Чашніцкі край адметны сваёй непаўторнай прыродай. Тут мноства азёр, рэк, крынічак. Гэта адбілася на назвах вёсак і ўрочышчаў.У іх, як у кроплях вады, адлюстравалася мінулае раёна. Элементы старажытных вераванняў жывуць у мясцовых легендах, паданнях і народных песнях.
На ўсход ад горада Чашнікі знаходзяцца дзве старадаўнія вёскі, а паміж імі некалькі цікавых прыродных мясцін. Вішкавічы размешчаны за 5 км ад Чашнікаў, на рацэ Усвейка і за 6 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, па лініі Орша-Лепель. У гістарычных дакументах вёска згадваецца яшчэ ў ХVI cтагоддзі у складзе маёнтка Чашнікі Полацкага ваяводства ВКЛ.
З Вішкавічаў дарога вядзе ў вёску Баравыя, якая знаходзіцца на заходнім беразе неглыбокага, але вялікага возера Жэрынскае. На беразе гэтага возера стаіць і аграсядзіба “Жэрынская”. У вёску Баравыя можна патрапіць і па трасе Р86 або ад прыпыначнага пункта Зябы на чыгуначнай лініі Орша-Лепель. Вёска Баравыя ў архіўных крыніцах сустракаецца, пачынаючы ад ХVIII стагоддзя.
Жэрынскае возера
Пра вёску існуе цікавае паданне. Жылі-былі муж з жонкай. І была ў іх адзіная дачка, якую звалі Хімкай. Дачка была прыгожая і працавітая. Але здарылася бяда, яе маці цяжка захварэла і неўзабаве памерла. Нядоўга сумаваў без жанчыны гаспадар. Праз нейкіх паўгода прывёў у дом новую гаспадыню. Вось тут і пачаліся для Хімкі сапраўдныя пакуты, а не жыццё. Што ні зробіць – усё мачасе дрэнна, дзе ні ступіць – усё не так. Маўчыць Хімка, слёзы горкія глынае, а бацька хоць бы словам за дачку заступіўся. Адвернецца і маўчыць, нібы не чуе.
Новая жонка ўбачыла, што гэтак справа ідзе, і давай патрабаваць ад мужа, каб той увогуле прагнаў прэч дачку. І што ж, вы думаеце, бацька выгнаў сваю Хімку з хаты. Дзяўчына, плачучы, пайшла ўпрочкі. Брыла яна, куды вочы глядзелі, і дайшла да бору. Перад змярканнем натрапіла на таўшчэзнае дрэва, у якім было вялізнае дупло. Забілася дзяўчынка ўсярэдзіну і заснула. А калі прачнулася ды агледзелася добра, то павесялела: дупло нагадвала пакойчык.
Нанасіла Хімка туды моху, выслала падлогу, зрабіла сабе ложак, стол, зэдлік і засталася ў дупле жыць. Неяк надвячоркам нейкі хлопец пагрукаў у яе жытло. Слова за слова і высветліла Хімка, што перад ёю былы парабак, які ўцёк ад свайго пана і цэлы тыдзень блукаў па лясах. Пакахаліся маладыя і вырашылі жыць разам. Сталі мужам і жонкай. А вёску іхнюю назвалі пазней – Баравыя. Ад таго, што жылі ў бары.
У вёсках Вішкавічы і Баравыя існаваў некалі старажытны абрад выпечкі караваю. Сёння ён амаль знік, але звесткі пра яго і каравайныя песні захоўваюцца ў памяці тутэйшых людзей. Яны ўзгадваюць, што, замясіўшы каравай, яго на вялікай патэльні ставілі ў печ і, пакуль ён пёкся, спявалі:
А я сам ні знаю,
Што ў етым караваю.
З дзевяці кароў масла
І яец паўтараста.
З сямі мельніц мучыца і з крыніцы вадзіца.
Пасля таго, як каравай спячэцца, яго вымалі і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі пад песню:
Караваю, мой Раю.
Я ж цібе прыбіраю.
Каля століку хаджу,
Караваю сляджу.
Каб ніхто не ўкраў
І каб чужому не аддаў.
Аддайця вы таму,
Хто рад сэрцу майму.
Вясельны каравай
Калі рухацца ад Вішкавічаў у бок вёскі Баравыя, то ў лесе знаходзіцца гарадзішча-свяцілішча. Пляцоўка яго роўная, плошчай каля аднаго гектара, з бакоў прасочваюцца вал і роў. Гару называюць Балган, таму што нібыта на ёй “неяк сабраліся купцы, гулялі і балаганілі”. Купцы ў дадзеным выпадку зусім не выпадковыя фальклорныя вобразы. Купец як персанаж звычайна прысутны ў паданнях, звязаных з сакральнымі мясцінамі, а таксама ў чарадзейных казках. У старажытныя часы купец успрымаўся як прыхадзень з далёкага і чужога свету.
Пад гарой, на балаціне, бруіць святая крыніца, якую завуць Езус ці Язус. Яна выбіваецца фантанчыкам і цячэ ў ручай. Тут растуць рэдкія і ахоўныя віды раслін, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Над крыніцай зруб. Побач на дрэве пад невялічкім дашкам прымацаваны абраз. Мясцовыя людзі за тое, што скарысталіся святой вадой, ахвяруюць грошы ў дупло найбліжэйшай елкі. У апошнія гады крынічку добраўпарадкавалі, аднавілі капліцу, паставілі высокі крыж.
Крыніца Езус
Крыніца змяшчае мінеральную ваду, якая пахне серай і выкарыстоўваецца пры лячэнні хвароб вачэй ды страўніка. Лічыцца, што найбольш дзейснай вада бывае перад Калядамі, Вялікаднем і ў Чысты чацвер да ўзыходу сонца. Свята крыніцы на Вадохрышча – 19 студзеня. Пры набіранні вады абавязкова трэба прамаўляць малітву, а пасля пакласці манеткі. Раней набранай ў такія часы вадой абпырсквалі хату, скаціну і самі мыліся, асабліва дзяўчаты, каб твар быў прыгожым. Дарога, што вядзе да святой крыніцы, называецца Касцёл. Крыніца вядома як мясцовы гідралагічны помнік.
Паводле падання, каля крыніцы жыў пустэльнік, які параіў людзям піць ваду. Маўляў, некалькі стагоддзяў таму адзін чалавек вымушаны быў пакінуць вёску з-за ліхога пана. У лесе ён знайшоў невялічкую крынічку, збудаваў непадалёк немудрагелістую хаціну і стаў у ёй жыць. Ніхто яго не турбаваў, жыў ён спакойна, ніколі не хварэў. Мінуў час. Вырашыў уцякач наведаць родную вёску. І што ён пабачыў! Палова жыхароў вёскі памерла. Чума смерцю хадзіла з хаты ў хату. Ніхто не мог знайсці паратунку. Казалі, што хвароба была ў вадзе, якую пілі вяскоўцы. Але ж як жыць без вады? І тады чалавек параіў вяскоўцам схадзіць у лес да крынічкі па ваду, якую ён піў, якой мыўся. Людзі так і зрабілі. І адбыўся цуд. Зніклі хваробы. Нізка кланяліся вяскоўцы гэтаму чалавеку. Хтосьці ўпотай назваў яго Ісусам-Збавіцелем. А месца, дзе ён жыў у лесе, Язусам. І сёння прыходзяць туды ўсе, хто мае патрэбу ў здароўі. Добрую славу мае крынічка.
Мясцовыя старажылы яшчэ прыгадваюць камень-следавік, які ляжаў з правага боку дарогі як ісці з Вішкавічаў да крыніцы. Але ўжо даўно камень згубіўся, а можа і зарос. Кажуць, нібыта на камені было два слядкі – адзін дарослага, а другі дзіцячы. Паводле падання, калісьці камяні былі мяккія, і людзі хадзілі па іх. Некаторыя кажуць, што нібыта на камені быў след апостала, і што пад каменем французы схавалі скарб.
Бліжэй да вёскі Баравыя ў логу знаходзіцца невялічкае азярко, якое таксама лічаць святым. Яно і назву мае адпаведную – Святое. Возера амаль круглае, вада ў ім заўсёды сцюдзёная, амаль не цвіце ўлетку. Усходне-паўднёвыя берагі яго сухадольныя і крута ўзвышаюцца, а з процілеглага боку да возера падступае лес.
Святое возера каля в Баравыя
Пра гэта возера таксама існуе легенда. У даўнія часы там, дзе цяпер вада, было ўзвышша, на якім стаяла царква. З навакольных вёсак збіраліся сюды людзі, каб памаліцца Богу. Аднойчы ў нядзелю панскі аканом прымусіў сялян зграбаць сена.
Раніцай людзі ішлі на працу, зайшлі ў храм, памаліліся і пайшлі працаваць. А калі ішлі назад, то царквы ўжо не было,вакол стаяла вада... Пасля гэтага возера атрымала назву Святое, а для пацверджання праўдзівасці з’явы старыя людзі прыводзяць доказ, што вада ў возеры не цвіце, а значыць, там, у глыбіні, засталося царкоўнае срэбра, якое і ачышчае ваду.