Ксёндз Казімір Шыдэлка ўжо 20 гадоў з’яўляецца пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якая знаходзіцца непадалёк ад сталіцы, у Бараўлянах. Паміж шматпавярховак увагу прыцягваюць вялікі араторый (будынак для сустрэч з дзецьмі, моладзю і дарослымі) з дагледжанай тэрыторыяй і касцёл. Само месца знаходжання абавязала да цеснага супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя. Пробашч парафіі стараецца падтрымаць тых, хто цяжка хварэе, і іх родных. Сустрэчы ў бальніцах даўно занялі важнае месца ў яго пастырскім жыцці.
Бяспечная тэрыторыя
Ксёндз Казімір, раскажыце, як усё пачыналася, калі з’явілася парафія, быў пабудаваны касцёл у Бараўлянах?
Сёлета будзем адзначаць 25-годзе нашай парафіі. Цікава, што першым месцам знаходжання быў Мінскі абласны клінічны шпіталь ветэранаў ды інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Святыя імшы там служылі ў актавай зале. Затым атрымалі ўчастак, дзе зараз месцяцца наш араторый і касцёл. На той момант не было шматпавярховак, як зараз. У гэтым мікрараёне ўсё выглядала абсалютна інакш. Былі зямельныя надзелы, і людзі садзілі тут бульбу. Так што прыйшлося шмат папрацаваць, добраўпарадкаваць тэрыторыю, каб яна была ўтульная, сучасная, прыцягвала ўвагу і выклікала добрыя ўсмешкі.
Сам я вельмі люблю кветкі. Без перабольшвання магу сказаць, што гэта маё другое пакліканне. Летам у нас асабліва прыгожа, шмат кветак і яркіх колераў. Мне падабаецца, што людзі заўважаюць гэта, могуць прагуляцца побач, палюбавацца нашымі дызайнерскімі вынаходкамі.
Акрамя таго, у нашым вялікім будынку араторыя дзеці, падлеткі і дарослыя знаходзяць для сябе цікавыя заняткі. Тут ладзяцца духоўныя, спартыўныя, музычныя, тэатральная мерапрымствы для людзей рознага ўзросту. Летам на нашай тэрыторыі, на свежым паветры рабяты гуляюць у футбол, валейбол, тэніс…
Такая традыцыя пайшла ад святога Яна Боскі, які стаў заснавальнікам папераджальнай сістэмы выхавання моладзі, а таксама нашага Салезіянскага таварыства. Ён шмат займаўся дзецьмі і падлеткамі. Святы Ян Боска нарадзіўся на пачатку 19-га стагоддзя недалёка ад Турына (зараз гэта Італія, а тыды была дзяржава Пьемонт). У той час было шмат пакінутых, нікому не патрэбных ці проста вельмі бедных дзяцей, якім жылося вельмі цяжка. Імі карысталіся як амаль бясплатнай працоўнай сілай, што часта непапраўна падрывала іх здароўе.
Святы Ян імкнуўся перамяніць іх саміх і іх жыццё да лепшага. Ён не выбіраў правільных і беспраблемных, хадзіў у трушчобы, турмы. Бачыў сэрцы і вялікі патэнцыял маладых людзей, якія маглі сябе паводзіць груба і непрыгожа, не ісці на кантакт. Імкнуўся стварыць для іх бяспечную тэрыторыю, дапамагаў атрымаць адукацыю, набыць прафесію і нарэшце ўмець паклапаціцца не только пра сябе, але і пра іншых…
А наколькі, на вашу думку, сёння падлеткам, моладзі патрэбна такая бяспечная тэрыторыя?
Гэта актуальная тэма і ў наш час, хоць праблемы і змяніліся. Сёння нярэдка маладыя людзі бавяць шмат часу ў інтэрнэце. Яны адарваныя ад рэальнага жыцця, не ўмеюць будаваць стасункі, нават размаўляць, а не пісаць паведамленні ім бывае цяжка. У бацькоў не заўсёды ёсць магчымасць праводзіць з дзецьмі шмат часу, ды і сітуацыі ў сем’ях розныя. Таму мы і пастараліся стварыць месца, дзе ёсць магчымасць сустракацца, сябраваць, вучыцца будаваць зносіны. Нашы дарослыя парафіяне расказваюць, што бачаць добрыя змены ў сваіх дзецях. Яны быццам па-новаму раскрываюцца. Шмат гуляюць і адначасова атрымліваюць карысныя навыкі. Некаторыя з часам нават становяцца аніматарамі і дапамагаюць арганізоўваць цікавыя мерапрыемствы.
У нас ёсць не толькі магчымасці, але і правілы, якіх неабходна прытрымлівацца. У святога Яна Боскі была папераджальная сістэма выхавання: ён загадзя казаў пра тое, што нельга рабіць. Сэнс у тым, каб падапечныя не баяліся і не чакалі пакарання за нейкую правіннасць, а хацелі выправіць становішча, самі былі гатовыя нешта для гэтага зрабіць.
Да прыкладу, дзеці прыходзяць пагуляць у футбол. Мы гаворым, што ў нас на тэрыторыі нельга ўжываць нецэнзурныя словы. Калі гэта правіла нехта парушае, яму неабходна адціснуцца ад падлогі дзесяць разоў. Не дзейнічае такі сродак, кажам: «Ты вольны. Можаш ісці дамоў і падумаць». Але, як правіла, гэта не патрабуецца: спорт дапамагае справіцца з кепскай звычкай. Да таго ж дзеці перадаюць адзін аднаму: «Будзеш ужываць мацерныя словы — давядзецца адціскацца».
Таксама папярэджваем, што трэба прыбіраць за сабой смецце. Калі падчас гульні нешта зламалася, не рабіць выгляд, што так і было, а сумленна сказаць пра тое. Такім чынам маленькімі крокамі дзеці вучацца клапаціцца аб тэрыторыі, браць на сябе адказнасць за свае ўчынкі.
Цуды па малітвах
Як пачыналася ваша пастырскае служэнне ва ўстановах аховы здароўя Бараўлян?
Склалася добрая традыцыя. Нас с настаяцелем мясцовай царквы Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, пратаіерэем Андрэем Круцялёвым запрашаюць на ўсе важныя мерапрыемствы, святы, якія адбываюцца ў Бараўлянскім сельсавеце. Заўсёды выступаем і молімся разам. І прыемна чуць ад людзей, што яны нас ведаюць, кажуць: «Гэта наш бацюшка, гэта наш ксёндз». Перыядычна ладзяцца і сустрэчы з медыцынскімі работнікамі. Усё часцей сталі выклікаць у розныя бальніцы да людзей, якіх трэба падтрымаць, умацаваць духоўна. Часам пра гэта просіць сам пацыент ці яго сваякі, якія ведаюць, што засталося няшмат часу ці ёсць сур’ёзная рызыка для жыцця… Успрыманне ў людзей рознае. Бывае, прыходзіцца нават тлумачыць: «Калі прыйшоў святар, гэта зусім не значыць, што чалавеку трэба рыхтавацца і засталося нядоўга жыць на гэтым свеце. Мы імкнемся дапамагчы ўсім людям, якія пакутуюць, перажываюць цяжкія моманты, падбадзёрыць іх».
Безумоўна, даводзіцца і спяшацца да тых, хто неўзабаве развітаецца з жыццём. У такіх выпадках сваякі просяць паспавядаць і ўдзяліць камунію (прычасціць).
Калі наведваю пацыента ў рэанімацыі, мяне заўсёды ўражвае асаблівая благадаць, якая адчуваецца ў гэтым месцы падчас малітвы. Бывае, чалавек не ў прытомнасці, у вельмі цяжкім стане. Я прыходжу, бяру хворага за руку і кажу: «Калі ты мяне чуеш, паварушы пальцам ці дай мне які-небудзь іншы знак». І атрымліваю адказ: да прыкладу, адчуваю, як варушыцца рука.
Далей пытаю, ці шкадуе пра свае грахі — і зноў атмымліваю такі адказ. Часам даводзіцца бачыць нават, як па твары быжыць сляза. Гэта кожны раз вельмі моцна ўражвае. Я разумею, што прыйшоў недарэмна, дапамог чалавеку, аблегчыў яму душу, падтрымаў сваякоў, якім таксама важна, што ў апошні момант паспелі паклікаць святара. Дарэчы, бывае, што літаральна праз паўга-дзіны-гадзіну пасля сповядзі душа пакідае цела. І такая палёгка ведаць, што я паспеў, што чалавек чакаў майго прыходу…
Наведваю розныя бальніцы. Але калі бываю ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, сам вяртаюся хворым. Пакуты хлопчыкаў і дзяўчынак, іх цярпенне і слёзы асабліва кранаюць сэрца. Радуе, калі і тут здараюцца цуды па малітвах і маленькія пацыенты пера-адольваюць хваробы, ідуць на папраўку і вяртаюцца да шчаслівых бацькоў.
Аднойчы маці звярнулася да мяне з просьбай пахрысціць яе хворага сына, якому патрэбна было рабіць аперацыю на сэрцы. Калі яна была цяжарнай, муж пастаянна пагражаў ёй: «Не зробіш аборт, я цябе кіну». Жанчына перажывала трагедыю, была ў пастаянным стрэсе, і, магчыма, гэта паўплывала на здороўе дзіцяці. Хлопчыка пахрысцілі, мы шмат маліліся аб ім. Аперацыя прайшла добра, вынікі абследаванняў сталі істотна лепшыя. Бацька, які прымушаў пазбавіцца ад дзіцяці, усвядоміў, што ён рабіў, стаў на калені, папрасіў прабачэння. Зараз гэтаму хлопчыку ўжо дзевяць гадоў, у яго жыцці ўсё наладзілася, ён расце ў сям’і.
А якія яшчэ выпадкі вам асабліва помняцца?
Даволі часта да мяне звяртаюцца і за блаславеннем на абследаванне, хіміятэрапію, цяжкую аперацыю, калі пытанне стаіць востра: жыць альбо не жыць. Безумоўна, гэта складаны момант для кожнага чалавека. У такіх выпадках просяць і памаліцца, а пасля, калі ўсё праходзіць добра, вяртаюцца, пытаюць, як могуць падзякаваць. Жанчына гадоў трыццаці перад складанай аперацыяй сказала, што ўрачы папярэдзілі: шанцаў у яе нямнога. Яна паспавядалася, прычасцілася і атрымала блаславенне. Дзесьці праз месяц я зноў убачыў гэтую жанчыну: яна прыйшла радасная і ўдзячная, з кветкамі. Параіў ёй не мне дарыць букет, аднесці яго да Божай Маці. Такія цуды часта ўмацоўваюць ў веры. Але важна быць пасля ўдзячным Богу не на словах, а на справах: рабіць дабро, дапамагаць іншым. Дзеля гэтага Гасподзь і пакінуў чалавека, каб далей жыў лепш, радаваў і падтрымліваў тых, хто побач.
Я і сам не раз хварэў, ляжаў у бальніцах, у мяне былі інфаркт і складаная аперацыя. І на ўласным вопыце адчуў, як у бальніцы асабліва важна разумець, што ты можаш разлічваць не толькі на свае сілы, што Бог побач, у гэтым выпрабаванні.
Перад сваёй аперацыяй я быў шчаслівы, што можна звярнуцца да святара, які працаваў у шпіталі. Мы разам памаліліся, адслужылі імшу. І хаця я быў у піжаме, у гэтай сітуацыі яна стала маім святарскім адзеннем. Гэта было вельмі моцна, ярка запомнілася мне на ўсё далейшае жыццё! І пасля я адчуў: усё будзе добра, я не памру, папраўлюся і буду жыць далей.
Тады ў бальніцы адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея. З аднаго шпіталя мяне перавялі ў іншы, і я аказаўся ў палаце з мужчынай гадоў сямідзесяці, дні якога ўжо былі злічаны. Ён спавядаўся толькі аднойчы ў дзяцінстве. І тут я аказаўся побач з ім у такі рашаючы момант. Мой сусед захацеў ачысціць душу. Як сёння памятаю ўсё да падрабязнасцей: мы няспешна ішлі з ім па калідоры, ён спавядаўся за ўсё сваё жыццё, плакаў. Я адчуваў яго востры боль, перажыванне. Ён паўтараў: «Напэўна, Бог не даруе мне ўсё, што я натварыў». А я сказаў яму тое, што было відавочна: «Калі б не дараваў, не даў бы шанца на гэтую споведзь, нашу нечаканую, незапланаваную сустрэчу. Гасподзь жа паслаў мяне да вас, каб ўсё гэта атрымалася». Аказалася, што яго жонка малілася, каб муж ачысціў душу. І ў выніку ўсё так і склалася. Ім абодвум стала намнога лягчэй. Літаральна праз тры дні пасля споведзі яго не стала…
Нічога не здараецца проста так. Мы можам задаваць пытанне: «Чаму я захварэў, знаходжуся ў бальніцы?» А пасля становіцца зразумела, што гэта было патрэбна для чагосьці важнага, зрабіла больш моцнымі духам ды яшчэ і стала падтрымкай для кагосьці побач… І гэта не гледзячы на тое, што зараз ты абсалютна не ў рэсурсе, хворы, здаецца, нікому не можаш дапамагчы, табе самому цяжка і дрэнна. Прыкладаў такіх у мяне за сорак гадоў святарства накапілася шмат.
Вялікі дзень
А чаму вы ў свой час вырашылі стаць ксяндзом?
Для мяне прыкладам з дзяцінства сталі святары-салезіянцы нашай парафіі. Я хадзіў у касцёл, з задавальненнем дапамагаў. І аднойчы, калі мне было гадоў пятнаццаць, наш ксёндз сказаў: «Казік, ты павінен стаць святаром». Я тады спалохаўся і нават расплакаўся. Было страшна ўявіць, што трэба пакінуць родную вёску, сям’ю і сяброў, ехаць кудысь на вучобу. Дома па-дзяліўся сваімі перажываннямі з мамай. А яна сказала: «А я малілася, каб ты стаў святаром, служыў Богу і людзям». Так усё ў маім жыцці і склалася. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, якую сілу мае мацярынская малітва. У Беларусі я жыву ўжо дваццаць гадоў, і яны непарыўна звязаны з Бараўлянамі, нашай парафіяй Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.
Напэўна, зараз у вас адна з галоўных задач — падрыхтоўка да Вялікадня?
Так, набліжаецца вялікае свята, якому папярэднічае Вялікі пост — час асаблівай цішыні, малітвы, міласціны. Варта задумацца аб сваім жыцці, правесці самааналіз, наколькі ўдаецца расці духоўна, што неабходна перайначыць, як мяняюцца зносіны з Богам і бліжнімі… Праз цяжкасці і некаторыя абмежаванні, працу над сабой мы ідзем да Пасхі. І на гэтым шляху наша душа павінна таксама ачысціцца ад ўсяго нанаснога, абнавіцца, уваскрэснуць. Па сутнасці хрысціяне адрозніваюцца не тым, што ў іх няма праблем і цяжкасцей, ад гэтага ніхто не застрахаваны. Мы глядзім на жыццё з надзеяй, вучымся давяраць Богу ў самых розных сітуацыях.
Безумоўна, калі была належная падрыхтоўка, то і Пасха будзе асабліва радаснай і светлай. Але калі чалавек сёлета прапусціў Вялікі пост, гэта не значыць, што ён не зможа адчуць сэрцам свята.
Аднаму трэба прайсці сто кіламетраў, а іншаму — сто метраў, магчыма, шчыра, горача прачытаць ад душы ўсяго адну малітву, каб адчуць благадаць гэтага дня і захацець у будучым не толькі асвяціць і прынесці дамоў традыцыйныя прыгожыя кулічы, але і нейкім іншым чынам падрыхтавацца да Уваскрасення Хрыстова.
Гэта свята дае вялікі духоўны і псіхалагічны зарад, надзею. Мы ні ў якім разе не павінны спыняцца, адчайвацца, трэба ісці далей і вучыцца любіць, несці ў свет дабро. Хрыстос уваскрос, не гледзячы ні на што. Так і сапраўдная любоў ніколі не можа знікнуць!