Вясна 1902-га. Тульскі доктар Вікенцій Смідовіч, больш вядомы як пісьменнік Верасаеў, аўтар свежанадрукаваных «Запісак урача», якія за кароткі час паспелі даць яму такую славу, якой ён, як сам кажа, «без іх ніколі не меў бы і якой ніколі не мелі многія нашмат больш адораныя пісьменнікі», збіраецца ў Італію. Ужо «выпраўлены» замежны пашпарт і можна ехаць. Але раптам здараецца незвычайнае: на адрас доктара прыходзіць ліст ад старэйшай дачкі Льва Талстога.
Самога Талстога! І «дзіўна думаць, што ён яшчэ жывы, што недзе тут, на зямлі, за столькі-та вёрст, і, як усе, ходзіць, рухаецца, дыхае, мяняецца, прамаўляе яшчэ не запісаныя словы, працягвае сваю няскончаную біяграфію, што яго яшчэ можна ўбачыць, яшчэ можна з ім гаварыць…»
Гэтага даўно хацелася — убачыць яго, гаварыць з ім... Але паўстаць перад такім чалавекам «шэрай плямачкай сярод безаблічнасцяў» пісьменнік Верасаеў, не пазбаўлены самалюбства, не мог. Такое ўяўлялася яму верагодным толькі ў тым выпадку, калі б Талстой сам пажадаў пазнаёміцца. Але хіба гэта ўвогуле верагодна?
Тым часам, ліст адрасаваўся не пісьменніку, а ўрачу.
Ліст Таццяны
«Даруйце, што, не ведаючы Вашы імя і імя па бацьку, не пішу іх у адрасе і звароце», — пісала Таццяна Львоўна, пачаўшы ліст словамі «міласцівы гасудар». Яна, як і бацька, чытала «Запіскі ўрача», падпісаныя «В. Верасаеў», але ім абаім не было адкуль ведаць сапраўднае прозвішча гэтага ўрача. Год таму на Казанскай плошчы ў Пецярбургу разагналі студэнтаў, якія пратэставалі супраць адлічэння з універсітэта па палітычных матывах, і Леў Талстой звярнуўся да Мікалая ІІ з неадабрэннем гэтай акцыі, патрабуючы «знішчыць усе перашкоды для адукацыі, выхавання і выкладання», і калі яснапалянскі старац нават і ведаў, што пецярбургскія пісьменнікі таксама заступіліся за студэнтаў, паслаўшы петыцыю міністру ўнутраных спраў, то было яму яўна няўцям, што сярод гэтых пісьменнікаў фігураваў сімпатычны яму Верасаеў.
Праз тую петыцыю Верасаеў быў высланы з Пецярбурга на два гады. Так вымушаны звольніцца з Боткінскай бальніцы доктар Смідовіч вярнуўся ў родную Тулу. Замовіўшы дваякія візітоўкі — на Смідовіча і Верасаева, доктара і літаратара, — Вікенцій Вікенцьевіч зазбіраўся ненадоўга ў Італію — і вось табе маеш: Таццянін ліст. «Калі Вам цікава, — піша Таццяна Львоўна, — магу Вам сказаць, што бацька ў захапленні ад Вашых пісанняў».
Здзейснілася неверагоднае: Талстой пажадаў пазнаёміцца.
Нечаканая прапанова
«Міласцівы гасудар, прыйшло мне ў галаву звярнуцца да Вас з просьбай, якую Вы, магчыма, здолееце і пажадаеце выканаць», — так пачынаўся ліст. Таццяна Львоўна паведамляла, што бацька цяжка хварэе, не можа нават павярнуцца без дапамогі, сэрца яго ў такім кепскім стане, што без пастаяннага ўрачэбнага нагляду нельга ніяк. «Ці не ведаеце вы каго-небудзь, хто ўзяў бы на сябе такі абавязак?» — пыталася дачка пацыента і ўдакладняла, як важна, каб гэты хто-небудзь быў сімпатычны дабрак.
«Бацьку складана прымаць чые б там ні было паслугі, і цяжка яму будзе ад таго, што дзеля яго ў нас паселіцца ўрач, і яшчэ цяжэй, калі гэты ўрач не будзе чалавекам тактоўным», — пісала Таццяна Львоўна ў радках, а паміж радкамі прачытвалася, што Талстыя жадаюць мець урачом самога тульскага адрасата.
«Радасць, гонар і жах ахапілі мяне, калі я прачытаў гэты ліст, — успамінаў Верасаеў. — Няцяжка было зразумець, што ў такой далікатнай форме запрашалі мяне самога: пры агромністым коле знаёмстваў Талстых дзіўна ім было звяртацца па рэкамендацыі да мяне, зусім не знаёмага ім чалавека. Відавочна, я, як аўтар «Запісак урача», здаваўся ім чамусьці найбольш здатным для догляду хворага бацькі. А нават калі гэта было не так, дык пасля такога ліста я меў поўнае права прапанаваць свае паслугі».
Увесь час знаходзіцца побач з самім Талстым, кожны дзень назіраць вялікага чалавека ў яго сапраўдным, не прыўкрашаным біяграфіямі жыцці… «Я буду запісваць усё, што ўбачу і пачую», — гаварыў сабе доктар-пісьменнік. Уяўляў, як будзе гэта рабіць: не ўкленчыўшы, не пішучы ікону з прарока, а свабодна, без страху апісаць і цёмныя, і смешныя бакі. Бо мала трапляецца такіх запісаў, і таму ўсе вялікія людзі ў сваіх біяграфіях і ўспамінах сучаснікаў выглядаюць як нежывыя. Але спакуса назіраць жыццё генія знутры натыкалася на акалічнасць, якую нельга пераадолець за кароткі час. Доктар Смідовіч толькі сем гадоў таму атрымаў медыцынскі дыплом, ён у сабе не настолькі ўпэўнены, каб узяць адказнасць за такое каштоўнае жыццё. «Не дагледзіш, не ўчуеш значэння таго ці іншага сімптома — і смерць Льва Талстога ляжа на тваё сумленне», — гаварыў ён сабе.
У пакутлівых ваганнях — прыняць ці не прыняць прапанову Талстых — доктар Смідовіч правёў цэлы тыдзень.
Эра падзвіжніцтва
Вікенцій Верасаеў, сёння больш вядомы як аўтар кнігі «Пушкін у жыцці», чым даўно забытых «Запісак урача», моцна вылучаецца на фоне Чэхава, Булгакава ды іншых пісьменнікаў, чыя літаратурная дзейнасць аформілася пад уплывам медыцынскай навукі і практыкі.
Пісьменнік Верасаеў за працай. Пачатак 20 стагоддзя. Тульскі абласны краязнаўчы музей.Пісьменнікам Віця Смідовіч хацеў быць ад пачатку: яшчэ ў гімназіі ён задумаў раман. Таму і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. «Трэба многае бачыць, многае ведаць, многае выпрабаваць асабіста, каб меркаваць правільна, не аднабакова», — павучаў новаспечанага студэнта бацька, паважаны ў Туле ўрач. «Не адхіляйся ў новым сваім жыцці ад чыстага навуковага шляху, сын мой!» — прасіў ён. Маці малілася, заказаўшы ў царкве малебен, стоячы на каленях, утаропіўшы поўныя слёз вочы ў абразы, а ў доўгую дарогу — «дзве бяссонныя ночы ў густа набітым вагоне трэцяга класа, дзе можна было толькі драмаць седзячы» — адправіла любага Віцю з шынкай, варэннем і пірагамі. Бацькі трывожыліся за сына — каб у Пецярбургу не трапіў пад уплыў нігілістаў і не сапсаваў сабе гэтым будучыню.
Бацькава прафесійная дзейнасць прыпала на эру падзвіжніцтва. Тады паўсюль засноўваліся таварыствы ўрачоў і з іх падачы адкрываліся бясплатныя лячэбніцы. Такое таварыства і такую лячэбніцу ў Туле заснаваў менавіта Вікенцій Ігнацьевіч Смідовіч.
А яго жонка Лізавета Паўлаўна адкрыла ў іх доме першы ў Туле дзіцячы садок, папярэдне прайшоўшы педагагічныя курсы Фрыдрыха Фробеля, аўтара самой ідэі дзіцячых садкоў, заснавальніка дашкольнага навучання. Сваіх васьмёра дзяцей (было адзінаццаць, трое памерлі) Смідовічы выхоўвалі вельмі старанна. Дзеці штодзень чыталі бацькам уголас, разыгрывалі перад імі тэатральныя сцэнкі, у розныя дні гаварылі на розных мовах — усё як у кнігах пра лепшых людзей 19-га стагоддзя.
Белыя і чорныя
Род Смідовічаў хоць і забраўся ў Тулу, бярэ пачатак на нашай зямлі і дае гісторыі некалькі вядомых імёнаў. У Туле жылі Смідовічы «белыя» і Смідовічы «чорныя». Першыя — сямейства Вікенція Ігнацьевіча, у якім пераважалі бландзіны, другія — пераважна чорнавалосае сямейства яго стрыечнага брата Гермагена, тульскага памешчыка. У гэтым сямействе вырас народжаны ў Рагачове Пётр Смідовіч, відны рэвалюцыянер, агент газеты «Іскра», савецкі дзяржаўны дзеяч, які адкрываў першы Усесаюзны З’езд Саветаў у дзень заснавання СССР. Да «чорных» Смідовічаў належыць і Інна Смідовіч, таксама рэвалюцыянерка, але больш цікавая тым, што пераклала на рускую мову раман Элізы Ажэшкі «Мейр Эзафовіч».
Траюрадная сястра Іна Вікенцію падабалася. Яна збіралася паступаць у жаночы медыцынскі інстытут, пра які гаварылі, што ён неўзабаве адкрыецца. Але так ён і не адкрыўся — Аляксандр ІІІ выступіў супраць вышэйшай адукацыі для жанчын. Тады Іна з малодшай сястрой Маняй зазбіраліся на Раждзественскія курсы лекарскіх памочніц у Пецярбургу. Іна паступіла, а Маню не прынялі. Вікенцій Ігнацьевіч пісаў за Маню хадатайніцтва дырэктару курсаў, свайму знаёмаму, але яно памылкова спрацавала на карысць Іны, за якую хадатайнічаць не палічылі патрэбным, бо ў яе быў медаль гімназіі. Тады Вікенцій Ігнацьевіч сказаў, што для Мані гэта і лепш: яна можа паступіць на фельчарскія курсы пры тульскай бальніцы і пад яго кіраўніцтвам засвоіць і практычны бок справы, і тэарэтычныя веды.
«Як быццам для дзяўчат галоўнае не Пецярбург, а грунтоўнае вывучэнне фельчарскіх навук», — здзіўляўся бацькавым развагам сын Вікенцій. У выніку Іна вельмі хутка пакінула курсы праз канфлікт з іх дырэктарам, і разгневаны Вікенцій Ігнацьевіч забараніў ёй з’яўляцца ў яго доме. Іншымі вачыма зірнуў на Іну і сын Вікенція Ігнацьевіча: «У ёй дзіўным чынам злучаліся ахвярная грамадская спагадлівасць і самы хіжы эгаізм, шырокі душэўны размах і чыста бабская дробязнасць». Яму ўсё больш і больш падабалася Маня — шчырая, смелая, з прагай да ведаў і без страху прызнацца, што яна нечага не разумее. Такой жа была і родная сястра Вікенція, таксама Маня, якая таксама вучылася медыцыне. Калі прафесар чытаў лекцыю пра тканкі, студэнты па чарзе глядзелі ў мікраскоп і пацвярджалі, што бачаць тое, пра што прафесар гаворыць. Калі ж дайшла чарга да Марыі Вікенцьеўны, яна паглядзела ў мікраскоп і сказала, што не бачыць нічога. Здзіўлены прафесар сам зірнуў у мікраскоп — і высветлілася: сапраўды не відаць нічога, бо ён забыўся пакласці прэпарат. «Што ж вы ўсе бачылі?» — пытаў ён студэнтаў.
Хварэюць усе
Неўзабаве старанны студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Вікенцій Смідовіч зразумеў, што не могуць яго задаволіць гуманітарныя веды, што пісьменнік, каб спазнаць чалавека, павінен дасканала арыентавацца ў будове і функцыях арганізма. «З філалагічнага факультэта кім я выйду? — разважаў ён. — Настаўнікам… ну, прафесарам». Ніякі настаўнік, хай сабе і прафесар, не валодае метадамі пазнання, якія дазволяць яму спасцігнуць «біялагічны бок чалавека, яго фізіялогію і паталогію».
Яшчэ ў дні знаёмства з пецярбургскім універсітэтам з яго доўгімі, «з паўвярсты», калідорамі, па якіх плылі стракатыя і шумныя натоўпы студэнтаў (уніформы тады не было, а ціхі студэнт — не студэнт), ён з цікавасцю, якую выпрацоўваў у сабе наўмысна, дзеля пісьменніцкага майстэрства, назіраў, як скрозь гэтыя натоўпы прабіраюцца на лекцыі прафесары, сярод якіх і «знакаміты Мендзялееў з пачварна-агромністай галавой і залацістымі, як у льва, валасамі да плячэй». Прага назіральнасці і цікавасць да дробных дэталяў прывялі Смідовіча да высноў, неверагодна каштоўных і для пісьменніка, і для ўрача. Да высноў, якія запраста і справядліва могуць абвергнуць чужыя высновы.
«Вочы — люстэрка душы! — піша ён. — Якая бязглуздасць! Вочы — падманная маска. Вочы — шырмы, якія хаваюць душу. Хочаце ведаць душу чалавека — глядзіце на вусны. Цудоўныя, светлыя вочы — і хіжыя вусны. Па-дзявоцку нявінныя вочы — і распусныя вусны. Па-таварыску ветлівыя вочы — і падціснутыя па-саноўніцку вусны з буркліва апушчанымі куткамі. Беражыцеся вачэй! Менавіта праз іх так часта памыляюцца ў людзях. Вусны не падмануць».
Кінуўся быў чытаць Мендзялеева, а з ім і Дарвіна, але зразумеў, што з гэтага «выйдуць адны вяршкі». Да таго ж хацелася мець веды «надзейныя, трывалыя і заўсёды патрэбныя — каб пры любых жыццёвых акалічнасцях быць незалежным». Прафесія ўрача ў гэтым сэнсе найлепшая: людскія хваробы нязводныя. «Хварэюць усе, — занатуе ён праз гады. — Бедныя хварэюць ад галечы, багатыя ад дастатку, працавітыя — ад напружання, лайдакі — ад гультайства, неасцярожныя — ад неасцярожнасці, асцярожныя — ад асцярожнасці».
Прынятаму канчаткова рашэнню паступаць на ўрача больш за ўсіх радаваўся Вікенцій Ігнацьевіч. Пісьменніцкі занятак сына мала яго цікавіў, ён лічыў гэта глупствам. А тут замітусіўся, паправіў і пашырыў дамашнюю лабараторыю, навыпісваў новых колб, рэторт, бюрэтак і рэактываў і без канца гаварыў пра тое, як добра будзе сыну: на канікулах ён зможа працаваць пад кіраўніцтвам бацькі, бацька яму будзе даваць пацыентаў для назірання, бацька дачакаецца, што сын стане прафесарам…
Вікенцій Ігнацьевіч не зведае шчасця, пра якое яму так марыцца: ён памрэ ўсяго праз тры гады пасля заканчэння сынам медыцынскага факультэта Дэрпцкага ўніверсітэта. Сын толькі трошачкі папрацуе ў Туле, а потым паедзе ў Пецярбург, дзе яго возьмуць на працу ў Боткінскую бальніцу, у якой ён будзе працаваць да таго дня, пакуль не вышлюць яго са сталіцы за тое самае, што для яго куміра Льва Талстога пройдзе беспакарана. «У нас два цара — Мікалай ІІ і Леў Талстой. Мікалай ІІ нічога не можа зрабіць з Львом Талстым», — пісалі тады газеты.
Запіскі ўрача
18 мая 1894 года Вікенцій Смідовіч запісаў у дзённік: «І вось я ўрач. Скончыў адным з лепшых. А між тым з якімі мікраскапічнымі ведамі ўступаю ў жыццё! І якіх недасведчаных знахараў выпускае ўніверсітэт пад імем урачоў! Так, я напішу «Запіскі ўрача» і паведамлю свету многае-многае, чаго ён не ведае і пра што нават не падазрае». Што ж такое не ведаў свет?
Што «кожную хвіліну, на кожным кроку нас падсцерагае небяспека: абараніцца ад яе немагчыма — занадта яна разнастайная, бегчы ад яе няма куды — яна паўсюль. Само здароўе наша — гэта неспакойны стан арганізма. Пры глытанні, пры дыханні ў нас штохвіліны трапляюць мірыяды бактэрый, унутры нашага цела бесперапынна ўтвараюцца самыя моцныя яды, незаўважна для нас усе сілы нашага арганізма вядуць адчайную барацьбу з шкоднымі рэчывамі і ўплывамі, і мы ніколі не можам лічыць сябе абароненымі ад таго, што, можа быць, вось у гэтую самую хвіліну сіл арганізма не хапіла і наша справа прайграна. І тады з невялікай драпіны развіваецца рожа, флегмона ці гнілакроўе, нязначны ўдар вядзе да ўтварэння рака або саркомы, лёгкі бранхіт ад адчыненай форткі пераходзіць у сухоты».
Што «існаванне медыцынскай школы — школы самай гуманнай з навук — немагчыма без грэбавання самай элементарнай гуманнасцю. Карыстаючыся немагчымасцю беднякоў лячыцца за ўласныя сродкі, наша школа ператварае хворых у манекены для практыкаванняў, топча без літасці сарамлівасць жанчыны, павялічвае і без таго немалое гора маці, аддаючы на жорсткае «ганьбаванне» яе памерлае дзіця, але не рабіць гэтага школа не можа, па добрай волі мала хто з хворых пагадзіўся б служыць навуцы».
Што «на цёмнай веры ва ўсемагутнасць медыцыны грунтуюцца тыя перабольшаныя патрабаванні да яе, якія з’яўляюцца для ўрача праклёнам і звязваюць яго па руках і нагах. У хворага з брушным тыфам ліхаманка, у яго баліць галава, ён пацее і трызніць. Змагацца з гэтым трэба асцярожна і пераважна фізічнымі сродкамі, але паспрабуй скажы пацыенту: «Пакутуй, аблівайся потам, знемагай ад кашмараў». Ён адвернецца ад цябе і звернецца да ўрача, які не будзе шкадаваць хініну, фенацэціну і хларалгідрату. Што гэта за ўрач, які не дае палёгкі! Хай гэтая палёгка ідзе за кошт сіл хворага, хай яна назаўсёды расхістае яго арганізм, хай зусім адвучыць ад здольнасці самастойна змагацца з хваробай — палёгка атрымана і гэтага дастаткова».
Горкая праўда
Сёння чытанне «Запісак урача» з большага проста цікавы занятак, хаця некаторыя месцы і ў нас могуць падняць хвалю эмоцый. А тады на аўтара абрынуўся цэлы дзявяты вал: публічнае, праз старонкі газет абзыванне невукам, дзікуном, дэгенератам, абвінавачванне ў паклёпе, пагарда нават з боку прафесуры.
Зрэшты, на такую рэакцыю знайшлася ўправа. «Цяжка зразумець прафесара-хірурга, які не пасаромеўся закідаць брудам асобу аўтара», — пісала іншая прэса, падкрэсліваючы чысціню намераў Верасаева, яго чулае сумленне і гарачае жаданне ліквідаваць існуючыя ў медыцыне супярэчнасці і адхіленні. «Рускае слова» пісала, што «Запіскі ўрача» па шчырасці інтанацый і сумленнасці поглядаў, па гарачай любові да чалавека, па святой мілажальнасці да чалавечых пакут — рэдкая, выключная кніга. На што тут, маўляў, абурацца? Ці не лепш было б паказаць гэту кнігу моладзі і сказаць: чытайце, вучыцеся разумець свае высокія абавязкі, глядзіце, якая адказная справа чакае вас і як да яе рыхтавацца. Самы значны твор 1901 года, бліскучы ўзор новай публіцыстыкі, палкая прафесійная палеміка, горкая праўда, упершыню выказаная ў агульнай літаратуры гучна, але спакойна — так называлі кнігу Верасаева тыя, хто зразумеў яе правільна.
І вось аўтар «Запісак урача» атрымлівае прапанову стаць урачом Талстога. Які адказ ён дасць?
Адказ Таццяне Львоўне
«Не дагледзіш, не ўчуеш — і смерць вялікага чалавека ляжа на тваё сумленне», — паўтараў сабе доктар Смідовіч. Ён ведаў пра адмоўнае стаўленне Талстога да медыцыны, пра яго супраціўленне прагрэсу медыцынскай навукі, пра крытыку імкнення медыкаў змагацца з прыродай. Таму і спадабаліся Талстому «Запіскі ўрача», што ў пэўным сэнсе пацвярджалі яго пазіцыю. Як будзе зладзіць з такім пацыентам?
У рэшце рэшт, доктар Смідовіч намаганнем волі абарваў свае ваганні, з якімі пражыў цэлы тыдзень, і паехаў, як і збіраўся, у Італію. І ўжо з Мілана даў Таццяне Львоўне адказ, што не рашаецца браць на сябе адказнасць за такое каштоўнае для яго і для ўсіх жыццё.
А Маня з «чорных» Смідовічаў стала Верасаеву жонкай.