«Яе можна сустрэць амаль кожным ранкам на Паркавай магістралі», — піша ў 1977 годзе карэспандэнт адной з рэспубліканскіх газет... Я зайздрошчу: ён з Надзеяй Хатчанка размаўляў. Лавіў адценні голасу, назіраў за выразам твару, мог перапытаць, удакладніць што заўгодна з першых вуснаў. Мне ж, каб напісаць гэты артыкул, застаецца перабіраць «адзінкі захоўвання» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны...
У музейным канверце — партызанскія даведкі і характарыстыкі, выпісаныя на клятчатых аркушах са звычайнага школьнага сшытка: «здабывала агентурныя звесткі», «распаўсюджвала падпольную літаратуру», «прыносіла медыкаменты», «нягледзячы на велізарныя цяжкасці працы ў гарнізоне ў немцаў, звязаныя з велічэзнай рызыкай для жыцця, з усімі даручэннямі спраўлялася добра».
Там жа, на такіх самых аркушах, толькі ў лінейку, — дакументы, якія праліваюць жудаснае святло на тое, што было фонам, нязменным і непапраўным, тых велізарных цяжкасцей і той велічэзнай рызыкі. Адзін з іх — даведка, дадзеная Мацкевіч Раісе «ў тым, што яе муж Хатчанка Міхаіл Вікенцьевіч, які працаваў на Белдзяржселектстанцыі ў якасці кінамеханіка, быў забіты немцамі 6 ліпеня 1941 года за антыфашысцкую агітацыю». Гэты чалавек даводзіўся Надзеі Хатчанка братам, забілі яго ў яе на вачах. Даведку ўдаве выдалі ўжо ў вызваленай Беларусі — 19 жніўня 1944 года.
У наступным канверце — «чорныя цвёрдыя корачкі» з сярэбраным надпісам: дыплом медыцынскага інстытута. Спецыяльнасць — урач-лячэбнік, гады вучобы — 1928–1932. Выпісаны ў 1946-м. У верхнім правым куточку пазначана: «дублікат». Пра лёс арыгінала можна здагадвацца, але праз некалькі наступных канвертаў, якія мне ў аддзеле пісьмовых і выяўленчых крыніц Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выдаюцца адзін за адным, я ведаю падрабязнасці: 24 чэрвеня, на трэці дзень вайны, у кватэру маёй гераіні трапіла бомба.
З гэтага бадай і варта пачаць…
Пачатак. 1941
24 чэрвеня Надзея Хатчанка, 33-гадовая ўрач і маці дваіх дзяцей — пяцігадовага Ігарка і дзесяцімесячнага Дзімкі, якая яшчэ ўчора як ваеннаабавязаная атрымала заданне арганізаваць у дзіцячым дыспансеры шпіталь для параненых, пакінула Мінск: ні дыспансера, ні дома, у якім яна жыла, на карце горада ўжо не было. Мінск ператварыўся ў вялікі касцёр, з якога ў той дзень і наступную ноч імкнуліся вырвацца тысячы разгубленых жыхароў.
Многім давялося вярнуцца: дарогі перарэзалі танкі і авіяцыя, ісці не было куды. Праз два тыдні вернецца і мая гераіня — са збітымі да крыві нагамі і ўжо не з двума, а трыма дзецьмі: за імгненне да смерці брат Міхаіл папросіць яе забраць да сябе яго трохгадовую дачку Іну. У тыя ж страшныя першыя дні Надзея страціць яшчэ аднаго брата, Канстанціна. І яшчэ адно дзіця, 12-гадовы пляменнік Расціслаў, знойдзе яе сам.
У разбураным Мінску яна з бацькамі і дзецьмі паселіцца ў падвале дома па Калгасным завулку: 8 метраў на 7 чалавек. Муж, Павел Кліменцьевіч, пайшоў на фронт яшчэ 22-га. У маці парок сэрца, бацька атрымаў асколачнае раненне і ў хуткім часе памрэ…
А жыццё пры «новым парадку» такое: гарадская ўправа дае літр адвару з вотруб’я на чалавека ў дзень — і ўсе, каму больш за 15 гадоў, павінны хадзіць на прымусовыя работы — капаць акопы і выконваць многае іншае. Але ні голад, ні гэты цесны падвал, ні нават такія балючыя страты родных людзей не былі яшчэ тым страшным горам, перажыўшы якое яна ніколі не захоча гаварыць пра вайну. Мой калега з 1977-га, як відаць з газетнай нататкі, няшмат у яе распытаў. Я ж працягваю вывучаць дакументы…
Трымаю ў руках дыплом кандыдата медыцынскіх навук: Надзея Вікенцьеўна «абаранілася» ў 1959-м, на 52-м годзе жыцця. Наступны мой апавядальнік — яе працоўная кніжка. Сведчанне адзінага месца працы, хоць і на розных пасадах — ад урача-рэнтгенолага да загадчыцы рэнтгеналагічнага аддзялення.
Першаму запісу ў ёй папярэднічае радок: «Да паступлення ў 2-ю бальніцу агульны стаж — 17 гадоў». Гартаючы, трапляю на старонкі з бясконцым пералікам падзяк: за шматгадовую, плённую, узорную, бездакорную, добрасумленную... Па вычарпанні эпітэтаў ідуць ганаровыя граматы і юбілейныя медалі.
Сапраўднае гора Надзея ўбачыла ў шпіталі пры 2-й бальніцы, куды на сыходзе лета яна прыйшла працаваць не толькі ў якасці ўрача, але і як член ужо створанага падполля. «Калі мы пачнём граміць ворага кожны па сваёй магчымасці, з нас атрымаецца магутная армія народных мсціўцаў, з якімі ніякаму ворагу не справіцца!» — пісала яна.
Параненыя чырвонаармейцы ляжалі ў шпіталі без вопраткі і на голай падлозе, паўсюль былі кроў, гной, смурод, крыкі, стогны. Ні перавязачнага матэрыялу, ні лекаў, ні ежы. Хто мог хадзіць, таго Надзея з калегамі апраналі ў цёмныя халаты, якіх у бальніцы было некалькі, і так пускалі ў горад па міласціну для ўсіх. З гэтых паходаў вяртаўся не кожны, лёсы зніклых не ведаў ніхто.
Восенню пранеслася чутка: параненых будуць збіраць у лагер для ваеннапалонных. Гэта азначала іх верную пагібель. Шлях ратавання адзін — «выводзіць у штацкім» за сцены шпіталя. Верхнюю вопратку збіралі па ўсіх знаёмых. Вывелі так каля паўсотні байцоў. Многім выдалі даведкі аб тым, што жылі яны ў Мінску і раней: на вуліцы Белацаркоўнай, да прыкладу, ці на якой-небудзь іншай з ліку знішчаных нямецкімі снарадамі — пацвердзіць ці абвергнуць іх пражыванне не было ніякай магчымасці. Некаторых, што ледзь хадзілі, далечвалі па дамах. Так, у цесным падвальным пакойчыку дома нумар 7 па Калгасным завулку часовы прытулак знайшлі яшчэ некалькі чалавек.
Рожкі ды ножкі ў лазарэце СС. 1942
У наступным канверце — пасведчанні да ўзнагарод: ордэн Леніна, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медаль «За Перамогу над Германіяй», медаль «За адвагу»…
У рэнтгенаўскі кабінет мінскага лазарэта СС прывезлі на каталцы параненага паліцая: яму прастрэліла хрыбетнік, ногі паралізаваныя. Ён чуў, як палатная санітарка спявала «Кацюшу», і скардзіцца: у лазарэце, маўляў, не ўсё добра. Надзея спакойна адказвае:
— Немцы таксама спяваюць «Кацюшу».
— Не пашанцавала мне, — працягвае паліцай. — Я снайпер. Калі б не раненне, я б гэтым партызанам задаў.
Надзея жартуе:
— Бог ведаў, што робіць: не даў свінні рог, а вам ног.
На гэтым размова закончана. А праз 40 хвілін яе выклікаюць да начальніка лазарэта. Перад кабінетам немца Лангбайна яна бачыць тую самую Кацю, якая спявала «Кацюшу», — заплаканую, з крывападцёкам.
Начальнік праз перакладчыка задае Надзеі пытанне:
— Што ў вас за размова была з паліцаем — пра рогі і ногі?
— Дзіўны ён. Я б паліцаям увогуле не давярала. Сказаў, што яму не пашчасціла. Калі партызаны акружылі вашых, ён хацеў да іх перабегчы, у яго там, аказваецца, сябры. А тут такое раненне, што бегчы ўжо няма як. Я яму і сказала: «Бог ведаў, што робіць: не даў свінні рог, а вам ног».
Начальніка перасмыкнула.
— Чорт ведама, што за народ! Не зразумець, калі вы хлусіце, а калі гаворыце праўду, і чаго ад вас у гэтай варварскай краіне чакаць.
Сказаўшы так, ён махнуў рукою на дзверы…
У лазарэт для салдат і афіцэраў СС 2-я бальніца ператварылася ў пачатку 1942-га. Як гэтыя сцены зноў сталі яе месцам працы? «Яна ўладкавалася працаваць прыбіральшчыцай у рэнтгенкабінеце», — лаканічна адзначае журналіст з 1977-га, згадваючы ў пачатку сваёй нататкі руска-нямецкі слоўнік — як рэліквію на працоўным стале нашай з ім гераіні: «Рэнтгенаўскі кабінет, дзе працуе Хатчанка, па-хатняму ўтульны і радуе вока, — піша ён. — На стале сярод розных прадметаў і сувеніраў ляжыць маленькая кніжачка ў цёмным пераплёце». Зноў я гэтаму карэспандэнту зайздрошчу: мне не патрапіць у гэты кабінет.
Маленькую кніжачку ў цёмным пераплёце — той самы руска-нямецкі слоўнік — Надзеі падарыў легендарны Іван Канстанцінавіч Кабушкін. Сказаў: «13 тысяч слоў тут. На першы час хопіць. Далей — навучыць само жыццё». Ад падполля ў яе было новае даручэнне: застацца ў сценах 2-й бальніцы любой цаной.
Войскі СС былі тымі, каму падпарадкоўвалася ўсё, што звязана з «новым парадкам»: канцэнтрацыйныя лагеры, «фабрыкі смерці», гета, разведка, паліцыя. Надзея прыйшла ў іх логава і ўсё пра сябе расказала: чацвёра дзяцей і хворая маці, муж ваюе на фронце, як сабе, маўляў, хочаце, але я павінна ў вас працаваць, інакш мне няма на што жыць. Неяк так. Лангбайн, той самы няўцямлівы немец, паведаміў, што ў нямецкім лазарэце фрау не можа быць доктарам, бо і ў Германіі сярод фрау дактароў не бывае. І медыцынскай сястрой фрау быць таксама не можа — на гэта хапае немак. Фрау ён можа прапанаваць толькі месца прыбіральшчыцы, але паколькі фрау ўрач, ды яшчэ рэнтгенолаг, яна будзе працаваць прыбіральшчыцай у рэнтгенкабінеце, бо рэнтгенлабарант у іх малады і нявопытны, яму патрабуецца дапамога…
Кіно і немцы. 1943
«Пра яе варта зняць мастацкі фільм», — разважаю сама з сабой, перагортваючы старонкі ўпраўленага ў цвёрдую вокладку «друкапісу» успамінаў (гэта ўжо пяты па ліку прагледжаны мною вялікі музейны канверт). Толькі што гэта можа быць? Ваенная драма? Авантурна-прыгодніцкі серыял? Дэтэктыў са шпіёнамі і разведчыкамі? Урачэбная сага?..
— А ці можна мець у кабінеце радыёпрыёмнік? — спытала аднойчы Надзея, патлумачыўшы такое сваё жаданне вялікай любоўю да музыкі.
Галоўны ўрач лазарэта — «вельмі культурны немец», сам музыкант, грае на скрыпцы і фартэпіяна, вывучае рускую мову, лічыць, што гэтая вайна загубіць Германію, што яна — сорам для немцаў. Натуральна, што ў рэнтгенкабінеце неўзабаве з’яўляецца радыё. Але слухаць дазволена толькі адну хвалю, іначай — смерць.
Нямецкі час на гадзіну апярэджваў маскоўскі: калі а 12-й перадавалі апошнія паведамленні ад савецкага інфармбюро, у немцаў была ўжо 13-я гадзіна — пачынаўся паабедзенны «ціхі час», які яны строга выконвалі. Тады Надзея і слухала патрэбную хвалю. А яшчэ аказалася, што рэнтгенлабарант Вольф слухае перадачы з Францыі. «Што ж ты на Парыж пераключаеш?» — падлавіла яна яго. Дамовіліся, што яна пра гэта нікому не скажа і што, паколькі «ўсё роўна ўсе хлусяць, яны будуць слухаць, чаргуючыся, Парыж і Маскву, дзяліцца звесткамі і адно аднаго падстрахоўваць. Так Надзея мела штодня навіны нямецкія, савецкія і французскія, дыскутавала з салдатамі СС і ўсё цікавае перадавала ў падполле. Надрукаваныя лістоўкі яны з нявесткай, жонкай загінулага брата, расклейвалі па Старавіленскай, Ленінградскай, Астроўскага і каля парку Горкага.
Новы павеў: мінчан мабілізуюць у нямецкую армію. З гэтай мэтай робяць усім рэнтген. Нявопытны лабарант, канечне, раіцца з прыбіральшчыцай. А тая яму падказвае: вось гэтыя здымкі лёгкіх выклікаюць у яе падазрэнне. Многія здымкі яна паспявала, «праяўляючы», падмяняць на сапраўды кепскія. Пра тое, хто дакладна павінен «хварэць», паведамлялі ёй Кабушкін і яго людзі.
У партызанскі атрад «Бальшавік» аднайменнай Лагойскай партызанскай брыгады Надзея перапраўляла не толькі медыкаменты і перавязачны матэрыял, але і патроны. Нахлусіла, што паліцэйскі, які жыве ў адным з ёй двары, вучыць яе страляць, але патроны патрабуе мець свае. Нямецкі персанал лазарэта рэгулярна атрымліваў патроны для стралковых заняткаў, і нявыкарыстаныя кожны раз аддавалі Надзеі. З лазарэта яна іх выносіла ў бідончыку з ежай, закручанымі ў мяшэчак. На абед у лазарэце давалі густы суп (ці паўкашу, як яе называлі) з рысу, грэчкі, макароны або гароху з маслам ці гуляшом, чорную каву без цукру і (па нядзелях) пудынг. Талерку паўкашы, як піша ва ўспамінах Надзея, дазвалялася браць кожны дзень для дзяцей. Пад гэтай паўкашай было перанесена каля тысячы патронаў.
У верасні 1943 года Надзея вывела з лазарэта ваеннапалонных, якія да таго ж здолелі прыхапіць з сабой зброю. Яфім Якаўлевіч Абрамовіч са Слоніма, Міхаіл Давідавіч Шурак з Чыты, Барыс Львовіч Шмуклер і яшчэ 4 чалавекі адразу ж рушылі ў атрад «Камунар» той самай Лагойскай партызанскай брыгады «Бальшавік» — каб стаць «ляснымі людзьмі», як называў партызан старэйшы сын Надзеі Ігарок. Пра сваё выратаванне з палону з удзелам «таварыша Хатчанка» Яфім Абрамовіч пасля напіша даведку — у ліпені 1944-га...
Агонь перамогі. 1944
«13 сакавіка 1944 года ў нямецкім лазарэце адбылася падзея, якую яго супрацоўнікі помнілі доўга», — адзначае мой савецкі калега.
Вечарам гэтага дня ў лазарэт прыбыў пасажырскі аўтобус на 60 месцаў, нагружаны прадуктамі і віном. Разгрузіць яго засветла не паспявалі — і начальнік загадаў пакінуць аўтобус на ноч у гаражы лазарэта. Стаяла ў ім яшчэ 5 машын хуткай дапамогі. Надзея цішком узяла бутэльку дэнатурату, праслізнула ў гараж, абліла сядзенні аўтобуса і падпаліла.
Спакойна вярнулася ў кабінет, ветліва развіталася з рэнтгенлабарантам і праз прахадную пакінула лазарэт. За ноч гараж і ўвесь транспарт у ім згарэлі дашчэнту. Надзея ж думала толькі пра тое, што вось цяпер, на гэты раз — ужо дакладна канец. А ўсё таму, што, прыйшоўшы дадому, яна ўспомніла, што бутэльку пакінула каля дзвярэй гаража. Па гэтай бутэльцы стане вядома, адкуль яна, — так і высветліцца, хто падпаліў. Але раніцай Надзея ўбачыла тую бутэльку ў кабінеце. Рэнтгенлабарант Вольф нічога ёй не сказаў…
Калі героі плачуць. 2022
— Ну вось як яна магла так сказаць — пра ногі і рогі?! Рызыка ж неверагодная!
— А яна такая была. Аднаго разу перайшла вуліцу ў недазволеным месцы, і калі яе спыніў міліцыянер, уручыла яму букет бэзу, які быў у яе ў руках, са словамі: «Ой, прывітанне! Як вашы справы? Як ваша жонка? Як дзеці?» Пакуль той ачомаўся, яе след прастыў. А ў яго мо і жонкі не было…
Я ўжо не зайздрошчу карэспандэнту, які пісаў пра Надзею Хатчанка ў 1977 годзе. Цяпер хутчэй ён пазайздросціў бы мне. Бо ёсць у мяне суразмоўцы — дочкі таго самага Ігарка, якому ў пачатку вайны было 5 гадоў, Алена Ігараўна Гацко і Марына Ігараўна Грыневіч. Пакуль гаворым, трэцяя ўнучка, дачка малодшага сына Вольга Дзмітрыеўна Нячай нібыта таксама прысутнічае: сёстры з цеплынёй распавядаюць пра ўсіх членаў сям’і. Пра бабулю — з неверагодным натхненнем, наперабой. Галоўным чынам, адказваючы на маё бадай адзінае пытанне: якой яна была, што змагла прайсці праз такое…
— Яе не тое каб баяліся, але запярэчыць не мог ніхто — ні на працы, ні дома.
— Строгіх правіл. Мы называлі яе на вы, тэлевізар глядзелі толькі ў адведзены ёю час, елі суп, хоць яго не хацелі, спаць ішлі роўненька а дзявятай.
— І да апошняга, да канца жыцця, хоць пражыла 89 гадоў, ніколі яна не прысела ў аўтобусе. Заўсёды на абцасіках, заўсёды з добрай асанкай. Многа хадзіла пешшу, магла, гуляючы, з вуліцы Пушкіна дайсці да нас у госці ў Курасоўшчыну.
— Калі нехта скардзіўся, што ў яго нешта баліць, адказвала: «Пройдзе». З сяброўкамі яе ўзросту, калі пачыналі ёй пра хваробы расказваць, размову перапыняла.
Пра вайну Надзея Хатчанка не расказвала ўнучкам ніколі. Пры закрананні гэтай тэмы яна пачынала плакаць.