Гучная слава на усю краiну яшчэ не даказвае, што справы твае вялiкiя. Iншая рэч — вядомасць у родным горадзе. Калi гавораць, што урача Iвана Нiчыпарука у Гродне другой паловы мiнулага стагоддзя ведалi yсе, то гэта не прыгожы выраз, а канстатацыя факта.
Калi анёлы правакуюць
— А гэту зацемку вы сфатаграфавалі? — пытаецца ў мяне Ірына Ільіна, дачка легендарнага доктара. — Васіль Быкаў пра тату вельмі хораша напісаў.
«Так ужо ў медыцыне заведзена, што кожны яе работнік, якое б становішча ні займаў, служыць ёй безадмоўна і бестэрмінова, — абвяшчае Васіль Уладзіміравіч са старонкі «Гродзенскай праўды» ў 1970 годзе. — Гэтая старая ісціна найбольш відавочная ў дачыненні да характару Івана Валяр’янавіча, які, што б ні рабіў з уласцівай яму таленавітасцю, усё расцэньвае не больш як выкананне звычайнага абавязку. Таму і нядзіўна, што ён не памятае выпадку з Л. Марцулем, згубленага сярод мноства іншых».
Апошні сказ, пазбаўлены якога б там ні было развіцця (напісана толькі, што не ў стане Л. Марцуль забыць, колькі сілы прыклаў Іван Валяр’янавіч, каб вырваць яго з лапаў смерці), — гэта як пячатка майстра, знак якасці: кінецца ў вочы — і адразу ж запэўнівае, з чым і з кім маеш справу. Люблю такія прыёмы.
Артыкул «Высакародны талент», дзве калонкі на паўпаласы, выйшаў да 60-годдзя Івана Нічыпарука. Аўтар выказваў упэўненасць, што ніякая, нават самая шыкоўная пахвала на адрас гэтага незвычайнага прыроднага дара, памножанага на карпатлівую штодзённую працу, не будзе празмернай, і заўважае парадаксальнае: мнагавопытны спецыяліст, прызнаны і ўганараваны, удасканальвае майстэрства, не складаючы рук, нястомна ўзбагачае ўласныя веды, авалодвае новымі хірургічнымі тактыкамі.
Валявы, энергічны, натхнёны, ён у свае 60 такі самы, якім быў у гады маладосці. «Удзячных яму пацыентаў падлічыць вельмі цяжка, як цяжка пералічыць хаця б частку таго, што ім зроблена, ды і наўрад ці ёсць у гэтым патрэба», — канстатуе Васіль Быкаў.
А вось яшчэ адзін савецкі артыкул. 1980-ы, публікацыя Н. Волкавай да 70-годдзя знакамітага доктара: «Калі б адбыўся цуд і сабраліся ўсе, каму ён вярнуў здароўе, радасць жыцця, а часам і само жыццё, не хапіла б ім месца і ў самым вялікім гродзенскім зале. Час у старэйшага ўрача 2-й гарадской бальніцы распісаны па хвілінах, застаць яго ў кабінеце — справа нялёгкая. Ён то ў перавязачнай, то са студэнтамі-практыкантамі, то рашае нейкія важныя гаспадарчыя справы. Такіх «то» за дзень набіраецца процьма».
— А зірніце, які цудоўны здымак зроблены ў анатомікуме! — адрывае мяне ад чарговай газетнай выразкі Андрэй Майсяёнак, біяхімік, вітамінолаг, доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, які ведаў героя гэтых артыкулаў асабіста і якога мае анёлы парупіліся далучыць да нашай з Ірынай Іванаўнай гутаркі. — І вось яшчэ, не менш цудоўны. Але тут Іван Валяр’янавіч ужо самы сапраўдны доктар: усе да яго!
— Ён быў энергічны і маладжавы, але праца хутка яго састарыла, — тлумачыць Ірына Іванаўна. — І за пацыентаў моцна перажываў, і па начах не спаў: сірэны «хуткай» нават мяне з братам будзілі так, што мы ператвараліся ў лунацікаў — падоўгу не маглі заснуць.
Гэта пазней, калі мы падраслі, а ў горадзе ўрачоў стала больш, бацьку ўжо так начамі не турбавалі. Але аўтарытэт яго быў велізарны ўвесь час. Нельга тут не сказаць пра маму, Зінаіду Іванаўну Нічыпарук. Яна скончыла польскую гімназію і фельчарска-акушэрскую школу, але па прафесіі працавала нядоўга. Івану Валяр’янавічу яна была патрэбна як родны і дарагі чалавек, жонка і гаспадыня дома, а нам як мама, і ў гэтых ролях была яна ўся, выконвала іх бліскуча, стаўшы для сям’і крыніцай любові і натхнення.
Такая гiсторыя
— Гісторыя таты такая. Нарадзіўся ён у 1910 годзе самым малодшым сынам у сям’і, дзе раслі тры дзяўчынкі і трое хлопчыкаў. Дзядуля працаваў, дзе толькі мог, каб хлопчыкам даць адукацыю, дзяўчынкі такой магчымасці не атрымалі. Старэйшы, Мікалай, скончыў ветэрынарны інстытут, сярэдні, Жорж, — бухгалтарскія курсы, а Іван рашыў падацца на ўрача ў Варшаву.
Іван Нічыпарук скончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію імя Адама Міцкевіча, і гэты факт сам па сабе ўжо пра многае сведчыць. Легендарнае месца, дзе біялогію выкладаў слынны Ян Каханоўскі, які дзеля глыбіні ведаў вучняў заклаў батанічны сад і арганізаваў заапарк, не магло не адбіцца на светапоглядзе падлетка. Цалкам магчыма, што і на выбар прафесіі яно мела ўплыў. Адзначыўшы так пра сябе, я працягваю слухаць аповед Ірыны Іванаўны.
— У Варшаве экзамены ў яго прынялі, але ў студэнты не запісалі. Вярнуўся ў Гродна з пытаннем: «Што мне рабіць?» Муж сястры сеў на ровар і памчаў з дакументамі ў Вільню. Іван прыбыў следам, здаў экзамены, паступіў. Ёсць меркаванне, што ў Варшаўскі ўніверсітэт ён не прайшоў з-за імя, якое гучыць па-руску. І цалкам верагодна, і ніколькі не дзіўна, улічваючы, што ў той самай Варшаве, толькі на некалькі дзясяткаў гадоў раней, у часовую яе прыналежнасць Расіі, былі ўстановы, дзе на працу не бралі палякаў. Мела рацыю зямлячка Івана Валяр’янавіча Елізавета Венядзіктаўна Арэшкава, яна ж пісьменніца Эліза Ажэшка, калі пісала, што кожны новы віток гісторыі мяняе толькі геаграфічную карту несправядлівасцей. Але не пра тое гаворка…
З 1930 па 1937 год Іван Нічыпарук вывучае медыцыну ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя — яшчэ адной легендарнай установе, адкрытай у 1919-м у тых самых сценах, якія пасля паўстання 1831 года так надоўга, амаль на дзевяць дзясяткаў гадоў, перасталі быць універсітэцкімі.
Адначасова з Нічыпаруком у адноўленым прытулку прыхільнікаў «Гаўдэамуса» адукацыю атрымліваюць многія будучыя знакамітасці, у прыватнасці, набеліст Чэслаў Мілаш, але медфакультэт меў уласных герояў. Ірына Іванаўна бярэ ў рукі здымак, дзе яе бацька зняты з вядомым віленскім урачом Анатолем Гамперам, — і для Андрэя Георгіевіча гэта робіцца добрай нагодай адзначыць цікавы факт.
— Іван Нічыпарук, Анатоль Гампер і Георгій Майсяёнак, мой бацька, да вайны вучыліся разам ва ўніверсітэце ў Вільні, а пасля вайны апынуліся разам іх дзеці — у медыцынскім інстытуце ў Гродне. Спачатку на адным курсе займаемся я і сын Івана Валяр’янавіча, таксама Іван, брат Ірыны Іванаўны, а на другі ці на трэці курс да нас пераводзіцца сын Анатоля Гампера! І мы, тры сыны трох бацькоў, таксама сябруем! Праўда, Гампер-малодшы (тут мой суразмоўца гарэзна ўсміхаецца) пайшоў не ў бацьку: любіў не жанчын, а карты. Помніш, Ірына Іванаўна?
— Помню-помню, чаго не павінна, — усміхаецца ў адказ Ірына Іванаўна.
Анёлы на дасягнутым не спыняюцца. Я сяджу за пісьмовым сталом з раскладзенымі на ім фотаздымкамі, дакументамі, раздрукоўкамі і газетнымі выразкамі, а паабапал яго сядзяць мае суразмоўцы. Іх такімі назваць можна ўмоўна: яны размаўляюць — я слухаю. Усталёўваецца найцудоўнейшая нязмушаная атмасфера, пра якую, рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я не магла нават марыць.
Святое месца
Атрымаўшы дыплом лекара (так у ім напісана), да вайны Іван Валяр’янавіч працуе ў 1-й бальніцы Гродна, у вайну, якая настае неўзабаве, працягвае прымаць хворых, адначасова таемна перапраўляючы партызанам лекі і перавязачныя матэрыялы, а ў 1944-м, калі вызваляецца Беларусь, яго прызначаюць галоўным урачом 2-й гарадской бальніцы, у якую ператвараюцца сцены францішканскага манастыра.
Тут у першай палове 1920-х у трох маленькіх пакойчыках на першым паверсе размяшчалася рэдакцыя каталіцкага часопіса «Рыцар Беззаганнай», які выдаваўся яшчэ адной легендарнай асобай — айцом Максімільянам Кольбэ, далучаным потым да ліку святых за подзвіг у Асвенцыме. Такі самы подзвіг, які здзейсніў і Ян Каханоўскі ў Гродне: абодва прынялі рашэнне пайсці на смерць замест іншага чалавека.
— Святое месца, — ківае Андрэй Георгіевіч. — А мы з Ірынай Іванаўнай у гэтай бальніцы былі на практыцы, у нас там была база кафедры.
— Тата спачатку ўзначаліў бальніцу, а потым загадваў там аддзяленнем. Стаўшы высакакласным урачом, ён як хірург займаўся самымі рознымі паталогіямі, але найбольш яго прыцягвалі праблемы касцявой сістэмы — пераломы ды іншыя траўмы, асабліва ж — прыроджаныя вывіхі. Займаючыся лячэннем апошніх, ён прыносіў людзям невымоўную радасць і шчасце на ўсё жыццё. Уявіце, чалавек пакутаваў, а потым пазбавіўся калецтва і пачаў хадзіць, як усе. Колькі такіх ад нараджэння знявечаных дзетак прайшло праз яго рукі! Аперыраваў тата да старасці.
— Я некалькі разоў прысутнічаў на яго аперацыях. Мне цікава было назіраць за школай прафесара Міхейды ў дзеянні. Быў такі знакаміты віленскі ўрач, выкладаў ва ўніверсітэце. Я і ў бацькі свайго прыкмячаў яго тэхніку валодання аперацыйным полем. Гэта была асаблівая культура, характэрная для ўрачоў таго часу. Але мне пры ўсім захапленні такім майстэрствам не захацелася ісці тым жа шляхам. Цяжэзны гэта хлеб — хіругія.
— Тут ёсць здымкі з такімі праблемамі, якія здаюцца невырашальнымі. Паглядзіце, якія ў хлопчыка ногі! — гаворыць Ірына Іванаўна і паказвае фотаздымак. — А ён потым хадзіў! А параўнайце апёкі ў самым пачатку, яшчэ да лячэння, і ўжо пры выпісцы. Скура чыстая, як не было нічога.
Здымкі, артыкулы, дакументы… Стос ганаровых грамат, пасведчанне Заслужанага ўрача БССР, знак «Выдатнік аховы здароўя», медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», чырвоная корачка «Лепшы ўрач горада Гродна» — «за дасягнутыя поспехі ў ахове здароўя працоўных»... Краіна і горад цанілі свайго героя.
“Розныя выпадкi здаралiся, — гаворыць Iрына Iванауна, апiсваючы працу бацькi у бальнiцы-манастыры. — Аднойчы на дзяжурстве ён пачуу даволi выразныя крокi. Падняу галаву i yбачыy: iдзе манах. Тата пытаецца: «Хто вы?» Манах знiкае”.
USB стогадовай даунасцi
— Трэба сказаць, што ў асобе Івана Валяр’янавіча маем мы справу з даволі яркім прыкладам не толькі ўрача. Ён валодаў яшчэ і мастацкім талентам. Я звярнуў увагу, што ў літаратурна-краязнаўчым музеі ў Гудзевічах у Мастоўскім раёне ёсць яго працы — карціны на спілах дрэў, — заўважае Андрэй Майсяёнак.
— Ён і аперацыі зарысоўваў, рыхтуючыся да іх. Каб запомніць. Яго таленты выходзілі і за гэтыя межы, распаўсюдж-валіся шырэй, — падхоплівае Ірына Іванаўна. — Ён цудоўна іграў на гітары, спяваў і імітаваў галасы. Праўда, апошняе рабіў толькі дома, у сямейным коле. А калі прыязджалі ці прыходзілі да яго людзі з вёсак, размаўляў з візіцёрамі і не па-польску, і не па-беларуску, гэта была асаблівая мова — вясковая. Ён валодаў ёй бездакорна, чым выклікаў у насельніцтва вельмі вялікі давер. Людзі ішлі да яго…
— Нічыпурык — так яго называлі вясковыя. І пайшла за горадам слава: «Маю матку вылечыў Нічыпурык».
…За спінай злева ў мяне бюст Івана Валяр’янавіча, зроблены ўдзячным пацыентам, а справа — дакументальна-мастацкі шэдэўр рукі самога Нічыпарука — шарж на выкладчыкаў alma mater. Professorowie Uniwersytetu USB w Wilnie — напісана зверху. Знізу — пазнака аўтара і прозвішчы ўсіх, каго сотню гадоў таму лёгка б «вылічылі» па самых характэрных прыкметах, перададзеных дасціпным студэнцкім алоўкам.
Найбольш уражвае і захапляе тое, што не кожны з гэтых прафесараў і дацэнтаў пакінуў па сабе фотаздымак, знешнасці добрай паловы нам невядомыя, а гэты шарж дае пра іх такое яскравае ўяўленне: фізіёлаг, гістолаг і эмбрыёлаг Марыян Эйгер, неўролаг і псіхіятр Станіслаў Караль Владычка, гігіеніст Казімеж-Вацлаў Карафа-Корбут, педыятр Вацлаў Ясінскі, анколаг Казімеж Пельчар, бальнеолаг Зянон Арлоўскі…
Ёсць сярод іх і згаданы маім суразмоўцам прафесар Карнел Міхейда, гуру абдамінальнай, артапедычнай, «грудной, малочнай і мочапалавой» хірургій. А USB — не што іншае як абрэвіятура Універсітэта Стэфана Баторыя. Гэтымі літарамі пазначаны ўсе студэнцкія фотаздымкі, якія Іван Нічыпарук падпісаў з найвялікшай дакладнасцю — указваючы нават месяц і дзень, а не толькі год.
Так ужо ў самым пачатку яго прафесійнага шляху праявіла сябе імкненне ўсталёўваць парадак. Нават калі гэты парадак парушаны ў чалавечым арганізме, а парушальнік яго мае доўгую лацінскую назву-дыягназ, управу Іван Валяр’янавіч знаходзіў на яго амаль заўсёды.
…I яшчэ адзiн парадокс
Невымерны практычны вопыт і выключная ўрачэбная інтуіцыя давалі Івану Нічыпаруку цудоўную магчымасць мець навуковыя публікацыі і ступені, запатэнтаваныя тэхналогіі і вынаходніцтвы, абароненыя ўласныя і вучнёўскія дысертацыі, і нават дзіўна, што гэтага ўсяго ён не меў.
Але шляхі гасподнія па-ранейшаму застаюцца нявызнанымі, і, як гаварыў згаданы святы пакутнік Максімільян Кольбэ, рабіць трэба тое, што неабходна, пра астатняе можна не клапаціцца. Тым больш, што вучняў ды паслядоўнікаў у Івана Нічыпарука вельмі многа.