Уладзімір Маякоўскі — не толькі выбітны паэт, але і чалавек, які пакінуў па сабе не толькі стос кніжак, а яшчэ і пэўную гісторыю хваробы ці, дакладней, хваробаў.
Чым жа займаў творца час і досвед тагачасных эскулапаў? Шчыра кажучы, працаваць было з чым. Паводле ўспамінаў сучаснікаў (а асабліва сучасніц!) можна зрабіць пэўныя высновы.
Многае са згаданага ў гэтым артыкуле змешчана ў кнізе «Имя этой теме: любовь! Современницы о Маяковском», якую вельмі раю для чытання ўсім аматарам літаратуры і медыцыны, бо кніга ўтрымлівае шмат цікавых фактаў.
Мізафобія
Сучаснікі адзначалі, што Маякоўскі, адчыняючы дзверы, заўжды выкарыстоўваў насоўку або сурвэтку. Вось як прыгадвае Эльза Трыале: «Володя мыл руки, как врач перед операцией, поливал себя одеколоном, и не дай бог было при нем обрезаться! А как-то он меня заставил мазать руки йодом, оттого что на них слиняла красная веревочка от пакета».
Магчыма, у паэта была мізафобія — навязлівы страх забруджвання. Прычыны можна знайсці ў дзяцінстве Маякоўскага. Будучага паэта вельмі ўразіла заўчасная смерць бацькі ад заражэння крыві. Той укалоў палец, калі сшываў паперы.
Дрэнныя зубы
Апісваючы свае стасункі з Маякоўскім у кнізе «Моя футуристическая юность», Соф’я Шамардзіна адзначала дрэнны стан зубоў Маякоўскага. Дарэчы, пра гэта і сам паэт гаварыў. Вось, напрыклад, урывак з паэмы «Флейта-позвоночник»:
Вынесешь на мост шаг рассеянный — думать, хорошо внизу бы.
Это я под мостом разлился Сеной, зову, скалю гнилые зубы.
Цікава, што Соф’ю чорныя зубы Маякоўскага не турбавалі: «Мне не мешали в его облике гнилые зубы. Наоборот — казалось, что это особенно подчеркивает его внутренний образ, его «свою» красоту».
«Однажды сказал, что вот зубы гнилые, надо вставить, я запротестовала — не надо! И когда позднее, уже в 1915 или 1916 году, я встретила его с ровными белыми зубами — мне стало жалко».
Тут між радкоў гучыць ці не абвінавачванне ў бок Лілі Брык, пад уплывам якой, на думку Шамардзіной, Маякоўскі ўсё ж такі дайшоў да стаматолага. Шчыра кажучы, не самы дрэнны ўплыў. Дарэчы, па адной з версій, знаёмства Маякоўскага з яшчэ адной каханай жанчынай, Таццянай Якаўлевай, адбылося менавіта ў стаматолага…
Сіфіліс
З гэтым дыягназам выйшла трагічная, амаль дэтэктыўная гісторыя. Некаторыя нават звязалі самагубства паэта з наступствамі хваробы.
А пачалося ўсё ў далёкім 1913 годзе, калі паэт заляцаўся да нашай суайчынніцы Соф’і Шамардзіной. Соф’я паехала з Беларусі пад патранаж, скажам так, Карнея Чукоўскага, які адчуваў пэўную адказнасць за яе. І калі адносіны Маякоўскага і Соф’і зайшлі так далёка, што яна зацяжарыла, менавіта Чукоўскі зрабіў усё, каб закаханыя не былі разам.
Цікава, што ў распаўсюдзе гэтых чутак потым паўдзельнічаў нават Максім Горкі. Калі Ліля Брык прыехала да савецкага класіка, ён пацвердзіў свае словы, але так і не назваў крыніцу. Ліля Брык ва ўспамінах называла Горкага вельмі небяспечным чалавекам…
Дарэчы, калі Маякоўскага анатаміравалі, дыягназ не пацвердзіўся.
Нікацінавая залежнасць
Маякоўскі з цыгарэтай — на многіх фотаздымках. Але ў 1929 годзе ён прыняў рашэнне пазбавіцца шкоднай звычкі і нават выклаў яго ў вершы «Шчаслівец», які варта, відаць, працытаваць цалкам, як выдатны ўзор антынікацінавай прапаганды.
Слухайце, у мяне велізарная радасць.
Усміхніце спачувальныя твары.
Трэба сказаць вам усё неадкладна
вершам ці іншай якой тарабарай.
Сёння дыхаю, быццам слон,
лячу лягчэйшы за матылька.
І ноч мільганула, як дзіўны сон, —
ніводнага кашлю і пляўка.
Асалоды дозы выраслі ўва мне.
Хай хоць лазняй нясе па асенніх днях,
а мне ружы, прабачце, квітнеюць,
і я адчуваю, уявіце, пах.
І так прыгожа ў слоўных штольнях
ад сэнсаў ажно слупянее рэдактар.
Стаў цягавіты і працаздольны,
як конь ці нават — як трактар.
Бюджэт і страўнік абсалютна ў згодзе, цалкам прыведзеныя ў раўнавагу.
Стоадсоткавасць эканоміі
на асноўным расходзе —
і здароўем прыцягваю ўвагу.
Быццам выпала сёння прымаць
кавалкі паветранага торта —
такі усталяваўся феерычны смак
у духмянай кватэры рота.
Галава заўсёды чыстая звонку,
а цяпер — чыстая і знутры.
За дзень прыдумляю не менш
за старонку, а бывае і дзве, і тры…
Жанчыны навокал,
сукенак шык, спрабуюць
аб нечым спытаць мяне…
Я стаў безумоўна весялун-жартаўнік — ну проста душа кампаніі!
Расквітнеў і ў твары паправіўся,
забыўся на грыпы ўсе і ложак.
Сябры, ці сказаць вам,
што здарылася?
Адкрыць?
Ці… не трэба можа?
Усім жа стомленым ад чакання,
гатовым ужо дакараць і крыць,
гавару: сёння з самага рання
я кінуў курыць.
(Пераклад Яўгена Скібскага.)
Дзеля справядлівасці адзначым, што перамагчы гэту жарсць паэт так і не здолеў, як і іншую праблему, назва якой…
Залежнасць ад гульняў
У Маякоўскага была ўласная маленькая рулетка, прывезеная з Парыжу. З успамінаў С. Шамардзіной: «Если не в карты — то все равно во что, но только обязательно на интерес. В бирюльки и то играл азартно, весь уходя в игру».
Далёка не кожны пагаджаўся спаборнічаць з паэтам па прычыне яго агрэсіўнай манеры гульні. А калі ўжо гулялі на грошы, то ён не прызнаваў пройгрыша, успрымаў яго як асабістую трагедыю і спрабаваў адыграцца. Бывалі выпадкі, калі справа даходзіла да бойкі.
Гэтая праблема таксама мае карані ў дзяцінстве — яшчэ ў 1904 годзе сястра Маякоўскага Вольга пісала іншай сястры, Людміле, што Валодзя захапіўся гульнёй у шашкі. Гулялі на маркі, і той выйграў цэлы альбом.
Гульнявая залежнасць паэта была настолькі відавочная, што нават спробы самагубства некаторыя даследчыкі лічаць праявай гэтай хваробы, маўляў, паэт гуляў з лёсам. Сустракаліся звесткі пра тое, што Маякоўскі раз-пораз гуляў і ў рускую рулетку…
Схільнасць да самагубства
З успамінаў Лілі Брык: «Мысль о самоубийстве была хронической болезнью Маяковского, и, как каждая хроническая болезнь, она обострялась при неблагоприятных условиях».
Дарэчы, і самой Лілі Маякоўскі напрарочыў лёс самагубцы. Так і сталася: калі Ліля зламала шыйку сцягна і зразумела, што ўжо не ўстане, яна прыняла смяротную дозу снатворнага.
Неаднойчы думкі Маякоўскага аб самагубстве прарываюцца ў тэксты. Часам, напрыклад, у вершы «Лиличка», паэт даводзіць, што гэтыя думкі слабейшыя за позірк каханай, а ў іншых бачыць у «кропцы кулі» адзінае выйсце.
Што тут сказаць, жыццё (і стан здароўя) аказвала вялікі ўплыў на вершы Маякоўскага…