Да паслуг павітух звярталіся раней усе жанчыны незалежна ад саслоўя. Ад таго, наколькі дасведчанай была прадстаўніца гэтай прафесіі, залежалі і роды, і далейшы стан маці і дзіцяці. Таму прафесійныя павітухі былі на вагу золата. Мы раскажам вам, як яны працавалі, якія патрабаванні да іх прад’яўляліся і якой была ідэальная акушэрка ў старажытнай Беларусі.
Баба-пупарэзніца
Жанчын сталага веку, якія прымалі роды, у народзе называлі бабкамі-павітухамі. Была такая сабе жанчына-вядуння, знахарка, якая ведала спосабы барацьбы з некаторымі гінекалагічнымі захворваннямі, умела прыняць роды, перавязаць пупавіну ў немаўляці. Таму і называлі часта яе не толькі прымальніцай, праз тое, што прымала яна немаўля з улоння маці, а яшчэ і бабай-пупарэзніцаю і бабай-пупавязніцаю, паколькі працэдуру пераразання пупавіны і яе апрацоўку таксама пакладалі на знахарку. Прычым існаваў звычай адметнага перавязвання пупавіны як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчынак. Так, хлопчыку павітуха перавязвала пупавіну на прадмеце, што сімвалізаваў мужчынскі занятак, звычайна на сякеры, а дзяўчынцы — на верацяне.
Павітухай магла быць кабета, якая мела дзяцей, але выйшла з рэпрадуктыўнага ўзросту і была бездакорных паводзінаў. Яна на-дзялялася высокім сацыяльным статусам, звышнатуральнымі ўласцівасцямі і шанавалася.
Бабку-павітуху запрашаў будучы бацька, калі ў цяжарнай пачыналіся схваткі. Галоўная задача павітухі была ў тым, каб паспрыяць нармальным родам. Бабка прымала немаўля не голымі рукамі, а спецыяльным ручніком- радзільнікам. Яна рабіла і першае адзенне для немаўляці — палатно з адтулінай для галавы.
Звычайна павітухамі станавіліся па волі лёсу, напрыклад, бабка была павітухай, а потым перадала веды ўнучцы, або жанчына паспяхова прыняла некалькі родаў у аднавясковак і спрацавала сарафаннае радыё. Працу выконвалі як бескарысліва, так і з мэтай крыху падзарабіць.
Павітуха прымае роды. Еўрапейская гравюра, 1513 год.
Без права на інтымныя стасункі
Цікава, што ў селішчах Палесся былі ўпэўненыя — павітуха як жанчына, «якая выйшла з узросту», не мела права на інтымныя стасункі. Калі ў яе нараджалася дзіця, то яно атрымлівала ганебную мянушку «бабіч» ці «бабінец», а саму павітуху празывалі бабычкай. Каб загладзіць грэх бабычкі, жанчыны вёскі выраблялі прыгожы доўгі ручнік, якім з рытуальнымі спевамі апаясвалі царкву. Пасля чаго сяляне лічылі, што бабычка вызвалілася ад грахоў і магла працягваць сваю карысную дзейнасць.
Арыентуючыся на вонкавыя прыкметы і стан жанчыны, павітухі праводзілі «абмацванне» і беспамылкова вызначалі, цяжарная жанчына ці «корчы ў жываце» і «істэрычныя прыпадкі», выкліканыя хваробай. Правільны дыягназ дапамагалі паставіць і веды, што перадаваліся ў спадчыну, і вялікі практычны досвед.
Павітуха магла па форме жывата цяжарнай вызначыць пол будучага дзіцяці. Павітухі-знахаркі раілі для зачацця дзіцяці мужчынскага полу класці пад падушку сякеру. На дзіва, часам гэтая парада спрацоўвала…
Памочніца на тыдзень
Добрая павітуха не толькі прымала роды і палягчала пакуты ласкавым словам, замовай, лекавымі адварамі і зёлкамі. На яе плечы клалася і падрыхтоўка да родаў, а таксама наступны догляд за немаўляткам і парадзіхай. На працягу першых сямі дзён пасля родаў купанне маці і дзіцяці было галоўным абавязкам акушэркі.
Роды звычайна адбываліся ў лазні, таму найперш павітуха абмывала нованароджанага, расцягвала ручкі і ножкі, рабіла масаж мочак вушэй, паціскала носік, прыгладжвала галоўку. З медыцынскага пункту гледжання знахарка рабіла дзіцяці масаж, выконваючы нескладаныя практыкаванні для яго цягліц, тым самым спрыяла нармальнаму кровазвароту і абмену рэчываў.
Таксама яна змазвала мёдам нёба нованароджанага, каб узбу-дзіць ягоны апетыт. Заўчасна народжанага націрала свіным тлушчам да таго часу, пакуль ён сам не мог захоўваць тэмпературу цела. Не сакрэт, што павітухі выкарыстоўвалі ў сваёй працы элементы магіі. Гэта калі павітуха пры першым купанні немаўляці клала ў ваду грошы і хлеб, каб дзіця было багатае, а ваду вылівала пад вішню — каб яно расло прыгожым.
Пасля родаў бабка-павітуха заставалася з парадзіхай як мінімум трое сутак, а то і тыдзень. Яна павінна была выканаць звычайную працу па хаце, на якую ў самой гаспадыні не было сіл, падмесці, падаіць карову, прыгатаваць абед. Апекаванне завяршалася толькі пасля хрэсьбінаў, але сувязь паміж павітухай і дзіцёнкам захоўвалася цягам усяго жыцця.
Купанне немаўляці. Мастак Леапольд Гарсія Рамон.
…і крыху хірургіі
Павітухі займаліся і лекаваннем хваробаў, звязаных з дзетанара-джэннем. Існавалі і разнастайныя лячэбнікі. Так, лячэбнікі 18-га стагоддзя называюць наступныя сродкі: ад «неданошвання плода» — выварка размарына і сок шалфея, для «хутчэйшых родаў» — настоянка мяты, сок пятрушкі з воцатам і соллю, эсэнцыя травы чарнобылю, «для памнажэння малака ў радзільніц» — адвар ячменю і г. д.
Гэтыя жанчыны валодалі і хірургічнымі навыкамі, яны ўмелі сшываць парывы шаўковымі ніткамі. Пры неабходнасці нават выконвалі кесарава сячэнне, але з прычыны адсутнасці эфектыўных антысептычных сродкаў многія парадзіхі пасля гэтай аперацыі не выжывалі.
Павітухі ўмелі павярнуць плод пры няправільным яго палажэнні з дапамогай стужак і спіц. Дзейнічалі ў асноўным за кошт досведу і інтуіцыі… Запрашэнне прыняць роды павітуха ўспрымала як даніну павагі яе рэпутацыі. Адмова ўспрымалася як вялікі грэх і асуджалася грамадствам. У легендах і міфах гаварылася, што павітуха-адмоўніца можа назаўжды скамянець.
Дарэчы, у міфалагічных уяўленнях бабка-павітуха займала месца пасярэдзіне паміж зямной і сакральнай прасторамі. Нават лічылася, што пры падыходзе да хаты, куды яе клікалі «пабабіць», яна павінна была паглядзець ў вокны, каб даведацца лёс дзіцяці. Павітуху шанавалі на працягу ўсяго жыцця, інакш, казалі, на тым свеце давядзецца лізаць ёй рукі. Культ павітухі працягваўся і пасля яе смерці. Нярэдка хавалі павітуху з адмысловымі ўшанаваннямі: у труну клалі ручнік, на рукі надзявалі рукавіцы. Таксама на нябожчыцу абавязкова павязвалі фартух, каб на тым свеце было куды пакласці і паказаць Богу пупавіны прынятых і апавітых ёю немаўлят. Таксама павітуху абавязкова паміналі, наведвалі яе магілу.
Кесарава сячэнне. Гравюра 16-га ст.
Акушэрка з дыпломам
З сярэдзіны 18-га стагоддзя на тэрыторыі Беларусі пачалі з’яўляцца навучальныя ўстановы, якія рыхтавалі медыцынскія кадры ў гэтай галіне. Гэта павівальныя інстытуты, якія давалі вышэйшую адукацыю, і сярэднія павівальныя школы. Прычым выпускніцу інстытута называлі акушэркай. А ўжо ў канцы 18-га стагоддзя ў кожным горадзе была ўстаноўлена пасада павівальнай бабкі на дзяржаўнай службе. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, у сярэдзіне 19-га стагоддзя ў склад Павятовага ўрачэбнага ўпраўлення, паводле штатнага раскладу, уваходзілі: павятовы доктар, яго вучні і абавязкова павівальная бабка. У некаторых гарадах былі старшыя і малодшыя павівальныя бабкі.
На такія пасады прызначаліся жанчыны з медыцынскай адукацыяй, і ў асноўным гэта былі дваранкі, значна радзей мяшчанкі і зусім зрэдку сялянкі. У тыя часы пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі існавала акушэрская школа, дзе навучалася спачатку толькі пяць выхаванак. Пазней яны былі далучаны да арганізацыі акушэрскай школы пры Віленскім універсітэце. У 1783 годзе ў мястэчку Семяцічы (цяпер на тэрыторыі Польшчы) княгіня Яблонская заснавала Павівальны інстытут. У год было два наборы, вучоба працягвалася 3–4 месяцы.
У першай палове 19-га стагоддзя існаваў Беластоцкі павівальны інстытут, дзе штогод навучалася па 20 выхаванак: 16 за казённы рахунак, а за чатырох аплочвалі памешчыкі ці бацькі. Павівальных бабак рыхтавалі таксама ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, у Павівальных інстытутах Масквы і Пецярбурга. Пазней Павівальныя школы былі адкрыты ў Магілёве (1865) і ў Гродна (1875). Яны давалі сярэднюю медыцынскую адукацыю.
Большасць вучаніц была з сялянак і паступала на вучобу па накіраванні мясцовых уладаў, якія павінны былі аплочваць вучобу, а пасля заканчэння і ўступлення на пасаду забяспечць павівальную бабку кватэрай з ацяпленнем, інструментам і зарплатай.
Па мэтавым накіраванні
Пры заканчэнні навучання выпускніцы атрымлівалі атэстат, дзе была інструкцыя з памяткай пра тое, што павівальная бабка абавязвалася ў любы час дня і ночы, куды б ні клікалі яе — да парадзіхі ці да хворай жанчыны, без розніцы стану і веры, — аказваць усялякую дапамогу. Таксама павітухі абавязваліся не выдаваць сямейных і жаночых таямніц, а пра значныя нетыповыя дэфармацыі нованароджанага адразу ж дакладваць начальству. Да таго ж у канцы кожнага месяца павітухі павінны былі прадстаўляць імёны і стан парадзіх у Губернскае праўленне.
Асаблівай павагай карысталася Магілёўская павівальная школа. З цягам часу яна стала называцца Цэнтральнай магілёўскай павівальнай школай. Тут рыхтавалі спецыялістак для Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губерняў. Навучанне доўжылася два гады. Першапачаткова на курсе было 18 навучэнак: 14 казённым і 4 прыватным коштам. Пазней іх колькасць павялічылася да 50, 20 з якіх атрымлівалі веды ўласным коштам. Навучэнак забяспечвалі жытлом. Пры школе ў асобным будынку была бальніца, дзе ў вольны час навучэнкі даглядалі хворых. У школу прымалі дзяўчат не маладзейшых за 20 і не старэйшых за 35 гадоў.
Выпускніцам прысвойвалася званне павівальнай бабкі другога разраду з правам воспапрышчэ-плівання, а выдатніцам — званне павівальнай бабкі першага разраду. З 1865 па 1884 год школу скончылі 206 вучаніц. Хто вучыўся казённым коштам, павінны былі адпрацаваць 3 гады на тэрыторыі той губерні, адкуль іх накіроўвалі на вучобу.
У 1914 годзе на базе Магілёўскай павівальнай школы і Магілёўскай фельдшарскай школы была створана адзіная Магілёўская фельдшарска- акушэрская школа. З 1908 года фельдшарска-акушэрская школа доктара Л. З. Гутцайта існавала ў Мінску.
Пры прыёме на службу павівальныя бабкі давалі адмысловую ўрачэбную клятву ў прысутнасці вышэйшага начальства, канчатковы дазвол на пасаду падпісваў губернатар.
Паступова да жанчын прыходзіла разуменне, што нараджаць з дыпламаванымі ўрачамі-акушэрамі значна бяспечней, чым з павітухамі. А прадстаўніцы старажытнай прафесіі засталіся гераінямі несмяротных твораў літаратурных класікаў.
Фота прадастаўлена аўтарамі.