У самых складаных сітуацыях яна ўвесь час прыгаворвала, як малілася: «Ну ўсё, ну ўсё, я не ведаю, як буду жыць, як мне жыць, як мне быць далей, хоць кідайся з чацвёртага паверха». На чацвёртым паверсе ў Полацкай бальніцы знаходзілася гінекалогія. Жанчын туды, бывала, дастаўлялі ў такім цяжкім стане, што дапамагчы мог толькі цуд…
— Тады яшчэ былі нярэдкімі крымінальныя аборты. І яна заўсёды так моцна перажывала… Склікала тады ўсіх: «Дзяўчаткі, усе збіраемся, усе ратуем жанчыну!»
— Як яна сама пра сябе гаварыла, няма ніводнай полацкай кабеты, на жываце якой яна б не «распісалася.
— Гэта была полацкая знакамітасць, яе ведалі і паважалі ўсе.
— Да гэтай пары яна для мяне ідэал: прафесіянала, чалавека, жанчыны… Да гэтай пары я сябе з ёю звяраю.
— Прыгожае жыццё, прыгожы лёс…
Біяграфія вуснамі вучаніц
— А маму яе звалі Ефрасіння…
— Яны пахаваны разам…
— Дачка забрала маці да сябе ў Полацк з Украіны. Яна і сама нейкі час на Украіне жыла: паехала туды, каб быць разам з маці. Але сяброўкі пісалі, што ў Полацку яе ўсе чакаюць, што пацыенткі не могуць яе забыць, што калегі па ёй сумуюць. І яна сарвалася і вярнулася ў Полацк, і маці прыехала з ёю. А бацька генералам недзе ў Маскве даслужваў.
Валянціна Паўлаўна Косарава — сучасная полацкая легенда. Яна памерла дзесяць гадоў таму, пражыўшы доўгае насычанае жыццё, поўнае святла і любові. І як святло тчэцца з сонечных промняў, так з адрывачных звестак і згадак, з асобных успамінаў і фактаў тчэцца тут палатно яе ўзорыстай біяграфіі.
Ёсць сярод сённяшніх полацкіх гінеколагаў тыя, пра каго яна гаварыла: «Мае вучаніцы».
— Мы проста на крылах ляталі ад гэтай яе адзнакі, — гаворыць адна з іх, урач-акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі Полацкай цэнтральнай гарадской паліклінікі Тамара Дульцава. — Самае яскравае ўражанне, якое яна па сабе пакінула, гэта яе незвычайная любоў да людзей. Самая адметная яе якасць — вялікая, проста бязмежная дабрыня. А яшчэ вельмі помніцца прыгажосць — і жаночая, і чалавечая…
— Полацк не быў для яе радзімай, — удакладняе Таццяна Яфрэменка, якая займала пасаду намесніка галоўнага ўрача санстанцыі ў той час, калі Валянціна Косарава, ужо пенсіянерка, працавала ўрачом па санітарнай асвеце. — Я помню, яна расказвала, што нарадзілася ў багатай сям’і, што ў яе былі няня і гувернантка. Дзявочае яе прозвішча было Якімовіч. Бацька і брат ваенныя, даслужыліся да высокіх чыноў. Недзе ў расійскіх падручніках нават ёсць іх партрэты. Ведаю, што брат жыў у Севастопалі, Валянціна Паўлаўна ездзіла да яго ў адпачынак.
— Нарадзілася недзе на Украіне, — гаворыць Тамара Дульцава. — А потым бацьку перавялі ў Беларусь, і вучыцца яна паступіла ў Мінскі медінстытут. Пазней бацька з маці пераехалі ў Хабараўск, туды ж перавялася і яна, медыцынскую адукацыю скончыла ўжо там. Маці ў яе таксама была ўрачом, працавала ў шпіталі. Валянціна ёй дапамагала — і так набіралася вопыту… Захаплялася хірургіяй, але чаму пайшла ў гінеколагі — пра гэта не гаварыла. Расказвала толькі, як было цяжка ў пасляваенны час.
Адразу пасля вызвалення БССР была абвешчана Полацкая вобласць. Такое адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне праіснавала дзесяць гадоў. Полацкім урачам даводзілася абслугоўваць пятнаццаць раёнаў з іх цэнтрамі і далёкімі вёскамі, куды вельмі складана было дабірацца, і гэта стварала ці не галоўную праблему.
На пленуме Вярхоўнага Савета БССР у 1950 годзе міністр аховы здароўя Інсараў дакладваў, што органамі аховы здароўя за прамінулы 1949-ы не былі асвоены 24 мільёны рублёў. «Асабліва дрэнна выканалі фінансава-гаспадарчыя планы аддзелы аховы здароўя Пінскай, Полацкай і Палесскай абласцей», — гаварыў міністр. На новы 1950-ы расходаў прадугледзелі на 10 працэнтаў больш, чым іх фактычная лічба за папярэдні перыяд. «Такія велізарныя асігнаванні на справу аховы здароўя магчымыя толькі ў краіне сацыялізму, якая пераможна ідзе да камунізму», — прамовіў таварыш Інсараў, сарваўшы апладысменты. Чаму палачанскія медыкі не здолелі распарадзіцца грашыма згодна з патрэбамі — пра гэта на пленуме не гаварылася.
— …У Полацк яна прыехала з мужам. Ён таксама ваенны, вучыўся з яе братам і быў, відаць, накіраваны сюды служыць, — тлумачыць Таццяна Яфрэменка акалічнасці першай сустрэчы Валянціны Косаравай з горадам, які прыняў яе назаўсёды.
Старонкі ўспамінаў
— Яна расказвала шмат цікавых выпадкаў, — гаворыць Тамара Дульцава. — Напрыклад, як прыехала па выкліку на роды, а застала запушчанае папярэчнае палажэнне, плод ужо загінуў, трэба было рабіць аперацыю па яго выдаленні, а інструментаў для гэтага з сабой не было, і давялося карыстацца кухоннымі прыладамі, і як нельга было жанчыну пакінуць адну, без нагляду, бо ў любы момант мог пачацца крывацёк, — і яна заставалася з пацыенткай да той пары, пакуль не пераконвалася, што небяспека не пагражае… Пацыенткі былі ёй як родныя — як сёстры і дочкі. Дзяўчатак, якія з падлеткавымі дыягназамі траплялі да яе на лячэнне, яна так зачароўвала, што многія з іх загараліся марай стаць, як яна, гінеколагам, і пасля праз усё жыццё праносілі захапленне і ўдзячнасць — ужо як калегі.
Яе стаўленне да калег — асобная старонка ўспамінаў. Калі некаму з урачоў патрэбна была кансультацыя або дапамога і ў коле знаёмых раілі звярнуцца да Косаравай, яна рэагавала на гэта «без усялякай зорнасці, хоць была сапраўнай прызнанай зоркай, лепшым гінеколагам горада». Па словах полацкіх урачоў, «ёй была ўласцівая каставасць у добрым сэнсе гэтага слова» — калі ўрач урача не толькі зразумее, але і па-асабліваму падтрымае, сказаўшы медсястры, напрыклад, так: «Гэта наша калега, трэба паклапаціцца».
У розныя гады доктар Косарава была і радавым акушэрам-гінеколагам, і выкладала акушэрства дзяўчатам у Полацкім медвучылішчы, і ўзначальвала ўсю гінекалагічную службу Полаччыны, і загадвала гарадскім аддзелам аховы здароўя, а гэта значыць, адказнасць несла ўжо не толькі за акушэрства і гінекалогію, але і за ўсю медыцыну ў горадзе. На пенсіі працавала ў аддзеле санітарнай асветы.
«Працуючы загадчыкам горздрава, яна нейкі час кіравала будоўляй — калі ўзводзілася прыбудова да чырвонай бальніцы «на Верхнім замку». Раней у Полацку «трапіць на Верхні замак» азначала гаспіталізацыю. Прыбудова рабілася для аддзялення гінекалогіі, — піша Андрэй Ільніцкі, адказваючы на мой запыт па электроннай пошце.
Той самы Верхні замак, чырвоная бальніца. Першае, што бачылі дзеткі, якія тут нараджаліся, — вежы Сафійкі. Так, прынамсі, пісаў пра сябе народжаны тут вядомы паэт і журналіст, заслужаны дзеяч культуры Навум Гальпяровіч.
У пачатку 2000-х Андрэй Ільніцкі працаваў намеснікам галоўнага ўрача паліклінікі Полацкага гарадскога тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання. У сааўтарстве з Кірылам Прашчаевым, на той час галоўным урачом паліклінікі ААТ «Палімір», ён напісаў кнігу па гісторыі медыцыны Полаччыны, адзначыўшы добрымі словамі і заслугі доктара Косаравай, з якой быў знаёмы.
«За тое будаўніцтва яна атрымала ордэн, — працягвае Андрэй Мікалаевіч. — Гаварыла: “Вы думаеце, Андруша, мне далі ордэн за гады працы ў гінекалогіі, за кроў, аперацыі і бяссонныя ночы? Не. Мяне ўзнагародзілі за будаўніцтва”».
«Яна жыццё аддала ахове здароўя жыхароў Полацка, несумненна, — гаворыць Тамара Дульцава. — А сама… Сама набыла шмат хваробаў. Паступіць у бальніцу па «хуткай», паляжыць гадзінку пад кропельніцай — і заўтра зноў на працу»
Школа доктара Косаравай
У час, пра які гаворка, у звычайных полацкіх практыкуючых гінеколагаў існавала самая што ні ёсць сапраўдная школа кшталту тых, якія бываюць пры кафедрах. Валянціна Косарава так арганізоўвала работу, што вопытныя ўрачы абавязкова павінны былі вучыць маладых — і не «па сітуацыі», а мэтанакіравана: знаёміць іх з усімі складанасцямі, якія могуць іх напаткаць у будучай штодзённай практыцы. За 3–4 гады такой вучобы выпускнікі інстытутаў вырасталі ў прафесіяналаў, якія самі ўжо маглі навучыць…
Тамара Дульцава нейкі час працавала ў Маскве, дзе вучыўся яе муж, і на ўласнай практыцы адчула высокі ўзровень полацкай школы — калі на вачах калег у сталіцы СССР праявіла зайздросны досвед і ў кансерватыўнай, і ў аператыўнай гінекалогіі. Для Полацка гэта было звычайна.
Гэтак жа звычайна, як штомесячныя ўрачэбныя канферэнцыі, на якія збіраліся ўсе гінеколагі горада. Прыходзілі без халатаў, прыгожыя, як на свята, каб у навукова-практычным фармаце да драбніц разабраць тую ці іншую сітуацыю, пэўны клінічны выпадак, які апошнім часам здарыўся або толькі мог здарыцца. Выступалі дакладчык, апанент, рэцэнзент…
— Кожны раз гэта быў падрабязны разбор, — расказвае Тамара Дульцава, — але не з мэтай выкрыць недапрацоўкі, выявіць вінаватага, паўшчуваць, пакрытыкаваць, пакараць.
Зусім іншае адбывалася на такіх канферэнцыях: гэта была менавіта вучоба, таварыскае абмеркаванне, калегіяльны разгляд відавочнага і невідавочнага з мэтай не дапускаць памылак, палепшыць працу. Высновы рабіліся розныя, але нічога нікім не ўтойвалася і ніхто не баяўся сваіх памылак, якія б яны ні былі.
— Удзельнікі (а на гэтыя канфрэнцыі, так іх і называлі, збіралася каля трыццаці чалавек) ведалі, што яны — адна каманда з агульнымі інтарэсамі, — працягвае Тамара Ягораўна. — Гэта і цікава было, і спрыяла прафесійнаму гонару. Медыцына — складаная галіна, якая патрабуе няспыннага развіцця, а ў той час такая практыка была нам тым больш неабходная, што не мелі мы ні ультрагуку, ні МРТ.
Асобы беларускай гінекалогіі. Першая ў першым радзе — галоўны акушэр Полацкай вобласці Н. М. Нікіціна, другая — Фаня Барысаўна Ліўшыц, загадвала Полацкай жаночай кансультацыяй, трэцяя — акушэр-гінеколаг Дзіна Сцяпанаўна Ізмайловіч, будзе пазней загадваць радзільным аддзяленнем, чацвёртая — хірург Клаўдзія Іванаўна Кузняцова. Першая ў другім радзе — будучы прафесар Вера Раманаўна Лінкевіч, загадчыца кафедры акушэрства і гінекалогіі ў Інстытуце ўдасканальвання ўрачоў. Другая — Кацярына Васільеўна Папеня-Астроўская, працавала ў Полацку акушэрам-гінеколагам у 1950–1963 гадах, маці акадэміка Юрыя Астроўскага. Валянціна Косарава побач. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Выкрышталізаваная жанчына
У памяці інтэрна 1973 года Галіны Карэевай доктар Косарава засталася гаваркой, вясёлай, энергічнай.
— У той год у Полацку адкрылі басейн, — успамінае Галіна Іванаўна, — і мы ўсе ў яго хадзілі. І яна разам з намі…
— Яна была такая, ведаеце… як маладая, — успамінае Тамара Дульцава. — З узростам некаторыя пачынаюць рыпець, выказваюць незадаволенасць, а ў яе такога не было. Моладзі з ёю было цікава.
Калі Полацкая бальніца святкавала 75-годдзе, доктар Косарава была ўжо на пенсіі. Яе запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства як ветэрана.
— І калі ёй далі слова і яна ўзышла на трыбуну, — згадвае Таццяна Яфрэменка, — зал падняўся — і паўтары хвіліны гучалі авацыі. Ніхто не садзіўся, Валянціна Паўлаўна ніяк не магла пачаць гаварыць. Так яе ўсе любілі…
«Гады ёй пайшлі на карысць. Ёсць такія людзі, якіх час мяняе ў лепшы бок. Мы называем гэты феномен высокай узроставай жыццяздольнасцю», — піша Андрэй Ільніцкі, цяпер прафесар, доктар медыцынскіх навук, урач-герыятр, намеснік дырэктара навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» ў Маскве.
— Яна была вельмі прывабная нават і ў старасці, — пацвярджае гэтыя словы Таццяна Яфрэменка. — Апраналася заўсёды элегантна, упрыгожванні падбірала густоўныя. Выглядала так, як умеюць выглядаць харошыя гінеколагі. Выкрышталізаваная жанчына, жанчына до мозгу касцей.
Відавочна, у яе быў свой ідэал, на які яна ўсё жыццё раўнялася…
Эдэльвейс
За кожнай гісторыяй прафесійнага поспеху можна знайсці трагедыю асабістага шчасця. Была такая трагедыя і ў Валянціны Косаравай. Зрэшты, чаму трагедыя? Альбер Камю пісаў: «Не быць каханым — усяго толькі няўдача, не кахаць — вось няшчасце».
У Мінскім медінстытуце ў пасляваенны час хімію выкладаў незвычайны чалавек Вадзім Бандарын. Незвычайны хаця б таму, што, будучы дацэнтам, «выгадаваў» дзясяткі кандыдатаў і дактароў навук. Манера яго выкладання, паводзіны, нават знешнасць вылучаліся такімі асаблівымі энергетыкай і эстэтыкай, што хімія рабілася любімым прадметам ледзь не кожнага студэнта.
З арганізаванага Бандарыным студэнцкага хімічнага гуртка, гаворачы словамі прафесара Ільніцкага, «вырасла амаль усё беларускае біяхімічнае асяроддзе другой паловы 20-га стагоддзя». У гэтым гуртку сярод іншых займаўся студэнт, з якім Валянціна пазнаёмілася, калі адпрацоўвала ў Бандарына заняткі, прапушчаныя з-за хваробы. Старэйшы на пару курсаў Юрый выконваў навуковую работу і адначасова дапамагаў Валянціне засвойваць некаторыя тэмы. І яна ў яго закахалася…
— І ён быццам даваў ёй надзею, але… Нечакана ажаніўся з іншай.
— Іх разлучыў, як гэта ў юнацтве здараецца, прыкры выпадак. Дзве дзяўчыны пакахалі аднаго хлопца, і тая, другая, аказалася трохі смялейшай.
— Аднойчы разгаварыліся пра каханне — і я тады зразумела, што ў юнацтве ў яе была вельмі прыгожая гісторыя, якую яна беражэ ў сваім сэрцы ўсё жыццё.
— У яе вочы свяціліся, калі яна пра яго гаварыла. Расказвала, як яны пазнаёміліся, як яна збіралася да яго на спатканні…
Здаецца, што і ў Хабараўск з Мінску яна перавялася зусім не таму, што туды перайшоў служыць бацька. Яна спрабавала выдаліць з сэрца няспраўджанае каханне.
Не атрымалася.
Юрыя ў 1950-м размеркавалі на працу ў Полацк, куды праз некалькі гадоў разам з мужам прыехала Валянціна. Быццам сам лёс спрабаваў нешта выправіць. Але нельга паправіць непапраўнае. Агульны для гэтых дваіх час жыцця ў адным горадзе і працы ў адной бальніцы складаў хутчэй месяцы, чым гады: ужо ў 1956-м Юрый з сям’ёй — жонкай і трыма дзеткамі — перабіраецца ў Віцебск. Таленавітаму біяхіміку, які арганізаваў у Полацку клінічную лабараторыю і ўжо амаль напісаў дысертацыю, знайшлося месца на кафедры ў Віцебскім медінстытуце.
Гэтым таленавітым біяхімікам быў будучы акадэмік Астроўскі. Пераведзены неўзабаве з Віцебска ў Гродна, ён праз гады арганізаваў там Інстытут біяхіміі. Быў гродзенскай знакамітасцю. Абое аказаліся лепшымі ў сваіх гарадах і ў той справе, якой служылі. Абое сталі легендамі.
Ён заставаўся яе ідэалам. Яна раўнялася на яго. І яе штомесячныя ўрачэбныя канферэнцыі ў Полацку — гэта як яго «біяхімічныя панядзелкі» ў Гродне.
— …А потым, ужо пасля яго смерці, яна вельмі клапацілася пра тое, каб на будынку бальніцы, дзе ён працаваў, усталявалі памятную дошку.
Сямейнае жыццё Валянціны Якімовіч, па мужу Косаравай, склалася так, як часцяком складаюцца жыцці тых, хто, па словах Пятра Чаадаева, сэрцам стварае сабе розум. Муж аказаўся чалавекам пітушчым, і чым больш ён піў, тым больш яна пагружалася ў працу…
«Яна пра сябе неяк сказала, — успамінае Андрэй Ільніцкі, — што калі можна з нечым параўнаць яе лёс, дык толькі з кветкай эдэльвейс. Бо прыгожая, а расце ў неспрыяльных горных мясцовасцях, дзе ніякая іншая расліннасць не прыжываецца. “А я вось жыву”, — сказала тады яна»