Ад рэдакцыі:
У сярэдзіне студзеня прыйшла журботная вестка — памёр вядомы гісторык, наш пазаштатны аўтар Леанід Лыч. Напрыканцы 2020 года ён даслаў у рэдакцыю свой новы артыкул, патэлефанаваў, распавёў, што збірае матэрыялы для грунтоўнай манаграфіі па гісторыі беларускай медыцыны. «Хачу аддзячыць нашым цудоўным дактарам», — так ён сказаў. На жаль, Леанід Міхайлавіч не паспеў здзейсніць задуманае. Але гэты артыкул мы падрыхтавалі як падзяку слыннага даследчыка тым, хто да апошняга змагаўся за яго жыццё. Восьмага лютага яму споўнілася б 92 гады…
Нямецкі акупацыйны рэжым не мае аналагаў у свеце. Спаўна адчула такое і Беларусь, якая ў ліку першых саюзных рэспублік СССР трапіла ў нямецкую кабалу. Самі ж акупанты зусім інакш характарызавалі свае парадкі, нахабна заяўляючы, што забяспечаць кожнаму народу неабходныя ўмовы для развіцця, улічваючы іх нацыянальна-культурныя традыцыі. Зрэшты, на пачатку акупацыі штосьці рабілася ў гэтым плане, зразумела, не парушаючы інтарэсаў новага гаспадара.
Найперш у сваіх, а не ў інтарэсах мясцовых жыхароў Беларусі нямецкія акупацыйныя ўлады дазвалялі функцыянаванне падкантрольных ім грамадскіх арганізацый. Удзел бралі актывісты з мясцовых людзей, часта з выключна добрым намерам дапамагчы народу ў ліхую часіну. Да ліку такіх добраахвотных аб’яднанняў належала і створаная 22 кастрычніка 1941 года Беларуская Народная Самапомач (БНС). З красавіка 1943 года яна стала называцца Беларуская Самапомач (БСП).
Гэтай грамадскай арганізацыі шмат дасталася ад савецкіх гісторыкаў і публіцыстаў. Аднак у яе практычнай дзейнасці было нямала таго, што пайшло на карысць людзям. Датычыла гэта і медыцынскага абслугоўвання, чым займаўся спецыяльна створаны ў структуры БНС Аддзел аховы здароўя.
Першым старшынёй БНС стаў вядомы ў многіх еўрапейскіх краінах высокакваліфікаваны медык Іван Ермачэнка. Яго радзіма — вёска Капачоўка Барысаўскага павета. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначнага рабочага, вучыўся ў Маскве, у Першую сусветную вайну трапіў у нямецкі палон, у чыне палкоўніка служыў за ад’ютанта ў вядомага расейскага генерала П. Урангеля, быў дыпламатам у Турцыі, намеснікам міністра замежных спраў. Медыцынскі факультэт у Карлавым універсітэце чэшскай Прагі закончыў у 1929 годзе. З 1940 года тут узначальваў Беларускі камітэт самапомачы.
Пасля пераезду ў акупаваную Беларусь Іван Ермачэнка ўзяўся за БНС. Дзякуючы яго клопатам некаторыя айчынныя спецыялісты вярнуліся з еўрапейскіх краін на працу ў Беларусь. Менавіта Іван Ермачэнка, маючы бясспрэчны аўтарытэт у акупацыйных уладаў, дамогся ад іх дазволу на паездку ў шматлікія лагеры савецкіх ваеннапалонных, каб адшукаць сярод вязняў прадстаўнікоў медыцынскіх прафесій. І яны знаходзіліся, уладкоўваліся на працу згодна са сваёй спецыяльнасцю. Так не толькі былі ўратаваныя многія палонныя дактары, але і значна павысілася якасць медыцынскага абслугоўвання мясцовага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.
Усе цывільныя медыцынскія ўстановы падпарадкоўваліся Аддзелу аховы здароўя Генеральнага камісарыята Беларусі. Аднак Івану Ермачэнку ўдалося адкрыць некалькі такіх устаноў у Мінску для абслугоўвання працаўнікоў БНС. І не толькі. Іншым разам тут атрымлівалі дапамогу тыя, хто не мог заплаціць за лячэнне, набыць лекі.
У Статуце БНС былі пазначаны задачы:
Арганізаваць інтэрнаты, дзіцячыя сады, клюбы, калёніі, прытулкі, медыцынскую дапамогу.
Дарэчы, у адпаведнасці з патрабаваннямі акупацыйных улад прывілеямі пры ўладкаванні на працу ў медыцынскую ўстанову карысталіся асобы беларускай нацыянальнасці і асабліва тыя, што былі аб’ектамі пераследу савецкімі рэпрэсіўнымі органамі. Амаль усе заявы ўрачоў на прыняцце ў сябры БНС ці на працу напісаныя па-беларуску. Праблемы з выкарыстаннем роднай мовы на службе ў іх не існавала.
Новая арганізацыя стваралася не на голым падмурку. Напачатку яе матэрыяльную базу складала маёмасць, што належала Беларускаму добра-ахвотнаму таварыству Чырвонага Крыжа. Як і ва ўсякіх іншых грамадскіх арганізацыях, сябры БНС уносілі на яе рахунак пэўную суму грошай. Паколькі іх хранічна не хапала, праводзіліся дабрачынныя акцыі, пераважна сярод сялянства, з якога акупанты бралі немалыя падаткі. І ўсё ж яно адгукалася на такія заклікі.
Роля медыцынскага фактару ў дзейнасці БНС не знізілася, калі ў чэрвені 1943 года яе кіраўніка Івана Ермачэнку змяніў Юры Сабалеўскі. У адрозненне ад свайго папярэдніка ён не быў урачом, але значэнне медыцыны ў тыя нялёгкія часы выдатна разумеў.
Кіраўніцтва Беларускай Самапомачы не стаяла ўбаку ад сацыяльнай дапамогі і ўцекачам. Іх хапала на Беларусі на працягу ўсяго акупацыйнага перыяду, а найбольш у яго апошнія месяцы, калі нямецка-савецкі фронт на шмат кіламетраў зрушыўся на захад. Былі ўдзячныя БНС-БСП і многія старыя людзі: гэта арганізацыя бясплатнымі сняданкамі, абедамі, вячэрамі ратавала іх ад галоднай смерці.
Стараннямі кіраўніцтва БНС у Мінску стала весці прыём хворых Цэнтральная амбулаторыя Беларускай НароднайСамапомачы. Тут працавалі высокай кваліфікацыі дактары, таму заўсёдымелася шмат пацыентаў. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца рэгістрацыйны журнал наведвальнікаў гэтай установы. Запісы вялісяз 1 сакавіка 1942 года. Ад гэтай даты і да 29 мая 1942 года яе наведалі 2 814 чалавек. У рэдкіх выпадках у амбулаторыі прымалі і з навакольных вёсак. У архіўных дакументахсустракаюцца пісьмовыя звароты Аддзела аховы дзіцячых устаноў БНС у гэтую амбулаторыю з просьбай рабіць бясплатныя перавязкі дзецям, у якіх няма бацькоў.
З 1 лютага 1944 года БСП перайшла ў падпарадкаванне створанай у снежні 1943-га Беларускай Цэнтральнай Рады ў статусе аднаго з яе 13 аддзелаў пад назвай Аддзел аховы здароўя. Натуральна, па сваім унёску ў медыцынскую дапамогу Аддзел аховы здароўя БЦР у разы саступаў сваім папярэднікам БНС-БСП. Маштабы яго сацыяльнай дзейнасці, у тым ліку і ў сферы медыцынскага абслугоўвання, мелі тэндэнцыю да змяншэння.
Сваім выжываннем народ у многім абавязаны нястомнай працы селяніна. Татальны голад абмінуў Беларусь. Не накрылі ўсю яе і хваробы, у чым, бясспрэчна, заслуга медыцынскіх работнікаў. У інтарэсах краіны, а не акупацыйнага рэжыму ажыццяўляла сваю дзейнасць БНС-БСП. Усё пазітыўнае ў яе практыцы заслугоўвае нашай памяці.