Музей ВАВ
Таццяна Тройнель, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Фота Таццяны Русаковіч, «МВ»

Пратэз высокай якасці са шкуры і металічных пласцін на шарнірах даўжынёй 60 см. Менавіта такі захоўваецца пад шклом у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго былы ўладальнік — Барыс Булат, афіцэр чырвонай арміі, ураджэнец Тулы.

 

Пяць дзён Булат вёў баі ў Беларусі. Аскепак міны ворага раздрабіў афіцэру кісць правай рукі, яго накіравалі ў шпіталь, дзе і ампутавалі руку… Але на гэтым гісторыя вайскоўца толькі пачалася. Немцы захапілі шпіталь, і Барыс патрапіў у плен. 28 дзён ён правёў у “Лагеры смерці” ў Слоніме. Збег аддуль разам з таварышамі і арганізаваў свой партызанскі атрад, пазней стаў камандзірам брыгады “Наперад” Баранавіцкай вобласці, удзельнічаў у баях. Ці можна было варушыць пальцамі пратэза — такіх дадзеных ў музеі няма. Але Булат пісаў ва ўспамінах, што пратэз дапамагаў яму. Побач з унікальнай правай рукой у музеі захоўваюцца грамата Героя Савецкага Саюза, яго медалі, гадзіннік і люлька Булата.

 

Хто ж змайстраваў для афіцэра руку? Хірург Юрый Тайц. Ён нарадзіўся ў Мінску, скончыў медыцынскі інстытут і да пачатку вайны ўжо быў дасведчаным доктарам. Да таго ж, падпрацоўваў у пратэзнай майстэрні. Тайц разам з сям’ёй апынуліся ў мінскім гета. Там загінулі яго бацька, сястра і пляменнікі. Але Юрый разам з жонкай і 15-гадовым сынам збеглі, дзякуючы мінскім падпольшчыкам. Сям’ю пераправілі да партызанаў, дзе Юрый стаў партызанскім доктарам, а пазней і намеснікам па медыцынскай частцы камандуючага Баранавіцкім партызанскім злучэннем. Такі пакручасты лёс…

 

MUZEJ VOV06 201022 2 1

 

Абодва героі дажылі да Перамогі і засталіся ў Мінску. Булат некаторы час быў дырэктарам кандытарскай фабрыкі “Камунарка”, а Тайц — загадчыкам хірургічнага аддзялення трэцяй, а пасля і пятай сталічнай бальніцы.

 

Каб табакерка не апусцела

 

На трафейнай вешалцы захоўваецца ў партызанскім шпіталі музея белы халат. Яго насіў Тадэвуш Падсядлоўскі, кіраўнік санслужбы брыгады імя Варашылава, самай баяздольнай і найбуйнейшай брыгады ў Вілейскай вобласці.

 

Як жа аперыравалі ў падпольных умовах? Тадэвуш ва ўспамінах піша, што перад аперацыяй кіпяцілі халаты, маскі і, пакуль вільготнае, апраналі. Бо сухія рэчы страчвалі стэрыльнасць. Мокрымі былі і прасціны на аперацыйны стол.

 

Тут жа, за шклом, ляжыць самаробная санітарная сумка і табакерка “вясковай вытворчасці” з найнеабходнейшымі ампуламі, якія заўжды былі пад рукой. Усе рэчы належалі Зоі Падсядлоўскай, брыгаднай медсястры і жонцы Тадэвуша.

 

MUZEJ VOV14 201022 1

 

Аказваецца, і франтавая медыцынская сумка, і партызанская камплектаваліся амаль аднолькава. Медыцынская сумка для бою змяшчала індывідуальны пакет, бінт, жгут, нататнік, аловак, нож, хустку і, можа быць, шпількі. Менавіта гэтыя прадметы патрэбныя для аказання першай медыцынскай дапамогі. У партызанскай сумцы, на думку Таццяны Тройнель, вядучага навуковага супрацоўніка музея, былі тыя ж прадметы, толькі ў большай колькасці. Перавязачнага матэрыялу не хапала…

 

Адкуль жа яго бралі? Партызанскія сувязныя атрымлівалі медыкаменты з рук падпольшчыкаў. Яны, у сваю чаргу, захоплівалі ў ворага інструменты і перавязачны матэрыял пры разгроме гарнізонаў. Для лекавання выкарыстоўвалі таксама народныя сродкі ды зёлкі.

 

MUZEJ VOV23 201022 1

 

У 1943 годзе дзейнасць партызан была ўжо добра арганізаваная, і яны атрымлівалі практычна пастаянную дапамогу з неакупаванай тэрыторыі. У пачатку вясны 1943-га ў Беларускім штабе партызанскага руху быў створаны санітарны аддзел, які меў радыёсувязь з камандзірамі кожнага з дзесяці партызанскіх злучэнняў на тэрыторыі Беларусі. Да таго ж, аддзелы мелі магчымасць звязацца з лётчыкамі пісьмова. Да канца 1943 года на неакупаванай тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 40 партызанскіх аэрадромаў, куды медыкаменты дастаўлялі самалётамі. Такім чынам, з пачатку 1943 года да чэрвеня 1944-га атрымалі 44 тоны медыцынскага груза!

 

Мяхі з медыкаментамі скідвалі з самалётаў, але даводзілася і прызямляцца. Тады груз выносілі, а ў зваротны рэйс адпраўлялі параненых партызан, якіх магло выратаваць толькі сур’ёзнае лячэнне ў Маскве ці Моніна.

 

Ратавальныя скрыні

 

Гляджу на дзве медыцынскія скрыні з надпісам “Аптечка” і чырвонымі крыжамі, што стаяць каля дальняй музейнай сцяны партызанскага шпіталя. Сюды іх перадаў Беларускі штаб партызанскага руху ў 1944 годзе.  У скрыні партызаны складвалі медыцынскі інструмент. І гэты, партызанскай брыгады “Спартак” Вілейскай вобласці, сярод іх. Ён ляжыць бліжэй да шкла, таму можна разглядаць дэталёва. Патрапіў у сцены музея ў 1956 годзе з рук начальніка санслужбы згаданай брыгады. Інструменты арыгінальныя, усе савецкай вытворчасці, за выключэннем хірургічнай пілы з ЗША.

 

Тут жа, побач, захоўваецца інструментарый партызанскага доктара Мікалая Варановіча, начальніка санітарнай службы Пінскага партызанскага злучэння.

 

Вось інструменты з брыгады імя Варашылава Вілейскай вобласці: польскі іглатрымальнік, зажым з Вялікабрытаніі, нямецкая бормашына — гэта арыгінальныя прадметы, не муляжы. Бормашынай лячыла зубы доктар Ларыса Малашонак, яна аказала медыцынскую дапамогу больш як 400 асобам. Цікава, што стаматолагу давялося пабыць і хірургам. А пачынала сваю працу ў звычайным шалашы, толькі праз пэўны час для яе пабудавалі зямлянку — зубаўрачэбны кабінет.

 

Інсталяцыя партызанскага шпіталя — гэта 150 экспанатаў. Тут можна ўбачыць рушнік Надзеі Манюкевіч з гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, жыхаркі акупаванай тэрыторыі Беларусі, і трафейны алюміневы рукамыйнік, якім карыстаўся вермахт. Яго перадала ў музей Валянціна Сабіч, таксама з Міра. Музейным экспанатам стаў і сфігмаманометр доктара Сяргея Шцемпеля.

 

MUZEJ VOV18 201022 1

 

Нажоўка — медыкам сяброўка

 

Здаецца, звычайная нажоўка, невялікая піла, зручная для работы адной рукой. Вось і не! Гэтая нажоўка — выратавальніца, менавіта яна захавала жыццё начальніку партызанскага млына Уладзіміру Сасункевічу. А было гэта так…

 

MUZEJ VOV15 201022 1

 

Лістапад 1941 года, немцы захопліваюць млын, а Уладзімір хаваецца пад мастом і прыцішваецца ў вадзе. Стаяць так даводзіцца доўга. Выйшаўшы з ракі, мужчына падае, ногі ўжо не слухаюцца яго. Паўзце да ўскраіны вёскі і хаваецца ў хлеў, дзе Уладзіміра знаходзяць мясцовыя жанчыны. Сярод іх і маці. Яна доўгі час хавае хворага сына, які трызніць. Але яму ўсё горш. Тады яна выклікае партызанскага доктара Міхаіла Міхейчыка, ён кажа пра ампутацыю ног…

 

Аднак інструментаў у яго няма. Уладзімір чуе словы доктара праз забыццё і адказвае, што ў каваля ёсць нажоўка. Па яе выправілі чалавека ў вёску, а жанчыны пачалі рыхтаваць месца для аперацыі, пракіпяцілі просціны і бінты. Аперацыя прайшла паспяхова. Уладзімір Сасункевіч выжыў і дажыў да Перамогі, пасля вайны працаваў кавалём у сваёй вёсцы, хоць і не меў абедзьвюх ног. Пабываў і за лініяй фронту, у шпіталі на неакупаванай тэрыторыі, дзе канчаткова рэабілітаваўся. А ў 1967 годзе наш герой перадаў у музей нажоўку праз камісара брыгады “Разгром”, у якой і працаваў ды ваяваў доктар Міхаіл Міхейчык.

 

У музеі захоўваецца і пісталет-кулямёт з надпісам “Лепшаму доктару брыгады “Разгром” Міхейчыку М.Д. ад камандавання брыгады. Студзень 1944 г. Майстар Сяргееў Н.С.”

 

MUZEJ VOV26 201022 1

 

 У зямлянцы і пад кулямі.

 

Музейны шпіталь невялікі, не верыцца, што такога ж памеру быў і сапраўдны. Паводле ўспамінаў Тадэвуша Падсядлоўскага, партызан у зямлянцы было столькі, колькі магло змясціцца. А партызанскія шпіталі будавалі з тым улікам, каб да пацыента можна было лёгка падыйсці з трох бакоў і аказаць паўнавартасную медыцынскую дапамогу. Сцены партызанскага шпіталя аббівалі палатном, у тым ліку і ад парашутаў.

 

Хірургу Івану Волаху даводзілася рабіць аперацыі пад адкрытым небам: каля сасны ці на паляне. Аднойчы аперыраваў у ста метрах ад месца бою. І толькі скончыўшы працу, пачаў адступленне разам са сваімі пацыентамі. Са жніўня 1943 па студзень 1944 года правёў 24 аперацыі. Сярод іх аперацыі на вачах, брушной поласці, па ампутацыі канечнасцяў і нават выканаў трэпанацыю чэрапа. 

 

Дзякуючы высілкам беларускага штаба партызанскага руху і авіяцыі, санітарных службаў ды партызанскіх злучэнняў, у строй вярнуліся 79,3 % чалавек. Многія медыкі адзначалі, што хутчэйшаму выздараўленню спрыяла жаданне партызана вярнуцца на поле боя, да паплечнікаў.

 

Многія выжыўшыя медсёстры і ўрачы згадвалі ва ўспамінах, што ішлі ў бой з пісталетам-кулямётам і санітарнай сумкай на плячы. Як прыклад, той жа Варановіч, арганізатар партызанскага атраду. У цяжкім баю за населены пункт Святая Воля Целеханскага раёна, атрымала раненне зубны урач Вольга Каляда, выпускніца Мінскай зубаўрачэбнай школы, але працягвала аказваць дапамогу баявым таварышам. На жаль, сама загінула “смерцю храбрых”…

 

MUZEJ VOV20 201022 1 1

 

MUZEJ VOV12 201022 1

 

MUZEJ VOV13 201022