Медыцына Беларусі 1940 гг.

 

Напрыканцы 1940 года ў БССР функцыянавала 514 устаноў аховы здароўя (без уліку шпіталяў) з агульнай колькасцю ложкаў 29,6 тысячы. У гэтых установах працавалi 5214 урачоў, у тым ліку 976 зубных. З усіх беларускіх гарадоў найбольш высокім узроўнем медыцынскага абслугоўвання вызначалася ў даваенныя гады сталіца. Напярэдадні вайны тут налічвалася 20 бальнічных устаноў на 3423 ложкі, працавалі 1083 дактары, 1610 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

 

Сапраўдным гонарам быў медыцынскі інстытут. У сямі навукова-даследчых інстытутах паспяхова распрацоўваліся надзённыя пытанні тэорыі і практыкі аховы здароўя. 

 

Шпiталi  пад бомбамi...

 
Пасля далучэння заходніх беларускіх земляў у склад БССР (верасень 1939 г.) і да нападу Германіі на СССР мінула небагата часу, аднак за гэты невялікі прамежак удалося выканаць немалы аб’ём працы па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У найбольшай ступені гэта датычыла Гародні, Беластока, Брэста, Ліды, Баранавіч. У цэлым па Гродзенскай вобласці, на тэрыторыю якой ужо ў першыя дні баёў уварваліся акупанты, мелася ў 1940 годзе 65 больніц (такое напісанне гэтага слова існавала да вайны і ў першыя гады пасля яе), 44 паліклінікі і амбулаторыі,  100 вясковых участкаў і фельчарска-акушэрскіх пунктаў. 
 
У выніку бамбёжак варожай авіяцыі былі разбураны многія медыцынскія ўстановы. Нямецкае камандаванне свядома ішло на тое, каб да мінімуму звесці магчымасці аказання медыцынскай дапамогі параненым воінам і мірным грамадзянам. Пад абстрэл з самалёта траплялі і машыны хуткай дапамогі.
 
З усіх вызначаных да абавязковага бамбавання аб’ектаў адно з першых месцаў адводзілі стацыянарным ваенным шпіталям. Шпіталь у Гародні, дзе ваенурач 2-га рангу Захаранка працаваў хірургам, разбамбілі ў першы ж дзень вайны. 
 
Сярод савецкіх франтоў, бадай, у самым цяжкім становішчы апынуўся Заходні, месцам дыслакацыі якога была Беларусь. 
 
Пра тыя дні так пісаў у сваім данясенні ваенна-санітарнаму ўпраўленню Чырвонай Арміі начальнік ваенна-санітарнага ўпраўлення Заходняга фронту: 
 
В процессе боевых действий все санитарные учреждения, дислоцированные на территории западной и частично восточной БССР, не развернулись. В результате фронт лишился 32 хирургических и 12 инфекционных госпиталей, 15 эвакоприемников, 7 управлений эвакопунктов, 3 автосанитарных рот, 3 санитарных складов, 3 госпитальных управлений, эвакогоспиталей на 17 тысяч коек и 35 других различных санитарных частей и учреждений. Имущество санитарных учреждений осталось в пунктах формирования и уничтожено пожарами и бомбардировками противника. Формируемые санитарные учреждения на территории восточной Белоруссии остались без имущества. В войсках и санитарных учреждениях фронта большой недостаток в перевязочном материале, наркологических средствах и сыворотках».
 
Вынікам хуткага адступлення Чырвонай Арміі з’явілася вялікая колькасць адарваных ад сваіх вайсковых частак салдат і афіцэраў. Медыкі таксама стараліся вырвацца з варожага тылу, прабіцца на ўсход, каб змагацца з ворагам.
 
Дактары  з вёскі Магільнае 
 
Патрыятычныя думкі выношваў і ваенны ўрач родам з Чарнігаўшчыны 23-гадовы Міхаіл Герасіменка. Мужнасці яму было не займаць: паспеў паўдзельнічаць у савецка-фінскай вайне 1939–1940 гадоў. Напярэдадні вайны з Германіяй службу нёс у раёне Беластока, дзе і трапіў разам са сваёй вайсковай часткай у варожае акружэнне. Наблізіцца да лініі фронту, каб працягнуць змаганне з ворагам, не ўдалося. На пэўны час прытулкам для Міхаіла Герасіменкі стала Уздзеншчына. Аднак тут ён не затрымаўся: трапіў у шэрагі ўдзельнікаў партызанскага руху. Такія гісторыі на той час даволі часта сустракаліся. 
 
У мястэчку Магільнае Уздзенскага раёна Мінскай вобласці да вайны і ў першыя яе дні функцыянавала даволі прыстойная для свайго часу больніца. Падчас рэпрэсій яе доктар Каліцкі быў узяты пад стражу, а яго месца заняў мясцовага паходжання фельчар Васілька Дубіцкі. Хоць і рэдкі выпадак для тых гадоў, але судовыя органы не знайшлі віны ў Каліцкага і выпусцілі таго на волю. Доктар не пажадаў працаваць у мястэчку. «Выбіцца ў людзі» Дубіцкаму дапамагло стараннае выкананне абавязкаў санітара ў гады Першай сусветнай вайны. Вярнуўся дахаты фельчарам. На гэтай пасадзе і заспела яго Другая сусветная. У першыя дні яе праз спрактыкаваныя рукі магільнянскага фельчара Дубіцкага прайшла не адна сотня параненых з намуленымі ці збітымі да крыві нагамі чырвонаармейцаў. Праз Магільнае рушылі на ўсход дзясяткі тысяч такіх салдат. Вельмі хутка скончыліся бінты, ёд, марля, вата, пасцельная бялізна. Старшыня Магільнянскага спажывецкага кааператыўнага таварыства распара- дзіўся выдаць усю наяўную бясколерную  тканіну пад распіску фельчара дзеля выкарыстання яе ў якасці перавязачнага матэрыялу. Але неўзабаве пайшоў у расход і апошні метр тканіны. 
 
Знясіленых салдат паілі малаком, калгасны статак, на шчасце, цалкам ацалеў. Тры разы на дзень даілі кароў, абавязкова адносячы тры-чатыры бідоны ў мясцовую больніцу.
 
Вядомыя выпадкі медыцынскай дапамогі параненым салдатам ды афіцэрам і з боку Магільнянскай памежнай камендатуры, дзе знаходзілася нешматлікая медчастка. Трапіць на прыём да лекара ў вайсковай форме лічылася за шчасце для любога мясцовага пацыента. Пратрымалася камендатура не болей за пяць-шэсць дзён ад пачатку Вялікай  Айчыннай. Пакінутая без аховы, адразу ж стала аб’ектам рабавання.
 
Магільнянская ж больніца была недатыкальнай не толькі ў дні адступлення Чырвонай Арміі, але і падчас руху на ўсход гітлераўскіх войскаў. І хаця з восені 1942 года дзейнасць яе афіцыйна спынілася, фельчар Васілька Дубіцкі (яго хата знаходзілася побач) працягваў адведваць і лячыць людзей. За гады акупацыі ўстанова не зведала рабаўніцтва. Цэлымі засталіся вокны і дзверы, унутранае абсталяванне, што сведчыла пра вялікую павагу людзей да сваёй лякарні. 
 
Пакуты  ваеннапалонных
 
У найбольш цяжкіх санітарна-бытавых умовах знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі савецкія ваеннапалонныя. Яны сталі сапраўднай косткай у горле нямецкіх вайсковых, а пазней і цывільных уладаў. У лагерах для ваеннапалонных амаль цалкам адсутнічала самае элементарнае санітарна-медыцынскае абслугоўванне. Было шмат параненых, моцна знясіленых голадам воінаў. Многія пакутавалі пад адкрытым небам ці знаходзіліся ў перапоўненых памяшканнях, зусім не прыдатных для жылля. 
 
На працягу ўсіх гадоў акупацыі ў Беларусі не мелася аніводнага лагера для савецкіх ваеннапалонных, дзе б хворым аказвалася самая элементарная медыцынская дапамога. Менавіта ў такіх умовах утрымлівалі палонных у лагеры Слоніма, разлічанага на 5 тысяч чалавек. Знаходзілася ж у ім 30 тысяч, а іншым разам і 60 тысяч чалавек, што вяло да масавых захворванняў. Пра жахлівыя пакуты савецкіх ваеннапалонных паведаміў суду начальнік таго лагера Карл Лангут: 
 
Положение было очень тяжелым потому что было много больных, которые не вмещались в лазареты, медикаментов не было, питания также почти не было. Отсюда появилась большая смертность. ...Военное руководство было информировано о положении в лагере. Несмотря на это, нам посылали все больше и больше военнопленных. Мы стали понимать, что это делается с целью уничтожения военнопленных». 
 
І ў гэтым нямецкі афіцэр К. Лангут не памыляўся. 
 
Ніколькі не лепшым, а можа нават горшым былі санітарна-бытавыя ўмовы ўтрымання савецкіх ваеннапалонных у лагеры Бабруйска, дзе абавязкі памочніка выконваў той самы К. Лангут. У пратаколах вышэй цытаванага судовага працэсу ўражваюць наступныя радкі: 
 
Военнопленные... содержались в холодных и неприспособленных помещениях в крайне антисанитарных условиях на голодном пайке и от холода, голода, болезней и истязаний гибли массами, а некоторые сходили с ума и тут же расстреливались... Нередко тяжелобольных военнопленных вывозили на кладбище вместе с трупами умерших и закапывали в землю».
 
У выніку бесперапыннага бамбавання ўжо ў першыя дні ў Мінску з’явілася шмат параненых. Гарадскім установам аховы здароўя працы дадалося ў разы. Становішча ўскладнялася тым, што некаторыя з гэтых устаноў былі разбураныя, урачоў не хапала, на працягу ўсёй вайны на іх, асабліва высокай кваліфікацыі, быў востры дэфіцыт як у савецкім тыле, так і на фронце. 
 
У крыху лепшых умовах знаходзілася медыцынскае абслугоўванне чырвонаармейцаў у раёнах на ўсход ад Мінска, паколькі вораг не так імкліва ішоў наперад. 
 
Нямала параненых воінаў вярнулі ў строй медыкі Оршы. Тут больш-менш арганізавана праводзілі эвакуацыю, чаму спрыяла і геаграфічнае месцазнаходжанне горада. У ліку медыкаў, што падаліся на ўсход, ўзгадваюць урача-педыятра Аляксандру Заводчыкаву, якая прайшла ўсю вайну  ў вайсковым шпіталі.
 
Пад варожым прыцэлам 
 
Многае давялося перажыць, з поўнай аддачай сіл папрацаваць медыкам Магілёва, гераічная абарона якога доўжылася дваццаць дзён! З розных крыніц вядома, што ў шэрагах абаронцаў змагаўся і прадстаўнік ад медыцыны Н. Ю.  Шпалянскі, які ўваходзіў у склад штаба апалчэння. Пад Магілёвам абарвалася яго жыццё. І гэта, на жаль, не адзінкавы выпадак. 
 
Параненымі воінамі былі запоўнены ўсе ўстановы аховы здароўя горада і раёна. 
 
Медыцынскія ўстановы цэнтральных і ўсходніх раёнаў БССР таксама неслі страты. Аб’ектамі бамбавання станавіліся нават невялікія гарады і гарадскія пасёлкі. Іх імкнуліся не здаваць ворагу. Перажыў такое і гарадскі пасёлак Мар’іна Горка Мінскай вобласці, які пасля баявых аперацый быў паўразбураны. Пад агонь трапіла і мясцовая аптэка. «Ад яе, — пазней пісалася ў «Менскай газэце» ад 15 верасня 1943 года, — засталіся толькі адны ўспаміны. У раённым цэнтры нельга было знайсці нават найпрасцейшых медыкаментаў».
 
Здаралася, што медыцынскія ўстановы свядома абміналі пры абстрэлах, калі вораг не сумняваўся ў хуткім захопе тэрыторыі. Параненых нямецкіх салдат і афіцэраў не заўсёды было мэтазгодна везці ў Германію, асабліва тых, хто не меў патрэбы ў працяглым клінічным лячэнні і мог неўзабаве вярнуцца ў строй. Па гэтай прычыне акупанты «клапаціліся» пра медыцынскае абслугоўванне на савецкай тэрыторыі, не спыняліся і перад гвалтоўным захопам ацалелых у час баёў устаноў аховы здароўя, выганяючы з іх мясцовых пацыентаў. У якасці прыкладу можна прыгадаць выкарыстанне аднаго з памяшканняў Мінскай гарадской 2-й клінічнай бальніцы пад шпіталь для нямецкіх СД.
 
Найбольшыя разбурэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы панеслі медыцынскія службы ўсходніх гарадоў Беларусі: Магілёва, Віцебска, Гомеля, Мазыра, бо тут адбываліся самыя вялікія на тэрыторыі Беларусі бітвы. За Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гадоў беларускі народ заплаціў жыццём кожнага трэцяга жыхара. I больш за ўсё хацелася б, каб у нашай гісторыі больш ніколі не было такіх жудасных старонак.