Гродзенская «Фармацыя» адзначае 80-годдзе

Фота Анжалікі  Саўчанка, «МВ»
Фота Анжалікі Саўчанка, «МВ»

Гэты год для Гродзенскай «Фармацыі» юбілейны: дзяржаўная аптэчная сетка адзначае 80-годдзе. За мінулыя гады тут адбыліся значныя змены. Нязменным застаецца клопат пра здароўе людзей і даступнасць лекавых сродкаў.

 

З гісторыі

 

Упершыню прафесія аптэкара ўзгадваецца ў 1553 годзе: у час існавання Вялікага княства Літоўскага адбыўся падзел прафесій урача і аптэкара.

 

У XVI–XVII стагоддзях аптэкі ствараліся пры манастырах: у 1687 годзе — аптэка езуітаў у Гродне, у 1773-м — пры манастыры піяраў у Шчучыне…

 

У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай беларуская аптэчная справа дасягнула пэўнага росквіту: на тэрыторыі сучаснай Беларусі было адчынена 40 аптэк, у тым ліку тры гро-дзенскія.

 

У 1795 годзе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, і ў 1836-м быў зацверджаны аптэкарскі статут, які дазваляў ствараць аптэкі пры ўмове, што на пасаду будзе прызначаны чалавек з вышэйшым фамацэўтычным званнем аптэкара альбо правізара ўзростам не маладзей за 25 гадоў.

 

Больш за сто гадоў Гродзенскай аптэцы № 1. Як сцвярджаюць матэрыялы Нацыянальнага архіву Беларусі, у 1900–1910-х гадах у межах вуліцы Мураўёўскай (цяпер вулiца Ажэшкі) і Тэлеграфнага завулка (цяпер вуліца Тэлеграфная) быў пабудаваны двухпавярховы каменны дом. Менавіта ў ім аптэкар Шварц Саул, які прыехаў з Беластока, адкрыў аптэку.

 

У даваенныя гады тут выпускаліся спіртавыя выцяжкі з лекавай сыравіны: настойкі і экстракты. Аптэка была самай вядомай у горадзе. Тут працавалі больш як 30 спецыялістаў. У пасляваенны час акрамя аддзелаў ручнага, рэцэптурна-вытворчага і запасаў з’явіўся яшчэ і аптэчны. Па сёння тут прымаюць наведвальнікаў. Аптэка па-ранейшаму у ліку першых, у тым ліку і па забяспячэнні насельніцтва лексродкамі.

 

Да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года былі адкрыты аптэкі ў 256 населеных пунктах. У Гродзенскай губерні было 55 аптэк і 86 аптэчных крамаў.

 

Прыступкі росту

 

5 студзеня 1940 года ў Гродзенскай «Фармацыі» афіцыйны дзень нараджэння.

 

У той дзень было створана Беластоцкае абласное аддзяленне Галоўнага аптэчнага ўпраўлення Наркамздрава БССР (потым Гродзенскага абласнога аптэчнага ўпраўлення).

 

У 1919 годзе ў Гродне працавалі 3 аптэкі. У 1936-м, калі гродзенскі рэгіён быў у складзе Польшы, — 6 прыватных і 1 страхавая аптэка.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны, калі Гродзенская вобласць была пад акупацыяй, на яе тэррыторыі дзейнічалі 28 аптэк.

 

У 1944 годзе зноў пачалі актыўна працаваць фармацэўтычная школа, галенавая і кантрольна-аналітычная лабараторыі.

 

У 1964 годзе пачалі дзейнiчаць цэнтральныя раённыя аптэкі, якія курыравалi сельскія.

 

У 1980-я гады ў рабоце аптэк з’явілася новаўвядзенне, якое захавалася да нашага часу — гарантаваны метад лекавага забеспячэння.

 

На пачатку 1990-х фармацэўтычная служба Гродзенскай вобласці прыняла рашэнне развівацца ў напрамку гамеапатыі і фітатэрапіі. У перабудовачны час былі праблемы з планавымі пастаўкамі лекавых сродкаў, і аптэкі мелі права самастойнай закупкі.

 

У перыяд з 2000 па 2010 год у фармацэўтычную сетку прадпрыемства паступіла 1 600 новых найменняў лексродкаў, у тым ліку каля 200 беларускіх. Пачалі  па-іншаму ўспрымаць аптэкі і наведвальнікі: тут цяпер набываюць не толькі лекі.

 

Ветэран аптэчнай службы Галіна Пятрышча, якая амаль паўвека ў гэтай сферы, цяпер загадвае кабінетам гісторыі аптэчнай справы і пра гісторыю фармацэўтычнай галіны можа распавядаць гадзінамі.

 

ПярышынаГаліна Пятрышча, загадчыца кабінета гісторыі аптэчнай справы

 

— У пасляваенны час вясковыя аптэкі часта месціліся ў прыватных дамах, — кажа Галіна Міхайлаўна. — Адна з такіх — аптэка № 14 у вёсцы Курылавічы — знаходзілася ў доме маіх бацькоў. У пакоі прыкладна ў 40 метраў прастора была падзелена шафамі на гандлёвую залу, у якой сталом вызначалася месца для работы аптэкара і абслугоўвання насельніцтва.

 

За перагародкай размяшчалася асістэнцкая, дзе фармацэўт рыхтаваў лекі ў выглядзе парашкоў, з якіх ствараліся лекавыя формы. Мазі, растворы для ін’екцый — усё гэта рабілася на стале, засланым цыратай.

 

У адным пакоі жыла загадчыца аптэкі з мужам і дзецьмі, у другім — наша сям’я. На кухні, якая была агульнай, не толькі гатавалі ежу, але і атрымлівалі дыстыляваную ваду, стэрылізавалі.

 

Зоя Пабярэжная прыгадвае:

 

ПабярэжнаяЗоя Пабярэжная, загадчыца гродзенскай аптэкі № 3

 

— У 1980-я я была намеснікам загадчыка аптэкі № 153, якая з’явілася у комплексе з магазінам і ЖЭС у раёне Дзевятоўка. Працаваць было няпроста: спецыялістаў не хапала, з паступленнем лекавых сродкаў перабоі…

 

ЗарэцкаяТаццяна Зарэцкая, намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай РУП «Фармацыя»

 

— Сёння асартымент дзяржаўных аптэк Гродзенскай вобласці налічвае больш за 4 000 найменняў, — расказвае Таццяна Зарэцкая. — За апошняе дзесяцігоддзе адбылася сур’езная мадэрнізацыя. У многіх аптэках усталяваныя крэслы-танометры, якія дапамагаюць кантраляваць на месцы артэрыяльны ціск. У многіх аптэках з’явіліся электронныя чэргі, якія размяркоўваюць патокі наведвальнікаў для больш эфектыўнай фармацэўтычнай дапамогі. Прыемна і тое, што для нашых супрацоўнікаў фармацыя гэта справа, якую мы любім, якою жывём.

 

Загадчыца самай старэйшай аптэкі № 1 Алена Ермантовiч паказвае старадаўнi тэрмометр, якi знайшлi ў падвальным памяшканнi ў час рэканструкцыi.

 

ЕрмантовичАлена Ермантовіч, загадчыца аптэкі № 1

 

Дарагая дарога — сямейная

 

На прадпрыемстве шмат дынастый. Сярод іх — генеральны дырэктар Гродзенскага РУП «Фармацыя» Сяргей Літош і яго жонка, начальнік групы па цэнаўтварэнні і маркетынгу Юлія Лебедзева. Намеснік генеральнага дырэктара Таццяна Зарэцкая звязала лёс з правізарам Паўлам Зарэцкім. Дынастыя старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Кацярыны Барысевіч — з трох пакаленняў. Правізарам-рэцэптарам у аптэцы № 253 абласнога цэнтра працуе маці Тамара Барысевіч, а ў гро-дзенскай аптэцы № 159 — сястра Ганна Сядзельнік. Першым прадстаўніком дынастыі быў дзядзька маці Аляксей Бароўскіх, які нара-дзіўся ў 1917 годзе на Урале. Скончыў Пермскі фармацэўтычны інстытут, куды пазней паступіла і Тамара Іванаўна. Пасля выйшла замуж за вайскоўца і з 1968-га загадвала воінскай аптэкай. Старэйшая дачка Лада таксама правізар, працуе ў Расіі.

 

БарысевичКацярына Барысевіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

 

У правізара-інфарматара інфармацыйна-даведачнага аддзела Марыі Жытко дзяцінства таксама прайшло у аптэцы № 35 гарадскога пасёлка Рось Ваўкавыскага раёна, дзе фармацэўтам-рэцэптарам працавала яе маці Ала Клімовіч. У гэтай жа аптэцы больш за тры дзесяцігоддзі была фасоўшчыцай яе бабуля Валянціна Шляхцёнак.

 

Марыя Жытко Марыі Жытко, правізар-інфарматар інфармацыйна-даведачнага аддзела

 

— Сямігадоваму сыну Раману я расказваю пра захапляючую працу фармацэўта, — гаворыць Марыя Аляксандраўна. — Яму цікава, а я цешуся. Дужа хацела б, каб і ён пайшоў па нашай сямейнай дарозе…

 

У сям’і вядучага правізара-інфарматара інфармацыйна-даведачнага аддзела Марыі Барадзіной шмат медыкаў. Бацька Аляксандр Прыходзька — падпалкоўнік медыцынскай службы ў адстаўцы. Агульны працоўны стаж — 46 гадоў. Служыў у Азербайджане. З 1993 года ў Беларусі — начальнікам медыцынскага дэпо пры ваенным шпіталі, правізарам у адной з аптэк Маладзечна. Маці Ірына Прыходзька таксама правізар. У прафесіі 45 гадоў. Марыя Аляксандраўна прыгадвае, што ў дзяцінстве шмат часу праводзіла на аптэчным складзе:

 

БарадзинаМарыя Барадзіна, вядучы правізар-інфарматар інфармацыйна-даведачнага аддзела

 

— Памятаю, я і засынала там. Часта ўвечары бабуля даставала вялізны самавар — і мы пілі гарбату з гаючымі зёлкамі…

 

Сяргей Літош:

 

Сергей ЛітошСяргей Літош, генеральны дырэктар Гродзенскага РУП «Фармацыя»

 

Прадпрыемства сёння — гэта 260 аптэк розных катэгорый, аптэчны склад, кантрольна-аналітычная лабараторыя, 16 структурных падраздзяленняў (цэнтральных раённых аптэк), 15 аптэк 1–2-й катэгорыі, што знаходзяцца ў Гродне і Гродзенскім раёне і маюць падведамасную аптэчную сетку. Адбылася глабальная інфарматызацыя аптэк, працуюць адзіная інфармацыйна-даведачная сістэма «Беларуская аптэка» і «Электронны рэцэпт». На сайце прадпрыемства, што летась, дарэчы, атрымаў інтэрнэт-прэмію ТІВО, можна знайсці інфармацыю пра патрэбныя лекі, забраніраваць іх, даведацца пра зніжкі, акцыі і мерапрыемствы Гродзенскай «Фармацыі». Мы удасканальваем нашу работу, пашыраем асартымент лекавых сродкаў, робім больш камфортнымі і ўтульнымі аптэчныя памяшканні. Мы ганарымся сваёй працай.


Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалы защищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».