2 чэрвеня 1928 г. N 17
У дэканат мэдфаку Б.Дз.У.
Народны камісарыят аховы здароўя БССР просіць Вас накіраваць сьпісак студэнтаў, быўшых у гэтым вучэбным годзе на V курсе і якія карысталіся ў час іх вучобы на мэдфаку стыпендыямі, а таксама сьпісак урачоў, якія здалі дзяржаўныя іспыты ў чэрвені м-цы г.г. Просьба ўсё гэтае накіраваць у НКАЗ ня пазьней 15 чэрвеня. Матар’ял гэты неабхо-дзен камісіі дзеля разьмяркавання ўрачоў выпуску 1928 г.
Народны Камісар Аховы Здароўя Барсукоў1
Вось так нагартаешся старых дакументаў — і ў паветра архіва ўрываецца пах букетаў, прынесеных на іспыты сто год таму, а скрозь шоргат паперы, то класічна пажоўклай і падатліва-мяккай, то шэрай і кардоніста-ўпартай, а калі-нікалі папяроснай, празрыстай і хрусткай (пісалі на чым маглі), чуецца заклапочана-ўсхваляваны гул маладых галасоў...
У бэзавую пару
Прыгледземся да тых, хто хвалюецца перад уваходам у экзаменацыйную аўдыторыю, дзе пануе бэзавы пах. Ёсць тут дзяўчаты і хлопцы, чые імёны вядомыя ў нашым часе.
Вось Таня Бірыч — будучая зорка беларускай афтальмалогіі. У архіве ёсць дакумент, які сведчыць пра тое, што спачатку Таццяна Бірыч шукала прафесійнага шчасця як «вуха-горла-нос». Вы ведалі?
Вось імкнецца як мага раней адказаць па білеце вытанчаная маладая жанчына з высакародным прасветленым тварам. У залікова-экзаменацыйнай ведамасці яна запісана як Папеня Кацярына Васільеўна. Алоўкам да прозвішча праз злучок па-над іменем дапісана: Астроўская. А дома яе завуць Кіці, як у дарэвалюцыйным дзяцінстве. На экзамен яна прыйшла з трохгадовым хлопчыкам, якому, канечне, адразу знайшліся нянькі. Замітусіліся, зашчабяталі дзяўчаткі-студэнткі на ўсе галасы: «Вось жа мамачка! Рысачка ў рысачку! Адзін твар! Нават кропелькі падабраў!» І ніхто з іх пакуль не ведае, кім стане хлопчык, які так падобны да маці, а гэта будучы акадэмік Юрый Міхайлавіч Астроўскі (1925–1991), заснавальнік Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР.
Недзе тут павінен быць і Іван Інсараў, пасляваенны міністр аховы здароўя БССР.
А вось Міхась Кавалёнак — вельмі сур’ёзны малады чалавек. Не па ўзросце глыбокія лагчынкі між бровамі: або многа думае, або цяжкі лёс. Ва ўсіх экзаменацыйных ведамасцях ён па ліку другі — ідзе ў першай пяцёрцы. І гэта можна таксама па-рознаму патлумачыць: або моцна хвалюецца і спяшаецца як мага раней адстраляцца, або, наадварот, дастаткова ўпэўнены ў ведах, але не выскачка, сціплы, а спяшаецца, бо заняты. Бярыце ўсё разам — і будзе праўда.
Уладальнік залікоўкі пад нумарам 75 — Міхась Кавалёнак, сын бедняка з мястэчка Багушэвічы Ігуменскага павету, дарма што студэнт, ужо другі год з’яўляецца камуністам і адначасова сакратаром секцыі прафсаюза работнікаў асветы! Пасля заканчэння медфака ён наогул увойдзе ў прэзідыум Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў рэспублікі.
Да паступлення на медфак БДУ Міхась Кавалёнак спачатку настаўнічаў, пасля два гады адвучыўся ў педтэхнікуме. Зрэшты, і Таня Бірыч ішла такім шляхам, і тата хлопыка Юры — Міхась Астроўскі, і ўвогуле, як гаворыцца ў вершы Някрасава, «это многих славных путь». Да сваіх 28 гадоў студэнт 5-га курса Кавалёнак замацаваў за сабою аўтарытэт «высокаэрудыраванага чалавека з багатым практычным досведам». Мы з ім яшчэ сустрэнемся, а пакуль — трошкі пра атмасферу эпохі.
Мовай нацыі
Акурат 2 чэрвеня — на той самы дзень, калі наркам Барсукоў падпісваў набраны сакратаркай на «ундэрвудзе» запыт аб выпуску медыкаў з БДУ, — выпаў ім экзамен па беларускай мове. І вось без пяці хвілін дактароў выпрабоўвае, расклаўшы перад імі білеты, дацэнт з самым што ні ёсць адпаведным прозвішчам — Багдановіч. У білетах, складзеных згодна з праграмай, значацца ажно чатыры заданні: прачытаць, запісаць на слых, адказаць на пытанні, сачыніць складны тэкст.
Зрэшты, у гэтую выніковую сесію, складзеную з процьмы дзяржаўных іспытаў, якія мусяць упісацца ў прамежак ад 25 мая да 15 чэрвеня і ідуць адзін за адным штодня (сацыяльная гігіена і гігіена працы, судовая медыцына, хірургія, фармакалогія з фармацыяй, клініка дзіцячых захворванняў, тэрапія і г. д., адзнакі ніхто не ставіць, выкладчыкі абыходзяцца фармулёўкай «залік»), беларуская мова гучыць паўсюль.
Два месяцы таму ва ўніверсітэце працавала камісія, і ў яе пратаколе цяпер пазначана «ненармальная з’ява»: не ўсе дацэнты і асістэнты выкладаюць па-беларуску. Прадпісана тэрміновае выпраўленне. Хоць гэта датычыцца больш педфака: там выяўлена аж адзінаццаць выкладчыкаў, якія ніяк не могуць агораць беларускую мову. На медфаку ж нават маскоўская прафесура не толькі выкладае па-беларуску, але і падручнікі па медыцыне піша на мове рэспублікі, у якую прыехала працаваць.
Учарашняму кіяўляніну Івану Трафімавічу Цітову 26 мая здавалі паталагічную анатомію, 30-га прымаў акушэрства і гінекалогію былы масквіч Максім Львовіч Выдрын. Абодва ўжо назаўсёды пасяліліся ў Мінску і будуць праз гады пахаваныя ў нашай зямлі, а іх беларускамоўныя кніжкі — падручнікі для студэнтаў — трапяць у музейныя экспазіцыі.
Вось і прыбылы з Ленінграда зусім ненадоўга наркам Барсукоў усе артыкулы піша па-беларуску. Па-беларуску ж ён і выступае і, канечне ж, звяртаецца па спісы выпускнікоў-медыкаў БДУ мовай нацыі, якой будзе служыць яшчэ два гады…
І швец, і жнец
Усе яны яшчэ студэнты, а наркам Барсукоў іх ужо падзяляе — просіць у медфака два спісы: студэнтаў і ўрачоў. Нічога дзіўнага: здаў іспыты — урач. У чэрвені большасць, канечне ж, дзяржэкзамены здасць і пасведчанні аб выпуску з БДУ (дыпломаў у гэтым часе яшчэ няма) атрымае. Астатніх выпрабуюць на прафесію ў верасні, але размеркаваць іх па месцах будучай працы трэба ўжо цяпер.
Таня Бірыч, як згадвалася, трапіць на кафедру захворванняў вуха, горла і носа да прафесара Бурака. Каця-Кіці Папеня-Астроўская паедзе ў Ветрынскі раён Полацкай вобласці, у вёску — працаваць гінеколагам. Міхася Кавалёнка пакінуць на медфаку «для навукова-педагагічнай работы», а па сумяшчальніцтве запросяць у апарат наркамздрава «для выканання адказнай спецыяльнай работы».
Апошняе гучыць дастаткова загадкава, і гэтай загадкі не разгадаць, але вось што нашмат больш цікава і сімвалічна: наркам Міхаіл Іванавіч Барсукоў, калі падпісваў размеркаванне для цёзкі, Міхаіла Іванавіча Кавалёнка, пракладаў яму шлях у наркамы, на сваё месца. Паміж імі яшчэ, праўда, пройдзе шэсць наркамаў за дзесяць гадоў. Але ніхто з іх не атрымае такой адзнакі, якую Кавалёнку дасць праз час Іван Інсараў, яго наступнік на гэтай пасадзе. Іван Анісімавіч назаве яго «моцным духам і з невычэрпнай энергіяй». Сапраўды, Міхась Кавалёнак — і швец, і жнец.
З размеркавання на кафедру ўнутраных хваробаў, да прафесара Сяргея Міхеевіча Мялкіх, пачынаецца яго шлях ад клінічнага ардынатара да загадчыка кафедры прапедэўтыкі ўнутраных захворванняў.
Група супрацоўнікаў кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў. У цэнтры — дацэнт Кавалёнак. 1950 год. Фотаздымак прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.
Мялкіх — таксама з Масквы. Вучыўся там у прафесара Астраумава, які, паміж іншым, клінічную медыцыну разглядаў у звязцы з ідэямі эвалюцыі. Гаварыў сваім студэнтам на лекцыях: «Медыцына ўзнікла з практычнай патрэбы аказаць дапамогу хвораму, але гэтым яе мэты абмежаваць нельга». Практычнае прымяненне, маўляў, не можа быць мэтай, яно ўзнікае само па сабе з прагрэсам навукі, і прагрэс медыцыны будзе ісці паралельна з поспехамі прыродазнаўства — канечне, калі яна будзе карыстацца яго ж метадамі і кіравацца яго ж мэтамі. Астраумаў ушчуваў клінічную медыцыну за тое, што яна «мала цікавілася высновамі біялогіі — нібыта існаванне чалавека падпарадкоўваецца нейкім іншым законам, а не тым, што адкрытыя для астатняга свету».
Школа Аляксея Астраумава — гэта чулае стаўленне да пацыента і яго родных, цярплівасць пры высвятленні анамнезу яго захворвання і дбанне пра найспрыяльнейшыя ўмовы лячэння. Гэта стала і школай Сяргея Мялкіх. І такім жа, як адзначыць пасля Інсараў, быў і вучань Мялкіх Кавалёнак.
Ледзь не па-бацькоўску клапаціўся не толькі аб хворым, але і аб яго блізкіх, імкнуўся аблегчыць не толькі фізічны, але і душэўны боль, не цярпеў абыякавасці і чэрствасці, уважліва ставіўся да калег і ўвесь час няспынна, нястомна ўдасканальваўся ў прафесіі.
За Мялкіх Кавалёнак падхопліваў літаральна ўсё. У 1922-м Мялкіх адкрывае першую ў Беларусі прапедэўтычную тэрапеўтычную клініку ў 1-й Савецкай бальніцы — і з 1934-га яе ўзначальвае Кавалёнак. Усяго толькі на шостым годзе ўласнага ўрачэбнага вопыту, з’яўляючыся толькі асістэнтам на кафедры ў Мялкіх.
Дацэнтам ён стане ў 1937-м, папярэдне абараніўшы кандыдацкую дысертацыю пра ролю сакрэцыі і кіслотнасці страўніка ў дыягностыцы піелітаў і халецыстытаў. Як вучонага Кавалёнка цікавяць праблемы лячэння лёгкіх, сэрца і печані. Ён даследуе стан здароўя жыхароў Беларусі і вышуквае тое, што магло б яго ўмацаваць. Пры гэтым працягвае працу па прафсаюзнай лініі. «Смелы і настойлівы наватар», як напіша Іван Інсараў, Кавалёнак прыдумвае, як палепшыць стан медыцынскіх устаноў рэспублікі — самым што ні ёсць аптымальным чынам: ён проста арганізоўвае конкурс. Па сутнасці, гэта ход канём: мала таго, што бальніцы навыперадкі паўдасканальваюць сваю дзейнасць — лепшыя з іх удасканаляць і матэрыяльную базу: атрымаюць гэта ў якасці ўзнагароды. Перамагала, калі вам цікава, бальніца ў Заслаўі. Узнагарода была па тым часе прыстойная — конны транспарт. А кіравала тады бальніцаю — хто б вы думалі? — Кацярына Папеня-Астроўская.
Партыйнае бюро клінічнага гарадка Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Міхась Кавалёнак сядзіць трэці. Мінск, 1932 год. Фотаздымак прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.
Апошні і першы
Старанні Міхася Кавалёнка нельга было не заўважыць — і іх заўважылі. Гэта быў час, калі руплівасць прыкмячалася. У лістападзе 1940 года яго прызначаюць народным камісарам аховы здароўя БССР. Зрэшты, да гэтага ўсё ішло…
Ці не самы складаны перыяд. Год як да рэспублікі далучаны заходнія землі — медыцына дзвюх палавін яшчэ не прыйшла да адной роўніцы, і таму ўсе сілы, увесь талент арганізатара Кавалёнак пускае на гэта выроўніванне, якое вядзецца на досыць трывожным фоне: у паветры вісіць вайна. Значыць, у прыгранічных раёнах патрабуюцца спецыяльныя мерапрыемствы, значыць, трэба фарміраваць шпіталі і рыхтавацца да эвакуацыі медыцынскіх устаноў у тыл.
Вайна абрынулася на зямлю. Талент Кавалёнка як рашучага каардынатара праявіўся тут у першыя ж дні — правільнай расстаноўкай кадраў. Значыць, падбіраў, прадумваў, разглядаў сітуацыю загадзя.
Кіраваць арганізацыяй эвакашпіталяў ён камандыруе Івана Інсарава — чалавека, чый патэнцыял нельга было выкарыстаць лепш. Сам жа Кавалёнак з лістапада 1941-га — дацэнт факультэцкай тэрапеўтычнай клінікі Свярдлоўскага медінстытута. Пры гэтым не перастае быць народным камісарам аховы здароўя БССР.
Аператыўная група Народнага камісарыята аховы здароўя. Трэці злева — наркам Кавалёнак. Фотаздымак прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.
А потым яго кідае ў Цэнтральны штаб партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Задача, якая перад ім стаіць, — медыка-санітарнае забеспячэнне партызанскіх атрадаў. «Аператыўнасць, сапраўдна ваенная арганізаванасць, дакладнасць», — сыпле эпітэтамі ў адрас свайго папярэдніка Іван Інсараў. Кавалёнак ініцыіруе дзейнасць Мінскага медінстытута ў Яраслаўлі, потым старанна збірае рассыпаныя навукова-педагагічныя кадры, каб аднавіць яго работу ў Мінску, а сам між тым ужо моцна хворы, і калі інстытут вернецца ў сталіцу БССР, Міхась Іванавіч не будзе кіраваць у ім кафедрай — пяройдзе на пасаду дацэнта.
Выкладанне — яго любімы занятак, недарэмна ж з настаўніцкай працы некалі пачынаў свой шлях. З чаго пачалося, тым павінна і скончыцца: у 1948 годзе з-за хваробы Міхась Кавалёнак перастае кіраваць аховай здароўя БССР. Перад гэтым, за два гады, ён назавецца ўжо не наркамам, а міністрам.
Прычына наменклатурнай змены цікавая, з якога боку ні паглядзі. «Камісараў — чортава гібель», — сказаў у 1946 годзе на сакавіцкім партыйным пленуме Сталін. Маўляў, людзям незразумела, хто дзе галоўны. Міністры народу ўвогуле больш зразумелыя, бо міністры ўжо былі — пры імперыі. А чаму не назвалі кіраўнікоў галін міністрамі адразу? А таму што тады яны акурат з імперыяй і асацыіраваліся, а цяпер, праз трыццаць гадоў, гэты «пераходны перыяд» скончыўся, баяцца няма чаго, і ўвогуле, пасля перамогі Саветаў у Другой Сусветнай вайне ніхто іх у вяртанні міністраў не пасмее абвінаваціць. Іншымі словамі, наспеў час адмовіцца ад «старога рэвалюцыйнага шыняля». І адмовіліся. Так Міхась Кавалёнак апынуўся апошнім наркамам і першым міністрам…
«Пасля цяжкай працяглай хваробы»
Так пішуць у некралогах ледзь не ўсіх «грамадскіх дзеячаў»... Але як ёсць. Усе цытаваныя словы Інсарава пра Кавалёнка — з некралогу, які Інсараў пісаў у студзені 1958-га, калі Кавалёнка не стала. Яму было 57, яшчэ мог бы жыць, працаваць…
Таццяна Бірыч тады выкладала хваробы вачэй у агульнай іх alma mater. Кацярына Папеня-Астроўская працавала ў Полацку. Яе сын Юрый збіраўся абараняць кандыдацкую дысертацыю. Іван Інсараў дзясяты год быў міністрам…