці бачыла трохі іначай: «У адрозненне ад іншых шпіталізацый гэтым разам ён нерваваўся і зусім страціў сілу волі. Ці было гэта прадчуваннем канца?»

 

Чаму ж прадчуваннем, калі дэвізам гэтага пацыента было: «Я Месінг, я ведаю»?

 

Школа Вішнеўскіх

 

Іншыя шпіталізацыі — гэта і іншая клініка. Штогод вясной, калі хвароба абвастралася, Месінг «назіраўся» ў Інстытуце хірургіі імя Вішнеўскага. Любіў прагуляцца вакол помніка Аляксандру Васільевічу Вішнеўскаму, чыім імем інстытут названы, а ў палаце чытаў кнігу «Дзённік хірурга» Аляксандра Аляксандравіча Вішнеўскага з дарчым надпісам.

 

Малодшы Вішнеўскі быў сябрам Месінга. Прапісаў яму кінуць курыць, іначай давя-дзецца, маўляў, ампуціраваць ногі, але Месінг толькі абяцаў, а курыць працягваў. «А я, стары дурань, кожны раз веру», — жаліўся Вішнеўскі. «Дурань! Стары дурань!» — паўтараў за ім папугай, які жыў у яго ў кабінеце і быў падарункам Гагарына, прывезеным з Індыі. Папугай — птушка здольная, і гэтае «дурань» было не адзінай лаянкай, якую папугай Аляксандра Вішнеўскага здолеў засвоіць. За гэтым словам з птушынай дзюбы часта выходзіла такое, што і самы злосны мацюкальнік не заўсёды наважыўся б паўтарыць. А гэта была «школа Вішнеўскага», які фантаніраваў лаянкай нават на аперацыях.

 

Каля помніка старэйшаму Вішнеўскаму Вольф Месінг прыпыняўся, гля-дзеў на яго і задумваўся то пра «хуткаплыннасць жыцця», то пра што-небудзь іншае ў такім духу. «Ніколі не ведаеш, што прыйдзе табе на розум, калі стаіш побач з гэтым мудрацом са скальпелем у галаве», — гаварыў ён.

 

«З цябе выйдзе добры ўрач»

 

Медыкаў Вольф Рыгоравіч паважаў. Нават пераарыентаваў у медыцыну аднаго маладога чалавека родам з Віцебска. Яны з жонкай Аідай, не маючы сваіх дзяцей, «запісалі» яго, і прытым ужо дарослага і не сірату, сабе ў сыны. Так ім захацелася. «У цябе цудоўныя бацькі, Лёва, — сказала Аіда Міхайлаўна, — але калі б у нас з Вольфам Рыгоравічам быў сын, мы б хацелі, каб ён быў такі, як ты». Леў Неўлер, так звалі гэтага маладога чалавека, быў вельмі падобны да сябра Месінга, які таксама быў Леў, але загінуў. Неўлер, калі Месінг спытаў яго, яшчэ недэмабілізаванага, у 1946-м, куды ён збіраецца паступаць, адказаў, што ў політэхнічны, бо трэба ўзнаўляць краіну пасля вайны.

 

«Ты не тэхнар, — сказаў Месінг. — З цябе выйдзе добры ўрач. Табе трэба быць псіхіятрам». Леў Неўлер паслухаўся і паступіў на ўрача. Шчаслівыя Месінгі заказалі яму праз знаёмства на фабрыцы моднага пашыву ў Рызе касцюм, доўга і з асалодай абмяркоўваючы, які яму больш пасуе як будучаму доктару: аднабортны ці двухбортны.

 

Знак гэта ці не, але працаваць пасля атрымання дыплома Льва Неўлера накіравалі акурат туды, дзе ён першы раз убачыў Вольфа Месінга. Убачыў яшчэ ў падлеткавым узросце.

 

Было так. Да іх у Віцебск прыехала сястра яго бабкі з Гомеля і паведаміла, што ў яе горадзе праходзяць «выступленні чараўніка». Лёву цікавілі сеансы гіпнозу, якія праводзіў у Віцебску яго любімы дзядзечка Кома, і таму ён зацікавіўся гэтым «чараўніком» не на жарт і па-ехаў глядзець на яго ў Гомель.

 

У сваю чаргу Месінг меў да Гомеля сантымент асаблівага кшталту. Тыя яго выступленні, пра якія расказвала сястра бабкі Лёвы, былі яго першымі выступленнямі ў Савецкім Саюзе. Па сутнасці, з іх і пачалася яго артыстычная кар’ера ў краіне, якая яго, бежанца, прытуліла. Гомель стаў настолькі важным горадам у лёсе гэтага чалавека, што ён святкаваў там свае юбілеі.

 

І вось яго названы сын Леў Неўлер працуе ў Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. 1967 год, зіма. На гастролі ў Гомель прыязджае Месінг.

 

Гастролі ў гомельскай бальніцы

 

«Сынам» Неўлер быў няўважлівым: Месінгу, каб пабачыцца з ім на гастролях у Гомелі, давялося званіць у бальніцу галоўнаму ўрачу. Так і выйшла, што пра стасункі доктара Неўлера з «тэлепатам» даведаліся калегі. Галоўны ўрач праз доктара Неўлера запрасіў Месінга на сустрэчу з калектывам бальніцы.

 

Абыходзячы аддзяленні, Месінг хваліў парадак, прыязнасць персанала і дружалюбнасць юных пацыентаў. Сярод іх аказаўся падлетак-старшакласнік, які «ішоў на залаты медаль», але, відаць, ад вялікай нагрузкі атрымаў псіхічнае захворванне. У яго былі павялічаныя міндаліны, а яму здавалася, што ў яго ў горле жывуць вуж і гадзюка, вужа завуць Дзяніс, а гадзюку Дуся.

 

Месінг правёў з ім сеанс гіпнозу, пад час якога «выгнаў» гадаў з горла падлетка і пераканаў яго ў тым, што яны ўжо не вернуцца, бо «зварыліся». Сапраўды, перад хлопцам стаяў чан з варам, і ў гэты вар з рукавоў Месінга трапілі па чарзе дзве цацкі-змяі. «Доктар» Месінг папрасіў загіпнатызаванага пацыента раскрыць рот шырэй і загадаў спачатку вужу: «Дзяніс, выходзь!» — а потым такім жа макарам вытурыў Дусю. Школьнік вылечыўся, скончыў паспяхова школу, паступіў у інстытут. Месінг рэкамендаваў рэгулярныя сеансы гіпнозу, але іх ніхто не праводзіў, абышліся медыкаментозным лячэннем.

 

Messing2

З супрацоўнікамі Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Месінг у цэнтры. Леў Неўлер другі справа.

 

Як і прадказваў

 

Збіраючыся ў бальніцу апошні раз, ён развітаўся з домам, сказаў, што ніколі яго больш не ўбачыць. Паведаміў Таццяне Лунгіной дату свайго сыходу з жыцця: 8 лістапада. Сказаў яшчэ, што памрэ ў адзіноце.

 

Гэта быў 1974 год.

 

Лунгіна тады сама захварэла. Ёй пазванілі, сказалі, што яе сябра Месінг знаходзіцца ў клініцы, дзе яна працуе, але яна, ведаючы, што ён ужо ў аддзяленні, не спяшалася. А на наступны дзень пасля аперацыі кінулася ў рэанімацыю, каб даведацца, як ён, але яе, хворую, прастужаную, туды не пусцілі. Дазволілі толькі паглядзець на яго праз шкло. Месінг рабіў ёй знакі рукой, што хоча курыць. Доктар, які стаяў побач, падняў вялікі палец — даў Лунгіной знак, што ўсё проста цудоўна.

 

Было сапраўды цудоўна. Лунгіна баялася, што будуць сінія ногі і гэта будзе азначаць непазбежнасць гангрэны і ампутацыі, але ногі былі як ногі, а пацыент ні пра што не думаў, акрамя папярос. «Пракляты тытунь!» — прасіпела Лунгіна.

 

Цяпер было важна вытрымаць рэабілітацыйны перыяд. На наступную раніцу ёй сказалі, што ў Месінга калапс лёгкіх, але ўрачы стараюцца яго выцягнуць. Днём яму стала горш. Пераставалі дзейнічаць ныркі. Неўзабаве ўжо ўся Масква ведала, што знакаміты Месінг у бальніцы ў крытычным стане. Лунгіна тым часам сама ўжо злегла з пнеўманіяй.

 

8 лістапада ёй было так кепска, што яна не змагла ўстаць. А 9-га раніцай зазваніў тэлефон. Паведамілі, што ў 23.00 памёр Месінг. 8 лістапада і ў адзіноце, як і прадказваў.

 

Месяц і коршун

 

Наталля Ільюшына даведалася пра гэта, зірнуўшы на фотаздымак, які раптам стаў для яе чорна-белым.

 

«Я тады ўбачыла на праграмцы твар мёртвага чалавека! Я не ведаю, як гэта патлумачыць, — гаварыла яна. І дадавала: — Гэтаксама як нельга патлумачыць і тое, якім чынам мы тады ў гасцініцы «Мінск» размаўлялі без слоў. Так сляпому ад нараджэння немагчыма патлумачыць, што такое чорны, чырвоны, сіні…»

 

У канцы нашай гутаркі Наталля Іванаўна падпісала мне кнігу сваіх вершаў. Яна называецца «Скрозь прызму ночы». Там у аўтарскай прадмове ёсць словы пра месяц, які ў поўню нагадвае цыферблат. «Адсякаючы ад ўласнай плоці секунды і мінуты, — піша Наталля Ільюшына, — Месяц прыадкрывае хвалюючыя таямніцы мінулага і пранікае ў нязведаныя глыбіні будучыні».

 

Калі Вольф Месінг, на якога ў дзяцінстве месяц дзейнічаў вельмі моцна, сказаў тады ў гасцініцы «Мінск» сваёй юнай сяброўцы Наташы, што яна будзе пісаць вершы, яна падумала: «Ну, тут дзядка ўжо занесла!». Толькі падумала. А «калматы коршун» Месінг уголас крыкнуў: «Нічога не занесла! Я Месінг, я ведаю!»

 

Фота прадастаўлены аўтарам.