2 кастрычніка 1980 года ў Гродне было пахмурна і на дзве сотні чалавек больш, чым звычайна. Госці з усіх куткоў Савецкага Саюза, ад Ленінграда і Масквы да Іркуцка і Навасібірска, ад Рыгі да Баку, ад Львова да Душанбэ, сабраліся на Усесаюзны сімпозіум «Біяхімія алкагалізму». Шосты Гродзенскі, як яшчэ яго называлі. Трэці дзень запар у вялікай залі з фіялетавымі крэсламі абмяркоўвалася тое, што адбываецца ў клетках, тканках і органах пры інтаксікацыі этанолам.
Казус Астроўскага
Выступленні спрэс паважныя, як і належыць вучонай публіцы. Гаворка ідзе пра ўздзеянне алкаголю на ферменты і ўплыў на ферменты гармонаў пад алкагольнай нагрузкай, пра карэкцыю выкліканых алкаголем парушэнняў і ўзаемныя сувязі розных сістэм у дынаміцы абсцінентнага сіндрому — іншымі словамі, усё пра несумненную шкоду, якую нясе этанол. Але вось на трыбуну ўзыходзіць галоўны зачыншчык мерапрыемства — прафесар Юрый Астроўскі.
Кіраўнік установы-арганізатара — загадчык аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў Акадэміі навук БССР, статны 55-гадовы мужчына з даўгаватымі, прыгожа зачасанымі назад валасамі колеру спелага жыта, па звычцы расшпіліўшы пінжак і з эфектнай абыякавасцю адвёўшы крысо за локаць, трымаючы далонь у кішэні светла-шэрых штаноў, элегантна ўзятых пад рэмень, пачаў выступленне без аніякіх паперак. Мяккім голасам, з напеўнай інтанацыяй і нязвыклым для новых вушэй прамаўленнем «ч» ён гаварыў, што этанол і яго вытворныя, уступаючы ў арганізме ў розныя ўзаемадзеянні, ад сінергіі да канкурэнцыі, у выніку фарміруюць адзін з двух станаў метабалічнага фона — або камфорт, да якога арганізм імкнецца, або дыскамфорт, якога ён пазбягае. Разглядаючы з’яву на ўзроўні малекул, ён тлумачыў, чаму ладная частка лабараторных пацукоў паміж вадой і спіртам выбірае спірт, чаму ад яго ўзнікае залежнасць і чаму пры інтаксікацыі алкаголем найбольш эфектыўны сродак — сам алкаголь.
— Поўны ўлік усіх эфектаў этанолу — хімічных, фізічных, метабалічных — дазваляе прапанаваць да разгляду гіпатэтычную схему яго ўдзелу ў працэсах жыццядзейнасці арганізма ў якасці незаменнага фактара, — прамаўляе прафесар Астроўскі, і гэтыя словы — пра незаменнасць этанолу ў якасці жыццёва важнага фактара — павісаюць у прасторы па-над фіялетавымі крэсламі.
Пітушчыя аматары лекцый таварыства «Веды» ўжо і так спасылаліся на Астроўскага як на прафесара, які абгрунтаваў неабходнасць алкаголю для арганізма. Пачулі б яны і ў гэтым яго дакладзе аргументы сабе на карысць: прафесар, маўляў, і пахмелку апраўдвае. На самай справе прафесар сказаў, што прапанаваная ім метабалічная канцэпцыя ўзнікнення алкагалізму не пярэчыць тэорыям, якія разглядаюць яго прыроду, але пры гэтым яшчэ і дазваляе аб’яднаць усе аспекты яго паходжання — і сацыяльныя, і псіхатычныя, і метабалічныя, — вывеўшы агульны механізм, заснаваны на абмене рэчываў.
«Улічваючы злабадзённасць праблем»
Ужо дзесяць гадоў, з верасня 1970-га, у Гродне дзейнічае буйная (на паўтары сотні супрацоўнікаў) навуковая ўстанова, якая раз на два гады збірае ўсесаюзныя сімпозіумы па біяхіміі. Спекулятыўныя, ледзь не анекдатычныя размовы пра неабходнасць алкаголю для арганізма пачаліся пасля таго, як у пазанавуковых колах акадэмічнага горада стала вядома, што ў паддоследных пацукоў выяўлены так званы эндагенны — унутранага паходжання — этанол, і высветлілася, што ёсць пацукі, якія ахвотней п’юць не чыстую ваду, а з дадаткам спірту, і што ў такіх пацукоў эндагеннага этанолу менш, чым у «непітушчых». Значыць, алкаголікі ў сваім пароку не вінаватыя, значыць, яны проста ахвяры, вымушаныя «паддаваць» сабе этанолу для дасягнення ўнутранай раўнавагі. Такая вось няхітрая выснова была зроблена пры пераносе атрыманай абывацелямі інфармацыі з пацука на чалавека.
Але ўсё было больш драматычна...
У той час існавалі (як, зрэшты, і цяпер) два тлумачэнні алкагалізму: першае абвясціла яго маральнай разбэшчанасцю і сацыяльным злом, другое настойвае на тым, што алкагалізм — хвароба і, як кожная хвароба, мае біялагічныя перадумовы. Гэтыя перадумовы і сталі аб’ектам цікавасці гродзенскіх біяхімікаў, папутна супаўшы з апраўдальнымі інтарэсамі зацікаўленых гараджан.
Яшчэ пяць гадоў таму вучоныя з прыгожай вялікай будыніны на Бульвары ленінскага камсамолу займаліся толькі вітамінамі і гармонамі, даследуючы іх узаемадзеянні, ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў і магчымасці прымянення ў клінічнай практыцы, — і вось узнікае новая тэма, фарміруецца новы напрамак. Кіраўнікі Савецкай дзяржавы і Беларускай рэспублікі ставяць перад вучонымі задачу, у рашэнне якой ідэальна ўпісваюцца ўжо распачатыя Астроўскім і Ко даследаванні біяхіміі алкагалізму. Трымаючы руку на пульсе, «палітык ад навукі» Астроўскі даводзіць да ЦК Кампартыі Беларусі сваю думку адкрыць у Гродне спецыялізаваную лабараторыю. «Улічваючы ўзрастаючую злабадзённасць праблем, звязаных з папярэджваннем і ўстараненнем вынікаў алкагалізму», — так ён аргументуе зварот ад 24 лістапада 1978 года. Праходзіць трохі часу — і ў будынку на БЛК, 50, ужо працуе лабараторыя біяхіміі спіртоў і альдэгідаў на чале з Маргарытай Садоўнік. Гісторыя лабараторыі, зразумела, пачыналася значна раней, калі 1970-я толькі бралі разгон.
Эсэ пад чырвонай вокладкай
— Алкагольная тэма дазволіла Астроўскаму праявіцца як даследчыку прыкладнога кірунку і атрымліваць на гэта фінансаванне, — гаворыць прафесар Аляксандр Хоха.
З дабрадушнай іроніяй, уласцівай сапраўдным вучоным, прафесар Хоха расказвае, як сам у той час перакваліфікаваўся з даследчыка ў паддоследнага:
— Да 28 гадоў я нічога алкагольнага не ўжываў. Таварышы думалі: або я хворы, або нешта не так у мяне з галавой. І калі даследавалася кроў розных людзей, я зразумеў, што апынуўся на асаблівым рахунку. Маўляў, раз ён не п’е, то ў яго эндагеннага этанолу павінна быць больш, чым у каго, і можна на ім пацвердзіць гіпотэзу. Але адразу пасля таго, як у мяне ўзялі кроў, усталявалася нейкая падазроная цішыня. Трэба думаць, што вынік версію не падтрымаў.
Калі, забегшы наперад, гаварыць пра ролю алкагольнай тэматыкі ў развіцці нашай біяхімічнай навукі, то варта сказаць, што менавіта яна стала штуршком да паступовага ператварэння Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў у Інстытут біяхіміі АН БССР. Першапачаткова, праўда, Астроўскі планаваў іншую назву: Інстытут біяхіміі жывёл і чалавека. Гэты сакрэт мне выдаў яго нататнік.
Калі я спытала ў Google, што ён ведае пра канцэпцыю двухвугляроднага голаду, ён пачаў пераконваць мяне звярнуцца да нейрасеткі. Я адмовілася. У нататніку Астроўскага цікавей. Ён фіксаваў на паперы свае развагі, спрабуючы вывесці на абгрунтаваны ўзровень такія новыя паняцці, як «метабалічны камфорт» і «энтрапійная аптымізацыя». Шукаў для іх фармулёўкі, прымерваў выразы, узважваў сэнсы. Атрымлівалася даволі прыгожа. Такая эстэтыка інтэлектуальнага пошуку. Чытаеш нататнік у чырвонай вокладцы — і думкаю вандруеш следам за аўтарам: «Энтрапійна выгадная сітуацыя ў фізіялагічных умовах забяспечваецца ўзаемадзеяннем розных рэгулятараў (гармонаў, нейратрансмітэраў, субстратаў жыццёва важных рэакцый) і структур арганізма. Пры наркаманіях мадулятарам такіх выгадных сітуацый выступаюць ксенабіётыкі або субстраты біяхімічных рэакцый (пры алкагалізме ацэтальдэгід або этанол)».
Згодна з разгляданай Астроўскім і яго калегамі з усіх бакоў канцэпцыяй двухвугляроднага голаду эндагенны этанол і ацэтальдэгід з’яўляюцца для арганізма незаменнымі пластычнымі субстратамі, якія пры хранічным злоўжыванні алкаголем перастаюць у ім сінтэзіравацца, і гэта выклікае неабходнасць прыёму этанолу звонку.
Пра што не ведалі аматары лекцый таварыства «Веды»
Калі б пітушчыя прыхільнікі гродзенскіх біяхімікаў даведаліся, што малекула этанолу сама па сабе «нічога такога асабліва кепскага арганізму не робіць», гэтая інфармацыя магла б патануць у авацыях, якія заглушылі б яе працяг: сама па сабе — «нічога такога», яна ператвараецца ў арганізме ў малекулу ацэтальдэгіду, ад якой і сыхо-дзіць галоўнае зло.
Вось пра што трэба было расказваць на лекцыях для насельніцтва. Ад кожнай малекулы С2Н5ОН адлучаюцца два атамы вадароду — і ўтвараецца ацэтальдэгід, злучэнне настолькі рэактыўнае, што яно вымушана шукаць, да чаго прычапіцца, і карабаціць малекулы, парушаючы працу органаў і сістэм.
Страшнае хімічнае злучэнне спарадзіла страшную савецкую статыстыку, якую Астроўскі сабраў у нататнік, рыхтуючыся да нейкага выступлення: 85 тысяч наркакоек, у тым ліку 51 тысяча пры прадпрыемствах; 128 тысяч наркакабінетаў, 7 тысяч урачоў-нарколагаў, з іх 4 тысячы на амбулаторным прыёме...
«Вялікія і малыя ракеты пакрываюць краіну, — піша ён далей. — Малыя — гэта бутэлькі гарэлкі. Першыя скіраваныя за мяжу, другія — супраць свайго народа».
Зрэшты, трошкі пазней і малекуле этанолу будзе прад’яўлена страшнае абвінавачванне.
Філасофія АльДГ
У 1981 годзе ў лабараторыю біяхіміі спіртоў і альдэгідаў прыйшоў гістолаг Сяргей Зіматкін. На новым месцы ён збіраўся вывучаць заканамернасці і механізмы дзеяння алкаголю ў страўніку і адразу прадставіў Астроўскаму гатовы план доктарскай дысертацыі. Астроўскі яго выслухаў і сказаў, што гістолагу трэба шукаць не эфекты алкагалізму, а біялагічныя прычыны, і не ў страўніку, а ў мозгу.
— Наша пяціхвілінная размова павярнула мае даследаванні на многія дзесяцігоддзі ў бок мозгу, біялогіі алкагалізму і важнага фермента метабалізму этанолу ў мозгу, альдэгіддэгідрагеназы, якую я з энтузіязмам пачаў вывучаць з выкарыстаннем добра вядомых мне гістахімічных метадаў, — успамінае прафесар Зіматкін.
З яго прыходам у лабараторыю даследаванне біялагічных аспектаў алкагалізму выйшла на якасна іншы ўзровень — з магчымасцю назіраць лакалізацыю і праявы дзеяння «прычынных» малекул у тканках, а не толькі ў прабірках. Пазней гістахімічныя намаганні ў пэўным сэнсе перакрыюць біяхімічныя: ужо гістолагі яскрава прадэманструюць катастрафічныя эфекты этанолу і ацэтальдэгіду, асабліва ў структурах мозга, ускладненыя там утварэннем рэчываў задавальнення як прычыны фарміравання алкагольнай залежнасці.
«Альдэгіддэгідрагеназы мозгу: ад гістахіміі да патагенезу алкагалізму» — такую назву мае аглядны артыкул прафесара Сяргея Зіматкіна, у якім ён абагульняе вопыт вывучэння фермента-ратавальніка, які бароніць мозг ад разбуральных эфектаў альдэгідаў — і «сваіх», біягенных, і тых, якія з’яўляюцца пасля ўжывання этанолу...
«Прафесар Астроўскі прыбывае ў Хельсінкі»
Шкода ад алкаголю ніколі не падлягала сумненням, але, як казаў Гётэ, Бог у дэталях, д’ябал у дробязях. Гэтыя дэталі і дробязі цікавілі вучоных у розных кутках свету, і гродзенская школа біяхімікаў, дарма што без году тыдзень, апынулася ў адной кампаніі з буйнымі, прэстыжнымі, «напрацаванымі» навуковымі цэнтрамі. Такімі, да прыкладу, як фінская кампанія ALKO з яе вельмі нязвыклай філасофіяй: гэта і дзяржаўная манаполія па вытворчасці і збыту алкаголю, і навукова-даследчая ўстанова па вывучэнні алкагалізму, і рупар антыалкагольнай прапаганды.
«Прафесар Астроўскі прыбывае ў Хельсінкі 3 чэрвеня ў 12.30 цягніком 32, вагон 8. Просьба сустрэць прафесара Астроўскага на вакзале», — напісана ў адным з нататнікаў па-англійску. Відаць, прафесар напярэдадні сам складаў тэкст тэлеграмы. З Хельсінкі з візітам у адказ прыязджалі даследчыкі Калерва Кіанмаа і Кай Ліндрас. Іх эфектнае з’яўленне ў Гродне вельмі запомнілася ўсім, хто яго назіраў.
Па ўспамінах відавочцаў, замежныя госці выглядалі так, што іх можна было адразу здымаць у кіно пра маладых вучоных. Асабліва ўражваў пінжак Кіанмаа з латкамі на локцях, вельмі незвычайны ў даволі абмежаванай у сэнсе выбару адзення савецкай прасторы. Пры ўсёй самавітасці назіралася крыху пакамечанасці. Калі савецкія вучоныя з’яўляліся на сімпозіуме пры поўным парадзе, адпрасаваныя і пры гальштуках, то замежнікі дэманстравалі тое, што называецца высакароднымі заломамі на касцюмах з натуральных тканін, і кашулі на ўсе гузікі не зашпільвалі.
З алкагольнай тэмай гродзенскія біяхімікі ў савецкі час працавалі не толькі з фінамі ў Хельсінкі, але і з амерыканцамі ў Каларада. Тамтэйшы прафесар Барыс Табакоў, нашчадак рускіх эмігрантаў з часу Грамадзянскай вайны, таксама цікавіўся эндагенным этанолам і прымаў вучняў Астроўскага на стажыроўкі. У лабараторыі Табакова працаваў і прафесар Рычард Дзітрых, супрацоўніцтва з якім перарасло ў сяброўства.
Вельмі спадабалася ў Гродне доктару Уэйну Джоўнзу, які таксама займаўся даследаваннямі, звязанымі з эндагенным этанолам. Каралінскі інстытут, у якім ён працаваў, знакаміты тым, што вырашае лёс Нобелеўскіх прэмій па фізіялогіі і медыцыне, і візіт яго прадстаўніка быў звязаны з нобелеўскай тэмай.
У 1990 годзе Нобелеўскі камітэт афіцыйна звярнуўся да Юрыя Астроўскага, ужо акадэміка, з просьбай выказаць абгрунтаванае меркаванне пра аднаго з прэтэндэнтаў на гэтую ўзнагароду ў 1991 годзе. Сёння некаторыя з вучняў Астроўскага мяркуюць, што і сам ён мог бы гэтую прэмію атрымаць, і менавіта за даследаванні ў межах метабалічнай канцэпцыі генезу алкагалізму, калі б іх працягваў. Але апошні дзень 1991 года стаў апошнім днём жыцця знакамітага гродзенца.
Даследаванні біялагічнай прыроды алкагалізму прынеслі Інстытуту біяхіміі эпохі Астроўскага вядомасць у розных частках свету. Многія яго вучні сталі членамі еўрапейскага і міжнароднага таварыстваў па біямедыцынскіх даследаваннях алкагалізму (ESBRA і ISBRA). Адно з іх Астроўскі мог узначаліць — да гэтага ўсё ішло.
— Працэсы, звязаныя з эндагенным этанолам, вывучаліся ў многіх лабараторыях. Метабалічная канцэпцыя генеза алкагалізму, ідэя двухвугляроднага голаду — неверагодна цікавыя рэчы. У многім гэта было прадбачанне развіцця метабалічнай карэкцыі, індывідуалізацыі лячэння. Тэма гэтая будзе, я думаю, вяртацца ў розных формах, — рэзюмуе Антон Ліопа, былы супрацоўнік лабараторыі біяхіміі спіртоў і альдэгідаў, які працуе сёння ў Інстытуце біялагічных навук і тэхналогій Медыцынскага цэнтра Тэхаса...
P.S. Сімпозіум «Біяхімія алкагалізму» 1980 года праходзіў у Гродне тры дні — з 30 верасня па 2 кастрычніка. Ніхто з тых, хто меў дачыненне да яго арганізацыі, не памятае, як выбіраліся гэтыя даты. З 2008 года акурат 2 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень без алкаголю. Але як Астроўскі мог гэта прадбачыць?
— Яго загадкі мы будзем разгадваць яшчэ шмат гадоў, — гаворыць яшчэ адзін вучоны з кола Астроўскага, кандыдат біялагічных навук Мікалай Дарашкевіч. — Ён належаў да тых людзей, якія нічога не рабілі наўгад. Тое, што ён ні з кім не дзяліўся думкамі пра выбар дат для сімпозіуму, цалкам у яго духу, але гэты выбар дакладна не супадзенне, а вынік яго лагічных разваг.
P.P.S. 2 кастрычніка нарадзіўся Махатма Гандзі, індыйскі грамадскі дзеяч і заўзяты праціўнік алкаголю.