Тадэвуш Мастовіч. Фота з адкрытых крыніц.

За вострую і дасціпную крытыку палітыкі Пілсудскага і саркастычныя каментарыі наконт некаторых падзей журналіст Тадэвуш Мастовіч, ураджэнец мястэчка Глыбокае, быў збіты да непрытомнасці сямёркай нанятых бандытаў, вывезены сярод ночы ў лес і скінуты там у канаву. Чакала яго немінучая смерць, але шчаслівым збегам выпадковасцей ён быў знойдзены і выратаваны селянінам, які праходзіў побач.

 

Драматычныя павароты

 

Тадэвуш МастовічМоцнае нервовае ўзрушэнне, на гэтым фоне — імклівае развіццё сардэчнай хваробы, у дадатак — фатальная страта слыху на адно вуха. На лячэнне і рэабілітацыю пасля стану на мяжы жыцця і смерці арганізму спатрэбіліся месяцы. Так на медыцыну сваёй новай капіталістычнай краіны малады журналіст Мастовіч наглядзеўся зблізку.

 

Жорсткае нападзенне, ледзь не пазбавіўшы яго жыцця, паставіла кропку на кар’еры ў газеце, дзе ён дасягнуў нейкіх поспехаў.

 

Але не бывае так, каб, нешта страціўшы, нічога не набыць наўзамен. І таму перад Тадэвушам Мастовічам, з маленства закаханым у літаратуру, прыветна адчыніліся новыя дзверы: тое, што ён не мог заяўляць адкрыта як журналіст са старонак прэсы, пачало з’яўляцца ў сатырычных эпізодах мастацкіх твораў і гучала ад гэтага нават мацней. Да прозвішча Мастовіч былы журналіст далучыў назву родавага герба сваёй маці — Даленга. Так з’явіўся пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч. І напаткала яго шалёная папулярнасць.

 

Адным ён падабаўся як злосны сатырык, які высмейваў парадкі, існуючыя ў новай Польшчы, другім былі даспадобы нечаканыя драматычныя павароты, якія моцна казыталі нервы і выбівалі слязу, трэцім траплялі ў самае сэрца мілыя бытавыя замалёўкі, рамантычныя дэталькі жыцця ў мястэчках і вёсках, сцэнкі-карцінкі з кузняў, млыноў, манаполек і корчмаў — тое, што адыходзіла ўжо ў нябыт…

 

З месца падзей

 

Калі з’яўленню яго бестселера «Знахар» саслужыла пэўную службу тое крывавае нападзенне на яго вераснёўскай ноччу 1927-га і шчаслівае выратаванне (і першае, і другое адбываецца і з галоўным героем), а працяглае знаходжанне ў стане бездапаможнага пацыента, пагружэнне ў асаблівы бальнічны свет дало магчымасць вывесці буйным планам нескажоны вобраз доктара, свяцілы медыцынскай навукі, то за натуру твора яўна адказвала настальгія, туга па страчаным раі, якім уяўлялася новаспечанаму варшавяніну Даленгу-Мастовічу яго забяспечанае ўсімі радасцямі і выгодамі дзяцінства ў мястэчку Глыбокае. Ён рос у заможнай сям’і, якая вяла паказальную гаспадарку і ні ў чым сабе не адмаўляла, і нават скардзіўся потым на такую «фатальную асаблівасць» свайго дзяцінства, як вельмі хуткая рэалізацыя мар. Яму, да прыкладу, было адзінаццаць, калі ён сеў за руль аўтамабіля (ногі да педаляў ледзь даставалі, але факт ёсць факт).

 

Гледзячы з іншага боку, можна сказаць, што поспеху рамана «Знахар» добра паспрыяў журналісцкі дар — асаблівае бачанне, уменне прыкмеціць і адлюстраваць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць.

 

«Знахар», напісаны не белетрыстам, а журналістам з досыць вострым пяром, неяк па-асабліваму спалучае ў сабе мастацкі вымысел і рэчаіснасць. Дэтальнасць і паўната карціны ствараюць эфект прысутнасці.

 

«У аперацыйнай панавала поўная цішыня. Зрэдку яе рэзка і коратка перарываў металічны бразгат хірургічных інструментаў аб шкляны столік. Паветра, нагрэтае да 37 градусаў Цэльсія, праціналі саладкавы дух хлараформу і сыры пах крыві. Прасочваючыся праз рэспіратары, яны напаўнялі лёгкія невыноснай сумессю», — гэта добры пачатак для нарыса ці рэпартажа, але акурат так пачынаецца раман «Знахар».

 

Натурнасць і рэпартажнасць адразу выклікаюць давер — як да карэспандэнцыі з месца.

 

Два бакі аднаго медаля

 

Вось пан Паўліцкі, адзіны доктар на ўсю ваколіцу. Практыкуе прыватна і, натуральна, за грошы. Праз яго лячэнне сын мельніка не можа хадзіць — бо няправільна зрасліся зламаныя косткі ног, да якіх доктар, не ведаючы іншага рашэння, прывязваў дошчачкі. Гэты ж пан Паўліцкі адмаўляецца рабіць аперацыю смяротна траўмаванай беднай сіраце Марысі — навошта, маўляў, аперыраваць труп. Але ў той жа час ён моцна заклапочаны здароўем маладога багатага пана Лешака Чыньскага, чые раны не пагражаюць жыццю. Маці з бацькам, старэйшыя Чыньскія, гатовыя шчодра плаціць, абы з сынам усё было добра.

 

Вось доктар Паўліцкі вярнуўся з млына, куды ездзіў, каб паглядзець на знахара, праз якога, як толькі ён там з’явіўся, у доктара рэзка паменела пацыентаў і без таго нешматлікіх. Убачыў там сына мельніка, таго самага, з няправільна складзенымі пасля пералому нагамі, прызнанага безнадзейна скалечаным. Убачыў, як той прытанцоўвае на здаровых нагах: мяне, маўляў, знахар вылечыў.

 

Уражаны і прыніжаны доктар, седзячы ўжо за сваім сталом, паспешна каўтае ссохлую смажаніну, баючыся паказаць родным, як яму гэта нясмачна. Старая няня Марцыся нервова пераступае з нагі на нагу, бацька з тугой пазірае на старонку газеты, якую яму чытае сястра. Сам не можа, бо яшчэ тры тыдні таму растоўк акуляры, а новыя купіць няма за што. Доктар Паўліцкі глядзіць на сукенку сястры, старую, зжаўцелую, як іржавую. А потым на маці, якая няўмела спрабуе схаваць за лагоднай усмешкай пакутніцкі выраз твару. «Месяц гразевых ваннаў на якім-небудзь курорце палепшыў бы яе стан», — думае пан Паўліцкі. Ён цяпер есць развараныя яблыкі з кампоту. Есць і горка плача ў душы: «Божа, божа! Я ж іх люблю, я ж дзеля іх на ўсё гатовы, але глядзець кожны дзень, кожную гадзіну на іх пакуты — гэта перавышае мае сілы».

 

Яму здаецца, што з кожным рухам, з кожным словам, з кожнага кута іх убогага жытла гучаць на яго адрас папрокі. Столькі надзеі было ў іх на яго будучыню, на яго медыцынскую практыку, на даходы. І вось ён сядзіць ужо год у гэтай забытай Богам нары і ледзь-ледзь наскрабае на самае сціплае ўтрыманне.

 

Працы ён не баіцца і паехаў бы і ў Афрыку, і ў Грэнландыю. Але сям’я памрэ з голаду. Любоў да бацькоў і сястры, нават да старой няні Марцысі прыкавала яго, як ланцугом, да малога драўлянага доміка ў няшчасным малым мястэчку. І яны нічым яго не папракаюць, і ён пазбягае выдаваць ім адчай і ўдзячны за тое, што не паказваюць расчаравання.

 

Але яму баляць іх нявыказаныя думкі, якія нейкім таемным чынам пранізалі паветра дома…

 

Mostovich3

Мястэчка Глыбокае на малюнку Язэпа Драздовіча.

 

Інакш не магло і быць

 

Доктар Паўліцкі няздольны зарабляць на годнае жыццё для сябе і сям’і, бо вакольны люд выбірае лячыцца ў знахараў. Няма ў людзей на доктара грошай і не хапае даверу. Адкуль той давер, калі доктар не вылечвае тое, што знахар вылечвае? «А ведаеце, чаму ў яго больш пацыентаў? — ускліквае ў адчаі Паўліцкі, расказваючы родным пра знахара з млына. — Бо ён умее лячыць, а я не ўмею. Я ногі млынарчыку кепска склаў. Не здолеў. А знахар здолеў». «Супакойся, Юрку, ты ж не хірург», — кажа маці. «Відавочна, што не хірург, — роспачна пагаджаецца доктар. — Але і гэты знахар, чорт яго пабяры, не хірург».

 

Сама сабой прапісалася ў сентыментальнай гісторыі пра каханне і здраду суровая праўда пра час, у якім — этнографы не дадуць схлусіць — кожнае наша паселішча мела знахара, «навучонага» ці «патомнага».

 

Але, здаецца, адно абумоўлівала другое. Выходзіла замкнёнае кола: людзі неслі хваробы да знахараў — «народных дактароў», а да дыпламаваных звярталіся толькі з адчаю, і першыя далучалі да сваіх патаемных ведаў цалкам практычны досвед, які павінен быў набывацца другімі, але які другія праз запатрабаванасць першых папросту не маглі атрымаць, прынамсі ў аб’ёме, які б дазваляў распраўляцца з хваробамі ўпэўнена, без урачэбных памылак.

 

Існуе меркаванне, што прататыпам знахара Антонія Касібы быў «народны доктар» з Глыбокага Міхал Алег Нагушча. Але пісьменніцкаму натхненню магла служыць іншая постаць: акурат у той самы час «за Глыбокім» жыў «бальшы знахар» Далман. Так скарацілася прозвішча Даламанаў. Да гэтага легендарнага знахара звярталіся па дапамогу нават дыпламаваныя ўрачы і пацыентам сваім раілі да яго звяртацца ў выпадках, калі самі не маглі даць рады, асабліва з такімі хваробамі, якіх на медыцынскіх факультэтах не вывучаюць: спуд, сурокі, валасень, крактуны, капрызы…

 

Імя Далман стала хадзячай назвай: далманам называлі любога знахара. Узнікла і пагаворка: хоць да далмана едзь. На час напісання «Знахара» Міхаілу Уладзіміравічу Даламанаву было 64 з пражытых ім 93 гадоў.

 

Зрэшты, рэальнага і канкрэтнага прататыпа магло не быць увогуле.

 

Незвычайныя здольнасці і вялікія поспехі кніжнага знахара Антонія Касібы тлумачацца тым, што ён ніякі не знахар, а дыпламаваны ўрач, прафесар-хірург Рафал Вільчур, які праз асабістую трагедыю трапіў у лапы злачынцаў і на доўгія гады страціў памяць. У мінулым сваім жыцці ён багаты і знакаміты, мае не толькі прыватную практыку, але нават уласную клініку.

 

...Тадэвуш Даленга-Мастовіч, маючы званне капрала, дарма што багаты і знакаміты, з пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны. А паколькі ўмеў вадзіць аўтамабіль, то і знаходзіўся за рулём, калі яго напаткала шалёная куля. Загадам з савецкага боку страляць было забаронена, польскі бок загадаў тое самае — з Саветамі не ваяваць, але нехта без дай прычыны стрэліў па аўтамабілі, які вёз хлеб і булачкі. Аўтамабіль урэзаўся ў агароджу прыватнага дома, булачкі пакаціліся ў прыдарожны пыл, вадзіцель выпаў праз дзверы. Калі цела вынеслі ў сад, знайшоўся пры ім жэтон на імя Тадэвуша Даленгі-Мастовіча…