У гэтую сесію многія студэнты ГрДМУ здаюць аб’ектыўны структураваны клінічны экзамен (АСКЭ). Выпрабаванне праходзіць на базе сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра навучальнай установы, а правільнасць выканання практычных навыкаў ацэньвае камп’ютарная праграма.
Экзамен па сістэме АСКЭ стаў магчымым дзякуючы развіццю сімуляцыйнага навучання. Гродзенскі медуніверсітэт першым у краіне (яшчэ ў 2013 годзе) адкрыў адпаведную лабараторыю. А сёлета яна пераўтворана ў сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр, па сутнасці — віртуальную клініку, дзе студэнты могуць адпрацоўваць як базавыя практычныя навыкі, так і высокатэхналагічныя аперацыі.
Цэнтр аснашчаны самым сучасным медыцынскім абсталяваннем, спецыялізаванымі трэнажорамі, робатамі-сімулятарамі, манекенамі. Тут можна адпрацоўваць навыкі ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Шматфункцыянальны манекен Noelle даволі рэалістычна імітуе працэс родаў, і студэнты вучацца аказваць акушэрскую дапамогу «маці».
Каб адпрацаваць навыкі ў галіне анестэзіялогіі і рэанімацыі, ёсць манекены для інтубацыі, сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, рэспіраторнай тэрапіі, наркозны апарат. Менавіта на трэнажорах і манекенах студэнты вучацца рабіць пункцыю і катэтэрызацыю цэнтральных вен, аўскультацыю сэрца і лёгкіх, выконваць розныя, у тым ліку складаныя лапараскапічныя аперацыі ды іншае.
Усе манекены цалкам рэалістычныя — нават матэрыялы, з якіх яны вырабленыя, праўдападобна імітуюць чалавечыя тканкі. Больш за тое, манекены даюць зваротную сувязь. Спецыяльныя датчыкі аналізуюць усе маніпуляцыі, і, калі яны няправільныя ці неэфектыўныя, сістэма паведаміць пра памылкі.
Сёння ў сімуляцыйна-атэстацыйным цэнтры ГрДМУ ўжо больш за 20 кабінетаў, дзе створана імітацыя розных медыцынскіх сітуацый. Навучанне ў іх праходзяць студэнты ўсіх курсаў, што дазваляе набываць клінічны вопыт без страху і рызыкі для пацыентаў.
Дарэчы, сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр ГрДМУ пакуль працуе ў тэставым рэжыме. Афіцыйнае адкрыццё плануецца ў верасні. У будучыні атэстацыю тут змогуць праходзіць не толькі студэнты, але і інтэрны, а таксама практыкуючыя ўрачы. Тут жа будзе арганізавана павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка спецыялістаў сістэмы аховы здароўя.