Фото автора.
Фото автора.

Яшчэ на пачатку нашай сустрэчы беларуска-расійскі герантолаг Кірыл Прашчаеў здзівіў і зацікавіў мяне сваёй нязмушанай гаворкай. Без акцэнту, з багатым слоўнікавым запасам. Жывучы ў Расіі больш за 10 гадоў, не забыцца на родную мову… І ўсё гэта — без рысоўкі, цалкам натуральна.

 

Спадар Кірыл, адкуль у вас такое валоданне мовай, жаданне размаўляць па-беларуску?

 

Тут шмат складнікаў, насамрэч. І першы — што я беларускую мову чуў з дзяцінства. Хаця нарадзіўся ў Адэсе. Мой дзядуля, мамін тата, там служыў. А калі мае бацькі скончылі ВНУ і адпрацавалі па размеркаванні, дзядуля іх перацягнуў у Адэсу.

 

Гэта пазней усе вырашылі вярнуцца ў Беларусь. А ў Адэсе я скончыў 4 класы. Але кожныя вакацыі, зімовыя і летнія, мы ездзілі ў Полацк да дзедавай сястры — бабы Ганны, светлая ёй памяць. Дык вось яна так і не вывучыла рускую мову, а ўсё жыццё размаўляла на тым віцебска-полацкім дыялекце.

 

Мой дзядуля быў высокапастаўленым ваенным, але літаратурнай рускай мовы на выдатна, шчыра кажучы, не ведаў. Беларускі акцэнт, беларускія словы… Слова «шуфлядка» — здаецца, першае, якое я пачуў у дзяцінстве. Не «мама» ці «тата» — а «шуфлядка»!

 

Дома было шмат слоўнікаў, у тым ліку і беларуска-рускіх. Дзядуля мне тлумачыў: «Савецкі афіцэр павінен валодаць рускай мовай бездакорна. Калі я пішу загады, дык не маю права рабіць памылкі». І ён ледзь не кожнае слова правяраў па слоўніку.

 

Але кожныя вакацыі ў бабы Ганны мы размаўлялі па-беларуску…

 

А ў Адэсе на якой мове размаўлялі?

 

Па-руску з такім, ведаеце, габрэйскім акцэнтам. Але ў школе мы вывучалі ўкраінскую мову. І вельмі сур’ёзна, як цяпер разумею, бо калі я некалькі гадоў таму паехаў у Львоў, дык на трэці ці чацвёрты дзень разгаварыўся па-ўкраінску.

 

А калі пераехалі ў Беларусь, дык родная мова сталася натуральнай. І гэта — другі складнік.

 

Дзякуй за тое і настаўніцы беларускай мовы Марыі Іванаўне. Тады яе прозвішча было Галеба. Яна перадавала нам любоў не толькі да мовы, але і да культуры Беларусі. Мы і дагэтуль стасункі падтрымліваем. Яна мне ў свой час такі каштоўны падарунак зрабіла — Статут ВКЛ. Ён і зараз у мяне дома на ганаровым месцы.

 

Вы колькі ўжо гадоў у Расіі?

 

З 2007-га...

 

І пры гэтым у вас няма акцэнту, прыгожае нязмушанае маўленне…

 

 Затое калі размаўляю па-руску — беларускі акцэнт! Была такая сітуацыя. Чытаў лекцыю. Падыходзяць дзяўчаты-медсёстры:

 

—  Нам здаецца, што вы з Беларусі…

 

— Чаму?

 

— А вы па-беларуску вымаўляеце «дз», «ц»…

 

А ўвогуле… Калі ты маеш пашпарт гэтай краіны, кроў беларускую, як жа іначай!

 

А моўная практыка?

 

Чытаю кнігі на беларускай мове. Ёсць беларускамоўныя калегі ў Маскве, супольнасці ў сацсетках і месэнджарах… Было б жаданне!

 

Мая спецыяльнасць — геранталогія — не медыцынская. Медыцынская спецыяльнасць — герыятрыя. А геранталогія больш шырокая і мае некалькі накірункаў: медыцынскі, сацыяльны, біялагічны і г. д. І менавіта мова можа адлюстроўваць, як грамадства саспела (ці не саспела) у пэўнай ступені да жыцця са сталымі людзьмі. Беларуская мова больш прыстасаваная да новай геранталагічнай тэрміналогіі, чым руская.

 

Усе тэрміны ў сучаснай геранталогіі на постсавецкую прастору пераходзяць пераважна з англійскай мовы. І калі мы перакладаем, трэба шукаць прафесiйны адпаведнік. Возьмем frailty. Па-руску перадаецца як «хрупкость». Але гэта не медыцынскі тэрмін. Мы не можам сказаць, што да нас прыйшоў «хрупкий» пацыент. А па-беларуску скажам, што да нас прыйшоў кволы пацыент…

 

Хаця ў «кволы» — сэнс усё ж больш шырокі…

 

Згодны. Але ў плане геранталогіі гэта дакладны тэрмін, які адпавядае англійскаму frailty.

 

Потым у геранталогіі ёсць, напрыклад, такая з’ява, як community. Супольнасць людзей вакол сталага чалавека, якая дапамагае яму жыць, нават не задумваючыся пра тое, што дапамагае.

 

У беларускай вёсцы, калі чалавек пачынаў страчваць розум, дык сусед дапамагаў, напрыклад, дровы калоць, сусед вады прыносіў з калодзежа. Па-беларуску гэта — «талака». А па-руску… Мы мусім ужываць цэлы сказ, каб патлумачыць, што такое community.

 

Ну што ж, вельмі цікавыя назіранні і абагульненні. І рэспект вашай беларускай мове…

 

Дзякуй. Ведаеце, у згаданай мной настаўніцы быў дзень народзінаў. І я ў сацсетцы напісаў, што яна прывіла нам каханне да мовы. Што там пачалося! Маўляў, не каханне — любоў! Я кажу: «Дык вось у гэтым жа і розніца. Марыя Іванаўна прывіла нам каханне, а не любоў…»