Таццяна Вараб’ёва
Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».

Калегі і пацыенты ведаюць Таццяну Вараб’ёву як вельмі ўважлівага, удумлівага спецыяліста. Штодня а 8-й гадзіне яна заўсёды на працы — спакойная і нястомная. Многія і не здагадваюцца, што Таццяна Алегаўна ўжо з пяці раніцы на нагах. У яе, мамы шасці дзяцей, дні нашмат даўжэйшыя, чым у іншых. Яна бясконца радая, што пасля вялікага перапынку ўдалося вярнуцца ў прафесію.

 

А дома… Дома Таццяна да позняй ночы ў сямейных клопатах. У яе ўсяго многа — спраў, узаемін, адбымкаў, шчырай любові. Сапраўднае мацярынскае шчасце, памножанае на шэсць.

 

У жыцці смялейшыя, чым у марах

 

Урач функцыянальнай дыягностыкі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Таццяна Вараб’ёва разам з мужам Андрэем выхоўваюць чатырох сыноў і дзвюх дачок. На мінулым тыдні ў вялікай сям’і было свята — Таццяне Алегаўне ўручылі ордэн Маці. Дзеці заўсёды ведалі, што іх мама гераіня, а цяпер гэта пацверджана ганаровай узнагародай.

 

І сама Таццяна, і яе муж выраслі ў невялікіх сем’ях, нават не думалі, што ў іх будзе па-іншаму. Але ў жыцці Вараб’ёвы аказаліся смялейшымі, чым у сваіх марах.

 

Андрэй і Таццяна — віцябляне, пазнаёміліся і пабраліся шлюбам у Віцебску. Ён прафесійны вайсковец, зараз ужо ваенны пенсіянер, працуе ў Міністэрстве транспарту і камунікацый. Яна скончыла лячэбны факультэт Віцебскага медуніверсітэта. Прайшла інтэрнатуру па агульнай хірургіі. Працавала ў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы «Сасноўка» таракальным хірургам. Калі сям’я пераехала ў Мінск і нарадзіліся дзеці, Таццяна на цэлых 14 гадоў паглыбілася ў сямейныя клопаты.

 

Таццяна Вараб’ёва:

 

У нас часта пытаюцца, як мы спраўляемся. Спраўляемся, бо ўсё робім разам — мы з мужам, мая мама, старэйшыя дзеці дапамагаюць з малодшымі. Складана з немаўлятамі, але з цягам часу становіцца прасцей. У вялікай сям’і заўсёды знойдзецца нехта, хто падставіць плячо.

 

Старэйшая дачка Вараб’ёвых Маша вучыцца ў Лінгвагуманітарным каледжы, вывучае англійскую і кітайскую мовы. Яна галоўная маміна памочніца: і ў доме прыбярэ, і есці прыгатуе. Пры гэтым выдатніца, налета плануе паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт.

 

Віця — 11-класнік. З вучобай у хлопца таксама ўсё добра, марыць стаць айцішнікам. Аднак за камп’ютарам, як многія падлеткі, не прападае. Ён выдатна ладзіць з меншымі дзецьмі, можа і накарміць, і пагуляць, калі трэба, супакоіць. Віця высокі і моцны, малыя ў захапленні, калі ён бярэ іх на рукі. Ланцужком ходзяць за старэйшым братам.

 

Коля вучыцца ў 7-м класе і таксама на выдатна. Адзінае, перажывае за васьмёрку па беларускай мове. Але ёсць каму дапамагчы, ды і сам хлопец вельмі старанны, абавязкова выправіць!

 

Малодшая дачушка Настачка з маленства танцуе. У 6 гадоў дзяўчынка трапіла ў аматарскі балет, а сёлета падрыхтавалася і паступіла ў 5 клас харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Цяпер Вараб’ёвы часцяком наведваюць тэатр. Ды і як інакш? У доме расце балерына, уся сям’я падзяляе яе захапленне музыкай і пластыкай. Тут так прынята: абсалютная патрымка дзяцей ва ўсіх пачынаннях!

 

Пагодкі Міша і Ваня яшчэ зусім маленькія. Пакуль бацькі на працы, з імі знаходзіцца бабуля Галіна Мікалаеўна. Дарэчы, Таццяна Вараб’ёва ніводнага з дзяцей не аддавала ў дзіцячы садок. Паколькі была ў дэкрэтным адпачынку з меншымі дзецьмі, то і старэйшых трымала пры сабе, шкадавала. Была ўпэўнена, што дома з мамай ім і цікавей, і здаравей.

 

VOROBEVA06 121022

 

Таццяна Вараб’ёва:

 

Вядома, мы возім дзяцей на розныя гурткі, секцыі, факультатывы, але я вельмі люблю, калі яны збіраюцца ўсе разам дома. Бывае, у выхадны дзень разыйдуцца ўсе па сваіх справах і ў кватэры пуста. Мне не хапае звыклай радаснай мітусні.

 

У Вараб’ёвых няма лецішча, таму выхадныя праводзяць пераважна ў горадзе. Часам у добрае надвор’е сям’я выпраўляецца на Мінскае мора, і гэта ператвараецца ў цэлае падарожжа. Старэйшыя едуць на веласіпедах, меншыя разам з мамай — на таксоўцы. Затое якія цудоўныя незабыўныя пікнікі атрымліваюцца на беразе вадаёма! Двухкалёсным транспартам, дарэчы, забяспечаны ўсе дзеці і дарослыя, таму часам сям’я выбіраецца пакатацца ў бліжэйшым парку.

 

Дом, багаты на пачуцці

 

Кватэра у Вараб’ёвых кампактная, але месца, кажуць, хапае ўсім. У сям’і жывуць таксама цудоўны залацісты рэтрывер і раскошны мэйн-кун — кот Баюн.

 

Дзень Таццяны Алегаўны распісаны да драбніц. Яна ўстае да світання і, пакуль дзеці прачнуцца, паспявае прыгатаваць сняданак, абед (абавязкова першую, другую і трэцюю стравы) і што-небудзь спячы. Усё, што пасля працы, — узаеміны з дзецьмі, уборку, прыгатаванне вячэры — Таццяна называе адпачынкам.

 

Яна ўмее вельмі добра вязаць і спіцамі, і гаплікам, некалі многа шыла, але цяпер часу на гэта не хапае. Калі выпадае хвілінка, то садзіцца пачытаць. Акрамя прафесійнай літаратуры вельмі любіць фэнтазі.

 

Кожны вечар Таццяна з мужам выходзяць у парк пагуляць з сабакам — гэта іх асабісты час, калі можна пагутарыць, абмеркаваць важнае і не вельмі. Такія прагулкі часам нагадваюць ім віцебскае юнацтва. Але яны прызнаюцца, што тады і не марылі пра такое яркае, насычанае эмоцыямі жыццё.

 

— Вы самі сабе зайздросціце? — спытала я ў Таццяны Алегаўны.

 

Таццяна Вараб’ёва:

 

Вядома, зайздрошчу, бо дзеці — гэта наша багацце. А што іншае — праца, грошы, адпачынак на моры? Сям’я дае багацце зносін, кожнае дзіця са сваім характарам, са сваім талентам, сваёй марай. І ўсе такія розныя! І мы ўзбагачаемся розным. Я адметная ў нечым адным, а дзеці — кожны ў сваім. І ўсё гэта разам — маё.

 

VOROBEVA11 121022 

І яшчэ адна любоў — прафесія

 

Вяртанне Таццяны Вараб’ёвай у прафесію праз 14 гадоў хатняга гаспадарства — гэта сапраўдны подзвіг. Яна прызнаецца, што вельмі баялася.

 

Таццяна Вараб’ёва:

 

Каб не баялася, то, напэўна, вярнулася б раней. Але многія казалі, што прайшло шмат часу, прафесія страчана незваротна. Мужу добра, калі жонка дома, ён нічога не гаварыў. А вось мама мяне падтрымала. Яна ўрач-стаматолаг і верыла ў мяне.

 

Падштурхоўвала: «Давай, Таццяна, ты зможаш». Я вельмі ўдзячная маме за гэтую веру, у выніку ўсё атрымалася. Мне было вельмі страшна, але я змагла пераадолець свой страх.

 

У 2017 годзе Таццяна Вараб’ёва пацвердзіла дыплом у БелМАПА і перавучылася на ўрача функцыянальнай дыягностыкі. Месяц працавала ўрачом-дзежурантам у МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, а потым перайшла туды на штодзённую працу. Цяпер у Таццяны Алегаўны ўжо значны практычны вопыт.

 

VOROBEVA26 121022 

Таццяна Вараб’ёва:

 

Я дагэтуль не магу нарадавацца сваёй працы. У нас вельмі добры калектыў, усе дапамагаюць адзін аднаму. Калі нейкі спрэчны выпадак і патрэбная кансультацыя, калегі абавязкова прыйдуць, перагледзяць, спраўдзяць мае высновы. Ніхто ніколі не адмовіць. І не спыняюся ў развіцці. Шмат чытаю, слухаю вэбінары па сваёй тэматыцы.

 

Дзеці Таццяны Вараб’ёвай вельмі ганарацца ёю. Зручна, вядома, калі мама ўрач. Сям’я вельмі рэдка звярталася да педыятраў, спраўляліся сваімі сіламі. Але адна справа, калі мама — хатняя гаспадыня, і зусім іншая — урач-дыягност. Для старэйшых дзяцей яе вяртанне ў прафесію — выдатны ўрок на будучыню, прыклад таго, што ўсё магчыма. Галоўнае, каб была вера ў свае сілы і падтрымка сям’і.

 

Таццяна Вараб’ёва:

 

Не трэба баяцца нараджаць дзяцей. Многія спыняюцца на двух, далей ужо нейкі страх. Але паверце, дзе два, там і тры. Цяжэй дакладна не будзе (больш трох — ужо па магчымасці). І не варта баяцца матэрыяльных цяжкасцей.

 

Калі мы з мужам былі удваіх, нам не хапала грошай на самае неабходнае. Цяпер у нас ёсць усё, што трэба. Як кажуць, даў Бог дзіця, дасць і на дзіця. Наша сям’я цалкам забяспечаная. А калі ўлічыць колькасць любові, што мы атрымліваем кожны дзень, мы багацейшыя за многіх мільянераў.

 

VOROBEVA15 121022