Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) быў чалавекам з вялікім сэрцам і чулаю душой, які адгукаўся на боль і нягоды простага чалавека не толькі ў сваіх творах, — многім людзям, што звярталіся да яго з рознымі праблемамі, дапамагаў матэрыяльна, падтрымліваў, спрыяў вырашэнню складанных пытанняў. Аднак і сам паэт часам меў патрэбу ў апецы, асабліва ў сталым узросце, калі пражытыя гады пачыналі даваць знаць аб сабе бяссоннем, высокім ціскам крыві, частымі запаленнямі лёгкіх, болем у руках і нагах. У такія хвіліны нараджаліся вершы, поўныя смутку.
Ляжу я хворы, аслабелы.
Маркотна мне, бракуе сіл.
Даўно спачынку просіць цела,
Яно ж на свой жыве капыл.
Гадаю я і так і гэтак,
А колькі думак — Божа мой!
Але ж не маюць яны сведак,
Плывуць дарогаю сваёй!
Як запісаць іх? Як, скажэце,
Іх улавіць хады-сляды?
Эх, думкі, думкі, мае дзеці,
Далёка час наш малады…
Лепшыя лекары дбалі пра здароўе паэта. Сярод іх — Данііл Маркаў, Сяргей Ліаранцэвіч, Давід Абрамовіч, Міліца Дашкевіч, Мікалай Бобрык, Барыс Трусевіч ды іншыя. Сваім дактарам, медсёстрам Якуб Колас выказваў словы падзякі за нялёгкую працу, дарыў кнігі з цёплымі дарчымі надпісамі, прысвячаў вершы.
У лютым 1946 года хвароба выбіла паэта з прывычнай каляіны жыцця на тры тыдні. Падправіўшы здароўе і выпісаўшыся дадому, паэт напісаў ліст супрацоўнікам лечкамісіі:
Прыйшоў я ў стацыянар пры лечкамісіі 11 лютага і быў у ім да 28/ ІІ 1946 г. Прыйшоў я сюды стомленым. У мяне было бяссонне, агульная слабасць, галавакружэнне, непакоіла сэрца. За 17 дзён свайго побыту ў стацыянары я адчуў, што здароўе маё значна палепшылася. Паявіўся сон, прайшла стомленасць, словам, я пачуў сябе зусім іншым чалавекам. Тут жа я зрабіў і большую часць свае работы па апрацоўцы беларускіх народных казак для маскоўскага Детгіза.
За ўвесь час свайго побыту ў стацыянары я ні разу не бачыў нічога такога, што магло б адмоўна адбіцца на настроі хворага. З боку дактароў я заўсёды сустракаў самыя ўважныя і самыя чалавечыя адносіны. Гэта самае я скажу і аб сёстрах і аб усім абслугоўваючым персанале. Відаць, што ўвесь калектыў стацыянара падпарадкуецца адной гуманнай волі — палегчыць становішча хворых і стварыць для іх самыя спрыяючыя ўмовы.
За ўсё гэта я прыношу самую шчырую падзяку і дактарам, і сёстрам, і санітаркам, і ўсяму персаналу лечкамісіі ў цэлым. У жыцці чалавека вельмі многа значаць чалавечыя да яго адносіны. Нікому не хочацца быць хворым, але хворасць не лічыцца з нашымі жаданнямі, і калі мне зноў давядзецца трошкі занядужаць, я з прыемнасцю ўспомню стацыянар ды зноў прыйду сюды крыху адпачыць, набрацца здароўя і сілы.
І вершы, і кнігі ў знак удзячнасці атрымлівалі ад паэта яго дактары. Давіду Абрамовічу Якуб Колас падарыў «Рыбакову хату» з наступным дарчым надпісам: «Дорогому Давиду Григорьевичу Абрамовичу. “Да не услышит ухо Ваше легочных хрипов”».
Лячыць класіка беларускай літаратуры доктару Абрамовічу дапамагала Міліца Дашкевіч. Давід Абрамовіч успамінаў:
У час другога знаходжання ў стацыянары, у 1948 годзе, Якуб Колас прысвяціў мне і працаваўшай са мной у той час урачу М. І. Дашкевіч верш «Маім цаліцелям». Выздараўленне паэта было святам для ўсяго персаналу стацыянара, які горача любіў вялікага песняра беларускага народа, незвычайна сціплага і чулага чалавека, незабыўны вобраз якога як узор чалавечай мудрасці назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах».
Маім цаліцелям Д. Г. Абрамовічу і М. І. Дашкевіч
Настане дзень халодны, змрочны.
Ты ловіш водгукі начы…
У свой абвыклы час урочны
Прыходзяць з трубкамі ўрачы.
Я прысядаю на пасцелі
Спіною голай к дактарам,
Каб больш прастору яны мелі
Паслухаць, што тварыцца там.
Дышу, як мех, па іх загаду,
Спыню дыханне, кашляну
Ды зноў кладуся на спіну,
Чакаю вынікаў агляду.
Давід Грыгор’евіч сярдзіты.
Ну, значыць, з лёгкімі я ўліп!
І кажа доктар дзелавіта:
— У правым лёгкім хрып ды хрып!
І так штодзень іх кажа трубка,
Хоць зноў Тамарына ты кліч…
Глядзіць Міліца, як галубка,
А я насуплюся, як сыч.
Эх, хрыпы, хрыпы, што б вы скіслі!
Ну, хоць бы «хрыпікі», «хрыпкі»…
Адказ адзін плыве на мыслі —
Не ездзіць, брат, табе ў грыбкі!
Ілья Тамарын, які ўзгадваецца ў вершы, — беларускі вучоны ў галіне фтызіятрыі, прафесар, дырэктар Беларускага НДІ туберкулезу і загадчык кафедры туберкулёзу Мінскага медінстытута (1948–1957).
Доктару, які выратаваў жыццё народнаму паэту, тэрмінова зрабіўшы аперацыю на апендыцыт, класік падарыў сваю кнігу. Збавіцелем Якуба Коласа быў Мікалай Іванавіч Бобрык, таленавіты хірург, загадчык хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы 4-га лячэбна-санітарнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1956), галоўны анколаг Міністэрства аховы здароўя БССР (1949–1954), заслужаны ўрач БССР (1948). На першым томе збору твораў 1952 года Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч пакінуў дарчы надпіс: «Дарагому Мікалаю Іванавічу Бобрыку на памяць ад удзячнага пацыента. Якуб Колас. 7. ІІІ. 1955 г.».
Аднак найбольшую колькасць вершаў Якуб Колас прысвяціў Сяргею Ліаранцэвічу, заслужанаму ўрачу БССР, асістэнту Мінскага медыцынскага інстытута, намесніку галоўнага ўрача стацыянара Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Вось, напрыклад:
Малітва доктару Лі-ОР-ЧУ
Будзь маё слова. Ты востра,
як брытва,
Будзь, як агонь ты гарача, малітва —
Месца знайдзіце вы
ў дакторскім сэрцы
І для дабра адчыніце
ў ім дзверцы:
Хай доктар парушыць
дакторскі звычай
І хвораму трошкі «амброзіі» ўзычыць.
Знаходзячыся доўгі час у стацыянары, Коласу часам хацелася выпіць пару кропель «напоя багоў». Але закон стацыянара строга забараняў гэта. І Колас пісаў жартоўныя вершы:
Малітва ардэнаносцу Сергію Мінскаму
І Сергія малю, і тройцу
прасвятую —
Наліць амброзіі ў бутэлечку пустую.
Не толькі ж піць «сіе»
багам —
Няхай перападзе яно крыху
і нам.
Няхай наш дабрабыт падымецца ды крута!
Няхай жа і малітва мая будзе ўчута.
Закон стацыянарны не балуе…
Ратуй нас, Госпадзі, памілуй. Алілуйя!
Сяргею Ліаранцэвічу, які быў не толькі таленавітым доктарам, але і заядлым паляўнічым, Якуб Колас, ведаючы аб захапленні ўрача, адрасаваў і такія забаўныя вершаваныя прысвячэнні:
З перапіскі з другам-паляўнічым
Пажаданне С.І.Л.
Дай табе, Божа, друг паляўнічы,
Набіць, ну, тры корабы дзічы!
Сабе ж я хачу на астатку
«Слупкоў» — агарадзіць палатку.
Калі пад рукамі «слупок»,
Тады хваробы ўсе набок!
Вершы класіка на медыцынскія тэмы былі надрукаваныя ў зборы твораў Якуба Коласа, які выйшаў да яго 130-годдзя.
Аднак адзін з вершаў дагэтуль нідзе не быў апублікаваны і ў «Медвесніку» друкуецца ўпершыню. Прысвечаны ён доктару Барысу Трусевічу:
Павіншаванне Доктару Б. І. Трусевічу
Мой добры лекар
і мой друг!
У гонар доктарскіх
заслуг
Такое слова Вам
закіну:
Жадаю поспехаў,
дабра,
Здароўя ў кожную
хвіліну,
У кожны дзень
гукаць ура!
У славу, чэсць
пеніцыліну.
Жывіце доўга,
пейце — многа,
Бо не ўгневім мы
гэтым Бога.
Упэўнена, што дактарам Коласа было прыемна атрымліваць вершаваныя падарункі ад народнага паэта, якія і сёння з’яўляюцца не толькі сведчаннем таленту і цудоўнага пачуцця гумару Якуба Коласа, але і яго сяброўскіх стасункаў з многімі выдатнымі медыкамі свайго часу.