Дзявочы калодзеж, в. Гірсіна, Віцебская вобласць.

У народзе спрадвеку бяссонніцу лічылі хваробай, якая ўзнікае пад уздзеяннем нячыстай сілы, найчасцей начніц. Іх уяўлялі ў жаночым абліччы. Прычынай бяссонніцы таксама называлі і тое, што чалавек клаўся спаць без малітвы і не перахрысціўшыся.

 

Усё наадварот

 

Няспынны плач дзіцяці па начах быў сведчаннем таго, што ў хату наведваюцца начніцы. Лічылі, што начніца — ператвораная пасля сваёй смерці бяздзетная або праклятая людзьмі жанчына, якая не дае спаць дзецям. Начніца ходзіць ноччу па хатах, не дае дзецям спаць. Першым сродкам ад гэтай пошасці было тое, што ўсё ў доме трэба было рабіць наадварот: пакласці дзіця ножкамі ў іншы бок, надзець на яго вывернутую кашульку рукавамі на ножкі, а ўдзень завесіць ці зачыніць вокны, уначы ж моцна асвятліць хату.

 

cxcdfdr5

 

У час да ўсходу і пасля заходу сонца, як найбольш небяспечны перыяд, забаранялася пасля купання дзіцёнка выліваць ваду ў двор, пакідаць там нанач пялюшкі, гушкаць пустую калыску. Каб не пазбавіць дзіцёнка сну, нельга было ўвечары пазычаць суседзям хлебную лапату і жар са сваёй печы. Пры закалыхванні дзіцёнка нельга было думаць пра зайца. Таму што існавала павер’е, нібыта заяц увогуле не спіць або спіць з расплюшчанымі вачыма. З гэтай жа нагоды цяжарныя жанчыны не ўжывалі ў ежу зайчаціну.

 

Зуб мерцвяка — пад падушку

 

Для барацьбы з бяссонніцай існавалі і іншыя метады. Пад падушку клалі грэбень і разнастайныя абярэгі для адпужвання злыдухаў: сякеру, нож, ключ, іголку, замок ды інш. Каля дзвярэй ставілі дагары прутамі мяцёлку або падвешвалі да бэлькі стары венік ці перакідвалі яго праз дах дома.

 

Ахоўная функцыя прыпісвалася і смеццю. Яго збіралі з усіх кутоў дома і сыпалі ў калыску ці клалі пад падушку, запарвалі ў кіпені і давалі ад бяссоння. З гэтай жа мэтай выкарыстоўвалі рэчы нябожчыка. Так, пры кепскім сне чалавека акурвалі свячой, якую раней трымаў у руцэ памерлы, клалі пад падушку зуб мерцвяка, сыпалі за ворат кашулі пясок з магілы нябожчыка. Таксама капрызлівае дзіця працягвалі пад лавай, на якой перад гэтым ляжаў памерлы, давалі піць ваду, пакінутую пасля пахавання.

 

На Віцебшчыне збіралі курынае пер’е, рабілі падушачку і спалі на ёй. На Палессі хадзілі да святых дрэў і там прамаўлялі замовы. Шмат дзе існаваў звычай працягвання чалавека, які пакутваў на бяссонніцу, праз пэўныя адтуліны, асабліва ў дрэвах. Дзеля гэтага надзявалі адмысловую сарочку і пры працягванні праз адтуліну пакідалі яе там. Лічылі, што бяссонне застанецца ў сарочцы, а чалавек адужае.

 

Таксама шырока выкарыстоўвалі акурванне асвечанымі травамі і піццё ўзвараў з зёлак, сабраных у пэўныя каляндарныя святы і нават ў пэўны час.  Выкарыстоўвалі і расліны, якія маюць яўнае супакаяльнае або снатворнае деянне: сон-траву, палявы хмель, нагаткі, макавае зерне, кмен, чабор.

 

«Вам курачкі спяваці, а маладзенцу спаці...»

 

Зразумела, што найбольшая ўвага надавалася лячэнню дзіцячай бяссонніцы. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі і хатніх жывёл. Так, у новую калыску клалі чорнага ката і калыхалі яго, пакуль ён не завуркоча. Гэтак жа дзіцёнка, які пакутаваў на бяссонне, насілі на курасадні, кармілі курэй і казалі замову на ранішнюю або вячэрнюю зару: «Курачкі-сакатушкі, вазьміце ад маладзенца начнушкі; вам курачкі спяваці, а маладзенцу спаці».

 

Калі дзіця не спіць і плача, то трэба было ў суседа скрасці трохі саломы са страхі, пакласці ў нагрэтую ваду, выкупаць там дзіця нанач, а потым тую ваду выліць на ростанях. Або хворае на бяссонне дзіця абкурвалі гэтай скрадзенай саломай. Абкурвалі і пер’ем ад чорнага пеўня, і недапалкамі лучын ці саломінкамі, якія ў хаце выпадкова леглі на падлозе крыж-накрыж.

 

Часта з мэтай лячэння дзіця саджалі на дзяжу. Для абароны ад бяссоння рабілі ляльку з адзення дзіцёнка або бралі пральнік — драўлянае прыстасаванне для прасавання бялізны, апраналі на яго кашульку, спавівалі і на ноч выстаўлялі за парог. На ўзыходзе сонца спавіты пральнік клалі ў калыску.

 

У некаторых вёсках Заходняй Беларусі, калі дзіця не магло заснуць і капрызіла, то мерылі яго ніткай ад пят да галавы і складалі гэтую нітку ўтрая. Ставілі дзіцёнка каля бруса ўваходных дзвярэй і над ягонай галавой свідравалі дзірачку. Туды ўкладалі нітку і забівалі калочак. Верылі, калі дзіцёнак перарасце гэтую дзірку з ніткаю, то супакоіцца.

 

І нікуды без вады!

 

Ва ўсе часы дзейсным сродкам ад бяссоння была і святая крынічная вада.

 

Прыкладам, такая крыніца знаходзіцца непадалёк ад Полацка, паміж вёскамі Гірсіна, Жыхары, Захарнічы і Баяноўшчына. Крыніца мае статус помніка культуры і гісторыі, яе называюць Дзявочы калодзеж, Дзявочы ручай ці Святая крыніца. Мясцовыя старажылы кажуць, што заўсёды гэтай вадой абмывалі дзіця, калі спалохаецца або калі ноччу кепска спіць. Апроч бяссонніцы вада лечыць хворыя вочы і ногі.

 

Лепш да яе трапіць па дарозе паміж вёскамі Захарнічы і Гірсіна. З гэтай дарогі на сярэдзіне паміж вёскамі трэба з’ехаць на «Танкавую дарогу». Крыніца ў выглядзе невялічкага азярка, якое і ўзімку не замярзае. Берагі ўмацаваныя зрубам з бярвёнаў. Стаіць драўляны крыж.

 

Крыніца мае сумную легенду пра сваё з’яўленне. Дзяўчына ўцякала ад мужчыны, які прагнуў авалодаць ёю. Стомленая, яна ўсклікнула: «Каб праваліцца мне на гэтым месцы — толькі б не дастацца яму!» У гэты ж момант яна і правалілася, а на яе месцы вылілася крыніца, або, як кажуць, утварыўся калодзеж. Паводле другой версіі, тут патанула нейкая дзяўчына, пасля чаго і з’явілася крыніца.

 

А каб крынічная вада дапамагла, лічылі нашыя продкі, трэба перад тым, як яе браць, перахрысціцца, кінуць манету і сказаць: «Вадзіца-царыца, ішла ж ты лугам і крутымі берагамі, жоўтымі пяскамі. Шоўкавую траву падымала і руду абмывала. Там Прачыста Божа Мацер рукі мыла. Я ваду брала і рабу божаму помач давала».