Новый год и Рождество

Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Калі надыходзяць доўгія зімовыя вечары, неба накрываюць густыя хмары, і нідзе аніводнай зоркі, і нават месяц не паказваецца, а толькі вецер носіцца як шалёны і вые, бо няма ўжо нават ліста на дрэве, каб было яму з чым гуляць, тады настае добры час для ўспамінаў... Я сабрала сюды такія, якія выклікаюць усмешку і могуць прынесці карысць.

 

«Приходи на меня посмотреть»

 

Першыя тры гісторыі раскажу сама.

 

Летам 1997 года я, на той час медыцынская сястра знакамітай Рэспубліканскай стаматалагічнай паліклінікі, па адрасе Сухая, 28, замяняла медрэгістратарку, якая пайшла ў адпачынак. Мае ўрачы, з якімі я працавала, таксама сышлі ў адпачынак, а ў рэгістратуры патрэбен быў чалавек з добрым почыркам, вось мяне і спусцілі з восьмага паверха на першы на цэлы месяц, і аказалася гэта не паніжэннем, а адной суцэльнай вялікай прыгодай.

 

З аднаго боку, прыходзяць да цябе тыя ж людзі, для якіх ты яшчэ тыдзень таму старанна перацірала на шкельцы аксід цынка з маслам эўгенольнага базіліка, а з іншага, яны іншыя — тут яны яшчэ не пацыенты, яны яшчэ толькі запісваюцца, хвалюючыся, ці знойдзецца ім талон, ці трапіцца добры ўрач, ці ўдасца палячыцца без болю. Страх, які суправаджаў у тыя гады стаматалагічных пацыентаў і які яны не давяралі ў кабінеце нікому — ні медсястры, ні ўрачу, — перад акенцам рэгістратуры прырастаў або памяншаўся ў залежнасці ад таго, як з імі размаўлялі. Помню, як пазней старшая медсястра расказвала пра свой паход у нейкую іншую паліклініку — як яе там аблаялі, «быццам сабакі з будкі». Так і сказала, не пашкадавала такіх моцных слоў. І з прыкрасцю дадала: «Нашы з пацыентамі размаўляюць не лепш». У думках я з ёй пага-дзілася, бо мела адзін дзіўны доказ акурат з таго часу, калі сама працавала ў рэгістратуры. Запісваліся на прыём таксама і па тэлефоне. Здаралася, хоць разарвіся: і чарга, і званкі адзін за адным.

 

І вось стаіць перада мной жанчына, разглядае мяне і прамаўляе наступнае: «Я званіла вам з паўгадзіны таму. Гэта вы мяне запісалі да доктара. Я прыйшла паглядзець на вас». І працягвае мяне разглядаць. А я не магу зразумець, што я не так зрабіла і ў чым мяне збіраюцца вінаваціць. Нарэшце яна тлумачыць: «Я прыйшла паглядзець на рэгістратарку, якая пагаварыла са мной прыязна».

 

Шкляное паветра

 

Здаралася і прыкрае. Прыйшоў пацыент у нейкай будаўнічай спецвопратцы. Гаворыць, што раней у нас не лячыўся, трэба аформіць медкартку. Прашу ў яго пашпарт, ён мне яго дае, я разгортваю і бачу, што пашпарт жаночы. Кажу: «Вы, відаць, пераблыталі пашпарты, гэта напэўна жончын». А ён мне адказвае: «Пашпарт мой, нічога я не пераблытала». Голас мужчынскі, твар мужчынскі, фігура мужчынская, паходка мужчынская, але гэта была жанчына. І так мне зрабілася прыкра, што я яе так пакрыўдзіла… Я тады першы раз адчула, як прастора вакол мяне ператвараецца ў шкло. І застыла ў гэтым шкле. Добра, што трэба было заводзіць картку — запаўненне абавязковых радкоў трохі мяне супакоіла. Паветра, якое мяне сціскала, крыху расступілася...

 

І швец, і жнец

 

Канечне, здаралася і смешнае. Тут жа, на першым паверсе, насупраць рэгістратуры — кабінет хуткай дапамогі, дзе вядзецца прыём пацыентаў з вострым болем. Аднойчы мне трэба было замяніць медсястру з гэтага кабінета. У першую змену я адпрацавала ў ім медсястрой, а на другую павінна была перайсці працаваць у рэгістратуру. А тут яшчэ такая акалічнасць, што санітаркі ў кабінеце няма: медсястра — і за санітарку.

 

І вось я дамываю падлогу, выйшла ўжо з анучай і швабрай у калідор, як падыходзіць мужчына. Пытаецца: «Вы тут санітарка?» Адказваю: «Так». Бо праўда ж: у гэты момант я тут санітарка. «А ці ёсць урач або медсястра?» — пытаецца ён далей. Адказваю: «Ёсць медсястра. Гэта я». Бо на другую змену медсястра яшчэ не прыйшла, яшчэ я за яе. «А як мне сюды на лячэнне трапіць? У мяне баліць зуб». І тут мне прыходзіцца даваць адказ, з якога я ўжо ледзь стрымліваюся, каб не смяяцца: «Вам трэба звярнуцца ў рэгістратуру, выпісаць там талон на прыём «па хуткай». Першая змена ўжо скончылася, але зараз пачнецца другая. Я дамыю падлогу і падыду. Я медрэгістратар з другой змены». І ён, хоць трымаецца за шчаку, бо баліць зуб, смяецца. Кажа: «Ды вы тут і швец, і жнец»…

 

Родная Сухая, 28, першае маё месца працы. Светлы і часам вясёлы сум…

 

Лячэбная сіла думкі

 

У той час, калі я там працавала, сённяшнi прафесар кафедры перыяданталогіі БДМУ, доктар мед. навук, прафесар Юлія Дзянісава там вучылася, бо, як і сёння, паліклініка на Сухой, 28 — гэта вучэбная база стаматалагічнага факультэта. Цяпер яна і называецца адпаведна — універсітэцкая. Прыводжу гісторыю з цяперашняга часу, расказаную Юліяй Дзянісавай.

 

— У маёй калегі, стаматолага-артадонта, некалькі гадоў таму быў вельмі цікавы, нават паказальны выпадак з яе 25-гадовым пацыентам. У гэтым узросце рост касцей ужо спынены. А ў яго прыкус сфарміраваўся няправільна: ніжняя сківіца вялікая, а верхняя несуразмерна малая. І паспрабуй даць рады. Але ўявіце сабе, з кожным яго візітам яна заўважала, як верхняя сківіца расце, а ніжняя памяншаецца, хаця яна нічога асаблівага, што спрыяла б такому эфекту, не рабіла, бо ў такой сітуацыі ў прынцыпе нічога нельга зрабіць. «Я, — казала яна, — хутчэй назіраю, чым лячу». Аднойчы яна яму прама так і сказала: нічога, маўляў, не раблю, і чаму сківіцы мяняюцца, не магу зразумець. А хлопец ёй адказвае: «Я вельмі многа пра гэта думаю. Саджуся і думаю». Яна яму: «Рабі так, калі ласка, і далей, гэта, відаць, адзіны спосаб лячэння». Мы з ёй пасмяяліся, але ў гэтым нешта ёсць. Усім сваім пацыентам, якія пачынаюць артадантычнае лячэнне, я цяпер гавару: «Думайце пра добрае, спрыяльнае, думайце пра максімальна хуткае і лёгкае заканчэнне курса лячэння».

 

Паводле маіх назіранняў, і працэс ідзе хутчэй, і колькасць наведванняў меншае, і вынік аказваецца лепшы ў тых, хто настроены аптымістычна — і на лячэнне, і на жыццё ўвогуле. А тыя, у каго і тое не так, і гэта не гэтак, і «а што калі», і «а раптам», і сто пытанняў пра тое, што здарыцца ці не здарыцца, — маюць нашмат меншы прагрэс лячэння.

 

Ім я гавару: «Або кідайце гэты свой песімізм, або я не бяру вас у свае пацыенты». Бо я ж таксама хачу атрымліваць задавальненне ад лячэння маіх пацыентаў.

 

Гасцініца «Бэз»

 

— У год 80-годдзя Перамогі я сачыў за тым, як гэтая тэма адлюстроўвалася. Многа было сказана гістарычнага, пераможнага, неабходнага, патрыятычнага. Але мне падалося, што мала краналіся тэмы дзяцей вайны: як яны выжылі, як пераадольвалі цяжкасці, як імкнуліся нечага дасягнуць. А я акурат з тых дзяцей, якія перажылі вайну і сталі медыкамі, — расказвае Эдуард Збароўскі, урач-кардыёлаг, доктар мед. навук, прафесар. Наступныя гісторыі — ад яго.

 

— Спачатку я стаў фельчарам — скончыў Мазырскае медвучылішча. Потым працаваў у розных месцах і нарэшце паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Дык вось, калі я прыехаў у Мінск паступаць, мне не было дзе спыніцца. Начаваў я на аўтавакзале. Гэта там, дзе і цяпер знаходзіцца наш цэнтральны аўтавакзал, але тады ён размяшчаўся ў маленькім драўляным даваенным будынку. А побач з будынкам рос бэз. Я начаваў пад тым бэзам. Рэчы здаў у камеру захоўвання і спаў на лавачцы. Што было трэба — па тое ішоў у камеры захоўвання. Такая была мая першая начлежка ў Мінску — гасцініца «Бэз».

 

Тытуньчык, трапкач і залежнасць

 

— А гэта гісторыя даваенная, — працягвае Эдуард Збароўскі. — Бацька мой быў кавалём — чалавекам, які ўсім у вёсцы патрэбны. Кузня ў той час — як сёння майстэрня па тэхабслугоўванні аўтамабіля: і з коламі, і з плугамі, і з баронамі — з усім ішлі да каваля. А жылі мы недалёка ад кузні, і хто ні звяртаўся да бацькі — усе да нас заходзілі то вады папіць, то перасядзець у чаканні, бо ў кузні не пасядзіш. І ўсе майму бацьку імкнуліся дагадзіць, бо быў ён не толькі каваль, але і сталяр, і цясляр, і пячнік. Дагаджалі, зразумела, на свой капыл. Бачылі, што бегае ў двары хлопчык, і, палячы самакруткі падзывалі: хадзі, маўляў, дамо і табе закурыць. Я глядзеў на самакруткі як зачараваны, яны мне падаваліся прыгожымі. Ну, і далі мне пару разоў пацягнуць. Мне спадабалася. І так мо некалькі дзён адбывалася, аж пакуль я ўночы не прачнуўся ў люльцы, якая стаяла побач з ложкам бацькоў, і не заплакаў: «Хачу тытуньчыку!». Бо яны, падзываючы, гаварылі: «Вазьмі тытуньчыку». Мама як усхадзілася: «Ты што гэта!» Так і на бацьку, і на мяне. І адхадзіла абодвух нас трапкачом. Трапкач — гэта такі ручнік з доўгімі махрамі. Адсюль і выраз: «задаць трапкача».

 

І вось калі маці мне задала трапкача, я супакоіўся і тытуньчыку больш не прасіў. З той пары, а было мне чатыры гады, я курыва ў рот не браў. Калі мы хадзілі ў школу доўгай дарогай, за некалькі кіламетраў, бо вада вясной разлівалася вельмі шырока, хлопцы ўсе па дарозе курылі, адзін я не курыў. Мне прапаноўвалі — я адмаўляўся. Гаварыў: «Не хачу». Яны тады зрабілі сваю выснову: «Гэта ты маці баішся».

 

Я мог бы ім сказаць, што кінуў курыць яшчэ ў чатыры гады, але ж яны ведалі гісторыю з трапкачом…

 

І вось мінаюць гады — і я аказваюся ў міжнароднай праграме інтэгрыраванай прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца, якую каардынавала Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Як кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі сацыяльнай і прафілактычнай кардыялогіі, я ўзначальваў гэту праграму ў Беларусі. Мы назіралі 10 тысяч мужчын ва ўзросце 49–59 гадоў у Маскоўскім раёне Мінска, побач з Інстытутам кардыялогіі. Наша асноўная задача была вывучаць фактары рызыкі, адным з якіх з’яўляецца курэнне.

 

І пацвердзілі, што гэта важны фактар. І не толькі ўздзеянне на сасуды і сэрца робіць яго такім, але і ступень залежнасці. Памятаю, да нас звярнулася адна жанчына, якая даўно курыла. Муж яе быў катэгарычна супраць гэтай звычкі, і да разводу даходзіла, і яна хавалася ад яго, і ноччу спрабавала паліць, каб ён не ведаў, але кінуць не магла — настолькі моцнай была залежнасць. Паступова рабілі ёй ампутацыі: спачатку пальцы на нагах аднялі, потым ступні, потым голені, але яна нават нягледзячы на такія горкія вынікі сваёй звычкі не магла з ёй растацца. Гэта пра тое, што лепей не пачынаць, калі не маеш магутнай волі.

 

Калі доктар працуе... на пілараме

 

— Тата мой загінуў у 1941-м пад Масквой, і ўсім, што я меў у сірочым сваім юнацтве, я быў абавязаны маме. Называў яе на вы, такі ў нас быў парадак. Калі пасля заканчэння Мазырскага медвучылішча ў 1957 годзе з’язджаў працаваць у Ліду, сказаў ёй так: «Мама, не хвалюйцеся, усё будзе добра. Я вам з першай зарплаты прышлю падарунак». А калі аказаўся на месцы і пачаў працаваць, то зразумеў, што на падарунак фельчарскай зарплаты не хопіць пры ўсёй ашчаднасці, бо трэба плаціць за кватэру, выплочваць халасцяцкі падатак, неяк харчавацца і нешта яшчэ купляць. А я ж маме абяцаў падарунак! Як на яго зарабіць? Пайшоў у аддзел кадраў камбіната будматэрыялаў, дзе працаваў у здраўпункце, прасіць падпрацоўку. Там здзівіліся: «Пан доктар, навошта? У вас жа ёсць праца». Там тады так казалі — «пан доктар». Я гавару: «Мне трэба зарабіць больш». Яны: «У нас толькі на пілараме ёсць праца, там трэба падкатваць лес». Так аформілі пана доктара па сумяшчальніцтве падкатчыкам лесу.

 

Прыйшоў я першы раз на пілараму, а там работнікі — мае пацыенты, якія ўжо паспелі да мяне звярнуцца па розных пытаннях і ведалі мяне, бо я хадзіў па цэхах, правяраў аптэчкі, рабіў фізіяпрацэдуры ды рознае іншае. І я зразумеў, што трэба даць ім нейкі адказ на іх пытанне: што пан доктар робіць на пілараме? Я гавару: «Мне трэба вывучыць умовы вашай працы, каб параіць адміністрацыі, як палепшыць здароўе працоўных на вытворчасці».

 

Гэта акурат тое, чым я пазней і займаўся, працуючы ў сістэме сацыяльнай абароны і аховы здароўя. У адказ пачуў: «Гэта справа годная, дзякуй вам». Праз пару дзён памянялася змена — і зноў пайшлі пытанні, тыя самыя. І зноў я мусіў на іх адказваць. Па камбінаце разышлася пагалоска: фельчар вывучае ўмовы працы, хутка нешта памяняецца. У выніку самае складанае для мяне было ў той падпрацоўцы — вытрываць іх пытанні. Я павінен быў кожны раз нешта прыдумаць пра тое, што я і як вывучаю.

 

Праз два тыдні, рашыўшы, што на падарунак маме грошай у мяне ўжо хопіць, я напісаў заяву, каб болей не падпрацоўваць. Купіў адрэз прыгожай тканіны. Паслаў маме. Выканаў абяцанне. Мама пашыла сукенку, насіла яе і ўсім гаварыла, што гэта я ёй прыслаў матэрыю, і кожны ёй адказваў: «Вось якога сына маці вырасціла! Глядзі які падарунак!». Такая была гісторыя…

 

Добрае лякарства

 

— На тым самым камбінаце будматэрыялаў прыходзіць аднойчы да мяне пацыент, якому трэба закапаць у вочы цынкавыя кроплі. Фельчары на зменах мяняліся, а кроплі заўсёды стаялі ў адным месцы, як і належыць, як нас вучылі. Але атрымалася так, што мой папярэднік гэты парадак парушыў — паставіў цынкавыя кроплі ў іншае месца. А пацыент быў вельмі гаваркі. Пажылы такі балбатлівы пацыент з барадой. Байкі ён мне расказваў. А мне, маладому, было няёмка яго спыніць. Я гляджу на яго, слухаю байку, бяру флакончык з таго месца, дзе, я ведаю, стаяць патрэбныя кроплі, і закапваю яму ў вочы кроплі. Ён тут жа спахопліваецца, гаворыць, што кроплі выядаюць яму вочы. Я гляджу на флакончык, на надпіс на ім — і аказваецца, што я закапаў не цынкавыя кроплі, а валідол. Перапалохаўся не на жарт. Тут жа знайшоў цынкавыя і шчодра імі вочы прамыў. Пацыент кажа: «О, цяпер добра». І ідзе ў цэх працаваць. А я сабе месца не знаходжу, усё думаю, чым можа скончыцца мая памылка. Я ж, хоць і ўскосна, але вінаваты: трэба было выканаць яшчэ адно правіла — прачытаць назву лякарства, перш чым яго выкарыстоўваць. Я гэтага не зрабіў праз балбатлівасць пацыента, але ж гэта ўсё роўна медыцынская памылка. Думаю: трэба паглядзець, ці працуе гэты чалавек. А можа ён у бальніцу пайшоў. Схадзіў у цэх, паглядзеў: працуе.

 

Пасля пэўнага часу рашыў падысці бліжэй, каб пераканацца, што ўсё ў яго добра са зрокам. Калі я асмеліўся і падышоў, то пачуў: «Ой, дзякуй вам, дзякуй, пан доктар! Я столькі дзён хадзіў, і кроплі мне капалі — і ніякага выніку. А вы за адно закапванне рашылі маю праблему. У вас нейкае добрае лякарства».

 

***

Дапісваю апошнія радкі — і чую, што вецер за акном супакоіўся, ужо так адчайна не вые. Можа, заслухаўся ўспамінамі, запісанымі на дыктафон?

 

І месяц вызірнуў з-за хмары. Мабыць, каб прачытаць іх. Ужо і зорачкі загараюцца вочкамі чорнага неба. А заўтра будзе новы дзень — і новыя гісторыі будуць плесціся новымі сказамі, як ніткі сплятаюцца ў шалікі і рукавічкі. Вам жа стала цяплей ад гэтых гісторый?..