Яна сама сябе так назвала — дала такі загаловак аўтабіяграфічнаму нарысу. «У адным невялікім павятовым горадзе адной з заходніх губерній жыла маленькая дзяўчынка», — пісала Варвара Кашаварава-Руднева для пецярбургскай газеты. Павятовым горадам былі Чавусы. Першая ў Расійскай імперыі жанчына, якая атрымала ступень доктара медыцыны, вырасла на Магілёўшчыне.
Ягня на закланне
У падрабязных апісаннях нягодаў, якія выпалі на яе дзяцінства, лёгка знаходзяцца знакі лёсу. У сям’і, дзе яна расла, не ведаючы, ці родная, бо так да яе там ставіліся, грамаце вучылі толькі хлопчыкаў — і гэта ёй было большай крыўдай, чым кухталі. Калі сышла адтуль куды вочы глядзяць і, апынуўшыся пад Пецярбургам, напалову жывая трапіла ў шпіталь — не дзе-небудзь, а ў асяроддзі медыкаў удыхнула ў сябе атмасферу сапраўднай сям’і і адчула цеплыню дома. Стары настаўнік, у якога потым нядоўга жыла, сілкаваў яе аповедамі пра знакамітых людзей, і яго палымяныя прамовы пра тое, што любы чалавек можа праславіцца карыснымі справамі, варта яму толькі гэтага захацець, замацоўвалі ў ёй прагу навукі.
Лёс упэўнена вёў яе сваім шляхам, але ўсемагутны, бязлітасны, непазбежны — ён за-маньваў яе ў сіло, якое толькі здалёк выглядала марай, а па факту апынулася жорнамі гісторыі, якія перамелюць усё, абы вывесці гаспадыню на новы віток развіцця.
Спадарыні гісторыі патрэбна была піянерка — і яна яе атрымала. Але гэта не казка са шчаслівым канцом, рыхтуйцеся прачытаць жыццяпіс ягня, аддадзенага на закланне.
Аднойчы ў 19-м стагоддзі
Адна вядомая на той час пісьменніца горача спрачалася з прафесарам-рэктарам, у тым часе таксама вядомым. Ён, як умеў, даводзіў, што жанчыне ва ўніверсітэце не месца, яна даказвала адваротнае, дэманструючы зайздросную эрудыцыю. Хутка вычарпаўшы свае недарэчныя аргументы, прафесар страціў грунт пад нагамі і абараняўся ўжо толькі фактам недахопу ва ўніверсітэтах месцаў. А пад канец з адчаю выгукнуў, што хутчэй у яго на далоні вырастуць валасы, чым ён убачыць жанчын у лекцыйных залах. Прамінула некалькі год, універсітэты ўжо раіліся ад студэнтак — і пісьменніца зноў сустрэлася з тым прафесарам. «Я любавалася яго прыгожай доўгай барадой, але валасоў на далонях не бачыла», — жартавала яна.
Універсітэцкі статут, які дзейнічаў у Расійскай імперыі з 1835 года, не прадугледжваў з’яўлення жанчын ва ўніверсітэтах. Гэта значыць, і не дазваляў, і не забараняў. Спачатку не было прэцэдэнтаў.
Але на досвітку 1860-х у аудыторыях пачалі з’яўляцца «мілавідныя барышні». Па ўспамінах студэнтаў, выкладчыкі прыводзілі іх за руку, паказвалі дзе сесці і далей чыталі лекцыі.
Што цікава, студэнты ставіліся да з’яўлення «барышняў» як да звычайнай з’явы і, як пісаў адзін з іх праз гады, «нічым не давалі слухачкам нагоды да непрыемнасці». У стане выкладчыкаў адносіны да новай з’явы былі не такія роўныя. Гэты ж студэнт успамінаў, што большасць прафесараў яе не вітала. «Яны зусім не здагадваліся, што гэта пачатак вялікага руху», — пісаў ён.
Калі чатыры больш, чым два
Пакуль жанчыны наведвалі лекцыі на правах вольных слухачак, на з’яву глядзелі паблажліва. Але неўзабаве яны пачалі пытацца дазволу на афіцыйнае паступленне. Тады Галоўнае ўпраўленне вучылішчаў «в видах наиболее удовлетворительного решения этого вопроса» прапанавала яго на абмеркаванне ўніверсітэцкіх саветаў. З шасці ўніверсітэтаў, якія разглядалі пытанне, чатыры — Пецярбургскі, Казанскі, Кіеўскі і Харкаўскі — выказаліся станоўча не толькі наконт вучобы жанчын, але і наконт таго, каб прэтэндаваць ім на атрыманне навуковай ступені — «к совершенному отсутствию причин противоположного». Маўляў, асобы мужчынскага полу атрымліваюць навуковую ступень за чыстыя веды, а не за прыналежнаць да свайго полу, адмоўнае рашэнне пытання магло б абапірацца на доказы няздольнасці жанчын успрымаць ісціну нароўні з асобамі мужчынскага полу, але такіх доказаў не існуе.
Два ўніверсітэты далі зусім іншы адказ. Маскоўскі дваццаццю трыма галасамі супраць двух пастанавіў, што нельга дапускаць вучобы жанчын ні пад якім відам, бо гэта можа мець кепскі ўплыў на паспяховы ход заняткаў для маладых людзей. «Дапускаць маладых жанчын ва ўніверсітэт, калі не ведаеш, як даць рады з маладымі мужчынамі, было б верхам бязглуздасці», — сказаў адзін прафесар-юрыст, які ўвогуле не галасаваў. А прафесар Армфельд з кафедры судовай медыцыны, адзін з двух, хто прагаласаваў «за», заявіў, што ні ў чым няма такой вялікай патрэбы, як у адукаваных урачах жаночага полу. «Колькі дабра маглі б зрабіць жанчыны-ўрачы ў жаночых хваробах, якія нярэдка маюць такія прычыны, што не кожная жанчына рашыцца ў іх прызнацца свайму медыку!» — такія былі яго словы, якія ні на што не маглі паўплываць.
Рашэнне Дэрпцкага ўніверсітэта данёс міністру папячыцель вучэбнай акругі, дадаўшы ад сябе асабіста, што ён не прызнае жаночы пол здольным вывучаць анатомію, неабходную для медыцыны, «па асаблівасцях яго канструкцыі».
Тэма перакінулася ў прэсу. Адны пісалі, што жанчыны-ўрачы неабходны, што ад іх можна будзе чакаць карэннага пераўтварэння першапачатковага жаночага выхавання, якое рыхтуе «папугаяў і лялек, што заўгодна, толькі не жанчын». Другія пісалі, што ў жаночых разумовых магчымасцях можна не сумнявацца, але як яны будуць прымяняць свае веды, выконваючы прафесійныя абавязкі, незразумела, таму рашэнне на іх карысць наўрад ці можна назваць справядлівым.
Аўтар, які падпісаўся як Х, заўважыў, што самыя заўзятыя праціўнікі дапушчэння жанчын да медыцыны — урачы, якія жывуць толькі з «практыкі». «Няўжо яны баяцца, што жанчыны адаб’юць у іх “практыку”?»
У выніку новы ўніверсітэцкі статут ад 1863 года катэгарычна забараніў жанчынам уваходзіць у «храм навукі». Ужо і ў якасці вольных слухачак.
Міласцівым гасударам
Пакуль рашалася пытанне з жаночай вучобай, Варвара, яшчэ толькі Кашаварава, хадзіла вольнай слухачкай у Павівальны інстытут. Народжаная Нафанавай, яна паспела выйсці замуж за купца Кашаварава, але неўзабаве сышла ад яго, бо ў сям’і мужа ёй забаранялі чытаць. Яна ж, да 12 гадоў не ведаўшы літар, прагна наганяла ўпушчанае.
Курс для вольных слухачак Павівальнага інстытута быў разлічаны на два гады, але Варвара засвоіла яго за восем месяцаў, чым звярнула на сябе асаблівую ўвагу. На экзамене так сябе паказала, што выдалі ёй пасведчанне з адзнакай. Далей можна было працаваць акушэркай у любым павятовым горадзе, і Варвара была гатова, як яна піша, ехаць хоць на край свету, абы мець чэсны кавалак хлеба і быць карыснай грамадству. А гэта быў час, калі лютаваў сіфіліс, і асабліва ў Арэнбургскім краі, дзе «высочайшим повелением» былі адкрыты жаночыя бальніцы, якія камплектаваліся не ўрачамі, а акушэркамі пасля праходжання імі спецыяльных курсаў пры Калінкінскай бальніцы ў Пецярбургу. Варвару накіравалі на гэтыя курсы.
І зноў яна на экзамене прымушала камісію захапляцца ўзроўнем ведаў. Свяцілы медыцыны і чынавенства не шкадавалі пахвальных слоў, але выпускніца мела аб сабе іншае меркаванне. Яна заявіла «міласцівым гасударам», што веды яе нікчэмныя, таму што яна не вывучала ні анатомію, ні фізіялогію, ні іншыя медыцынскія навукі. Ці мае яна ў такім разе права лячыць хваробы грунтоўна? «Менш за ўсё я ведаю і магу лячыць такую сур’ёзную і важную хваробу, як сіфіліс, якая ўплывае на лёсы цэлых пакаленняў, — сказала яна. — Вы прапануеце за мае поспехі ўзнагароду — гадавое жалаванне. Дазвольце мне адмовіцца ад гэтай узнагароды і прасіць даць мне іншую — вучыцца медыцыне». Адны смяяліся ў кулак, другіх абурыла дзёрзкасць, трэція палохалі цяжкасцямі, а дырэктар медыцынскага дэпартамента паабяцаў падумаць. Але што ён мог прыдумаць, калі ўжо дзейнічаў новы статут.
Варвара пачынае дабівацца жаданага самастойна. Лёс, безумоўна, расставіў на гэтым яе шляху сваіх памагатых. Але не ў меншай колькасці вывеў на арэну яе жыцця тых, хто перашкаджаў.
«Садзейнічаць Кашаваравай»
Арэнбургскі генерал-губернатар, наслухаўшыся пра Кашавараву, напісаў на яе прашэнне ў высокую інстанцыю, указаўшы, што выкананне просьбы гэтай акушэркі лічыць вельмі карысным для края і таму хадатайнічае «перад усімі, ад каго гэта залежыць, садзейнічаць Кашаваравай».
І вось яна студэнтка. Не маючы гімназічнай адукацыі, яна зусім не ведае лаціны, і ёй неверагодна цяжка. Але нават прафесар Грубер, чыя мова складаецца з набора нямецкіх слоў і лацінскіх тэрмінаў і толькі злучнікі ды прыназоўнікі гучаць у яго па-руску, сам Венцэль Грубер, пра чыю педагагічную строгасць ходзяць легенды, той самы Грубер, які патрабуе ад студэнта ведаць такія анатамічныя дробязі, якія не ў кожным целе бываюць, — і той да яе спагадлівы.
Але вось падкраўся паўлекарскі экзамен — і замітусіліся непрыяцелі. Калі дапусціць Кашавараву да паўлекарскага, дык яна, чаго добрага, і выпускны здаваць пажадае, а там запатрабуе дыплом. Рашылі шчыра спытаць яе пра далейшыя планы. А яна ім: усё ад арэнбургскага кіраўніцтва залежыць. А на сваім праве здаваць паўлекарскі экзамен настойвае. Дазволілі. Але як?! Без права прэтэндаваць на дыплом... «Чтобы она не имела в виду получения ученого звания, не существующего для лиц женского пола». (Але ж мы з вамі ведаем, што гэтая пігаліца стане-такі доктарам медыцыны.)
Паўлекарскі экзамен яна здала паспяхова, і яе арэнбургскае начальства, якое пільна сачыла за яе вучобай і сімпатызавала яе настойлівасці, выслала ўзнагароду — 300 рублёў. Гэта больш чым дзесяць яе стыпендый! На гэтыя грошы яна на лета паехала стажыравацца ў Прагу.
Восенню, вярнуўшыся, пайшла на 3 курс — а там паталагічная анатомія. Цікавей не прыдумаць. Да таго ж на кафедру толькі-толькі вярнуўся пасля стажыроўкі ў легендарнага Вірхава малады энергічны празектар Міхаіл Руднеў. «Неверагодна дзейсны, увесь час заняты ўдасканаленнем выкладання, увесь час на ўзроўні сучаснай навукі», — так пра яго адгукаліся. Прыкмеціўшы адзіную студэнтку і мяркуючы, што гісталогія — справа жаночая, бо патрабуе асаблівай акуратнасці, Руднеў дабіваўся ад яе стараннасці пры мікраскапічных даследаваннях больш, чым ад каго іншага. Яна яго трохі баялася. Але мы з вамі ведаем прозвішча, якое застанецца ў гісторыі: Кашаварава-Руднева.

Медыка-хірургічная акадэмія.
Дактарыса
Неяк увосень на перадапошнім курсе ў клініку, дзе Варвара практыкавалася, прывезлі жанчыну. Даручылі яе Кашаваравай. Праз два дні ў жанчыны пачаліся цяжкія роды. Варвара даследавала на гісталогію абалонку маткі і паказала, што жанчына мела хранічнае запаленне. Яго палічылі спадчынным, але Кашаварава, абапіраючыся на ўласныя вучнёўскія, як яна сама падкрэсліла, даследаванні, указала масцітым дактарам, што пацыентка ў перыяд цяжарнасці выконвала непасільную працу. Так яна звярнула ўвагу на сацыяльны фактар хваробы, але нажыла сабе дадатковых ворагаў. І выступіла з вынікамі даследавання на пасяджэнні Таварыства рускіх урачоў.
Яшчэ ні адна жанчына там не тое што не выступала — нават і не прысутнічала. Зноў усхадзілася прэса. «Г-жа Кашеварова читала свою статью в Обществе русских врачей в С.-Петербурге. Пусть теперь критика решит, равносильны ли ученые труды наших прекрасных соотечественниц трудам ученых мужского пола. В особенности интересно бы знать, что сделают докториссы, если они будут предоставлены самим себе относительно выбора предмета, избрания способов и т. п. при ученых трудах», «Все дело в той искре, которую мы называем самобытностью, изобретательностью. Способен ли прекрасный пол на это? Способен ли он умственно родить — только от себя, вот в чем дело: это было бы своего рода parthenogenesis».
Напярэдадні выпускных экзаменаў Варвару намерыліся адлічыць, бо дыплом ёй даваць не збіраліся. Але група прафесараў звярнулася да кіраўніцтва медыка-хірургічнай акадэміі з данясеннем, у якім апісвалася сумленная праца студэнткі Кашаваравай на працягу ўсіх пяці гадоў навучання і выказвалася ўпэўненасць у тым, што яна вартая таго, каб хадатайнічаць перад вышэйшым начальствам аб дапушчэнні яе да канчатковага экзамену. Хімік Барадзін пісаў жонцы, што Кашаварава бліскуча вытрымала ўсе іспыты, «у тым ліку і ў Грубера».
Пра тое, што першая жанчына ў Расіі атрымала дыплом урача, ды яшчэ і з адзнакай, напісала ньюёркская «Медыцынская газета». Там былі радкі пра тое, як пасля афіцыйнай часткі аднакурснікі Варвары пасадзілі яе ў крэсла, паднялі на руках і ўрачыста пранеслі па зале.
Важная папраўка
Вы спытаеце: а як жа Надзея Суслава, якую называюць першай жанчынай-урачом, а як яшчэ з некалькімі імёнамі, якія атрымалі дыпломы ў той самы час?
Гэтыя жанчыны вучыліся за мяжой, дзе пытанне вучобы жаночага полу вырашылася трошкі раней. Заслуга гэтых жанчын у тым, што сваёй вучобай за мяжой яны паскорылі дазвол на жаночую адукацыю ў Расіі. Каб не дапусціць «революционизирования женской молодежи», бо, як пісалася ў данясеннях, гэтая моладзь, ездзячы з Цюрыха ў Расію і назад па два-тры разы на год, возіць лісты, пракламацыі, даручэнні і так прымае жывы ўдзел у рэвалюцыйнай прапагандзе, урад азадачыўся, нарэшце, станоўчым рашэннем пытання аб вышэйшай жаночай адукацыі.
Блуканні па пакутах
У Арэнбургскі край, дзе Кашаварава павінна была адпрацаваць шэсць гадоў, яна не паехала: не маглі ёй там прадаставіць месца, хоць яна не раз пра сябе нагадвала. Ворагі карысталіся фактам неадпрацоўкі напоўніцу: рабілі даносы, уздымалі пытанне пра тое, ці не павінна яна вярнуць грошы, якія была на яе патрачаны ў час вучобы, і гэта прымушала Варвару Аляксандраўну пісаць тлумачэнні міністру, вытрымліваць праверкі і пераправеркі, што вельмі падрывала здароўе сэрца, на якім ужо адбіліся перанесеныя выпрабаванні.
За яе прасілі: спачатку — даць ёй магчымасць паглыблена вывучаць акушэрства ў Павівальным інстытуце, першай яе альма-матэр, потым — дазволіць займацца навукай у другой — медыка-хірургічнай акадэміі, потым — працаваць ардынатарам у Калінкінскай бальніцы… Дзе там… Як напісаў яе і наш зямляк Сямён Дзіанесаў, ураджэнец Віцебска, прафесар-фізіёлаг, прызнанне Кашаваравай паўнапраўным урачом яшчэ не значыла, што перад ёю адчыняцца дзверы, адчыненыя для калег-мужчын. Яна занялася прыватнай практыкай, час ад часу выязджаючы за мяжу ўдасканальвацца.
Ёй хацелася выкладаць на курсах акушэрак, але для гэтага трэба было абараніць дысертацыю. Першая спроба — з работай пра пазаматачную цяжарнасць — скончылася пагрозай высылкі ў Сібір, калі яна будзе настойваць на сваім праве стаць доктарам медыцыны.
Другая работа, якая прэтэндавала на дысертацыю, прысвячалася плацэнтарным паліпам. З прашэннем дапусціць яе да абароны Варвара Аляксандраўна звярнулася ўжо ў Маскоўскі ўніверсітэт. І там ёй адмовілі. Тады яна афармляе трэцюю дысертацыю і з ёю звяртаецца зноў у сваю альма-матэр.
«Руднев женился на Кашеваровой»
Праца трапіла да Скліфасоўскага і Багданоўскага, апошні — наш, з Магілёўшчыны, як і Варвара. Водгукі былі станоўчыя. Існуе даведка, у якой гаворыцца, што, нягледзячы на адмовы шматлікіх устаноў, Кашаварава працягвала вывучаць сваю навуку і апублікавала пяць навуковых даследаванняў на нямецкай мове, якія цытуюцца лепшымі вучонымі Германіі.
25 мая 1876 года першая жаночая дысертацыя на ступень доктара медыцыны была абаронена.
І што? І нічога. Яе не ўзялі выкладаць на курсах. Жорны гісторыі ўжо расцерлі гэтае зерне ў муку. «Вопрос о докториссах разрешится в пользу женщин тогда, когда в обществе семейное начало будет истреблено до тла, когда все ремесла и искусства будут в руках лиц обоего пола, когда детей будут высиживать машины, как куриные яйца», — пісала прэса.
«Руднев женился на Кашеваровой… К сожалению, сия последняя не оправдала тех светлых надежд, которые возлагали на нее с одной стороны — достойнейший учитель и супруг, а с другой — ее альма-матер, воспитавшая в Кашеваровой пионерку высшего женского образования в России», — злараднічаў адзін прафесар. Рудневу прапанавалі працу ў Англіі — і ён угаворваў Варвару паехаць. Яна сказала, што не пакіне радзіму.
Неўзабаве муж захварэў і хутка памёр. Варвара засталася адна. І стала прывабнай нявестай: маладая, прыгожая, знакамітая, сама зарабляе грошы. За тое, што Варвара Кашаварава-Руднева адмовіла аднаму «жаніху», ён напісаў поўную бруду аповесць «Доктар Самахвалава-Самалюбава», у якой лёгка было ўгадаць Кашавараву-Рудневу, і бульварная газета надрукавала першыя главы. Пасля друк спынілі, засудзілі і аўтара, і рэдактара, але тэма яшчэ доўга не сыходзіла ні з языкоў, ні са старонак газет, трапляючы нават у карыкатуры. Жыццё доктара Кашаваравай-Рудневай стала невыносным. «А! Вы — самостоятельная женщина, вы — «доктор» и желаете состоять на мужчинском положении… Прекрасно! В таком случае пожалуйте, сударыня, на публичное позорище без всяких кисейных вуалей!»
У рэшце рэшт яна пасялілася ў вёсцы і працавала там для сялян, якія яе цанілі. Было яшчэ цэлае другое жыццё, але ў яго час ад часу ўрывалася тое, першае, прыносячы шмат прыкрага...
Варвара Аляксандраўна Кашаварава-Руднева памерла ад хваробы сэрца, не пражыўшы і 60 гадоў. Магіла яе не захавалася.