Камень кахання непадалёк ад в. Валоўшчына, Мінскі раён.

Каханне — моцнае пачуццё, уласцівае чалавеку, літаральна ўсе рэлігіі све­ту трактуюць каханне як пачуццё бо­скае. І, натуральна, у беларускага на­рода ёсць старадаўнія ўяўленні пра характар гэтага пачуцця, якія заха­валіся ў вераваннях ды абрадах і на­ват — у камянях.

 

Сакральныя аб’екты

 

У першую чаргу гэта сакраліза­ваныя валуны. Некаторыя з іх нават маюць назву Камень ка­хання. Такія назвы атрымалі ка­мяні, якія з’яўляюцца найбольш частым месцам паломніцтва ма­ладых і закаханых. Каля такіх ва­луноў прызначаюцца спатканні нават у нашыя дні.

 

Паблізу Мінска, паміж вёска­мі Крыжоўка і Малая Валоўшчы­на, каля лясной дарогі, за 0,3 км ад брамы садовага таварыст­ва «Экран» ляжыць вялізны Ка­мень кахання. У старажытныя часы гэты валун меў культавае значэнне, якое з цягам часу тры­вала замацавалася ў народзе. Лічыцца, што гэты камень да­памагае ўз’яднацца са сваёй дру­гой палавінкай. Для гэтага трэба з добрымі думкамі дакрануцца да каменя, пажадаць яму дабра і толькі потым папрасіць аб па­таемным…

 

Яшчэ адзін Камень кахання ляжыць каля вёскі Доўжа Віцеб­скага раёна, ва ўрочышчы Ба­равінка, на правым беразе ракі Храпаўлянка. Паводле падання, некалі ў вёсцы жыла надзвычай­най прыгажосці дзяўчына. Каля каменя яна сустракалася з кава­лём Сасноўскім. Аднойчы ней­кі пан убачыў прагажуню і па­сватаўся да яе. Бацькі дзяўчыны далі згоду, але закаханыя праця­гвалі сустракацца. Пан даведаў­ся пра гэтыя сустрэчы і загадаў забіць маладых, а іх целы кінуць у возера, з якога выцякала рака Храпаўлянка. Панскія служкі здзейснілі злачынства каля ка­меня і, як распавядалі, валун у тую ноч стаў чырвоным ад кры­ві, бо пан прыняў на сябе грэх забойства не толькі закаханых, але яшчэ і ненароджанага дзіця­ці пары.

 

У памяць Марылi i Марыны

 

Недалёка ад сямейнага комплек­су Путкамераў, у парку Гаёк каля вёскі Больценікі Воранаўскага раёна на Гродзеншчыне ёсць не­вялікі валун з высечаным кры­жам, яго называюць Камень кахання ці Камень Марылі. Га­ворка ідзе пра Марылю Вераш­чака, каханую дзяўчыну паэ­та Адама Міцкевіча. Як вядома, яна была заручана з Ваўжынцам Путкамерам, уладальнікам сядзі­бы. Закаханыя хадзілі на карот­кія спатканні ў гай поруч з ка­менем. На адным баку вялізнага каменя выбіты крыж. Ёсць дзве версіі яго з'яўлення. Па першай, Марыля загадала выбіць крыж як сімвал сваёй тугі па каханаму. Па-другое, крыж — праца само­га Адама Міцкевіча, ён выбіў яго пасля таго, як Марыля не прый­шла на іх апошняе спатканне. Раней увесну і ўлетку моладзь выкладала кветкамі сцежку да каменя.

 

У парку горада Брагін на Го­мельшчыне ляжыць яшчэ адзін невялікі Камень кахання. Леген­да пра яго гаворыць, што тут су­стракаліся Дзмітрый Самазва­нец з Марынай Мнішак, якая была сястрой ўладальніка па­лаца Канстанціна Вішнявецка­га Грызэлі. Раней каля каменя стаяла альтанка, і моладзь тут прызначала спатканні. Брагінскі валун з даўніх часоў лічыўся па­клонным. Паводле павер’я, калі маладыя бралі шлюб, то абавяз­кова павінны былі пасядзець на камені і абмяняцца кавалачка­мі ад яго. Тады, верылі нашыя продкі, муж і жонка будуць моц­на кахаць адно аднаго.

 

Без каменя i замуж не выйсцi!

 

У апошнія дзесяцігоддзі вель­мі папулярным стаў Нявесцін камень ці Рамбоўскі камень каля вёскі Агароднікі непада­лёк ад трасы паблізу Ашмя­наў. З даўніх часоў уважаюць, што камень выконвае жадан­ні і дапамагае жанчынам у шлюбе і мацярынстве. Да яго таксама прыводзяць малень­кіх дзетак, каб засцерагчы ці вылечыць ад хвароб. Раней ва ўсім наваколлі і нават у саміх Ашмянах нявесту не пускалі ў дом жаніха, пакуль яна не сходзіць да каменя.

 

Nyavescin kamen

Нявесцін камень у в. Агароднікі, Ашмянскі раён.

 

Вядомыя тры паданні. Па­водле аднаго з іх, дзяўчы­на кінулася ў роў следам за жаніхом, які патануў. Вада высахла, а слёзы дзяўчыны ператварыліся ў камень. Па­водле другой версіі, камень ляжыць на месцы паганскага капішча, дзе ў старажытнас­ці бралі шлюб. Трэцяя леген­да распавядае, што пад каме­нем пахаваная паслушніца, якая малілася за шчасце жан­чын у шлюбе.

 

Яшчэ ў пачатку 20-га стагод­дзя ў Мінску, на Лодачнай вулі­цы, на беразе Свіслачы, ляжаў камень Дзед. Існаваў звычай, што дзяўчына, якая хацела выйсці замуж, загадвала на пэўнага хлопца і абвязвала камень ручніком, вытканым уласнаруч. Да Дзеда звярталіся і сямейныя пары, прасілі дапа­магчы зачаць дзіця. Каб прось­ба здзейснілася, трэба было па­сядзець на валуне. Цяпер гэты валун знаходзіцца ў Музеі валу­ноў у мікрараёне Уручча. Але і па сёння гэты камень і ўзімку, і ўлетку застаецца месцам па­ломніцтва. Да яго вядуць не­калькі сцежак, а вакол заўсё­ды можна знайсці сучасныя ахвяраванні — манеты, цукер­кі, яблыкі і кветкі.

 

Kamen Dzed

Камень Дзед, Мінск, Уручча, Музей валуноў.

 

У апошнія гады статус Ка­меня кахання набыў і Святы камень (Цудадзейны, Богаў, Даждзьбогаў) ва ўрочышчы Дальжбы каля вёскі Крамя­нец Лагойскага раёна. Вакол валуна на дрэвах павязана шмат стужачак — тут загадва­юць жаданні і пакідаюць дар Даждзьбогу — богу ўрадлівас­ці і сонечнага святла. Сюды прыязджаюць на Купалле, Вя­лікдзень, Сёмуху, а ў час вя­селля маладыя з усяго нава­колля наведваюць камень і кладуць на яго кветкі.

 

Крынiцы пачуцця

 

З каханнем у народных вераваннях стасуецца і шэраг паклонных крыніц. Ваду выкарыстоўвалі і падчас вяселля. Бацька з вядром вады абыходзіў вясельны поезд перад тым, як маладыя выпраўляліся ў храм. З вядром вады прынята было сустракаць маладых на ўездзе ў вёску. Дзе-нідзе за­сталася традыцыя весці маладых да калодзежа і абліваць ім з аднаго вя­дра ногі.

 

Прынамсі, у Стайках Ушацкага раёна спрадвеку лічылі, што дзяўчына неўзабаве пабярэцца шлюбам, калі на Купалле акунецца ў мясцовай куль­тавай крынічцы. А ў вёсцы Пеніца Калінкавіцкага раёна вераць, што вада іх святой крыніцы вылечвае ад шматлікіх хвароб. Незамужнія дзяўчыны прыязджаюць сюды адпіць глыток ледзяной вады, каб знайсці мужа. Калі ж прызначыць спатканне каля крыніцы, то па хуткім часе будзе і вяселле!

 

Svyataya krynica

Святая крыніца ў в. Пеніца, Калінкавіцкі раён.

 

У вёсцы Ядраная Слабада Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне таксама ёсць крыніца, якая дапамагае ў справах кахання. Здаўна верылі, што калі дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, то ёй трэба да ўзыходу сонца абліцца вадой з крыніцы.