Фота з архіва Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі.
Фота з архіва Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі.

У савецкі час ён крута змяніў навуковую карту СССР, ператварыўшы «правінцыйны Гродна» ў біяхімічную Меку, якую наведвалі не толькі зоркі савецкай навукі ўзроўню Севярына, Яфрэмава і Спірычава, але і госці з Германіі, Італіі, Фінляндыі, нават з Каралінскага інстытута ў Стакгольме, дзе вырашаецца лёс Нобелеўскіх прэмій па фізіялогіі і медыцыне.

 

Каб атрымаць дакладны партрэт заснавальніка Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР акадэміка Юрыя Астроўскага, давялося апытаць дзясяткі яго калег, паплечнікаў і апанентаў, звярнуцца да былых студэнтаў і аспірантаў, якія, рассяліўшыся па кантынентах, называюць сябе яго навуковымі дзецьмі і ўнукамі, нарэшце, знайсці тых, хто ведаў яго не як вучонага, пагутарыць з нашчадкамі і нават з суседам па лецішчы…

 

Перыяд назапашвання інфармацыі для біяграфічнай кнігі, насычаны маленькімі і вялікімі адкрыццямі пра героя, яго акружэнне і справу, якой ён служыў, — прамінуў. Партрэт яшчэ пішацца, але ўжо гатовыя эскізы, зробленыя рознымі мазкамі — ад густых, размашыстых, смелых да ледзь заўважных, далікатных, празрыстых. З іх ужо лёгка складаецца прозвішча: няма ў ім ніводнай літары, на якую не знайшлося б што расказаць.

 

А — акадэмік, арганізатар, аўтар «алкагольнай канцэпцыі»

 

Можна было б абмежавацца тым важкім фактам, што ён акадэмік, першы акадэмік у Гродне, які ён, у адрозненне ад многiх калег, не лічыў правінцыйным, а пры любой нагодзе падкрэсліваў былы статус каралеўскага горада і імкнуўся здабыць для яго новую славу — каб ва ўсім свеце ведалі: буйнейшыя сімпозіумы вітамінолагаў праходзяць тут, і каб гэта было непарушна, як Уімблдонскі турнір, карнавал у Венецыі, Канскі кінафестываль і мюнхенскі Актобэрфэст.

 

Можна было б спыніцца на яго таленце арганізатара, паказаўшы, што ён арганізатар у кубе: спачатку біяхімічнай лабараторыі пры Полацкай бальніцы, потым кафедры біяхіміі ў Гродзенскім медінстытуце, пасля — адпачкаванай ад яе структурнай адзінкі пад назвай Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў і нарэшце Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР, у які гэты аддзел перарос натуральным чынам — як зерне прарастае ў буйны колас.

 

Але для знаўцаў Астроўскі — аўтар метабалічнай канцэпцыі генезу алкагалізму, агучанай у 1980 годзе на Усесаюзным сімпозіуме «Біяхімія алкагалізму», які праходзіў, канечне ж, у Гродне.

 

Пачалося з таго, што аднаму з супрацоўнікаў інстытута, спецыялісту па газавай храматаграфіі, удалося замерыць узровень эндагеннага этанолу ў пацукоў і давесці, што гэты ўзровень не пастаянны. Назіранні выявілі, што ёсць пацукі, якія паміж вадой і этанолам выбіраюць этанол і «свайго» этанолу ў іх менш, чым у тых, якія аддаюць перавагу вадзе.

 

Спекулятыўна гэтыя першыя вынікі назіранняў тлумачыліся ледзь не анекдатычна: маўляў, алкаголікі проста вымушаныя «паддаваць» сабе этанолу. Гэта быццам апраўдвала п’янства ці, прынамсі, у нейкай ступені пераводзіла яго з разраду сацыяльнага зла ў разрад біялагічнай праблемы, за якую чалавек не адказвае.

 

«Калі Юрый Міхайлавіч пачаў дакладваць пра гэтыя даследаванні і іх вынікі ў таварыстве «Веды», то многія пітушчыя людзі потым на яго спасылаліся: маўляў, нават акадэмік абгрунтаваў неабходнасць атрымання алкаголю арганізмам», — прыгадвае дацэнт кафедры прамянёвай дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі ГрДМУ, кандыдат біял. навук Тамара Зіматкіна. «Але этанол тут жа трансфармуецца ў ацэтальдэгід», — тлумачыць яна далей і расказвае, як альдэгіды праз групоўку СО злучаюцца з амінагрупамі бялкоў і так карабацяць малекулы, што парушаецца работа ўсіх органаў і сістэм. У лабараторыі, дзе працавала Тамара Зіматкіна, шукалі, як падмануць арганізм, — распрацоўвалі злучэнні, якія, з’яўляючыся, як і этанол, двухвугляроднымі, не мелі наркатычнага эфекту. Гаворка ішла пра гіпотэзу двухвугляроднага голаду.

 

Ніна Кануннікава, прафесар кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар біял. навук, памятае, як першы раз пачула ад Юрыя Астроўскага пра гэтую гіпотэзу. «Ён лічыў, што двухвугляродныя злучэнні могуць адыгрываць у арганізме ролю пераключальнікаў метабалічных шляхоў, — гаворыць яна. — Калі я гэта пачула, то ўспомніла цыкл апавяданняў пра сямейства Хогбэнаў амерыканскага фантаста Генры Катнэра. Гэта мутанты з такой асаблівасцю, якая дазваляе па жаданні пераключаць метабалізм на ўтварэнне ў арганізме этанолу, калі ім захочацца выпіць. Пасадзілі аднаго такога мутанта ў турму, а ён пераключыў свой метабалізм і сядзіць там вясёленькі. Яму добра, а турэмшчыкі бегаюць высвятляюць, хто прынёс алкаголь. Юрыю Міхайлавічу вельмі спадабалася, калі я расказала яму гэты сюжэт».

 

С — «стэнфардскі прафесар»

 

astrovskij 2507 448

 

«Мы вельмі сур’ёзна ставіліся да лекцый, не прагульвалі іх. Ну і прафесары нам выкладалі класічныя, — успамінае навуковы супрацоўнік кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУ Святлана Залатухіна. — І вось лекцыя па біяхіміі. Пра Астроўскага мы ўжо наслухаліся, чакаем. У гэты час ці камсорг, ці стараста робіць нейкую аб’яву. І раптам на сцэну выбягае мужчына ў летнім лёгкім касцюмчыку, мне нават спачатку здалося, што гэта малады чалавек. Светлавалосы, энергічны. Гаворыць: «Не слухайце яго, слухайце мяне. Мы пачынаем лекцыю па біяхіміі». У нас быў шок. Але ўжо пасля першай лекцыі я зразумела, што прапала. Мы ўсе прапалі. У мяне не было ў той момант адчування, што я абавязкова стану біяхімікам, не. Гэта прыйшло нашмат пазней. Але маштаб і абаяльнасць асобы Юрыя Міхайлавіча мы ўжо тады адчулі ўсе». 

 

«У адрозненне ад сучаснай прафесуры — чалавек без усялякіх нататак, маючы ў руцэ толькі крэйду, на працягу дзвюх гадзін чытае лекцыю па біяхіміі. Калі ён яе прачытаў, я зразумеў: мне ўрачом не быць, — расказвае дацэнт кафедры біялагічнай хіміі ГрДМУ, кандыдат мед. навук Аляксандр Навумаў. — На фоне звыклага выкладчыцкага бубнёжу раптам чуеш, як гаворыць жывы чалавек. Ён проста з табой размаўляе, і ўсё, што ён гаворыць, табе зразумела. Ён назваў біяхімію будучыняй медыцыны і завабіў нас вялікімі перспектывамі, запрасіўшы ў навуковы гурток. Праз паўгадзіны я ўжо запісаўся».

 

Згадвае дацэнт кафедры біялагічнай хіміі ГрДМУ, кандыдат біял. навук Яўген Дарашэнка: «Вось чалавек прыйшоў чытаць лекцыю. Сеў на стол. Мы ўжо першы курс адвучыліся — ніхто з выкладчыкаў так не рабіў. Адчуваем нейкi кагнітыўны дысананс. Ён пачынае нешта расказваць, потым у пэўны момант бярэ кавалак крэйды, нешта малюе на дошцы, зноў расказвае, зноў малюе — і ствараецца ўражанне, што не толькі выкладчык не такі, як іншыя, але і біяхімія нечым не такая, як іншыя навукі. Прынамсі, на лекцыях у яго выкананні. Я ў школе хіміяй захапляўся, удзельнічаў у хімічных алімпіядах усесаюзнага ўзроўню. У душы я і цяпер больш хімік. І вось прыкмячаю ў запісе на дошцы памылку. На перапынку падыходжу да Юрыя Міхайлавіча, гавару, что механiзм рэакцыi мае быць iншым. Ён паглядзеў на мяне з вышыні свайго росту, злёгку падумаў, нічога не сказаў, а пасля перапынку выходзіць і кажа: «Я тут памылку зрабіў. Павінна быць вось так». І выправіў запіс на дошцы. Праз шмат гадоў я даведаўся, што ён такія памылкі на лекцыях часам рабіў спецыяльна. Цяпер я таксама так раблю, i мне радасць, калi студэнты мяне папраўляюць».

 

Ніна Кануннікава расказвае пра першае ўражанне ад лекцыі Астроўскага: «Стаіць каля дошкі стол, ён садзіцца на гэты стол, хітае нагой і лёгка пачынае расказваць. Паварочваецца да дошкі, піша нейкія формулы. Так цікава… Адзін раз атрымалася, што паралельна падобную тэму нам чытаў па фізкалоіднай хіміі дацэнт Балаклееўскі. Пасля лекцыі Балаклееўскага я думала: «Як жа гэта ўсё цяжка, і як гэта людзі да такога дадумаліся!» А пасля лекцыі Астроўскага адчувала і думала ўжо зусім іншае: «Як жа гэта цікава, і як гэта проста, і як я да гэтага сама не дадумалася!» 

 

«У Астроўскага ў лекцыі ўвесь час перапляталіся і нейкія аповеды пра зёлкі, якімі лечаць бабкі, і пра тое, што адбываецца ў арганізме, і што для чаго ў ім патрэбна... — працягвае ўспамінаць Святлана Залатухіна. — Я пасля занялася спартыўнай фармакалогіяй, але больш нідзе ніколі такога не назірала. А пазней у розных калегіяльных стасунках я зразумела, да каго быў падобны Астроўскі: да стэнфардскага прафесара».

 

Т — «тыяміншчык»

 

«У розных лабараторыях у нас вывучаліся розныя вітаміны, але Юрый Міхайлавіч быў класічны тыяміншчык», — гаворыць Тамара Зіматкіна.

 

З вітаміна В1, тыяміна, і пачыналася навуковая дзейнасць Астроўскага. Даследаванне абмену гэтага вітаміна пры медыкаментозным лячэнні пацыентаў з туберкулёзам — тэма яго кандыдацкай дысертацыі. Доктарская таксама звязаная з тыямінам.

 

«Все начиналось с тиамина,

Он ваши и любовь, и боль…»,

 — запісана ў адным з фотаальбомаў, якія «ўкладаліся» супрацоўнікамі інстытута з нагоды юбілеяў і іншых па-дзей даволі часта і пераважна ў дасціпнай, «капусніцкай» форме. Да прыкладу, прыведзеным радкам папярэднічалі такія:

«Здесь в спальнях Стефана Батория

вы заварили круто кашу

ту витаминную, которую

не расхлебать и внукам нашим».

 

Пад спальнямі Стэфана Баторыя маецца на ўвазе, канечне ж, знакаміты гродзенскі будынак Батораўка, дзе кароль не толькі жыў, але і быў анатаміраваны. Што да «вітаміннай кашы», якую «не расхлябаць», дык ледзь не ўсе вучні Астроўскага абаранялі дысертацыі па розных аспектах аднаго гэтага злучэння, даследуючы яго ролі ў самых розных абменных рэакцыях. Настолькі яны шматлікія. Тыямін — не толькі вітамін, але і кафактар: без яго немагчымы сінтэз шмат якіх ферментаў.

 

Р — рацыянальны рамантык

 

Успамінае Тамара Зіматкіна: «Прыехалі на канферэнцыю. Я з важкай сумкай, Юрый Міхайлавіч — з тоненькім дыпламатам. Ён дапамагае мне несці сумку, а я думаю: «Як гэта можна? У дыпламат жа не памесціцца ўсё». А там, у яго дыпламаце, ляжаць дысертацыя вучня, шчыльна скручанае трыко, гальштук, электрабрытва, нататнік, тонка завостраны аловак і ручка — усё акуратненька складзена. Я тады падумала: «Гэта ж трэба! Такая арганізацыя! А ў мяне вялікая поўная сумка і я пры гэтым яшчэ нешта забыла, нечага не ўзяла». Такі быў чалавек — рацыянальны».

 

«…А ў Маскве была такая Гарачава, доктар навук, вучаніца Браўнштэйна, займала нейкую пасаду ў забеспячэнні, — расказвае Аляксандр Навумаў, згадваючы імёны з савецкай навуковай мінуўшчыны. — Яна ў мяне неяк спытала: «Ну, як там наш фантазёр?» Я, на той час аспірант, ашалеў, пачуўшы такое пра Астроўскага. Аказваецца, у Маскве яго яшчэ і вось так успрымалі. Але ж навуковыя фантазіі — гэта рухавік навукі. На мільён фантазій — адна Нобелеўская».

 

О — оксітыямін

 

Антаганіст тыяміна. Як злучэнне з антывітамінным эфектам можа выкарыстоўвацца для падаўлення рэакцый, актываваных паталагічным працэсам. Даследаванні, якія праводзіліся супрацоўнікамі Астроўскага ў 1980-х на пацуках, паказалі, што оксітыямін тармозіць рост злаякасных новаўтварэнняў. Таму што пухліны без разбору паглынаюць усё, што ім спрыяе, у тым ліку і малекулы вітамінаў, але адрозніць вітамін ад антывітаміна яны няздольныя, таму калі ім падсунуць апошні, схопяць і яго. Так, назапашваючыся ў пухліне, оксітыямін тармозіць яе рост. Але паралельна ў тканках адбываецца процьма розных іншых эфектаў, якія супрацоўнікі інстытута інтэрпрэтавалі кожны па-свойму, і таму аб малекулу оксітыяміну было зламана нямала дзідаў. Злучэнне з гаваркой прыстаўкай «анты» кіравала навуковымі лёсамі, маланкамі спрэчак рассякала інстытут напалам. Час да гэтай пары не паставіў у тых спрэчках кропку.

 

Ў — гэта і сімвал Полацка, дзе Юрый Астроўскі пачаў займацца навукай, і сімвал яго любові да Беларусі, якую ён не захацеў пакінуць, нягледзячы на прапановы замежных калег пасяліцца дзе-небудзь у Фрайбургу ці Люксембургу, і літара мовы, на якой ён пісаў не толькі надзённыя роздумы, не толькі артыкулы, у якіх прыводзіў аналіз «біялагічнага грунту народаў», і не толькі «Тэстамент», у якім ёсць сярод іншых такія словы: «Адважна рабі першыя крокі», «Стаўся да свайго народа як да ўласнай сям’і», «Навучайся паважаць іншыя народы, але не губляй пры гэтым уласнага гонару і годнасці».

 

На мове, якой належыць літара Ў, Юрый Астроўскі пісаў і вершы. Адзін з іх у размове для кнігі вельмі кранальна, з дрыготкай у голасе прачытала Алена Радута, вучоны сакратар Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, так цяпер называецца заснаваны Астроўскім інстытут.

 

«Я люблю глухія шумы

У лясной глушы.

Я люблю згубіцца з думай

На лясной мяжы,

Дзе так сумна, ціха, змрочна

На ссівелы мох

З перапуджаных узбочын

Паў перапалох.

Адпачну крыху ад болю,

Ад няпраўд, маны,

Удыхну лясную волю

З пахам сасніны».

 

«Бываюць у працы складанасці, — гаворыць Алена Радута. — І здаецца, усё кінула б. Але партрэт Астроўскага на сцяне… Паглядзіш на яго — і думаеш: а яму ж не было лягчэй. Яму ж і цяжэй было. І хіба ён камусьці паскардзіўся? Не».

 

С — строгі

 

На трэцім паверсе Інстытута біяхіміі працавалі жанчыны, якія заўзята палілі. Нягледзячы на саліднасць узросту і занятку, яны хаваліся ў курылках, як школьніцы. Хаця Астроўскі не сказаць каб сварыўся. Проста ўшчуваў: «Вы ж доктар». Ён быў супраць курэння і супраць прастою ў працы. Сам ён не меў шкодных звычак, а тыя, хто іх меў, перад ім сваіх звычак саромеліся, з-за чаго гэты мяккі чалавек у іх вачах выглядаў надта строгім. Хаця нехта іншы скажа, што Астроўскі і сапраўды быў строгі. І гэта будзе такая ж праўда, як факт яго мяккасці.

 

К — Каралінскі інстытут

 

Калі з’явіліся публікацыі пра метабалічную прыроду алкагалізму, сусветная біяхімічная грамадскасць аўтарам зацікавілася. «Да нас зачасцілі прафесары з Каралінскага інстытута, — гаворыць Аляксандр Навумаў. — Астроўскага запрасілі папрацаваць там, даўшы карт-бланш на даследаванні. Там, у Швецыі, ён дакладна ўстанавіў, што этанол — натуральны метабаліт, які сінтэзуецца не толькі ў аднаклетачных арганізмах і не толькі шляхам бражэння. Значыць, нейкую ролю ён павінен выконваць. Тым больш што была выяўленая залежнасць: жывёлы, якія выбіраюць этанол, маюць нізкі яго ўзровень. Трэба было проста працягнуць даследаванні і неяк адказаць на ўзнікаючыя пытанні. І калі б Астроўскі не захварэў і не памёр заўчасна, хто ведае, ці не атрымаў бы ён Нобелеўскую прэмію. Ён быў да яе вельмі блізка».

 

Юрый Астроўскі разумеў, што навука не развіваецца ў ізаляцыі, што знаходкі яго супрацоўнікаў павінны агучвацца сусветнай навуковай грамадскасці, што трэба ім усім выступаць на прэстыжных канферэнцыях і друкавацца ў замежных выданнях, таму, па-першае, увёў для супрацоўнікаў заняткі англійскай мовай — двойчы на тыдзень у працоўны час. Не адыходзячы далёка ад сваіх «варбургаў», храматографаў, цэнтрыфуг і дзюараў, кожны атрымліваў гэтыя ўрокі бясплатна.  Сам Юрый Міхайлавіч адвучыўся на курсах англійскай мовы ў Маскве два гады яшчэ ў 1940-х. Па-другое, адзін дзень на тыдзень прынята было гаварыць па-англійску. Па-трэцяе, даклады на традыцыйных «біяхімічных панядзелках» перыядычна таксама трэба было рабіць па-англійску і па-англійску ж іх абмяркоўваць: задаваць пытанні, даваць адказы, выказваць меркаванні, спрачацца, даводзіць свой пункт гледжання — усё па-англійску. «Таму мы былі дастаткова някепска падрыхтаваныя i не саромелiся сваёй англiйскай мовы, не лезлi ў кiшэню па слова», — кажа Яўген Дарашэнка. Таму выступленні замежных прафесараў перад біяхімікамі школы Астроўскага не былі ні фармальнымі, «дзеля птушачкі», ні дэкаратыўнымі, «для блезіру», а слухаліся з асаблівай увагай.

 

Часам і расчароўвалі. «Першы такі візіт быў асабліва паказальны, — успамінае Аляксандр Навумаў. — Прафесар пачаў нам расказваць, як расказваюць дзецям, а не вучоным. Хвілін трыццаць ён нам гаварыў, а потым быў перапынак. Юрый Міхайлавіч збірае нас у фае і пытаецца: «Як вам лекцыя?» Усе паціскаюць плячыма: «Прымітыўна». Ён: «А чаго вы маўчыце?» Мы: «А што? Як?» — «Задавайце пытанні!» І калі пачалася другая частка і пасыпаліся пытанні, гэты прафесар не мог на іх адказаць.

 

Ён зразумеў, што прыняў вучоных за малодшую групу дзіцячага садка. Але яго лекцыя прызначалася для малодшай групы, і ён ужо не мог яе перабудаваць».

 

«Не трэба ідэалізаваць замежных вучоных, — працягвае Аляксандр Навумаў. — Людзі паўсюль аднолькавыя, таму няварта думаць, што на Захадзе нейкія геніі. Проста ў іх болей грошай, ім купілі прыборы з такімі магчымасцямі, што яны проста не могуць не дасягнуць таго, чаго не дасягнуць іншыя без такіх прыбораў і грошай. У нас у лабараторыі ёсць прыбор, на якім працуе мой калега Яўген, які гэты прыбор ведае як свае пяць пальцаў. Так працаваць, як ён, больш ніхто не можа. Як вы думаеце, дзе будуць вынікі? У нас. Гродзенскі медыцынскі — адзіны ўніверсітэт у Беларусі, дзе можна, напрыклад, вызначаць узровень гомацыстэіну ў тканках. Гэта такая таксічная амінакіслата, якая і атэраслероз выклікае, і выродствы ў дзяцей, і іншае».

 

Прафесар Кануннікава ўспамінае таксама, што Юрый Міхайлавіч Астроўскі памёр (пасля непрацяглай цяжкай хваробы, справакаванай і бясконцай стомай, і нервовай атмасферай часу, і наступствамі працы з ізатопамі ды іншымі шкодамі) 31 снежня 1991 года. Яму было 66. «Я не памятаю, як так атрымалася, — гаворыць Ніна Паўлаўна, — але пазней на адрас Інстытута біяхіміі на імя Юрыя Міхайлавіча прыйшоў ліст са Стакгольма з запрашэннем увайсці ў лік экспертаў па вызначэнні нобелеўскіх лаурэатаў у галіне біялогіі і медыцыны. І неяк так атрымалася, што адказ пісала я. Я напісала, што гэта вельмі ганаровае для нас запрашэнне, але, на вялікі жаль, Юрый Міхайлавіч сышоў з жыцця…»

 

І — іншы

 

Не такі, як усе. Акадэмік, а просты ў стасунках. Мае афіцыйны дырэктарскі кабінет, але часцей яго сустрэнеш у лабараторыі. І не трэба нікому з супрацоўнікаў інстытута загадзя запісвацца да яго на прыём: калі табе трэба, тады ён цябе і прыме.

 

Вось што расказала кандыдат біял. навук, дацэнт Галіна Доста, якая працавала на кафедры біяхіміі Гродзенскага медінстытута ад самага пачатку заснавання гэтай кафедры Астроўскім: «Памятаю такі выпадак. Ідзе Юрый Міхайлавіч па калідоры і бачыць на падлозе парашок рэактыву: нехта рассыпаў і не сабраў. Ён спакойна заходзіць у лабаранцкую, бярэ там савок і венік і падмятае рассыпанае». У гэты час прыйшоў да яго наведвальнік, а Галіна Антонаўна акурат выйшла ў калідор і заспела карціну: шэфа з венікам у руках і візіцёра, які пытаецца ў яе, дзе знайсці прафесара Астроўскага. «Я гавару: дык вось ён, наш Юрый Міхайлавіч, — працягвае Галіна Антонаўна. — А Юрый Міхайлавіч пацвярджае: «Гэта я...».