Лазня са старажытнасці вядомая шматлікім народам свету. Звычайна паход у лазню разглядаўся не толькі як магчымасць ачысціць цела. Лазню лічылі сакральным месцам, паколькі ў ёй бачылі злучэнне ўсіх прыродных стыхій — паветра, вады, агню, зямлі. Паводле падання, усе гэтыя стыхіі падчас мыцця рабілі чалавека здаровым, моцным і дужым. Невыпадкова нашы продкі сцвярджалі — «як памыўся, так зноўку нарадзіўся».

 

Выгнаць духа хваробы венIкам!

 

Даўней беларусы лазню шанавалі не толькі таму, што яна давала магчымасць ачысціць цела ад бруду. Тут варта згадаць пра старажытныя вераванні продкаў-язычнікаў, якія пакланяліся агню — яго ачышчальнай або разбуральнай сіле, і вадзе — крыніцы жыцця. Таму спалучэнне вады і агню ў лазні разглядалі як самыя галоўныя лекі. Лічылі, што толькі чысціня трымае здароўе ў целе. Ёю лячылі і прастуду, і сурокі. Лазня давала палёгку хворым на раматус, падагру, неўроз, хваробы нырак. Пара ў спалучэнні з правільна падабранай лекавай травой і мёдам нярэдка сапраўды рабіла цуды. Але пры ўмове, што лазня выпалена як след, камяні не шыпяць, а туман не сцелецца. Паддавалі лёгкай пары квасам, настоем з гаючых і духмяных зёлак — мяты, чабору, святаянніку, мацярдушкі.

 

Вадзілі ў лазню і цяжка хворых людзей: парылі іх, сцябалі венікам. Такім чынам спрабавалі выгнаць з цела злога духа хваробы. Калі ж чалавек не ішоў на папраўку пасля праведзеных працэдур, лічылі, што яго ўжо не ўратаваць. У лазню вадзілі і тых, хто ачуняў ад хваробы, каб змыць яе канчаткова.

 

Бярозавы венік нашы продкі выкарыстоўвалі часцей за ўсё. Галлё для яго нарыхтоўвалі пасля Сёмухі. Лічылася, што ў гэты час лісце бярозы ўмацоўвалася. Такі венік трывалы, гнуткі і зручны. Сучасныя даследаванні паказалі, што лісце бярозы ўтрымлівае эфірны алей, дубільныя рэчывы, вітамін С. Дубовы венік таксама добры. Калі ён нарыхтаваны своечасова, у жніўні, то служыць 2–3 разы. Часам выкарыстоўвалі і хваёвыя венікі. Але такі венік неабходна вытрымліваць у крутым кіпені 15–20 хвілін. Венікі нарыхтоўвалі на ўсю зіму. Іх падсушвалі ў цені, а потым хавалі ў стог сена. Усю восень і зіму венікі віселі на гарышчы, ствараючы непаўторны водар.

 

Ад нараджэння да смерцI

 

Усё жыццё селяніна было звязана з лазняй. Тут ён нараджаўся, тут кожны тыдзень мыўся. А калі паміраў, то ў лазні яго мылі і рыхтавалі ў апошні шлях. У некаторых раёнах, асабліва на тэрыторыі былой Мінскай губерні, лазню тапілі для памінання памерлых. Напярэдадні 40 дзён пасля смерці гаспадара для памерлага каля вакна клалі вопратку, ручнік, а на паліцы пакідалі ашпараны новы венік і мыла. Сваякі чакалі пэўны час, каб не замінаць нябожчыку, а потым ішлі мыцца самі і пры гэтым лілі ваду ў бок «для памерлых». Лазню для нябожчыкаў ладзілі і ў пэўныя каляндарныя дні: напярэдадні Троіцы, у панядзелак на Фаміным тыдні — перад Радаўніцай.

 

У Чысты чацвер перад Вялікаднём прапальвалі лазню, пакідалі бялізну, ручнік, абрадавы хлеб і іншую ежу, прагаворвалі словы, адрасаваныя душам продкаў, кланяліся ды ішлі ў дом. Раніцай прыходзілі і па слядах, убачаных на рассыпаным попеле, вызначалі, прыходзілі нябожчыкі ці не.

 

Напярэдадні Чыстага чацвярга беларусы абавязкова мыліся ў лазні самі. Казалі, што ў гэты дзень і крумкач «купае сваіх дзяцей». Уначы пакідалі кавалак хлеба на вуліцы, і калі хлеб не замярзаў, то верылі, што яравыя не сапсуе мароз. Гэты хлеб дзялілі паміж чальцамі сям’і і з’ядалі пасля лазні. Ён лічыўся гаючым. Гатавалі абрадавыя стравы, ішлі ў лазню і на Дзяды, кажучы: «Трэба грэшнае цела абмыць, а потым і Дзяды адбыць».

 

У некаторых раёнах Беларусі існаваў звычай браць з сабой у лазню маленькі камень.

 

Нашы продкі станавіліся на каменьчык правай нагой падчас аблівання халоднай вадой. Камень захоўвалі да наступнага года. Верылі, што сцюдзёная вада і той самы камень абаранялі ад хвароб на цэлы год.

 

У паўночна-заходніх раёнах Беларусі лічылася, што ў лазню лепш за ўсё хадзіць ў апошнюю чвэрць месяцовага цыклу.

 

I пра жанIха раскажа, I спIну паправIць

 

Лазня служыла месцам варажбы. На Каляды туды ішлі самыя смелыя дзяўчаты, каб даведацца пра будучага жаніха. А ўжо напярэдадні вяселля ў лазню ішла маладая і на шчасце ўціралася мужчынскай кашуляй. Таксама, каб даведацца пра суджанага, дзяўчаты варажылі на веніку, употай хаваючы яго пад падушку са словамі «прысніся той, хто мне любы». На Масленіцу лазня станавілася месцам калектыўных мола-дзевых гульняў.

 

Лазня звязана і з вясельным абрадам, куды ўваходзілі два віды рытуалаў: падвянечная лазня нявесты і мыццё маладых пасля шлюбнай ночы. У некаторых вёсках ладзілі лазню для жаніха перад вянчаннем.

 

Лазня нявесты была складаным рытуалам. Напярэдадні сяброўкі нявесты чысцілі лазню і ўпрыгожвалі яе галінкамі. Калі палілі, то варажылі аб нораве жаніха і яго радзіне па характары гукаў, якія чуліся ад распаленых камянёў, што ўкідалі ў ваду. У лазню ішлі працэсіяй: першым брат нявесты з абразом у руках, за ім хросная, якая «размятала дарожку». Нявеста плакала, развітвалася з дзявоцтвам і вольным жыццём.

 

Шмат дзе на Беларусі лазня служыла месцам для родаў і для пасляродавага перыяду — ад трох да сямі дзён. Разам з парадзіхай сюды прыходзіла і павітуха.

 

Перад родамі лазню прапальвалі, падлогу высцілалі саломай. Пасля родаў павітуха спырсквала парадзіху і немаўля праточнай вадой. Яна парыла жанчыну, змывала з яе і з нованароджанага «чужасць».

 

У той жа час, паводле вераванняў, лазня была нячыстым месцам, дзе вяліся дэманічныя істоты. Так, гаспадаром лазні лічыўся лазнік — дэманалагічны персанаж, якога ўяўлялі ў вобразе голага бруднага старога з доўгімі валасамі, аблепленага лісцем ад веніка. Паводле павер’яў, тых, хто мыецца ў лазні пасля заходу сонца, лазнік карае калецтвам ці нават смерцю, бо сам любіць памыцца ў гэты час. Калі хто там затрымліваецца позна, то стары кідае ў яго камяні з печы, палохае сіпеннем, віскатам, рогатам. Неабходна было выконваць пэўныя захады, каб лазнік не спаліў лазню. Пры ўваходзе ў лазню казалі: «Хрышчоны — на палок, нехрышчоны — з палка», а пры выхадзе: «Табе, лазня, на стаянне, а нам — на здароўе».

 

З лазняй быў звязаны ў беларусаў цэлы шэраг павер’яў. Перад уваходам трэба было перажагнацца. Калі балела спіна, то апоўначы тры разы абыходзілі вакол лазні і каля кожнага вугла па тры разы церліся спінаю. У святочныя дні туды ўвогуле забаранялася ўваходзіць. На месцы былой лазні нельга было будаваць хату, інакш здарыцца няшчасце, і не аднойчы. Увесь рыштунак (вёдры, венікі) лічыўся нячыстым, яго трэба было пакідаць у лазні, каб лазнік мог памыцца. У новую лазню прыносілі ахвяры — хлеб і соль, а каля ганка закопвалі чорную курыцу.

 

Пра тое, што беларусу ў лазні добра, сведчыць мноства старых лазняў, якія захаваліся да нашага часу, будаўніцтва новых, а таксама шэраг разнастайных прапаноў у галіне эка-турызму — на сучасных аграсядзібах адраджаюць традыцыі старажытнай беларускай лазні.

 

Даведацца больш пра нашы традыцыі можна на партале "Слушна. Пра Беларусь і Беларусаў".