Фота Таццяны Русаковіч, «МВ»

Вось што пад конкурсным малюнкам да Дня медыцынскіх работнікаў напісала адна з малодшых сясцёр фельчара Пратасевіцкага ФАПа Асіповіцкай ЦРБ Таццяны Загароўскай. Іх, Сафію і Валерыю, спецыяліст узяла пад апеку пяць гадоў таму. 

 

Tatyana Zagorovskaya

«На малюнку — мая прыёмная мама Танюша. Аднак яна не толькі матуля, але і старэйшая сястра. Таня працуе ў вёсцы, дзе яе акружае прырода. Яна маё самае цёплае сонейка ў белым халаце».

 

«Вы што, першы дзень працуеце?»

 

Таццяне Аляксандраўне (менавіта так яе называюць пацыенты) 27 гадоў. Фельчару ўласцівы такія якасці, як дабрыня, адказнасць, працалюбства, суперажыванне. Разам з тым яна сур'ёзная, уважлівая, арганізаваная, пунктуальная і, дзе трэба, строгая. Аднак, па словах медыка, некалі яна была складаным дзіцём: адстойвала сваю пазіцыю, ніколі не лезла па слова ў кішэню і ва ўсё сказанае ёй не верыла да тае пары, пакуль не пераконвалася ў гэтым самастойна. Але такая «калючасць» была не часткай асобы, а хутчэй спосабам абараніцца: разам з сярэдняй сястрой Аляксандрай яна выхоўвалася ў інтэрнаце.

 

У падлеткавым узросце дзяўчынка марыла стаць псіхолагам або юрыстам. Але з часам вырашыла паспрабаваць сілы ў медыцыне — маўляў, прафесія важная і патрэбная. Так Таццяна стала навучэнкай Мінскага дзяржаўнага медкаледжа па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Неўзабаве завочна атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю ў МДУ імя А. А. Куляшова. Таццяна кажа, што прававыя веды неаднойчы выручалі яе як у працы, так і ў жыцці.

 

Пасля выпуску малады спецыяліст паўтара гады адпрацавала ў Бабруйскай паліклініцы № 5. Першую самастойную змену Таццяна ўзгадвае з усмешкай, але тады было не да смеху:

 

— На выпіску з амбулаторнай картай прыйшоў мужчына ва ўзросце. Почырк у запісах быў часткова нечытабельным, таму на яго расшыфроўку спатрэбілася больш часу. Пацыент, зразумела, занерваваўся: «Чаму так марудна? Вы што, тут першы дзень працуеце?» «Так, — кажу яму, — першы!» Ён супакоіўся, усё вырашылася.

 

Tatyana Zagorovskaya5

 

Таццяна Загароўская прызнаецца, што часам працаваць з людзьмі няпроста праз іх перакананні, капрызы ці нежаданне выконваць рэкамендацыі медыкаў. Найчасцей знайсці кансэнсус ёй дапамагае ўменне падабраць правільныя словы і… хітрыкі. Нікуды таксама без аўтарытэту: нярэдка ён спрыяе, калі Таццяна Аляксандраўна ўгаворвае пацыентаў прайсці дыспансерызацыю ці запісацца да профільнага доктара. Калі спецыяліст кажа: «Трэба» — у адказ чуе: «Зраблю».

 

Час ад часу прыходзіцца браць ласкавасцю. Пастаянным наведвальнікам можна сказаць: “Мая харошая, трэба звярнуць увагу на гэта пытанне" ці “Зайчык мой, калі не выконваць рэкамендацыі, можна атрымаць інсульт". І няважна, што “зайчыку" за шэсцьдзясят!

 

— Большасць пацыентаў прыслухоўваецца. Калі ж чалавек адмаўляецца ад шпіталізацыі, а без яе ніяк, даводзіцца хітрыць. У нашай прафесіі на вёсцы без такіх навыкаў нельга. Бо тут ты ўсіх успрымаеш як родных і ўсе адносяцца да цябе як да свайго, — заўважае фельчар.

 

Самы паважаны на вёсцы чалавек

 

ФАП адчыняецца ў 8:00, але некаторыя пацыенты прыходзяць загадзя — яны ведаюць, што Таццяна прыязджае раней. На месцы фельчар а палове восьмай: трэба ўключыць камп'ютар, запусціць праграмы, падрыхтавацца да прыёму. Штодзень запыты наведвальнікаў розныя: набыццё лекаў, кардыялагічны ці акушэрскі агляд, замер ціску, ін'екцыі, забор аналізаў, прызначэнні… Да таго ж у спецыяліста ёсць план дня, якога яна стараецца прытрымлівацца, каб нічога не забыць.

 

— Люблю, калі людзі прыходзяць на ФАП па дапамогу, а не таму, што ім раптам стала сумна ці не было з кім пагаварыць. Бывае, шмат часу сыходзіць менавіта на гэтыя выпадкі, і тады я турбуюся, што больш патрэбна тым, у каго ёсць сапраўдныя скаргі, — заўважае медык.

 

Tatyana Zagorovskaya2

 

Пасля прыёму Таццяна ідзе на выклікі, выконвае «актывы» (наведвае дзяцей да года, інвалідаў, доўгажыхароў, асоб на псіхіятрычным уліку), запаўняе дакументы, рыхтуе справаздачы, тэлефануе падапечным, каб прапанаваць талоны да вузкіх спецыялістаў. Сёння пад наглядам фельчара знаходзяцца 843 жыхары ў радыусе 27 кіламетраў. Найбольш частымі ў анамнезе мясцовых пацыентаў сталі гіпертанія, цукровы дыябет, фібрыляцыя перадсэрдзяў, вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

 

У тым, што датычыцца працы, Таццяна Загароўская строгая і да сябе, і да іншых. Кажа, што ёй важна якасна выконваць свае абавязкі, паколькі ў медыцыне ўсё павінна быць дакладна. Невыпадкова за пяць гадоў Пратасевіцкі ФАП стаў узорным. Многім маладым спецыялістам раёна дакументацыю Таццяны Аляксандраўны прыводзяць у прыклад. Тым не менш гераіня прызнаецца, што першы год працы быў для яе часам выпрабаванняў. Напрыклад, некаторыя наведвальнікі пасля прызначэнняў маладога фельчара хадзілі за ўдакладненнем іх правільнасці ў паліклініку.

 

— Быў таксама мужчына, які пры першай сустрэчы спытаў, ці ёсць у мяне ўвогуле адукацыя, скептычна ставіўся. Праз некаторы час ён глыбока параніў вены. Я перавязала яго, выклікала хуткую. Відаць, у бальніцы яму патлумачылі, што калі б не кваліфікаваная дапамога фельчара, сцёк бы крывёй. З той пары я для яго — самы паважаны на вёсцы чалавек, — кажа спецыяліст.

 

«У размовах пастаянна гучыць “мае дзеці”»

 

У Таццяны Загароўскай тры сястры — дваццацідвухгадовая Аляксандра, адзінаццацігадовая Сафія і васьмігадовая Валерыя. Ужо старшакласнiцай Таццяна ведала, што пасля паўналецця возьме малодшых сясцёр пад апеку.

 

Tatyana Zagorovskaya3— Наша мама не спраўлялася са сваімі абавязкамі, пачала выпіваць. Пакуль я і Саша вучыліся, дзяўчаткі былі ў сваёй бабулі, да якой час ад часу ў госці прыязджалі і мы. Паступова бабе Соне стала складана даглядаць дзяўчат па прычыне сталага ўзросту. У верасні 2021 года я аформіла апеку, дзеці пачалі жыць са мной, — тлумачыць гераіня. — Але і зараз бабуля заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, перыядычна забірае дзяцей на выхадныя. Яна ў нас вялікая разумніца.

 

Пра малодшых сясцёр Таццяна расказвае з усмешкай. Кажа, што яны людзі з супрацьлеглым тэмпераментам. Сафія больш спакойная і адказная, Валерыя — актыўная і няўседлівая. Дзяўчатак у размовах з іншымі Таццяна заўсёды называе дзецьмі. Гэта дапамагае знізіць дапытлівасць навакольных і пазбегнуць непатрэбных пытанняў.

 

Таццяна адзначае, што пасля таго, як сёстры пачалі жыць з ёй, адаптацыя была няпростай і праходзіла паступова. Прычына таму — кардынальная змена жыцця:

 

Я не ведала, што будзе далей. Хацелася, каб усё ішло так, як раней, але так быць не магло. Не заставалася часу на сябе, я вучылася лічыцца з тым, што цяпер у мяне ёсць дзеці і трэба будаваць свой расклад, адштурхоўваючыся ад іх інтарэсаў. Глабальныя змены прасочваліся і ў камунікацыі — у размовах з сяброўкамі праз кожныя некалькі мінут гучала: мае дзеці, Сафійка, Лерка.

 

Дарэчы, сяброўкі на гэтым этапе моцна падтрымалі Таццяну. Іх, «сваіх дзяўчатак», яна таксама лічыць часткай сям'і: за шмат гадоў яны перажылі нямала добрых і сумных падзей, усім дзяліліся пароўну.

 

«Быць матуляй — значыць любіць»

 

Гераіня жартуе, што гармідар яе сястрычкі могуць учыніць толькі ў бабулі, дома ж больш дысцыплінаваныя. Кажа, што яны не спрачаюцца, нават калі Таццяна выказвае ім за нейкі ўчынак. Ведаюць — за справу. Калі ж старэйшая сястра разумее, што не мае рацыі, — просіць прабачэння. Таксама Валерыя і Сафія стараюцца дапамагаць у бытавых момантах.

 

За пяць гадоў разам дзяўчаты прыдумалі некалькі традыцый. Час ад часу па вечарах уключаюць музыку, каб разам патанчыць. Калі ж настрой больш спакойны — замаўляюць піцу і разам глядзяць мульцікі ці добрыя фільмы. Валерыя і Сафія называюць старэйшую сястру Танюшай. Для яе ж дзеці — бублікі, зайчыкі, кнопкі, маленькія. У тыя дні, што дзяўчаты гасцююць у бабулі, дома асабліва адчуваецца цішыня. Тады Таццяне хочацца сказаць «Хадзіце шкадавацца» і чакаць, калі сястрычкі прыбягуць абдымацца.

 

— Быць матуляй для мяне — значыць любіць. Дзецям больш нічога не трэба, акрамя адчування, што яны важныя. Галоўнае, каб дзеці разумелі, што яны неабходныя дарослым гэтак жа, як дарослыя ім, —  заўважае Таццяна Загароўская. — Дзяўчатак вучу таму, што рана ці позна я перастану ім быць матуляй і зноў стану сястрой.

 

Мне хочацца, каб яны ніколі не баяліся некага страціць і ведалі, што галоўная іх апора — яны самі.