Курсы павышэння кваліфікацыі ў Астравецкай ЦРКБ
Фота прадастаўлена Астравецкай ЦРКБ.

На базе Астравецкай ЦРКБ праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі  «Кіраўнічыя тэхналогіі ў сістэмах аховы здароўя» для арганізатараў аховы здароўя, кіраўнікоў устаноў і іх намеснікаў. Заняткі практыка-арыентаваныя і праводзяцца у вельмі зручным вочна-дыстанцыйным фармаце.

 

Курсы арганізаваны кафедрай грамадскага здароўя і аховы здароўя Гродзенскага медуніверсітэта, філіял якой дзейнічае ў Астравецкай ЦРКБ. У раённай бальніцы ёсць статус клінічнай базы, што дае магчымасць праводзіць тут адпаведнае навучанне.

 

Уладзімір Мажэйка, галоўны ўрач, кіраўнік філіяла кафедры, кандыдат мед. навук:

 

Летась мы правялі трое курсаў павышэння кваліфікацыі — па кардыялогіі, рэанімацыі і для кіраўнікоў аховы здароўя. Асаблівасць нашых курсаў у тым, што яны арганізаваны ў гібрыдным фармаце. Праводзім як вочныя заняткі (лекцыі, семінары, знаёмства з вопытам работы бальніцы), так і дыстанцыйныя. Гэта досыць зручна, бо арганізатарам і кіраўнікам аховы здароўя заўсёды трэба быць на сувязі са сваімі ўстановамі, аператыўна вырашаць надзённыя праблемы. Таму прапанаваны варыянт курсаў вельмі запатрабаваны.

 

Праграма навучання складзена з улікам пытанняў, якія цікавяць кіраўнікоў аховы здароўя.

 

Сярод тэм для вывучэння і абмеркавання — тэлекамунікацыйныя тэхналогіі ў ахове здароўя, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці, прынцыпы справаводства, культура кіравання, маркетынг у ахове здароўя, арганізацыйныя аспекты функцыянавання рэсурсных цэнтраў і інш. — тое, з чым кожны кіраўнік сутыкаецца штодня.

 

Заняткі праводзяць галоўны ўрач Уладзімір Мажэйка, а таксама іншыя спецыялісты бальніцы, у тым ліку загадчыкі аддзяленняў. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца сучасныя магчымасці Астравецкай ЦРКБ. Трэба сказаць, што гэта не звычайная раённая бальніца, а буйны міжраённы цэнтр, тут ёсць і міжабласныя аддзяленні. Ва ўстанове сканцэнтраваны высокатэхналагічнае абсталяванне і спецыялісты, якія аказваюць адпаведную дапамогу.

 

Дыстанцыйныя заняткі забяспечвае кафедра грамадскага здароўя і аховы здароўя ГрДМУ (загадчык  — доктар мед. навук, прафесар Марына Сурмач). На адукацыйным партале размешчаны матэрыялы для самастойнага вывучэння і заданні па розных тэмах. Гэта дазваляе курсантам мець зваротную сувязь з выкладчыкамі.

 

Уладзімір Мажэйка:

 

Зразумела, нашы слухачы вельмі дасведчаныя, але перад імі стаяць сур’ёзныя задачы, таму надзвычай важна сістэматычна абнаўляць і папаўняць веды. Курсы максімальна арыентаваны на практыку. Калі мы гаворым пра арганізацыю міжраённых і міжабласных цэнтраў, то гэта не проста лекцыя, а і наведванне такіх цэнтраў, знаёмства з дарожнай картай іх стварэння, шчырая гутарка са спецыялістамі. Курсанты маюць магчымасць задаць пытанні і даведацца пра ўсе нюансы арганізацыі работы, высветліць, якія праблемы ўзнікаюць і як яны вырашаюцца.