День Победы

Фото из открытых источников.
Фото из открытых источников.

Па Навагрудскім раёне працякае нямала рэк, ручаёў, тут знаходзіцца шмат азёр, вадасховішчаў, сажалак. Менавіта крыніцы даюць пачатак усім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і напаўняюць. Пра ўнікальную крыніцу з «жывой і мёртвай вадой» каля хутара паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары гэтага раёна ходзяць легенды.

 

Непадалёк ад слыннага возера Свіцязь, паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары, з-пад гары, на якой, паводле падання, некалі стаяў храм, прабіваюцца дзве крыніцы. Здаўна лічаць, што ў адной крыніцы жывая, а ў другой мёртвая вада, амаль як у чарадзейных казках. Памятаеце? Часам у казках яе прыносяць Арол, Сокал і Крумкач, якія сімвалізуюць град, гром і віхуру. Колькі былінных волатаў ды добрых малайцоў выратавала тая цудоўная вадзіца!

 

Каля крынічак людзі садзяць кветкі, тут абсталявана зона адпачынку з лаўкамі. Крыніцы закаваныя ў жалезабетонныя кольцы-студні з прасечанымі адтулінамі. Не так даўно студні схавалі ў бярвеністыя міні-хаткі са здымнымі дахамі. У адным так званая жывая вада, якая цурчыць, нібы спявае, у іншым — мёртвая, што цячэ «без эмоцый», спакойна.

 

Ручаі крыніц зліваюцца ў адзін і нясуць свае воды ў раку Ятранка. У снежні 2007 года крынічкі былі асвечаны ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. Мясцовыя жыхары прайшлі тады хросным ходам ад царквы Святога Раства Багародзіцы вёскі Ятра да крыніц.

 

Падобныя крыніцы — з’ява досыць рэдкая, таму што тут патрабуецца выкананне шэрагу пэўных умоў. Па-першае, дзве крыніцы павінны быць побач, па-другое, яны мусяць адрознівацца складам і тэмпературай вады. Праўда, нягледзячы на візуальнае адрозненне выхадаў вады, якасць яе здавальняючая, яна мае прыблізна аднолькавы хімічны склад. Мясцовыя і вандроўныя паломнікі ўпэўненыя — вада ў абедзвюх крыніцах карысная, мае гаючую сілу.

 

Дарэчы, старажылы кажуць, што на ноч трэба піць ваду з крыніцы з мёртвай вадой, а раніцай — з жывой (хаця многія набіраюць ваду з дзвюх крыніц і змешваюць).

 

Навукоўцы таямніцу гэтай вады разгадалі даўно і назвалі яе актываванай. Яны сцвярджаюць, што ў жывой крыніцы светлая вада — каталіт, яна мае шчолачны склад і з’яўляецца біястымулятарам, павышае імунітэт і надае сілы. У мёртвай крыніцы вада з бурым налётам — аналіт, мае кіслае асяроддзе. Яна аказвае дэзынфікуючае ўздзеянне. Досвед народнай медыцыны мае мноства прыкладаў, калі мёртвая вада дапамагала ў лячэнні, выступала ў якасці антысептыку.

 

Крыніцы паблізу вёскі Косічы вядомыя з даўніх часоў, пра іх існуе шмат паданняў. Паводле аднаго з іх, крыніцы прабіліся, калі нейкі манах-пустэльнік грукнуў па гары посахам. Некаторыя ж сцвярджаюць, што вада гэта яшчэ з ледавіковага перыяду з-пад зямлі выцякае. Ёсць легенда, што глыбока пад зямлёй тут знаходзіцца скарб са срэбрам і золатам. Вада амывае яго і на паверхню выходзіць ачышчанай каштоўнымі металамі.

 

А яшчэ ходзяць чуткі, што мясцовым людзям пра існаванне крыніц з жывой і мёртвай вадой распавёў беларус, які калісьці жыў ў адным з манастыроў на Тыбеце. Ад свайго духоўнага настаўніка ён пачуў, што на зямлі існуе сем месцаў з жывой і мёртвай вадой і адно з іх знаходзіцца ў Беларусі на Навагрудчыне. Манах-беларус паехаў на радзіму і адшукаў крыніцы…

 

А зусім побач, за кінутым хутарам, сярод кустоўя арэшніку, пад старым вязам ляжыць яшчэ адзін важны артэфакт — камень жаданняў. Мала хто ведае, калі і як ён тут з’явіўся, але даўным-даўно павялося прасіць у гэтага каменя пра самае запаветнае і пакідаць нейкі падарунак. Напрыклад, манеты, якія можна ўбачыць на вяршыні каменнага купала, і стужачкі, павязаныя на галінках ляшчыны.

 

Як дабрацца?

 

Крыніцы знаходзяцца на ўсход ад дарогі з вёскі Косічы ў вёску Старыя Ганчары — у месцы яе плаўнага павароту з паўночна-ўсходняга на паўночна-заходні напрамак, каля хутара ў пералеску. Месца крыніцы дакладна пазначана на Google-картах. Можа, камусьці дапаможа кропка GPS, знятая з паркоўкі ў пары дзясяткаў метраў ад дарогі перад крыніцай: N53º27.404′ E25º48.477′.

 

Больш інфармацыі пра крыніцы ды іншыя адметныя мясціны — на партале «Слушна. Пра Беларусь і беларусаў»