«З’явіўся на поўначы новы батанік, завуць Лінеем, заснаваў новы метад — на тычынках і песціках, — пісаў нямецкі вучоны Яган Якуб Дзіленіус, аўтарытэт свайго часу. — У батаніцы ён вельмі дасведчаны, але яго метад, на маю думку, прыняць немагчыма».
Метад Лінея — вызначаць род раслін па прыкметах пола — прафесар Оксфарда лічыў бязглуздым і шкодным і ні кроплі не сумняваўся, што сам Ліней аднойчы разбурыць сістэму, якую пабудаваў. А паўночны батанік Ліней упарта гнуў сваю лінію, і была яна не менш моцнай, чым дротападобныя парасткі паўночнай лінеі — расліны сямейства бружмелевых, якую іншы батанік — Грановіус — назваў у яго гонар. Гэта быў час, калі флора набывала імёны людзей...
Заручыны раслін
Карлу Лінею было 22, ён яшчэ быў студэнтам, калі ў 1729 годзе адважыўся паднесці ў якасці падарунка на Каляды доктару Цэльсію свой рукапіс «Уводзіны ў заручыны раслін». Ва ўніверсітэце Упсалы існавала традыцыя віншаваць выкладчыкаў вершамі. «Я народжаны не паэтам, а да некаторай ступені батанікам, — апраўдваўся Карл, — і па гэтай прычыне дару гадавы плод невялічкага ўраджаю. На гэтых нямногіх старонках абмяркоўваецца вялікая аналогія, заўважаная паміж раслінамі і жывёламі ў іх размнажэнні». Тут кветкі падзеленыя на мужчынскія і жаночыя, тычынкі і песцікі названы мужамі і жоначкамі, а пялёсткі параўнаныя са шлюбным ложкам.
Думка не была цалкам новай: студэнт Ліней падрыхтаваў агляд меркаванняў многіх аўтарытэтаў, і тым не менш, менавіта на Карла Лінея абрынуцца потым абвінавачванні ў амаральнасці гэтых ідэй (як пазней адбудзецца і з Дарвінам у сувязі з яго бачаннем эвалюцыі чалавека, хоць за сто год да яго акурат Ліней уключыў чалавека ў сістэму жывёльнага свету і шмат было іншых вучоных галоў з эвалюцыйнымі думкамі). Адзін пецярбургскі прафесар, звалі яго Сігезбек, напісаў дысертацыю, у якой даводзіў недапушчальнасць выкладання такіх ідэй — пра наяўнасць у раслін прыкмет пола — у аўдыторыях, запоўненых маладымі людзьмі. «Бог ніколі не дапусціў бы ў раслінным свеце такой брыдоты», — запэўніваў ён.
Ліней, які імкнуўся называць расліны ў гонар калег, знаёмых і лепшых вучняў або ў памяць аб тых, хто загінуў у экспедыцыях, які часта падыходзіў да гэтай справы з тонкім лагодным гумарам, дабрадушнай іроніяй, мудрым досціпам (да прыкладу, свяшчэннік Браваліус, які спачатку з ім сябраваў, потым пачаў супернічаць, а потым зрабіўся яго злосным крытыкам, увайшоў сваім прозвішчам у батаніку тройчы: як расліны рода бравалія, адна з якіх — бравалія сціплая, другая — бравалія крылатая, трэцяя — бравалія адчужаная), не прамінуў увекавечыць Сігезбека ў сігезбекіі — расліне, якая ўвесь час нечым запэцкана з-за шчацінак, што шчыльна яе пакрываюць.
«Колькі бяссонных начэй і працоўных гадзін я спусціў на батаніку — пра гэта ніхто не прамовіў ні слова, усіх займала тое, як з мяне кпіў Сігезбек», — абураўся Ліней, калі адышоў ад батанікі і пакінуў вучонае кола, пачаўшы практыкаваць як урач. Спачатку «з марудным поспехам»: «Ніхто не хацеў лячыць у мяне нават лёкаяў». Але няўдачы хутка прайшлі, «заблішчала сонца, якое доўга хавалася ў хмарах». Гэта быў час, калі і батанікі мыслілі паэтычна… тысяча дукатаЎ — за ганарэю
Медыцынская практыка, у якой Карл Ліней не затрымаўся больш чым на тры гады (у якія пасля адчаю ўмясціліся поспехі ў прыдворных колах, «прыбыткі, пра якія не маглі марыць усе сталічныя ўрачы, разам узятыя», новыя ўплывовыя знаёмствы, якія прынеслі званне першага прэзідэнта навуковага таварыства, ператворанага пасля ў Каралеўскую акадэмію, служба ў адміралцейскім шпіталі, якая дала досвед вывучэння эфектаў лекавых прэпаратаў і арганізацыі сістэматычнага анатаміравання без патрэбы ўзгаднення з урадам, а галоўнае — выснова, што медыцына дае дабрабыт, а батаніка — сігезбекаў), пачыналася для яго па-рамесніцку.
«Злосная ганарэя заразіла ў нашай краіне многіх маладых людзей, — пісаў Ліней доктару Саважу ў Манпелье. — Я чуў, што вы набылі добры вопыт яе лячэння. Па-сяброўску прашу вас: навучыце мяне. Не патрэбна тэорыя — дайце толькі рэцэпты і метады. Гэтым учынкам вы падорыце мне тысячу дукатаў на год».
Доктара Саважа ведаў Ліней праз трактат, у якім той апісваў класы хвароб. Ацаніўшы працу калегі з заўзятасцю сістэматыка, які ў Лінеі сядзеў, відаць, ад нараджэння, ён пранікся да француза вялікай павагай. Перабольшыць, сказаўшы, што Карл Ліней сістэматызаваў літаральна ўсё, наўрад ці магчыма: Ліней раскладаў па паліцах нават батанікаў. «Грановіус, Бурман, ван Роен — цікавяцца толькі засушанымі ўзорамі, Бургаў любіць выключна дрэвы, Альбінус захоплены анатоміяй, Рэнду шукае раслінам сінонімы, Мілеру абы здабыць флору Амерыкі, жывую або засохлую, Марцін цудоўны як чалавек, але гэтай дактрынай мала сябе турбуе.
За выключэннем Цэльсія, першага прафесара тэалогіі, які любіць расліны, не клапоцячыся пра тое, да якіх родаў яны належаць, і нястомна збірае мхі, я не бачу ў Швецыі іншых батанікаў, а Рудбек цяпер абцяжараны ўзростам», — скардзіўся ён, маючы на ўвазе, што пытаннямі родаў раслін сур’ёзна не займаецца ніхто. Ніхто, акрамя яго.
Сябе ён залічваў да батанікаў-сексуалістаў («бо будую класіфікацыю на падставе колькасці, суадносін і палажэння тычынак і песцікаў»). Увогуле ўсе батанікі (якіх ён называе фітолагамі) дзеляцца ў яго на ўласна батанікаў і батанафілаў. Апошнія падраздзяляюцца на анатомаў, медыкаў, садоўнікаў і анамальных батанікаў. З іх медыкі бываюць сямі радоў, уключаючы хімікаў і астролагаў, а анамальныя — гэта паэты з тэолагамі кшталту Цэльсія, апантаныя светам раслін.
Сапраўдныя батанікі дзеляцца на збіральнікаў і метадыстаў, да першых адносяцца каментатары, рысавальшчыкі, манаграфы, каталагізатары, падарожнікі і фларысты, другія — філосафы, сістэматыкі, наменклатары. У групах апошніх знаходзяцца фізіёлагі, заснавальнікі і аратары. Недзе ў дробных галінах гэтага дрэва хаваюцца артадоксы і гетэрадоксы, прыватныя і ўніверсальныя, тыя дзеляцца на фрутыстаў, каралістаў, каліцыстаў, сексуалістаў… Гэта можна прыняць за жарт, але класіфікацыя выйшла кнігай, дзе да кожнага віда батанікаў дапасоўваўся бібліяграфічны ўказальнік. Гэта быў час зараджэння навуковага апарату…
Qui, quae, quod
«Ліней сваёй маніяй безыдэйнага класіфікавання сыграў у навуцы адмоўную ролю, прагрэсу яе не спрыяў», — меркавалі адны. Другія лічылі яго трансфармістам, што ад эвалюцыяніста далёка, але, тым не менш, досыць добра, а ўсе папрокі на яго адрас перапраўлялі да тых, хто няўважліва прачытаў яго працы. Трэція заклікалі памятаць, якія з яго тэкстаў былі напісаны сур’ёзна, як навуковыя працы, а якія былі прамовамі на ўрачыстых паседжаннях — там, дзе думка яго мела права на вольны палёт. Чацвёртыя ўпэўнены, што ідэі Лінея апярэджвалі час і толькі па гэтай прычыне нікім не былі ні правераны, ні падхоплены, а пазней, калі да іх вывучэння, нарэшце, дайшло, на фоне навейшых знаходак яны ўжо гучалі наіўна.
У час Лінея, не такі ўжо цёмны, прынята было лічыць, што жыта на сціплай глебе ператвараецца ў ячмень. Ліней паказаў, што такое ніяк не магчыма.
Яго вучэнне аб пастаянстве відаў раслін стала фактарам, без якога нельга было вырашаць задачы, што стаялі перад батанікамі яго стагоддзя: упарадкаваць свет раслін, даўшы кожнай не толькі назву, але і дакладнае месца ў якой-небудзь стройнай сістэме. Ліней прапанаваў сістэму, якую назваў палавой, а з’яву ўтварэння насельнікаў расліннага царства — расліннымі шлюбамі. Шлюбы кветкавых раслін — публічнымі, бо святкуюцца відавочна, а тых, чые кветкі амаль незаўважныя, — тайнымі. І ўжо ў залежнасці ад таго, колькі ў кветцы тычынак і песцікаў, ці зрасліся першыя ніткамі або пыльнікамі, ці роўныя між сабой, займаюць адзін «ложак» з песцікам ці расселеныя па розных «дамах», вырашалася, да якога рода расліну аднесці, а не ад нейкіх бязглуздых прыкмет, як было да Лінея, калі нельга было зразумець, пра якую расліну вядзецца ў вучоных гаворка, бо адны мелі на ўвазе адно, а іншыя — іншае, калі ў адной расліны магло быць некалькі імёнаў, а шэраг іншых маглі называцца аднолькава.
Спачатку наогул была традыцыя даваць расліне доўгае імя, у якое ўключаліся такія «прыкметы рода», як назва месца, з якога яе прывезлі, імёны людзей, якія яе адтуль везлі, імёны раслін, якія маюць з ёй падабенства, і г. д. Чарговае пакаленне даследчыкаў увяло новыя метады класіфікацыі, але гэта нарадзіла чарговую знішчальную для навукі бязглуздасць — звязваць ранейшую і новую назвы праз qui, quae, quod — «які», «якая», «якое». Уявіць немагчыма, чым бы ўсё скончылася, калі б не з’явіўся на свет Карл Ліней. Гэта быў час вучоных, якія маглі спасылацца на Маісея...
У полі рысь, дома крот...
«Я пакінуў горад Упсала 12 мая 1732 года, гэта было ў пятніцу а адзінаццатай, калі мне было ўсяго 25, — пісаў Ліней пра пачатак сваёй адзіночнай экспедыцыі ў Лапландыю. — Маёй вопратакаю былі суконны каптан без складак, з невялікімі абшлагамі і каўнерам са скуры цюленя, скураныя штаны, парык з коскай, моцная зялёная шапка і высокія боты».
Сядзіба Лінея каля Упсалы.
З сабой ён узяў звязку кніжак, адну кашулю, дзве пары манжэтаў, два начныя каўпакі, чарнільніцу, скрынку з пер’ямі, мікраскоп, маленькі тэлескоп, сетку ад камароў, шмат нарэзанай паперы, каб перакладаць гербарый, грэбень, арніталогію, кінжал, паляўнічую стрэльбу… «У мяне быў яшчэ васьмігранны кій з выразанымі мерамі даўжыні. У кішэні маёй ляжаў пашпарт ад губернатара і рэкамендацыйны ліст Каралеўскага навуковага таварыства».
Чатыры месяцы ён вандраваў, па большасці пешкі, па бездарожжы, па горных лясах і раўнінных тундрах, перасякаючы хуткія рэчкі і топкую багну, па мясцовасцях, часта бязлюдных. Яго ежай былі хлеб без солі, сушаная рыба і аленевае малако. Ён часта трапляў у прыгоды, але ў пуцявы нататнік лічыў больш патрэбным заносіць звесткі пра аб’екты прыроды, як жывой, так і нежывой, апісанні мясцовасцей і насельніцтва з яго бытам і норавамі. Вынікамі той экспедыцыі, самай першай і самай вялікай у яго жыцці, ён карыстаўся пасля яшчэ доўгія дзесяцігоддзі, успаміны пра яе досыць часта служылі яму матэрыялам для лекцый. Сама экспедыцыя была названа важнейшай з усіх, што ладзіліся ў Швецыі, а пісьмовая справаздача аб ёй занесла Лінея ў шэраг пісьменнікаў. Уважлівы, назіральны, дапытлівы, уедлівы, глыбакадумны, праніклівы, дбайны…
Пра сябе ён казаў, што паводзіць сябе, як рысь у полі і крот дома — lynx fori, talpa domi. Зрэшты, яго лацінская мова крытыкі не вытрымлівала. Была яна ў яго спецыфічная, калі не сказаць экзатычная. Студэнты называлі яе «лацінскай мовай са Свэртсбака» — па назве раёна Упсалы. Лінею ніколі не даваліся мовы, але гэта кампенсавалася лектарскім талентам. Ні моцнага, ні меладычнага голасу ён не меў, але ведаў, з якой інтанацыяй прамаўляць, каб заваёўваць увагу. І вочы ў яго былі хоць невялікія, блізарукія, але з бляскам і надзвычай жывыя: паглядам траплялі ў душу. Невысокі, а пры гэтым яшчэ і ссутулены, ён здаваўся зусім маленькім.
Па вечарах іграў з жонкай у карты. Яна не была ні добра адукаванай, ні добра выхаванай і не магла ацаніць становішча свайго мужа ў свеце, але па выхадных хадзіла з ім да студэнтаў. Лінеі бралі з сабой дзяцей, студэнты запрашалі селяніна са скрыпкай — і ўсе пад яе танцавалі прама на вуліцы. Ліней любіў польку і танцаваў яе так, як маладым і не снілася. Потым, стомлены і шчаслівы, пакурваў любімую люльку з мунштуком такім доўгім, як сцябло паўночнай лінеі. Набліжаўся той час, калі названая ў яго гонар расліна павінна была трапіць на герб…
Той, хто заблытаў батаніку
«Ліней быў бясконца самалюбівым», — сцвярджаюць адны. Другія абараняюць яго, удакладняючы: не было ў ім таго, што нашкодзіла годнасці іншых. Трэція нагадваюць, што пра свае заслугі і дасягненні ён гаварыў так ахвотна і так любіў пахвалу, што прага яе была ледзь не маніяй. Чацвёртыя дзеля справядлівасці ўспамінаюць, што ніводнаму нядобразычліўцу ён ніколі не адказаў — ні словам, ні жэстам, ні дзеяннем.
Мудрасць Лінея і яго вытрымка нават у маладыя гады сарамацілі многіх. Калі згаданы Дзіленіус выкрыкнуў неяк у яго бок: «Вось хто заблытаў батаніку!» ці калі, крытыкуючы яго падыходы, гэты вучоны, паважаны Лінеем бязмежна, абураўся тым фактам, што адну з манаграфій Ліней прысвяціў яму, ці калі да Лінея данеслі, што супраць яго ідэй збіраецца выступіць знакаміты батанік Галер, — рэакцыя была міралюбівай і з захаваннем павагі да апанента. «Калі вы знайшлі ў маіх працах памылкі, дык ці не павінны вы, як чалавек, які ведае больш, чым я, дараваць мне іх? — пісаў ён Галеру. — Па-сяброўску асцерагайце мяне ў памылках — і будзеце мець маю вечную ўдзячнасць».
Сваркі паміж вучонымі, на думку Лінея, могуць забавіць сучаснікаў, але недастойным дзяцінствам пададуцца нашчадкам. «У спрэчцы вы страціце больш, чым я, таму што я не чырванеючы магу атрымаць суровы ўрок ад вас, але ці будзе такім самым урок, як я дам вам?» Такія словы Лінея мэтры батанікі сустракалі з сардэчнай прыязнасцю, інакш не магло і быць. Гэта быў час, калі гонар важыў не больш, чым годнасць і аўтарытэт.
Ab ovo
У 1762 годзе сейм зацвердзіў Лінея ў дваранскім тытуле. Яго гэта радавала як прызнанне заслуг, але і прынесла нямала клопатаў. Найперш яму трэба было абзавесціся гербам. Што размясціць на шчыце? Карлу цяпер ужо фон Лінею бачыліся тры полі — як тры прыродныя царствы: раслін (істот, што жывуць і растуць, але не адчуваюць), жывёл (што жывуць, растуць і адчуваюць) і мінералаў (не жывуць і не адчуваюць, але могуць расці).
А ў цэнтры павінна было размяшчацца яйка з усімі яго элементамі, уключаючы бялковыя канацікі і зародкавы дыск, — як сімвал пастаяннага аднаўлення ўсяго жывога. Вянчаць герб павінна была лінея, нізам павінен быў ісці дэвіз: «Справамі славу ўвекавечваць». Але геральдычныя органы ідэю не прынялі: да гэтай пары на шчытах не маляваліся яйкі. На малюнку гербы Лінея: знізу той, які прапаноўваў ён сам.
Ліней з яго пачуццём гумару пісаў, што ў выніку геральдысты чаго добрага растаўкуць яйка і зробяць з яго яечню. Кампраміс быў знойдзены тады, калі Ліней пагадзіўся на яйка ў абалонцы — без жаўтка і канацікаў. Тры полі ўпрыгожваліся каронамі, лінея паўночная вянчала рыцарскі шлем, дэвіз ішоў нізам.
Майскім днём 1774 года падчас заняткаў са студэнтамі ў батанічным садзе 67-гадовы прафесар адчуў сябе кепска. Не мог падняцца са стула і нават павярнуць галаву. Пазней яму стала лепш, але ў лісце да сябра ён напісаў: «Яйка трэснула». Потым дадаў, што яно яшчэ не зусім раздушана. Ён пражыў яшчэ амаль чатыры гады.
У распараджэнні наконт пахавання напісана ім было так: «Пакладзіце мяне ў труну непаголеным, непамытым, неапранутым, загорнутым у адну прасціну. Замкніце труну, каб ніхто не мог бачыць мяне ў такім кепскім выглядзе».