Травяная лабараторыя
Травяная лабараторыя (какторый) у аптэцы-музеі ў Гродна.

У пераходны перыяд ад Сярэднявечча да Новага часу на тэрыторыі  Беларусі з’явіліся першыя аптэкі.  У параўнанні з Усходам (першая аптэка ў Багдадзе была адкрытая ў 754 годзе) і нават з заходнееўрапейскімі краінамі (11-е стагоддзе) — пазней. Аднак па сваёй структуры і функцыях першыя беларускія аптэкі не саступалі замежным, з’яўляючыся для гэтага перыяду часу высокаразвітымі, добра аснашчанымі і абсталяванымі фармацэўтычнымі ўстановамі.

 

Алхімічныя карані

 

Свой унёсак у развіццё фармацыі зрабіла алхімія — данавуковы перыяд у развіцці хіміі, які пачаўся ў Александрыі ў 3–4-м стагоддзях нашай эры і працягваўся ў Заходняй Еўропе да пачатку 16-га стагоддзя. Менавіта ў лабараторыях алхімікаў распрацоўваліся многія хімічныя працэсы: фільтраванне, крышталізацыя, асаджэнне, перагонка вады і спірту, атрыманне эфірных алеяў.

 

З алхіміі ў 16–17-м стагоддзях выйшла ятрахімія — рацыянальны накірунак, які імкнуўся паставіць хімію на службу медыцыне і меў на мэце стварэнне лекаў. Заснавальнікам ятрахіміі называюць лекара і алхіміка Парацэльса. Ён упершыню ўвёў у медыцынскую практыку спіртавыя экстракты і настойкі з раслін.

 

Першыя аптэкі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі пачалі з’яўляцца ў сярэдзіне 16-га стагоддзя. Гэта не значыць, што да гэтага немагчыма было набыць лекі. Першапачаткова народныя дактары самі рыхтавалі лекавыя сродкі з мясцовай сыравіны — расліннай, жывёльнай і радзей мінеральнага паходжання.

 

Таксама доўгі час функцыі аптэк паспяхова выконвалі манастыры і кляштары: манахі займаліся зборам зёлак, някепска разбіраліся ў хіміі, што і дазваляла ім вырабляць як травяныя настойкі і мазі, так і лекавыя парашкі. Аднак ішоў час, развівалася грамадства, і ўзнікла патрэба ў тым, каб вырабам і продажам лекавых сродкаў займаліся спецыяльна навучаныя людзі ў спецыяльна адведзеным для гэтага памяшканні.

 

Urach i farmaceўt u aptecy

Урач і фармацэўт у аптэцы (ілюстрацыя 16-га стагоддзя).

 

Першыя ў краіне

 

Самая першая аптэка на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явілася ў Пінску ў 1561 годзе. Аднак да нашых дзён будынак не захаваўся. Як і аптэка ў Брэсце, пабудаваная праз 5 гадоў пасля пінскай, у 1566 годзе. Першая аптэка ў Брэсце, дарэчы, размяшчалася на Рынкавым пляцы, сёння гэта Цэнтральная выспа Брэсцкай крэпасці. Пры аптэцы быў закладзены сад з лекавымі раслінамі — галоўнай фармакалагічнай сыравінай таго часу.

 

У рукапісах 16-га стагоддзя згадваецца аптэкар Станіслаў з Брэста, які атрымаў дазвол на адкрыццё ў мясцовым замку аптэкарскага склада. Вядома таксама, што ўладальнікам другой аптэкі ў Брэсце, адкрытай у 1577 годзе, быў Сымон Душынскі. Яшчэ адна аптэка ў Брэсце датуецца 1583 годам. Яе ўладальнікам да 1639 года быў Станіслаў Баброўскі. Будынак аптэкі выходзіў дзвярыма на рынак, у ёй меліся 3 шафы, 2 куфары, столік з высоўнымі скрынямі для касы.

 

На вокнах аптэкі стаялі жалезныя краты, а побач з аптэкай — мураваны склеп. У вопісах аптэк згадваюцца 2 зельнікі і 2 зборнікі рэцэптаў.

 

У сярэдзіне 17-га стагоддзя з’яўляецца першая аптэка і ў Мінску. Яе ўласнікам быў аптэкар Крыштаф Рабец. Вядома, што ён меў шэраг прывілеяў, напрыклад, быў вызвалены ад вайсковых пастояў, пракормаў і начлегу як чалавек «патрэбны для ратавання людскога здароўя». Але неўзабаве аптэкар пераехаў у Пінск, і мінская аптэка зачынілася. Наступная аптэка з’явіцца тут толькі… праз стагоддзе. 28 лістапада 1748 года сябру мінскага магістрата, аптэкару Яну Давіду Шэйбе каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам III быў выдадзены прывілей на адкрыццё ў Мінску аптэкі.

 

Да слова, гэта было звязана з правядзеннем у Мінску чарговых пасяджэнняў Галоўнага трыбунала ВКЛ, на які прыязджаў кароль і збіраліся дэпутаты з усяго княства. У выпадку хваробы каго-небудзь з важных дзяржаўных асоб неабходна была наяўнасць у горадзе разнастайных лекаў. Згодна з каралеўскім прывілеем аптэкару Шэйбе былі нададзены значныя ільготы: манапольнае права на продаж медыкаментаў, вызваленне ад пастояў салдат і дэпутатаў, а таксама ад выплаты падаткаў. Не дазвалялася таксама засноўваць у горадзе аптэкі іншым асобам. Наступны дазвол на адкрыццё аптэкі ў Мінску быў атрыманы толькі праз 34 гады, і адбылося гэта ў адпаведнасці з граматай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, выдадзенай 1 кастрычніка 1782 года мінскаму мешчаніну Андрэю Станкевічу.

 

Самая старая  аптэка Гродна  адначасова з’яўляецца  і самай старой  з захаваных  аптэк Беларусі.

 

Ekspedycyjnaya zala apteki muzeya

Фрагмент экспедыцыйнай залы аптэкі-музея ў Гродна.

 

Заснавана яна была ў 1687 годзе, а будынак яе ўзведзены езуітамі ў 1709-м. У савецкі час будынак аптэкі быў рэканструяваны і прыстасаваны пад музей мэблі. Сёння гэта дзейная аптэка, частку якой займае музей аптэчнай справы.

 

Фітааптэка ў Рубяжэвічах існуе з 1875 года і спецыялізуецца на травяных зборах, натуральных мазях, настойках і іншых леках, якія вырабляюць на аснове зёлак і раслін, сабраных выключна на тэрыторыі Беларусі.

 

Аптэкі маглі належыць не толькі прыватным асобам, яны ствараліся пры каталіцкіх кляштарах і езуіцкіх калегіумах. У 17-м стагоддзі дзейнічала аптэка пры кляштары кармелітак у Глыбокім. У 1693 годзе лютэранскаму касцёлу ў Слуцку была перададзена аптэка, заснаваная ў 1648-м Матыяшам Валерыянам Пецігерам і Крыштафам Вінклерам. Ёсць звесткі пра існаванне аптэкі пры калегіуме езуітаў у 1706 годзе ў Пінску. У Нясвіжы ў 1740-х гадах працавала аптэка пры езуіцкім калегіуме. Аптэкі існавалі таксама пры кляштары картэзіянаў у Бярозе, уніяцкім манастыры ў Полацку, езуіцкім калегіуме ў Гродне ды інш. У 1773 годзе пры піярскім кляштары ксяндзом Л. Брэнэ-там была адкрыта аптэка ў Шчучыне.

 

Усяго ж  у 16–17-м стагоддзях на нашых землях дзейнічала не менш  за 40 аптэк.

 

Некаторыя памяшканні старадаўніх аптэк захаваліся да нашых дзён (Гродна, Мінск). У 1679 годзе лекар з мястэчка Копысь Арцемій Назар’еў адкрыў у Казані першую аптэку, якая на той час была чацвёртай з усёй Расіі.

 

Абсталяванне і сыравіна тутэйшыя

 

Абсталяванне і посуд у айчынных аптэках былі аналагічнымі з аптэкамі Заходняй Еўропы. Шкляны посуд выраблялі на мясцовых гутах у Налібоках (Стаўбцоўскі раён), Урэччы (Любанскі раён) і інш. У вопісах аптэк указваецца ад 500 да 850 адзінак посуду і прыбораў. Сярод іх былі перагонныя кубы (алембікі), шалі, збаны простыя і турэцкія, слоікі, шкатулкі, патэльні, бутэлькі, пляшкі. Выкарыстоўвалі ў аптэках і прывазны посуд. Адным з узораў імпартнага посуду з’яўляецца саксонская фаянсавая аптэчная пасудзіна, якая захоўваецца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

 

Сярод медыцынскіх інструментаў у сярэднявечных аптэках нашай краіны прадаваліся разакі для траў, чыгунныя ступкі, ланцэты для кровапускання, зубныя кліны з трыма кручкамі, кубкі для запарвання лекавых траў, брытвы, тэрмометры звычайныя і для ванны, рагавыя лыжачкі для парашкоў, парцалянавыя кубкі для выпарвання, патэльні бронзавыя, медныя і алавяныя.

 

У гродзенскай  аптэцы-музеі  захаваліся хірургічныя інструменты таго часу, калі ў Гродна рабілі ўскрыццё цела караля Стэфана Баторыя. Гэта  адбылося 430  гадоў таму, калі ён памёр у сваёй рэзідэнцыі.

 

Асноўнай лекавай сыравінай былі травы і карэнні. Іх збіралі ў пэўныя дні і нават часы сутак. Акрамя таго, пры большасці аптэк існавалі агароды з лекавымі травамі. У пачатку 19-га стагоддзя, калі тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі, медыцынскі дэпартамент з Санкт-Пецярбурга рассылаў па ўрачэбных управах спецыяльныя бланкі для занясення туды мясцовых лекавых раслін.

 

Блёкат — пад замком!

 

У аптэках працавала па некалькі спецыялістаў. Напрыклад, у адной з аптэк Віцебска ў 1865 годзе быў такі штат: упраўляючы і ён жа правізар, 2 памочнікі, 2 вучні і 2 работнікі.

 

У аптэках меліся лекавыя даведнікі, рэцэптурныя зборнікі. Вяліся кнігі для ўліку лекаў і асобна для пастаноў і прадпісанняў медыцынскага начальства. Асобна вялася кніга з атрутнымі рэчывамі і ўказвалася іх вага. Гэта тычылася мыш’яку і некаторых зёлак (блёкат, дурман, багун). Такія лекі захоўваліся пад замком, за гэтым сачылі ўрачэбныя ўправы. Калі рыхтавалі мікстуры і парашкі, то на посудзе абавязкова павінна была месціцца бірка з імем і прозвішчам таго, хто гэта прыгатаваў.

 

Фактычна сярэднявечная аптэка ўяўляла шматпрофільную краму, у якой прадаваліся самыя розныя тавары: гатовыя лекі (пілюлі, парашкі, сіропы, мазі і інш.), гаючыя зёлкі, мінералы, вострыя прыправы і нават парфумерныя, кандытарскія ды алкагольныя вырабы. Некаторыя з іх сапраўды мелі лячэбныя ўласцівасці, іншыя — чыста ўмоўныя (напрыклад, сардэчная  і страўнікавая гарэлка).

 

Продаж нібыта лекавых алкагольных напояў прыносіў  уладальнікам аптэк да 50 % прыбытку.

 

Многія тавары, у тым ліку і лекі, былі імпартнай вытворчасці. Шмат дзе ў аптэках прадавалі араматычныя прыправы, прывезеныя з Усходу: перац, карыцу, шафран, а таксама пудру ды памаду. Пры вырабе лекаў аптэкары карысталіся рукапіснымі зборнікамі рэцэптаў. Сярод жыхароў Беларусі былі распаўсюджаны лячэбныя даведнікі мясцовага, заходне- еўрапейскага, блізкаўсходняга і польскага паходжання са шматлікімі рэцэптамі. Шырока была вядома рукапісная кніга «Таемная таемных», перакладзеная з арабскай мовы, якая пазней атрымала распаўсюджванне і ў Маскоўскай дзяржаве.

 

Нараўне з гаючымі зёлкамі і карэннямі, сабранымі ў наваколлях, людзям прапаноўвалі і такія «цудадзейныя» сродкі, як парашок з рога аднарога, пёрка фенікса або лекі з некалькіх дзясяткаў складнікаў, сярод якіх значыліся, напрыклад, гадзючае мяса і опіум. Лекамі ад розных хвароб лічыўся «тэрыяк», які складаўся з 70 інгрэдыентаў, а для бедных яго гатавалі з 16 складнікаў.

 

Прыбытковая справа

 

Ад сваёй дзейнасці аптэкары мелі добры прыбытак, бо лекі каштавалі дорага і на лячэнне хвароб сыходзілі вялікія грошы. Так, у 1578 годзе магілёўскі мешчанін Сямён Цялянік у працэсе судовага разбору ўказаў, што яго жонка хварэла 6 гадоў і ён шмат «страціў, накладаючы на лекі жонцы сваёй», прадаўшы многія рэчы.

 

У канцы 17-га стагоддзя адзін дзісненскі мешчанін, аўдавеўшы, скардзіўся, што  «нябожчыца жонка,  пражыўшы з ім 17 гадоў, увесь час хварэла;  на дактароў, аптэкі, медыцыны... шэсцьсот злотых аддала, а што растраціла на лекі  розныя за гэтыя гады, таго ўспомніць і падлічыць нельга, нават да збяднення  прывяла».

 

Яшчэ ў дакументах канца 18-га стагоддзя згадваюцца алейкары — вандроўныя гандляры лекамі, паслугамі якіх карысталася большасць насельніцтва з прычыны дарагавізны лекаў і аддаленасці аптэк. У дамах багатых шляхцічаў меліся хатнія аптэчкі, у якіх захоўваліся розныя салодкія і настоеныя на зёлках гарэлкі, канфіцюры, марынады і г. д. Падрыхтоўкай лекаў займаліся звычайна «гаспадыні дома і іншыя жанчыны». У аптэцы пры двары Радзівілаў у сярэдзіне 18-га стагоддзя былі розныя зёлкі, бабровы струмень, вочы ракаў. Тут гатавалі мікстуры: паслабляючыя, ад кашлю, сардэчныя, страўнікавыя, рабілі разнастайныя сіропы, сокі, лікёры. Знойдзеныя ў фондзе Радзівілаў зборнікі рэцэптаў, датаваныя 17-м стагоддзем і напісаныя на лацінскай мове, утрымлівалі па 500–700 і больш рэцэптаў.

 

Аптэкары займалі пачэснае месца ў гарадскім самакіраванні. Напрыклад, брэсцкага аптэкара С. Баброўскага ў трыццатыя гады 17-га стагоддзя абралі бургамістрам. Аптэкары, як і цырульнікі-хірургі, валодалі багатымі дамамі, іх вызвалялі ад вайсковых пастояў. Падрыхтоўку аптэкараў праводзілі на ўзор цэхавага вучнёўства. На працягу 18-га стагоддзя медыцынскую і фармацэўтычную падрыхтоўку можна было атрымаць як у заходнееўрапейскіх універсітэтах, так і ў Віленскім універсітэце і Гродзенскай медыцынскай акадэміі (1775–1781). У 1783 годзе пры Ягелонскім універсітэце ў Кракаве былі створаны двухгадовыя вышэйшыя курсы для аптэкараў, якія сталі аднымі з першых у Еўропе. Курсы рыхтавалі спецыялістаў для ўсёй Рэчы Паспалітай.

 

З часам аптэкі ператварыліся ў навукова-даследчыя лабараторыі, дзе быў пакладзены пачатак шырокаму вывучэнню, вырабу і даследаванню лекавых сродкаў і шматлікіх іншых хімічных прэпаратаў.

 

Mashyna chasu

 

Пытанне

 

Каго ў старадаўняй Беларусі называлі зялейнікамі?


Правільны адказ

 

У дахрысціянскія часы так называлі першых лекараў і аптэкараў. Зялейнікі атрымлівалі і перадавалі свае веды з вуснаў у вусны, ведалі ўсе травы i зёлкi, маглі прыгатаваць лекі ад любой хваробы. Часам зялейнікам прыпісваліся магічныя здольнасцi, за што іх абвяшчалi чарадзеямi.


Пераможца конкурсу

 

На жаль, правільнага адказу не даслаў ніхто. Наступным разам бліц-конкурс "Машына часу" чакайце ў апошні чацвер лютага! Чытайце "Медвеснік" і вандруйце па Беларусі!


Прыз

 

Экскурсія на завод БелАЗ (з адкрытай датай, выезд з Мiнска)


Партнёр

 

Log TravelAgency by nov

 

Палажэнне аб правядзенні конкурсу можна спампаваць тут.