Месца яе нараджэння быццам наўмысна самім лёсам падагнанае ёй па мерцы. Называецца Слабадзішча. Інакш кажучы, слабада, але не звычайная, а вялікая. У сяле Слабадзішча ў Бранскім павеце Арлоўскай губерніі пасяліліся адразу пасля вяселля яе бацькі — дачка абруселага немца Дар’я Міхау, выхаванка Смольнага інстытута, і чыноўнік-памешчык Ігнацій Гедройц, прадстаўнік старадаўняга літоўскага роду, пазбаўлены тытула князя за ўдзел у паўстанцкім руху і збеглы разам з братам ад пакарання некуды пад Самару. Тытул, праўда, пазней вярнулі. Гераіня гэтай гісторыі была тады сямігадовай дзяўчынкай і таму праз далейшую біяграфію праходзіць ужо як княжна.
Два чалавекі ў адным
Высокая, грузная, больш падобная да мужчыны, Вера Гедройц і апраналася па-мужчынску — насіла пінжакі, штаны, гальштукі, мужчынскія капелюшы, кажухі з бабровымі каўнярамі… Хочаце пазнаць яе на групавым фотаздымку — шукайце высокую цёмную постаць, мужчынскую, а не жаночую.
Яна па-мужчынску коратка стрыглася, гаварыла мужчынскім голасам і ў мужчынскім родзе — «я аперыраваў», «я сказаў», і курыла нароўні з мужчынамі. Захаплялася більярдам, паляваннем, коннай яздой і стральбой.
Да слова, лёгка адвешвала кухталі Грыгорыю Распуціну, варта было яму толькі з’явіцца ў полі яе пільнага зроку, — бо цярпець яго не магла. Хаця ручкі княжна Вера мела акурат княжаскія, маленькія, дарма што займалася хірургіяй — чыста мужчынскім на яе час заняткам. І ножкі ў яе былі маленькія. І тварык — маленькі і з тонкімі рысамі. І як яе знешнасць складалася з процілегласцей — мужчынскага і жаночага, буйнога і дробнага, як у яе паводзінах спалучаліся пяшчота і грубасць, так і душу яе напаўняла адначасова ўзвышанае і зямное. Яна аперыравала параненых літаральна на полі боя, пад сякучым варожым агнём, праяўляючы смеласць, пра якую пісалі ў газетах, распрацоўваючы методыкі аперацый літаральна па ходу справы, пры падказках адной толькі інтуіцыі, пад націскам страху за жыццё пацыента, — і насуперак гэтым абставінам не рабілася ні цынічнай, ні жорсткай, а наадварот — часта «душыла ў сабе слёзы», «рыдала, як бездапаможнае дзіця» і мела нутро паэта.
Паэзія скрозь медыцыну
Яна і была паэтам — самым што ні ёсць паэтам сярэбранага веку з мужчынскім імем Сяргей, як у брата, які нарадзіўся з ёй у адзін дзень і час, а памёр падлеткам, што стала для яе невыносным ударам і несуцяшальным болем на ўсё жыццё. З жорсткай, рэпартажнай дакладнасцю паэт Сяргей Гедройц апісваў шпіталь, у якім працавала доктар Вера Гедройц, якая з ранку да ночы трымала скальпель — той самай рукой, што вяла па паперы яго пяро:
Квадрат холодный и печальный
Среди раскинутых аллей,
Куда восток и север дальний
Слал с поля битв
куски людей.
Где крики, стоны
и проклятья
Наркоз спокойный
прекращал,
И непонятные заклятья
Сестер улыбкой освещал.
На тое, што ў будучыні яна далучыцца да літаратурнага свету сваёй празаічнай і паэтычнай творчасцю, што асабіста і вельмі блізка будзе знаёмая з Ясеніным, Ахматавай, Гумілёвым ды іншымі, указваў знак, які ўзнік яшчэ ў часе яе вучобы ў Бранскай прагімназіі: там тады выкладаў будучы філосаф і пісьменнік, уладальнік вытанчанага літаратурнага стылю Васілій Розанаў. Яна з ім пазней непазбежна сустрэнецца і стане адзіным доктарам, які паставіць правільны дыягназ яго жонцы і будзе яе лячыць.
Гумілёў жа на першыя вершы Сяргея Гедройца напіша, што думкі ў іх ніякай няма, што стыль іх жахлівы, што ён увогуле не паэт і навошта піша — незразумела. А потым гэты самы Гумілёў захварэе на малярыю, заразіўшыся ў Абісініі, і яму давядзецца стаць пацыентам доктара Веры Гедройц. Потым яна будзе запрошана ў заснаванае ім літаратурнае аб’яднанне пад назваю «Цех поэтов», і ён прысвеціць ёй верш «Жестокая», назваўшы яе ў ім «пленительной» і напышліва ўпікнуўшы шмат у чым.
У паэтычным звароце да Анны Ахматавай Вера Гедройц параіла ёй маліцца мальбою гарачаю да Таго, Хто яе «страданьем сделал зрячею: ты — не наша, ты — Его». А памерламу Сяргею Ясеніну прысвяціла верш, поўны шчымлівага ўспаміну пра яго маладосць, зайздрасці да яго смерці і спадзявання хутка сустрэцца.
Яшчэ да ўсяго
Вера добра вучылася, але была па-хлапцоўску задзірыстай. Хадзіла ў хлапечай вопратцы, сварылася з настаўнікамі і складала на іх эпіграмы. Мела мянушку Віхура. Натуральна, што за віхурыстасць яе з прагімназіі выгналі. Але неўзабаве ўзнавілі. А пакуль суд ды справа, пайшла яна ў вучаніцы да заводскага фельчара — асвойваць лекарскае майстэрства. Відаць, параіў ёй гэтым заняцца бацька, бо ён жа па заканчэнні дачкой гімназіі (натуральна, з залатым медалём, бо дарма што задзірыстая — розуму было не адняць) адправіў яе не куды-небудзь, а ў Пецярбург на курсы Лесгафта. Сам ён у той час паспяхова вырошчваў тытунь, меў тытул сапраўднага стацкага саветніка і пасаду старшыні савета міравых суддзяў Бранскай акругі. Ад паўстанцкага мінулага не засталося і знаку. Хіба што на родныя землі вярнуцца было немагчыма.
Ігнацій Гедройц пазней яшчэ паўплывае на медыцынскую біяграфію дачкі Веры, але пакуль яна ў Пецярбургу, на яе ўплывае прафесар Лесгафт…
Папраўка ў біяграфію
Гэта былі не жаночыя медыцынскія курсы, як можна падумаць і як некаторыя крыніцы памылкова даюць. Бо, па-першае, тыя курсы, хоць Лесгафт на іх і выкладаў, існавалі, пакуль Вера была дзіцём, і закрыліся яшчэ да таго, як стала яна гімназісткай. А па-другое, нельга, правучыўшыся на медыцынскіх курсах, атрымаць спецыяльнасць дамашняй настаўніцы, якую яна, згодна з тымі ж крыніцамі, атрымала.
Нават не маючы доступу да архіваў, можна адной толькі логікай, супастаўляючы факты, дайсці да высновы, што гэта былі тыя курсы, якія прафесар Лесгафт чытаў у сябе на кватэры па раніцах і вечарах на працягу доўгіх-доўгіх гадоў, адчуваючы ў гэтым патрэбу ўласнай душы і абавязак, які на яго накладалі ўласныя погляды на адукацыю. Ён іх чытаў бясплатна, і трапіць на іх было вельмі няпроста — трэба было запісвацца ў чаргу, хаця па іх завяршэнні ніякія «корачкі» не выдаваліся. І практычныя заняткі праходзілі, як належыць, з мікраскопамі і гісталагічнымі прэпаратамі, і экзамены ў слухачоў прымаліся па ўсёй строгасці, але навучанне вялося неафіцыйна. Потым, пакінуўшы сваю працу ў ваенна-медыцынскай акадэміі, Пётр Францавіч Лесгафт усё ж рашыўся спытаць дазволу на афіцыйнае чытанне прыватных лекцый. І атрымаў яго!
Акурат на той час прыпадае вучоба Веры Гедройц у Пецярбургу. Было гэта яшчэ на вуліцы Астраханскай ці ўжо ў новай кватэры Лесгафта на набярэжнай Фантанкі — трэба высвятляць.
Але факт неаспрэчны ў тым, што разам з аднакурснікамі Вера Гедройц вывучала агульную біялогію, фізіку, хімію, матэматыку, гуманітарныя дысцыпліны, батаніку, заалогію, анатомію і фізіялогію чалавека, а ў межах апошніх паглыблена — механіку і дэфекты апорна-рухальнага апарату.
Канечне, у Лесгафта былі памочнікі, якія гэта ўсё выкладалі. Але не медыцынскую адукацыю давала іх выкладанне: гэта была, як не цяжка зразумець з пералічанага, падрыхтоўка выхавацелек і настаўніц фізічнай культуры.
Увогуле, сустракаючы выраз «курсы Лесгафта», трэба памятаць, што гэты чалавек найперш біёлаг і педагог, а ўжо потым урач. Апантаны ідэяй паралельнасці разумовага і фізічнага выхавання («інакш мы парушым правільны ход развіцця ў тых органах, якія застануцца без практыкавання»), ён праводзіў яе ў жыццё ўсімі праўдамі і няпраўдамі, і даводзілася яму штораз хітраваць, называючы свае курсы то так, то гэтак. І то дазвалялася яму іх чытаць, то забаранялася, то зноў дазвалялася. Затое ідэя цяпер жыве і носіць яго імя — яна ўвасоблена ў Нацыянальным дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, спорта і здароўя імя П. Ф. Лесгафта ў яго родным Санкт-Пецярбургу. Ён сядзіць там каля будынка як помнік, у позе рашучага генія і, сціснуўшы над кніжкай кулак (наймагутнейшы вобраз!), быццам працягвае гаварыць, што трэба, маўляў, прывучаць сябе малой працай за як мага меншы прамежак часу свядома выконваць як мага больш работы, а гэта значыць «дзейнічаць зграбна і энергічна».
Былое і думы
І вось гэты прафесар Лесгафт, адчуўшы ў Веры Гедройц цікавасць да медыцыны, параіў ёй працягваць вучобу ў Швейцарыі, у Лазанне, дзе зусім нядаўна старая багаслоўская школа ператварылася ва ўніверсітэт з медыцынскім факультэтам.
Але ж другое імя Веры, як помнім, Віхура. І яна яго апраўдвала ўсё жыццё. Калі ты знаходзішся пад наглядам паліцыі за бунтарскія выступленні, то трэба думаць, як табе без перашкод паступіць куды-небудзь вучыцца. Нейкі час яна правяла пад хатнім арыштам, пад крылом у бацькі, бо неасцярожна паўдзельнічала ў пахаванні аднаго літаратара, і толькі фіктыўны шлюб даў магчымасць вырвацца на вучобу. Але на тую вучобу яе не хацелі прымаць, бо дакументы нейкія дзіўныя. Дапамагло тое, што ў Лазанне выкладаў Аляксандр Герцэн — сын таго Аляксандра Герцэна, які напісаў «Былое и думы», і бацька Пятра Герцэна, знакамітага савецкага хірурга. Дзякуючы яму Вера Гедройц і атрымала магчымасць застацца ў Лазанне.
І пачала вучыцца.
Доктар Ру
Як чалавек тонкай душэўнай арганізацыі, Вера спачатку зацікавілася псіхіятрыяй. Але хірургія перамагла.
Ніхто ўжо, можа, ніколі не раскапае, хто яе вучыў псіхіятрыі, а вось імя чалавека, у якога яна абараніла доктарскую па хірургіі, гісторыя будзе ведаць і пасля нас.
Звалі яго Цэзар Ру. Яго называлі ўнікальнай з’явай. «Я хачу, каб у мяне ў бальніцы з жанчынамі абыходзіліся як з прынцэсамі», — так ён гаварыў, маючы на ўвазе, што персанал бальніцы ні словам, ні позіркам не павінен абразіць сарамлівасць сваіх пацыентак.
Тады гэта была гарачая і балючая тэма. Страх перад аглядам урача часта перамагаў патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Знакаміты ў тым часе прафесар-гінеколаг Макс Гофмеер пісаў: «Выкладанне ў жаночых клініках больш чым дзе абцяжарана натуральнай сарамлівасцю жанчын і цалкам зразумелай агідай перад дэманстрацыяй іх студэнтам. Я думаю, што ў мястэчках увогуле наўрад ці было б магчыма весці гінекалагічную клініку, калі б усіх без выключэння пацыентак не хларафармавалі з мэтай абследавання».
Лекцыі Цэзара Ру, ледзь толькі пачаўшыся, тут жа канчаліся. Так яго студэнтам здавалася, так ён іх чытаў, так хацелася слухаць і слухаць, яшчэ і яшчэ. Ён вучыў хірургіі і назіральнасці, навуковаму аналізу і прафесійнай сумленнасці.
Ад заводскай бальніцы да шпіталя ў Царскім Сяле
Усё было б у яе іначай, калі б не атрымала яна пасля абароны сваёй дысертацыі ліст ад бацькі з такім зместам, які прымусіў яе з Лазанны вяртацца ў Бранскі павет. Памерла сястра, а ў маці хворыя нервы. «Я ніколі не зваў цябе, але гэта цяпер неабходна. Канчай службу і дадому. За сем вёрст ад нас будуецца новы завод, патрэбен хірург, я даў за цябе слова».
Яна прачытала радкі, напісаныя бацькам, зачапілася зрокам і сэрцам за выведзенае ім слова «цяжка!» — і паехала ўзначальваць бальніцу на Мальцоўскім цэментным заводзе.
Бальніца была на 10–15 коек, але Вера Ігнацьеўна адкрыла пры ёй анатамічны музей, не кажучы ўжо пра тое, што стрэбавала найсучаснейшае абсталяванне. І каб токамі можна было лячыць, і каб быў рэнтгенаўскі апарат (а яго яшчэ толькі прыдумалі, ён яшчэ навінка-навінка!), і ўмовы працы рабочых будзьце добрыя паляпшаць, бо вытворчасць цэментная вельмі цяжкая і з грыжамі пацыенты ідуць і ідуць.
Яе, канечне, слухаліся. Але…
«Хіба гэта жыццё?» — абуралася Вера Ігнацьеўна, маючы на ўвазе становішча сваіх падапечных, якія акрамя цяжкай працы бачылі толькі карты, гарэлку і несправядлівасць. А падсвядомасць пыталася тое самае ў яе: хіба гэта жыццё? Сум па тых, хто застаўся ў Швейцарыі, туга па тым, што «было б, калі б», прымусілі яе… стрэліць сабе ў сэрца.
Але забіць сябе не атрымалася, падаспела выратаванне.
«Сярод дактароў едзе хірург — княжна Гедройц, якая была старшым урачом бальніцы аднаго з заводаў Арлоўскай губерніі», — пісалася ў адным дзённіку ў 1904 годзе, калі доктар Вера Гедройц рухалася ў цягніку Чырвонага Крыжа на Усход. Ішла вайна з Японіяй. Трэба было выконваць свяшчэнны доўг урача.
Усё было б іначай, калі б не пабыла яна на гэтай вайне. Быў там Яўгеній Боткін, сын знакамітага Сяргея Пятровіча Боткіна, доктар царскай сям’і. Праз пяць гадоў яна сустрэлася з ім выпадкова ў Пецярбургу, і ён пазнаёміў з ёй імператрыцу. І Аляксандра Фёдараўна, прыемна ўражаная, ласкава запрасіла Веру Ігнацьеўну ўзначаліць дварцовы шпіталь у Царскім Сяле. Што пачалося! Хто такая? Адкуль узялася? Чаму жанчына?
Але слова царыцы — закон.
У найвышэйшай прысутнасці
Дакумент з штампам Міністэрства імператарскага двара — рапарт ад жніўня 30-га дня 1914 года, адрасаваны інспектару прыдворнай медыцынскай часці: «Яе Імператарская Вялікасць гасударыня імператрыца Аляксандра Феодараўна 9-га гэтага жніўня пажадала загадаць мне прачытаць у найвышэйшай яе вялікасці і іх імператарскіх высокасцей вялікіх княжан Вольгі і Таціяны Нікалаеўн прысутнасці шэраг лекцый па хірургіі, дэсмургіі і догляду за параненымі ў памеры курса для сясцёр міласэрнасці. Да чытання штодзённых лекцый мною прыступлена 12-га жніўня. Урач, выконваючы абавязкі старшага ўрача, доктар медыцыны» — і мудрагелісты подпіс, у якім прачытваецца прозвішча Гедройц.
Як толькі пачалася вайна, якую потым назавуць Першай сусветнай, імператрыца «адразу ж кінулася ствараць уласныя лазарэты», як пішацца ў яшчэ адным дзённіку, і «разам з дочкамі запісалася на курсы сясцёр міласэрнасці ваеннага часу».
Так, Аляксандра Фёдараўна з дочкамі вучыліся на курсах у Веры Гедройц, потым яны ўсе здавалі ёй экзамены, а потым працавалі хірургічнымі сёстрамі на аперацыях. Вера Ігнацьеўна ў свой дзённік запісала, што яны «не гулялі ў сясцёр», а «менавіта былі імі ў лепшым значэнні гэтага слова».
Імгненні вялікіх зрушэнняў
«У імгненні вялікіх зрушэнняў жыццё, якое стрымлівалася, як рака у сваім рэчышчы, выплюхваецца з берагоў, паводкай разбурае сцены ўмоўнасцей, на неабдымных прасторах поіць сасмяглую зямлю, рыхтуючы яе для новых парасткаў. Гледзячы на воды без берагоў, не верыцца, што гэта тая самая рака, якая яшчэ так нядаўна задумліва і трошачкі сонна каціла блакітныя хвалі сярод шапатлівага трыснягу».
Вы думаеце, што гэта паэзія ў прозе, у якой княжна Вера практыкавалася ў перапынках паміж аперацыямі? А гэта справаздача аб дзейнасці дварцовага лазарэта за тры месяцы вайны. «Так Царскае Сяло, якое заўсёды жыло жыццём адасобленым, Царскае, якое любіла сваё, тое, што яго забяспечвала яму аднаму ўласцівым каларытам, якое ўмела берагчы свой спакой, выйшла з берагоў, і нельга пазнаць яго ў гарадку лазарэтаў, якія ўвабралі да трох тысяч параненых, — працягвае доктар Гедройц справаздачу, тон якой і звычайны для свайго часу, і разам з тым асаблівы, бо пяро належыць пісьменніцы, а не толькі ўрачу. — Установы, дамы і прыватныя кватэры жывуць пад сцягамі Чырвонага Крыжа, тысячы абаронцаў радзімы знаходзяць у іх не толькі ўмелую дапамогу, але і прыветнасць, і ласку, каштоўныя для тых, хто ў іх мае патрэбу. Няма дома, з якога б раным рана не выходзіла сціплая фігура сястры міласэрнасці, і няма ўстановы, дзе ярка асветленыя вокны аперацыйнай не ўказвалі б, што тут ідзе тая ж нястомная бітва, бітва за жыццё чалавечае».
Вялікія зрушэнні адбіліся і на жыцці Веры Гедройц. Пасля лютаўскай рэвалюцыі і адрачэння Мікалая ІІ яна была вымушана пакінуць Царскае Сяло. Паехала на фронт. Была паранена і эвакуіравана ў Кіеў. Там і засталася — лячыць і выкладаць. Пісала медыцынскія артыкулы, вершы і мемуары. Выратавала ад ускладненага апендыцыта жонку Осіпа Мандэльштама. Яе арыштавалі, як арыштоўвалі інтэлігенцыю на мяжы 1920–1930-х, але адпусцілі. Пазбаўленая працы, яна пасялілася ў прыгарадзе, купіла сабе кароўку і трошкі яшчэ пажыла. У 1932-м памерла ад раку брушыны, паспеўшы перад тым перадаць суседу-мастаку ліст ад прафесара Ру, у якім ён піша, што завяшчае ёй кафедру ў Жэнеўскім універсітэце…