Пры пагружэнні ў гісторыю хваробы класіка нашай літаратуры – Элізы Ажэшкі – усплываюць на паверхню факты, якія, у сваю чаргу, выклікаюць такія здагадкі і падазрэнні, што калі магчыма было б іх пацвердзіць, мы мелі б сенсацыю...
Моцным здароўем наша каралева слова не вылучалася. Маючы мноства самых розных дыягназаў, ад кардыялагічных да афтальмалагічных, яна лячылася не толькі ў мясцовых, гродзенскіх урачоў, але і шукала рады ў медыцынскіх свяцілаў Варшавы ды Вільні. Так было ў яе часе прынята: яшчэ яе маці, пані Францішка, выпісвала для яе і сястры дактароў з няблізкага свету.
Летам 1874 года праблемы з жаночым здароўем прывялі 33-гадовую і ўжо даволі вядомую пісьменніцу да прафесара Адама Глішчынскага – аднаго з лепшых у сваёй галіне. Працаваў ён у Варшаўскім шпіталі Немаўляці Ісуса, выкладаў на ўніверсітэцкай кафедры жаночых і дзіцячых хвароб і меў дзясяткі апублікаваных навуковых прац – артыкулаў і манаграфій – з апісаннямі самых розных клінічных выпадкаў, датычных пазаматачнай цяжарнасці, пухлінаў ды інш.
З поўным перакананнем, што чытачу цікава зазірнуць пад вокладку хаця б адной такой працы, датаванай сярэдзінай 19-га стагоддзя, а таксама згодна з законам дэтэктыўнага жанра, у якім, перш чым дайсці да развязкі, трэба як след заблытацца ў сюжэтных перапляценнях, перакажу тут гісторыю адной пацыенткі доктара Глішчынскага, апублікаваную ім у 1860 годзе…
Медыцынскі раман
Гэтая вострасюжэтная меладрама называецца «Кесарава сячэнне». Пачынаецца з апісання дня 24 лютага, калі 28-гадовая Тэафіла Бароўская, цяжарная першым дзіцем, а 9-й гадзіне раніцы адчула першыя родавыя болі. Слабыя і рэдкія, пазней, ужо пад вечар і асабліва ўночы яны ператварыліся ў моцныя і частыя, што цягнуліся 25-га і 26-га, а 27-га выклікалі да пакутніцы мясцовага акушэра.
Той параіў аперацыю і падказаў, да якога ўрача звярнуцца. 28-га ў доме Бароўскіх з’явіліся прафесар Глішчынскі з калегамі. Але марна: пацыентка на аперацыю не пагаджалася. Даведаліся толькі, што да трох гадоў яна была дзіця як дзіця, а ў тры гады захварэла на англійскую хваробу. Гэта і было прычынай: пані Бароўская не магла нарадзіць з-за моцных парушэнняў будовы таза, выкліканых рахітам. Губляць час было нельга, пра што Глішчынскі з калегамі паведамілі радні, запэўніўшы, што іначай і маці памрэ ў страшных пакутах, і дзіця жывым не застанецца.
Пераканаць сямейства ў неабходнасці аперацыі атрымалася не адразу, сама ж пацыентка не хацела нікога слухаць. Толькі прасіла, каб далі ёй лякарства — суцішыць боль. Урачам не заставалася нічога іншага, як пад выглядам абязбольвання ўсыпіць яе хлараформам і здзейсніць хірургічнае ўмяшальніцтва не толькі без дазволу, але і без ведама. Зрэшты, і гэта атрымалася з цяжкасцю: небарака падазравала сапраўдны намер урачоў.
Нарэшце, выканаўшы ўсе фармальнасці падрыхтоўкі, доктар Глішчынскі зрабіў надрэз па белай лініі жывата ад пупка амаль да лоннага сучлянення — не даходзячы да яго на дзюйм. У тым жа кірунку здзяйсняў ён надрэз за надрэзам хірургічным нажом з гузічкам на канцы. Асістэнты Дарэўскі, Коніц, Лебрун, Дарантовіч і Брунер разводзілі ў бакі краі раны, вызвалялі яе ад крыві і адначасова стрымлівалі наплыў унутраных органаў, якія імкнуліся перашкодзіць справе.
Мастак Энрыке Грау, які жыў на стагоддзе пазней, сваю карціну «Першае кесарава сячэнне ў Калумбіі ў 1844 годзе» нібыта пісаў не ў роднай Калумбіі і адлюстроўваў не 1844-ы, а падзею, што адбылася на 16 гадоў пазней у доме Бароўскіх. Пагадзіцеся, што доктар, які трымае дзіця, на Глішчынскага вельмі падобны. І пацыентка — такая ж драбнюткая, кволая, як пані Тэафіла Бароўская ў яго апісанні. Але гэта так, лірычна-рытарычнае адступленне.
Па рассячэнні плоднай абалонкі паказалася правае плячо дзіцяці, потым ручка, потым галоўка. Дасталі хлопчыка, які адразу ж прадэманстраваў прыкметы жыцця. Перавязаўшы пупавіну, доктар Глішчынскі перадаў немаўля акушэрцы і заняўся ранай. Пасля ачышчэння яе ад крывяных згусткаў, дачакаўшыся скарачэння маткі (спрыяла гэтаму паліванне жывата пацыенткі эфірам), наклаў шэсць швоў — чатыры вузлавыя і два абвіўныя, затым павязку, а паверх яе туга перавязаў жывот ручніком.
Пасля гэтага амаль ужо ачунялую пацыентку перанеслі на ложак. Паклалі на спіну, сагнулі ногі ў каленях, падцягнулі іх да жывата. Хворай загадалі не варушыцца, а родным — здабыць пухір з лёдам, каб пакласці ёй на жывот. З гэтым ледзяным пухіром яна пасля яшчэ доўгі час не жадала растацца ні на імгненне — так без яго ёй было невыносна. Ад смагі рэкамендавалі рассмоктваць шарыкі лёду, есці параілі курыны бульён. Акушэрцы было загадана не пакідаць маці ні на хвіліну і нікога да яе не пускаць, а дзіця прыкладаць да яе грудзей як мага часцей.
За тое, што аперацыю доктар Глішчынскі зрабіў без дазволу сваёй пацыенткі, нічога яму, ясная рэч, не было, пра што ён не прамінуў напісаць двухсэнсоўна і з тонкім гумарам: маўляў, у такіх выпадках пацыенткі, нават і вельмі цярплівыя, просяць звычайна забіць іх, але калі б ён выконваў падобныя просьбы, ніводная не сказала б яму потым «дзякуй».
На першую раніцу пасля аперацыі доктар Глішчынскі знайшоў пацыентку бадзёрай. Трохі павысілася тэмпература і пачасціўся пульс, але жывот быў мяккі і амаль не балеў, вочы ўсміхаліся. Каб ночы былі больш спакойнымі (хлопчык меў добры апетыт і спаць не даваў), доктар прапісаў маці макавую настойку, а для лёгкага апаражнення кішэчніка — парашок каламелю (хларыду ртуці, пра небяспеку якога тады не здагадваліся) і касторавую эмульсію.
На сёмы дзень, гэта значыць, ранкам 6 сакавіка, прафесар зняў швы і пакінуў дом Бароўскіх з поўным перакананнем, што яго пацыентцы нічога не пагражае, — не падазраючы, што ўжо вечарам яму давядзецца вярнуцца.
Наступныя падзеі Адам Глішчынскі апісвае ў сіквеле «Завяршэнне». «Вечарам таго дня засталі мы хворую ў ліхаманцы, пульс біў 145 разоў на мінуту, твар быў чырвоны, скура гарэла». Над павязкай узнікла прыпухласць, грудзі зацвярдзелі, жывот павялічыўся, з раны выступіла вадкасць, якая з кожным днём усё больш непрыемна пахла, у мачы з’явіліся ураты, на вуснах і языку выскачылі язвы, пацыентка страціла апетыт і сон.
Доктар Глішчынскі тлумачыў гаротны стан вынікам акалічнасцей, сярод якіх называў несвоечасова праведзеную аперацыю (некалькі сутак бяссоння і нясцерпнага болю адбіліся на арганізме не лепшым чынам) і жыллёвыя ўмовы (памяшканне ён ацаніў як халоднае і сырое). Дзіця аддалі часова ў шпіталь Немаўляці Ісуса, а маці лячылі адварам льнянога семя, экстрактам хіннай кары, маслам клешчавіны, язвы арашалі хларыдам калія, на аперацыйную рану наносілі plumbum tannicum. І што б вы думалі? Праз тры тыдні пані Бароўская акрыяла!
Чаго нельга было сказаць пра Элізу Ажэшку…
З анамнезу гродзенскай пацыенткі
Мы не ведаем, якая праблема прывяла нашу пісьменніцу да гінеколага Адама Глішчынскага, пасталелага з той пары на 14 гадоў. Толькі ведама, што летам 1874 года ён ёй не дапамог.
Доктар Глішчынскі быў паважаны і любімы тысячамі пацыентак, і не толькі варшаўскіх, але ў вачах гэтай гродзенкі апынуўся далёкім ад вобразу, які паўставаў перад іншымі. Занадта патрабавальная (такой яе зрабілі пераважна хваробы, але не абышлося і без уплыву іншых жыццёвых нягод), Эліза Ажэшка не ацаніла ні прафесійныя, ні чалавечыя якасці свайго гінеколага і пісала пра яго ў лістах да радні і сябровак даволі крыўдныя рэчы.
«Візіты да доктара, якія і без таго заўсёды напружваюць, тым больш прыкрыя, што невядома, каму яны больш патрэбныя: пацыентцы ці кішэні ўрача», — скардзілася Моніцы Гашкоўскай. У карэспандэнцыі да Яаны Маеўскай, стрыечнай сястры, ужывала ўжо менш саркастычны, больш іранічны тон, але сутнасці ён не мяняе. «Няхай кузінка Яальця пакуль што ўстрымаецца ад канчатковага меркавання пра пана Глішчынскага. Хаця б на парачку тыдняў.
Магчыма, па вычарпанні гэтага часу яго лекарскае майстэрства дасягне трыумфа. Пакуль жа я паклялася, што за маё вылячэнне ён атрымае поўнае адпушчэнне грахоў і вяртанне маёй зычлівасці», — выводзіла пацыентка Эліза Ажэшка сваім досыць вострым пяром.
Фінал гэтай тэрапіі нам невядомы, але і артыкул не пра яе. Нас больш цікавіць факт знаходжання Элізы Ажэшкі летам 1874 года ў Варшаве. Засведчаны ў ліставаннях, выклікае ён трохі дзёрзкае падазрэнне: а ці не сумяшчала пані Эліза сваё лячэнне ў знакамітага доктара з наведваннем аднаго шпіталя па адрасе Кармеліцкая, 10, у сценах якога ў той самы час дажываў свае апошнія дні Пётр Ажэшка?
Каханне як граблі
Гісторыя знаёмства Элізы Паўлоўскай з Пятром Ажэшкам таксама крыху медыцынская. Прынамсі, біялагічная. Згадайма з’яву пад назвай імпрынтынг — асаблівую форму атрымання жывой істотай інфармацыі пра сябе і сваё атачэнне, імгненную і надзвычай трывалую фіксацыю ў памяці найбольш характэрных прыкмет тых аб’ектаў і сітуацый, якія іграюць асаблівую ролю — дапамагаюць усталёўваць жыццёва важныя сувязі, чым прадвызначаюць найбольш істотныя (з гледжання біялогіі, зразумела) выбары і рашэнні.
Уздзеяння спецыфічнага раздражняльніка — новага вострага перажывання — у крытычны момант фарміравання асобы цалкам дастаткова, каб засесці яму ў падсвядомасці на ўвесь чалавечы век.
У 14 гадоў Эліза Паўлоўская, выхаванка манастырскага пансіёна, тужачы па радзіме і родных, чытала (таемна!) раман «Падзел» Юзафа Кажанёўскага. І такое моцнае ўздзеянне аказаў на яе галоўны герой, што яна назаве гэта потым першым эратычным уражаннем. І нядзіўна, што праз пару гадоў пасля гэткіх чытанняў, убачыўшы на рауце ў Гродне Пятра Ажэшку, яна перажыла тое ж самае ўзрушэнне: уладальнік пышных пшанічных вусоў, блакітных вачэй і светлых густых валасоў, Пётр Ажэшка паўстаў перад ёю копіяй мілага вобразу, з якім яна правяла незабыўныя гадзіны над кнігай. Гэта пасля ўжо стала вядома, што ён герой не яе рамана.
Еrror, сrimen, сognatio, impotentia
У 1865 годзе Пятра Ажэшку з-за дробязі — усяго толькі па падазрэнні ў «нядобрана-дзейнасці», па даносе аб тым, што хаваў у доме паўстанцаў, — асудзілі на высылку ў Сібір. Эліза спачатку намервалася паехаць за ім, але перадумала. Не так перадумала, як займела надзею на сапраўднае сямейнае шчасце з іншым чалавекам, якога паспела ўжо пакахаць. І калі праз два гады Пятра амнісціравалі, яна ініцыявала развод.
Каб западозрыць пані Элізу ў наведванні тымі летнімі днямі 1874 года шпіталя евангелістак у горадзе яе юнацтва Варшаве, неабавязкова пускаць у сваю галаву яшчэ адно падазрэнне — у тым, што з мужам яна ўсё ж такі не развялася. Але давайце дапусцім. Бо што і з якой крыніцы мы ведаем пра развод? Што гэта была нечуваная смеласць, за якую яе асуджаў увесь Гродна? Што працэс зацягнуўся на цэлыя тры гады і абышоўся занадта дорага, бо Эліза, каб дабіцца свайго, «адных прасіла, другім плаціла, трэцім нават і пагражала»? Што калі, нарэшце, яна развялася, чалавека, за якога збіралася замуж, побач ужо не было?
Усё гэта так, але толькі з адной крыніцы — з лістоў самой пісьменніцы. Ніводзін даследчык ніколі не бачыў дакументальнае пацвярджэнне яе разводу з Пятром. «Канчатковая рэзалюцыя кансісторыі складзена мне на карысць, на наступны ж дзень дакумент атрымаў законную сілу, а яшчэ праз дзень я займела аформленае па правілах Трыдэнцкага сабора пасведчанне аб тым, што цалкам вольная ад заключанага з Ажэшкам шлюбу, які скасоўваецца і далей лічыцца неіснуючым, і ўсе яго сляды, такія як метрыкі і касцёльныя запісы або грама-дзянскія акты, павінны быць знішчаны і выкраслены з кніг, для чаго кансісторыя выслала адпаведныя распараджэнні грамадзянскім і духоўным уладам», — піша яна. Але ўзнікае пытанне: чаму разам з тым, што павінны былі павыкрэсліваць з кніг духоўныя і свецкія ўлады, не знікла і прозвішча развядзёнкі? Чаму яна не ператварылася назад у Паўлоўскую?
А ці не зашыфравана падказка ў аповесці Элізы Ажэшкі «Пан Граба», у якой гераіня Каміла (цёзка той, з кім Эліза падлеткам атаясамлівала сябе, калі чытала раман Кажанёўскага) скасавання шлюбу, як ні старалася, не дабілася? Еrror, сrimen, сognatio, impotentia, cultus disparitui, honestas publica… — пералічвае ксёндз з аповесці трынаццаць кананічных прычын, якія дазваляюць развод. Каміла не мела ніводнай. Не мела ніводнай з іх і Эліза.
Вяртанне ў другі Парыж
Другім Парыжам у яе час называлі Варшаву. Тут па адрасе вуліца Тварда, 6, пасяліўся, вярнуўшыся з высылкі, Пётр Ажэшка. Жыць на радзіме яму як асуджанаму было нельга, а ў Варшаве жыла радня.
Хворы, маральна скалечаны чалавек зарабляў на жыццё… урокамі музыкі! Карцёжнік, мантач, аматар пародзістых скакуноў і паляўнічых сабак, моцнага слоўца і моцных напояў — вучыць дзяцей іграць гамы?..
На лета 1874 года яму было 49. 28 жніўня ў газеце «Варшаўскі кур’ер» з’явілася паведамленне: «Пётр Ажэшка, грамадзянін Гродзенскай губерніі, пасля працяглай і цяжкай хвробы, асвечаны святымі дарамі, у дзень 25 бягучага месяца развітаўся з гэтым светам. Пагружаныя ў смутак сёстры запрашаюць родных, сяброў і знаёмых на жалобнае набажэнства, якое адбудзецца ў дзень 28 бягучага месяца, у пятніцу, а 10 гадзіне раніцы ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі на вуліцы Лешна, і на провады цела ў той жа дзень з таго ж касцёла а шостай гадзіне апоўдні на вечны спачын».
Першы па вяртанні з Варшавы ліст да стрыечнай сястры Яаны Маеўскай Эліза Ажэшка піша 11 верасня, «трохі агледзеўшыся і ўладкаваўшыся». Паведамляе яшчэ, што мама яе выглядае замучанай і схуднелай. Пані Францішка ў той самы час даглядала смяротна хворага мужа, айчыма Элізы.
Не падобна на тое, каб дачка пакінула маці ў Гродне сам-насам з такой бядой, каб ігнаравала хваробу айчыма, якога любіла і паважала, дзеля нейкіх абсалютна безвыніковых, як яна піша, візітаў да доктара, хай сабе і самога Глішчынскага. Павінна была яна мець больш уважлівую прычыну для працяглага знаходжання ў Варшаве ў нялёгкі для яе сям’і час. І гэтай прычынай магла быць хвароба Пятра і яго блізкая смерць.
І тады што мы маем у вобразе нашай пісьменіцы, азмрочаным фактам яе разводу? Што сама яна свой вобраз гэтым фактам азмрочыла. А што ў некралогу гаворыцца пра сясцёр і ні слова няма пра жонку, дык тлумачыцца гэта той самай легендай, якую ўжо нельга было развянчаць…