Фота з архіва Людмілы Мачулінай.

«Стары год правялі вельмі сціпла: нікога з чужых не было, за чвэрць да дванаццатай селі за стол, праслухалі навагодні зварот да народа, выпілі — і пачаліся звычайныя жыццёвыя размовы і ўспаміны». Так напісаў у першы дзень 1982 года былы міністр аховы здароўя БССР 79-гадовы Іван Інсараў.

 

Да слова

 

Герой сёлетняга праекта да 105-годдзя аховы здароўя, чалавек, на чый перыяд кіравання галіной прыйшліся значныя пазітыўныя змены, Іван Анісімавіч Інсараў разважаў на паперы пра тое добрае, што прынясе новы год, і як важна, каб кожны жыхар планеты мог сказаць, што і ён далучыў да агульнага шчасця часцінку жыццёвай радасці.

 

«Людзям патрэбна спакойнае жыццё, якое спрыяе працы і памнажэнню дабра і шчасця. У гэтым аснова асноў», — быў упэўнены Іван Інсараў.

 

Гартаючы яго дзённік — тоўсты агульны сшытак пшанічнага колеру з надпісам «Белавежская пушча», елкай і зубрам на цыратовай вокладцы, я думала пра тое, як сустракалі Новы год іншыя героі нядаўніх маіх публікацый...

 

Гэта для фантастаў машына часу ўсё яшчэ праблема, а для нас адлегласць паміж сённяшнім і мінулым — адзін газетны загаловак.

 

Лясная казка

 

Гэта было ў тыя гады, у якія сягае пачатак медыцынскай гісторыі Бараўлян. Хоць афіцыйна вёска з такой назвай — гэта адно, а комплекс навуковых, медыцынскіх і лячэбна-аздараўленчых устаноў, узве-дзены побач з ёй, — зусім іншае і мае асобную назву пасёлак Лясны, аднак дзесяцігоддзі яго існавання не прывучылі нас аддзяляць адно ад другога, і, маючы на ўвазе медыцынскі пасёлак, мы часцей прамаўляем «Бараўляны», а не «Лясны». Традыцыя, пра якую гаворка, прыгожа злучыла дзве гэтыя назвы акурат у той час, калі ў Бараўлянах пабудавалі Мінскую абласную бальніцу, куды пераехала з цеснаты на Падлеснай кафедра ўралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў, якой кіраваў сёлетні 100-гадовы юбіляр, герой сакавіцкай публікацыі «МВ» Вячаслаў Мохарт.

 

Уявіце бор, пасярод якога стаяць пакуль што толькі абласная бальніца, інстытут анкалогіі, інтэрнат і два ці тры дамы з кватэрамі для супрацоўнікаў. Бор падступае да будынкаў так блізка, што летнім ранкам можна лёгка, нікуды не адыходзячы, назбіраць на абед грыбоў: чырвонагаловыя падасінавічкі і крэпенькія баравічкі ўзнікаюць як зніадкуль. Але перанясёмся з лета ў зіму — у любую з тых зім савецкага часу, калі снежань і студзень цалкам адпавядалі сваім назвам — было і сцюдзёна, і снежна, або, як піша ў сваім дзённіку Інсараў, «снег рыпіць пад нагамі і вушы мерзнуць, паветра настылае і адчуваецца сапраўдная зіма». Зрэшты, Інсараў, пішучы гэтыя словы пад Новы 1982 год, ужо тады бедаваў, што зімы не тыя — траскучых марозаў, маўляў, няма.

 

vcvfgt564cv

На лясной паляне весяліліся і 1 студзеня ўдзень.

 

«Усё памянялася ў стасунках людзей і прыроды», — прыкмеціў Іван Анісімавіч. І вось 31 снежня, калі Жэня Лукашын ішоў з сябрамі ў лазню, мужчыны з медыцынскага пасёлка выпраўляліся на лясную паляну. Тую самую, дзе летам поўна грыбоў. Адбывалася гэта па камандзе Галоўнага Дрывасека, ролю якога выконваў дацэнт Аркадзь Грэсь, які пазней стаў прафесарам і пераемнікам Вячаслава Мохарта на пасадзе загадчыка кафедры ўралогіі. Узброеныя сякеркамі, калегі ссякалі сухія галіны, складалі з буралому і вецця высокі касцёр і вярталіся: Новы год бараўлянскія медыкі сустракалі дома, сем’ямі. А недзе к гадзіне ночы…

 

«А недзе к гадзіне ночы ўся наша медыцынская брація падцягвалася на лясную паляну, да гэтага высокага кастра, — успамінае ўрач-педыятр, кандыдат мед. навук Ніка Грэсь. — Белы снег на зямлі, белы месяц у небе, на паляне распалена вогнішча — і мы ўсе вакол яго весялімся: песні, танцы, карагоды, жарты, смех, і так да чацвёртай, а бывала, што і да пятай гадзіны раніцы».

 

Традыцыя працягвалася гадоў дзесяць, пакуль пасёлак не разросся да памераў гарадка і не насялілі яго людзі розных прафесій. Тады яна згасла сама сабой, натуральным чынам, тым больш што ў кватэрах бараўлянскіх медыкаў, як і паўсюль па краіне пад назвай Савецкі Саюз, пачалі з’яўляцца тэлевізары, якія ў навагоднюю ноч паказвалі «Блакітны агеньчык».

 

«Неяк з кожным годам гэтыя «агеньчыкі» драбнеюць і драбнеюць», — занатуе ў свой дзённік Іван Інсараў…

 

Савецкае рэтра

 

Традыцыя, пра якую распавялі супрацоўнікі ўжо згаданага Інстытута ўдасканальвання ўрачоў, узнікла ў гады асабліва вострага дэфіцыту на прадукты харчавання, калі ўсялякай смакатой цешылі сябе толькі на святы, калі збіраліся разам — аб’ядноўваліся сем’ямі і працоўнымі калектывамі. Вось такое яднанне на Новы год зладзілі ў названым інстытуце, калі рэктарам там быў Аляксандр Руцкі — «кіраўнік, які заўсёды імкнуўся сабраць усіх ідэйна, а не толькі прафесійна», «цудоўны чалавек, які не толькі ўмеў настройваць на патрэбную працу, але і не перашкаджаў арганізацыі ўсялякіх дасугаў», «асоба, пры якой інстытут прырос дзясяткамі кафедр і меў усесаюзнае значэнне — да нас прыязджалі вучыцца ўрачы і з Далёкага Усходу, і з Камчаткі, і з Ленінграда», «рэктар, які быў душой калектыва і дазваляў весяліцца так, як хочацца». Агульнае святкаванне Новага года паводле прадуманага сцэнарыя было яго ініцыятывай.

 

Аднойчы Аляксандр Руцкі сказаў: «Сярод нас шмат жанчын, гаспадынек. Давайце накрыем сталы дамашнімі стравамі. Толькі цур так: кожная кафедра згатуе такую страву, у якую закладзе пэўны сэнс, і будзе потым нам яго тлумачыць». І ўсе пагадзіліся і з вялікім энтузіязмам узяліся гатаваць: педыятры сваё, хірургі сваё, эндакрынолагі сваё…

 

І нагатавалі процьму страў, сталамі заставілі ўвесь перыметр інстытуцкага хола. А пасля было вельмі цікава гля-дзець, што якая кафедра падрыхтавала на «абарону». Вельмі вясёлае атрымалася свята. Супрацоўнікі кафедры ўралогіі, якой кіраваў ужо Аркадзь Грэсь, прадставілі салодкае: насмажылі вялікае блюда рассыпістых апетытных хрушчоў — таго, што па-руску называецца хворост. У назве была ўся фішка: хворост сімвалізаваў цеплыню і ўтульнасць дамашняга ачага, сямейны дабрабыт, а таксама тое, як важна падтрымліваць нязгасным полымя навагодняга вогнішча. Для многіх супрацоўнікаў словы пра нязгаснасць навагодняга вогнішча былі не проста прыгожай фігурай мовы, а напамінам пра ранейшае вогнішча на бараўлянскай лясной паляне.

 

А што прынёс на агульны стол сам кіраўнік і ідэйны натхняльнік мерапрыемства прафесар Руцкі, які не толькі кіраваў усёй установай, але і загадваў кафедрай траўматалогіі і артапедыі? Страва была ў самы яблычак!

 

Руцкі быў заядлым паляўнічым. З жонкай Дзінай Іванаўнай яны адмысловым чынам згатавалі — неяк утушылі і запяклі — цэлы кумпяк аленя, і за святочным сталом Аляксандр Уладзіміравіч сказаў, што хоча гэтай стравай накарміць усіх. Супрацоўнікі да гэтай пары ўспамінаюць, як гэта было смачна: сакаўное дыетычнае мяса аленя наразалася на кавалачкі вострым паляўнічым нажом і, трапляючы на талеркі, амаль адразу знікала, бо літаральна раставала ў роце. А Руцкі смяяўся, жартаваў і прыгаворваў, што нарэшце ён усіх накарміў.

 

На другі год — іншая фішка: пераапрананне ў касцюмы, звязаныя з сімвалам года. Калі калегі надзяваюць звярыныя вушкі, працоўная атмасфера мяняецца на святочную.

 

Ніхто ўжо не ўспомніць, якім было тлумачэнне, але супрацоўнікі кафедры педыятрыі, цалкам жаночай, пад кіраўніцтвам энергічнай Людмілы Кажарскай, пераапрануліся ў цыганак. Для гэтага «сабралі ўсе шалікі, якія ў каго былі, яшчэ і па суседзях прайшліся». Цыганкі на свяце з’явіліся для калег нечакана і добра павесялілі песнямі, танцамі, варажбой.

 

На адно з навагодніх святаў супрацоўніца той самай кафедры педыятрыі Людміла Мачуліна — «чалавек Поўначы, родам з Архангельску» — прыйшла ў паўночным касцюме 19-га стагоддзя. Строй з гардэроба прабабкі — доўгая атласная цёмна-сіняя спадніца з залатымі ўзорамі, расшытая залаташвеямі хустка (якую выпрошвае ў свае фонды музей у Архангельску) і какошнік неверагоднага хараства. «А на Стары Новы год мы апраналіся калядоўшчыкамі», — гаворыць Людміла Мікалаеўна. Ад тых вясёлых святаў засталося шмат фотаздымкаў.

 

ggga09v9v

Той самы строй гардэроба прабабкі.

 

Званок Казіміравічу

 

Герой летняй публікацыі пад назвай «Казіміравіч» вясковы доктар Уладзімір Плюцінскі ўспомніў, як у адну з зімаў яго студэнцтва снегу ў снежні зусім не было (а гэта мяжа 1950–1960-х, так што, як бачым, і тыя зімы бывалі бясснежнымі, таму недарэмна Іван Інсараў зімы свайго часу крытыкаваў!), а 31-га — раптам выпаў. Студэнты Гродзенскага медінстытута, і ён сярод іх, радаваліся таму снегу, як дзеці, весяліліся каля ялінкі на гарадской плошчы. А яшчэ адзін Новы год быў для Казіміравіча і яго сям’і незвычайны тым, што недзе а першай гадзіне ночы ў дзверы пагрукалі — і на парозе ўзнік сын Ігар, якога чакалі, канечне, з арміі, але ж не ў навагоднюю ноч. Дадому ў Азёры ён ехаў на таксі.

 

Шмат гадоў Новы год Плюцінскія сустракалі разам з сяброўкай Марыі Мітрафанаўны, жонкі Казіміравіча, Галінай Пацюпа. Гэта калі ўжо дзеці павырасталі і параз’язджаліся. Галіна Браніславаўна адказвала за салодкае: найчасцей гатавала румяненькія хрушчы, пасыпаныя цукровай пудрай. Сама ж Марыя Мітрафанаўна любіла нагатаваць розных салатаў і вінегрэтаў, але галоўнай у іх навагоднім меню была птушка (то курыца, то качка, то гусь), запечаная з яблыкамі. «Мітрафанаўна больш любіла яблыкі, чым мяса: радавалася, што выходзілі смачныя», — успамінае сяброўка.

 

А Казіміравіч скардзіўся на буру, якая на днях, усхадзіўшыся, вывернула высокую — «метраў дваццаць, а то і ўсе трыццаць» — елку, што расла недалёка ад хаты, пры возеры. Сын Ігар, той самы дэмабілізаваны напярэдадні Новага года салдат тэрміновай службы, пачуў моцны трэск і, калі стыхія заціхла, пайшоў паглядзець, што зрабілася. Аказалася — павалілася іх любімая елка, а з ёю і дзікая грушка.

 

Казіміравіч кажа, што на гэты Новы год не будзе ставіць ссечаную ялінку, як заўсёды было, а выкапае каля возера адну з тых маленькіх, што нараслі, і пасадзіць жывую ў кадушку, а вясной перасадзіць у добрае месца.

 

На пытанне пра здароўе Казіміравіч кажа, што цяжкавата яму стала ездзіць на ровары. Часцей вядзе яго ў руках. Вясной яму споўніцца дзевяноста. Чакае ў госці...

 

Станьце для некага чараўніком

 

Прафесар Андрэй Ільніцкі, які быў знаёмы з легендай полацкай медыцыны ўрачом-гінеколагам Валянцінай Косаравай (гераіняй артыкула «Валянціна Полацкая», аздобленага і яго ўспамінамі), на просьбу расказаць навагоднюю гісторыю адказаў, што як урач-герыятр ён павінен засведчыць небяспеку Новага года для пажылых людзей, якім няма з кім падзяліць святочны стол.

 

«Людзі думаюць, што Новы год прынясе нешта новае, нешта лепшае, але нічога для іх не мяняецца, і гэта пагружае іх у адчай. Таму на Новы год важней праявіць чуласць да адзінокіх людзей, чым весяліцца ў вялікай кампаніі. Важна ўпрыгожыць свята не толькі сабе», — нагадвае доктар. 

 

jajj87c7c

 «А на Стары Новы год мы апраналіся калядоўшчыкамі».

 

Замест пасляслоўя

 

Далучу і свае медыцынскія ўспаміны пра Новы год. Усе 1990-я, ад першага да апошняга, я працавала ў знакамітай Рэспубліканскай стаматалагічнай паліклініцы на Сухой, 28. Старыя супрацоўнікі казалі, што вуліцу так назвалі з-за таго, што яна была вечна мокрая.

 

Па цотных датах я працавала ў першую змену, па няцотных — у другую. На 31 снежня, такім чынам, кожны год прыпадала другая змена. І я ні за што не прамяняла б яе на першую. Бо тая праходзіла як звычайна, а вось другая…

 

Якія пацыенты 31 снежня па абедзе? Пераважна тыя, хто звяртаецца па хуткую дапамогу, але на гэта ёсць асобны кабінет на першым паверсе. Да нас, у тэрапеўтычнае аддзяленне на восьмым паверсе, на працягу першых дзвюх гадзін яшчэ нехта завітваў, але не так палячыцца, як павіншаваць любімых урачоў і «сястрычак». А недзе пасля 16-й пачыналася традыцыйнае перадсвяточнае хаджэнне па кабінетах, паверхах і карпусах: віншаванні, пажаданні, абмен рэцэптамі страў, якія яшчэ можна паспець згатаваць, прыйшоўшы дадому, або ўжо нараніцу 1 студзеня.

 

Мой кулінарны нататнік пачынаўся там, на маім першым, незабыўным месцы працы. Рэцэпты спачатку пісаліся на кавалачку крафт-паперы. Да гэтай пары ён захоўваецца — нататнік з такімі рэцэптамі, якіх няма больш нідзе: марынаваная капуста Арыфы Канстанцінаўны (галоўнай медсястры), рыба па-грэцку Міры Аляксееўны (медсястры з хірургічнага кабінета), аладкі з морквай і яблыкамі Ганны Якаўлеўны (санітарачкі з тэрапіі), селядец пад «шубай» Доры Яфімаўны (медсястры з фізіякабінета), варэнікі Вольгі Мінаўны (ліфцёркі)… Апошнім рытуалам таго дня было віншаванне загадчыцы аддзялення. А потым мы ішлі дадому, у сэрцах несучы ў свае сем’і неверагодную цеплыню, якой хапала надоўга.

 

Я ўспамінаю гэта як самае сапраўднае шчасце. Шчасце спакойнага жыцця, пра якое і пісаў Іван Інсараў.